Няўдалыя школьныя рэформы апошніх гадоў, асабліва пераход на 12-гадовую праграму і раптоўная ад яе адмова, выбілі настаўнікаў з наезджанай каляіны – гэта, натуральна, не паспрыяла павышэнню эфектыўнасці іх працы. У сітуацыі, калі набор у ВНУ павялічваецца і адпаведна ўзрастае патрэба і жаданне атрымаць вышэйшую адукацыю ў большай колькасці выпускнікоў школ, паўстае праблема дастатковасці школьнай падрыхтоўкі для больш-менш прыстойнага навучання ў ВНУ. Вырашаць гэтую праблему ў такім масавым парадку наша школа яшчэ не навучылася. І людзі кінуліся шукаць памочнікаў у гэтай справе – «рэпетытараў». Дзяржава, не змогшы адолець гэтае «зло», урэшце прызнала карыснасць працы рэпетытараў і ўзаконіла іх дзейнасць, атрымліваючы дадатковыя падаткі ў бюджэт. Цяпер хатнія настаўнікі працуюць афіцыйна і цікава прасачыць за развіццём іх узамаадносін са школьнымі настаўнікамі.
Шчыра скажу, калі я працаваў у школе ці ліцэі, мяне зусім не турбавала, карыстаецца хтосьці з маіх вучняў паслугамі рэпетытара ці не. Калі карыстаецца, і гэта яму дапамагае, то і на здароўе. А калі б шкодзіла, я са сваім досведам адразу б тое заўважыў і прыняў меры. Ды і сам вучань хутка разабраўся б, што дапамога рэпетытара вядзе не туды і адмовіўся б ад яго паслуг.
А цяпер, калі я ўжо стала займаюся хатнім настаўніцтвам (мне такі тэрмін падабаецца больш, чым «рэпетытар»), заўважаю цікавую рэч: некаторыя настаўнікі вельмі раўніва ставяцца да таго, што іх вучні займаюцца з рэпетытарамі. У нейкім сэнсе настаўніка (часцей настаўніцу) можна зразумець. Вось яна выпускае свае адзінаццатыя класы, і ёй на наступны год даюць пяцікласнікаў, з якімі яна некалі дойдзе да адзінаццатага і зноў будзе патлумачваць асаблівасці вылічэнняў з лагарыфмамі, сінусамі-тангенсамі. Але ж за пяць-шэсць год яна падзабудзе гэтыя асаблівасці і дзе-нідзе заблытаецца, дзе-нідзе зробіць памылку. Натуральна, што вучні (нават найлепшыя) гэтай памылкі не заўважаць, бо ў новай тэме яшчэ не асвоіліся. Але ж вось устае нейкі верад, які ўжо разабраўся ў тэме з рэпетытарам, і гаворыць на ўвесь клас:
– А тут у вас памылка, трэба рабіць вось так…
І настаўніца разумее, што вучань мае рацыю, але як патлумачыць гэтым заціхлым у зацікаўленым чаканні галовам, што ў яе дома свае дзеці, якія патрабуюць шмат увагі, а там справаздача па класным кіраўніцтве, а там візіты ў праблемныя сем’і, і яшчэ, і яшчэ… І на тое, каб грунтоўна паўтарыць няпростую тэму, часу не хапіла.
Падобныя сітуацыі сустракаюцца ў маёй цяперашняй практыцы. Прыходзіць дзяўчына і хваліцца:
– А нам настаўніца новую тэму тлумачыла, дык я ў яе памылку знайшла.
– І што?
– Сказала на ўвесь клас.
– А яна?
– Накрычала на мяне. А потым пакінула пасля ўрокаў і папрасіла, каб іншым разам я гаварыла пра яе памылкі не пры вучнях, а сам-насам.
– Так і трэ было зрабіць.
– Ага! А яна пра мае памылкі пры ўсіх крычыць.
– Дык ты рада, што адпомсціла?
– Ну не рада…
– Вось бачыш, радасці тут мала. рабі так, як яна папрасіла.
Такім чынам, зраблю першую выснову: рэпетытараў недалюбліваюць слабыя настаўнікі. У значнай меры гэта так. Але не заўжды. Здараецца, што скепсіс да рэпетытараў маюць і найлепшыя настаўнікі. Дапамога рэпетытараў іх вучням як бы закранае іх асабісты імідж, прыніжае яго. Толькі ж гэтую сітуацыю трэба асэнсаваць больш грунтоўна.
Рэч у тым, што індывідуальнае навучанне, несумненна, больш эфектыўнае, чым калектыўнае. Як бы ні пацеў школьны настаўнік са сваім класам у трыццаць чалавек, ён не зможа навучыць кожнага, скажам, той жа матэматыцы да ўзроўню, якога ён дасягнуў бы, працуючы з вучнем паасобку. Дзеці розныя. Адзін хутка ўспрымае і рвецца наперад, але яму: «Пачакай, іншыя за табой не паспяваюць.» Да другога ж усё даходзіць марудней, яму патрэбен пэўны час, каб усвядоміць пачутае, але дзе настаўніку той час знайсці.
Маруднае мысленне не раўназначна кепскаму мысленню. Якасць такога чалавека можа быць і вышэйшай за якасць чалавека з хуткасным мысленнем. Грамадству патрэбны і адны, і другія. У лётчыкі няхай ідуць тыя, хто хутка мысліць, а вось будаўнікі мастоў няхай бы думалі доўга і надзейна.
Школа ж сваім калектыўным навучаннем спрабуе паправіць прыроду, спрабуе «выраўняць» навучэнцаў. І хоцькі-няхоцькі, некаторым для атрымання паўнавартаснай адукацыі патрабуецца дадатковая дапамога. Асабліва, калі чалавек мяркуе атрымаць спецыяльнасць у нейкай прэстыжнай ВНУ.
З гэтай прычыны кваліфікаваныя рэпетытары будуць заўсёды запатрабаваныя. А некваліфікаваныя? – спытаюць у мяне. Закранем і гэтае пытанне. Мне аднойчы давялося пачуць параўнанне настаўнікаў і рэпетытараў адпаведна з урачамі і знахарамі. Мяркую, сёння ўжо не трэба даказваць некарэктнасць такога параўнання. Усё ж любы рэпетытар мае і педагагічную адукацыю, і пэўны досвед педагагічнай працы. Скажу болей. Рэпетытар – гэта свабодны настаўнік, настаўнік рынкавы. А на рынку, як вядома, існуе жорсткая канкурэнцыя, у якой выжываюць мацнейшыя. Людзі сёння асцярожныя і не аддадуць сваё дзіця і свае грошы нейкаму «А можа». Яны распытаюць сяброў, сваякоў, знаёмых, у каго дзеці толькі скончылі школу і кудысьці паступілі, і скарыстаюцца іх парадамі.
«Рэпетытар» – з аднаго боку, слова трапнае, бо хатні настаўнік вытрэніроўвае (рэпетыруе) выкарыстанне тых ведаў, якія вучань у школе ўсё ж атрымоўвае. Яшчэ кажуць: рэпетытар дрэсіруе, нацягвае вучня на рашэнні пэўнага тыпу задач. У гэтых задзірыстых словах ёсць доля праўды, бо, натуральна ж, рэпетытар арыентуецца ў сваёй працы з вучнем на тыя заданні, якія традыцыйна прапануюць на цэнтралізаваным тэставанні. Пераважна дзеля гэтага і прыходзяць вучні да рэпетытара. Але дасведчаны рэпетытар яшчэ і спарадкуе веды, атрыманыя вучнем у школьнага настаўніка. Бо на адным занятку рэпетытара вучань можа асэнсаваць інфармацыю, якую ў школе ён успрымаў маленькімі порцыямі на працягу дзесяці-пятнаццаці школьных урокаў і якая так і засталася ў яго памяці наборам не звязаных паміж сабой звестак. Прычым рэпетытар яшчэ і дапаўняе тыя веды (тады яго можна назваць «давучальнікам»).
Да прыкладу, я магу навучыць маладога чалавека развязваць пераважную большасць квадратных раўнанняў вусна з дапамогай просценькай тэарэмы Віета. Гэтую тэарэму ў школе вывучаюць мімаходзь дый забываюць. А тут выяўляецца, што яна значна аблягчае далейшыя стасункі з матэматыкай, бо квадратнымі раўнаннямі працятая школьная праграма па матэматыцы апошніх пяці год. Чалавек бачыць, як яму дапамагае гэтая тэарэма і радуецца, больш за тое, пачынае выкарыстоўваць яе ў класе. І тут зноў канфлікт. Настаўніца не разумее, як ён развязаў тое раўнанне на кантрольнай («Ты ўгадаў корані! Ці падгледзеў у каго!»), і прадбачліва зніжае адзнаку. Ёй бы самой напрасіцца на адзін урок да таго рэпетытара, але ж зноў – не хапае часу.
Мяркую, было б мэтазгодным упраўленню адукацыі запрасіць якога-небудзь дасведчанага рэпетытара прачытаць пару лекцый на курсах павышэння кваліфікацыі настаўнікаў. Аднойчы я такое прапанаваў чалавеку, які займаецца арганізацыяй курсаў, і пачуў цікавае: «Цяпер настаўнікі самі прапануюць нам, якіх лектараў запрасіць на такія курсы.» Атрымоўваецца, што паслухаць умелых рэпетытараў не хочуць самі настаўнікі? Не разумею.
Шаноўныя настаўнікі! Вам не трэба нервавацца, калі бацькі якога-небудзь з вашых вучняў знайшлі сродкі на працу з рэпетытарам. Парадуйцеся гэтаму, бо далейшыя поспехі вашых выпускнікоў падвышаюць і ваш настаўніцкі імідж. Праўда, тут калі-нікалі славай даводзіцца дзяліцца.
Я ведаў аднаго таленавітага хлопца, у якога быў добры настаўнік матэматыкі, але ён і з рэпетытарам займаўся, пра што настаўнік не ведаў. Хлопец некалькі разоў перамагаў на рознага ўзроўню алімпіядах. Пазней я сказаў настаўніку, што хлопцу яшчэ дапамагаў рэпетытар. «Ага, – сказаў той, – я навучыў, а ён грошы зарабляў.» «Ну так, – усміхнуўся рэпетытар, калі я перадаў яму словы настаўніка, – чыёй заслугі ў тых перамогах болей, яшчэ трэба разабрацца, а буйныя прэміі і падзякі за іх толькі яму аднаму.» Як кажуць, кожнаму сваё.
Але перамогі на алімпіядах – гэта ўжо матэматычны спорт, да якога рэпетытары маюць малое дачыненне. Яны працуюць больш на агульнае матэматычнае развіццё. І было б натуральна, калі б настаўнікі і рэпетытары сталі паплечнікамі ў агульнай справе.
Міхась Булавацкі,
настаўнік вышэйшай катэгорыі,
індывідуальны прадпрымальнік у галіне матэматычнай адукацыі
bulavacki@gmail.com