А. Абрамчык, 
настаўніца беларускай мовы і літаратуры вышэйшай катэгорыі, намеснік дырэктара 
гімназіі №1 г.Дзятлава  Падоўжаныя зычныя – спецыфічная фанетычная з’ява беларускай мовы. Узнікла яна ў перыяд, калі старабеларуская мова пачала развівацца самастойна, і на месцы былых спалучэнняў «зычны + j» сталі падаўжацца наступныя зычныя:
Падоўжаныя зычныя – спецыфічная фанетычная з’ява беларускай мовы. Узнікла яна ў перыяд, калі старабеларуская мова пачала развівацца самастойна, і на месцы былых спалучэнняў «зычны + j» сталі падаўжацца наступныя зычныя: 
[л’] — галлё, ралля, вяселле, крылле, наваколле, гніллю, моллю. У слове чуллівы і вытворных ад яго падоўжаны [л’] узнік пры словаўтварэнні: чулы + лів.Формы ж дзеяслова ліць прынята пісаць лью, льеш, лію, ліеш; 
[н’] — пытанне, жаданне, свіння, снеданне, світанне, рунню; 
[з’] — рыззё, палоззе, граззю, маззю. У слове ззяць і вытворных ад яго падоўжаны зычны ўтвараецца ў пачатку слова;
[с’] — калоссе, кассё, рыссю, Палессе, воссю; 
[дз’] — абоддзе, разводдзе, паводдзе, суддзя; 
[ц’] — смецце, выццё, свацця, раццю; 
[ж] — збожжа, бездарожжа, падарожжа, Разважжа; 
[ш] — узвышша, зацішша, мышшу, удушша; 
[ч] — прадплечча, сучча, ламачча, ноччу. 
Ужыванне пералічаных падоўжаных зычных у сучаснай мове цесна звязана з пэўнымі тэматычнымі і граматычнымі разрадамі лексікі і некаторымі граматычнымі формамі слоў. У асноўным яны ўжываюцца: 
• у назоўніках ніякага роду, якія абазначаюць зборныя паняцці: палоззе, рыззё, бадылле, скулле, суквецце, гніллё, сучча; 
• у аддзеяслоўных назоўніках, якія прадстаўлены двума тыпамі — з падоўжаным [н’] (праўленне, кіраванне, адыманне, складанне) і з падоўжаным [ц’] (набыццё, жыццё, пачуццё, піццё, ліццё, распяцце). Гэтыя аддзеяслоўныя назоўнікі могуць абазначаць працэсы або набываць значэнне зборнасці ці нават канкрэтнасці (ліццё — як вынік працэсу, праўленне — як назва ўстановы); 
• у прыставачных назоўніках, якія абазначаюць месца: прыбярэжжа, раздарожжа, узлессе, узвышша, зарэчча, заплечча, наваколле; 
• у складаных назоўніках і некаторых прыставачных з адценнем зборнасці: стагоддзе, многаўладдзе, мнагамужжа, мелкаводдзе, беззямелле, бязлессе; 
• у назоўніках, утвораных ад прыметнікаў з розным адцягненым значэннем: багацце, прыволле, вяселле, ранне; 
• у назоўніках жаночага роду, часта суадносных з назоўнікамі мужчынскага роду: бягуння, пападдзя, свацця, Наталля; 
• у некаторых назоўніках з прадметным значэннем: кассё, ружжо, келля, валлё; 
• у творным склоне адзіночнага ліку назоўнікаў жаночага роду з нулявым канчаткам: цішшу, граззю, зеленню, мышшу, гніллю; 
• у творным склоне лічэбнікаў: пяццю, дзесяццю, трыццаццю; 
• у некаторых прыслоўях, утвораных ад назоўнікаў: ноччу, рыссю, уваччу. 
Увага! 
У словах неславянскага паходжання, у тым ліку ва ўласных імёнах і назвах, там, дзе ў рускай мове пішуцца дзве літары, у беларускай мове пішацца адна: каса, алея, група, Васа, Іна і г.д. 
Выключэнне: бонна, донна, манна, панна, ванна, мецца-сапрана, саванна, дурра (кармавая расліна); Ганна, Жанна, Сюзанна, Мекка, Мадонна. 
У большасці ж уласных імёнаў і назваў славянскага паходжання падоўжанае вымаўленне перадаецца на пісьме дзвюма літарамі: Аксіння, Анісся, Аўдоцця, Наталля, Таццяна, Фядосся, Краснаполле. 
Выключэнне: Ілья, Касьян, Ульян, Юльян, Ільін, Ільіч, Ульянаў і інш. 
Паводле peramoga.dzyatlava.by
Правілы правапісу падоўжаных зычных
13.01.2012


 
  
 
