Наталля Ільініч: «Маштаб салідарнасці стаў для мяне поўнай нечаканасцю»

02.02.2012

Год таму, 27 студзеня, настаўніцу гісторыі з Талькі Пухавіцкага раёна Наталлю Ільініч звольнілі са школы. Сёння яна расказвае аб тым, як жывецца дысідэнтам у Беларусі і што прыемнае можна знайсці ў такім гаротным становішчы.

— Зноў мяняю працу, — так пачалася наша гутарка з Наталляй. — За год змяніла ўжо тры месцы. Апошнім разам — 14 снежня — страціла працу паштальёна. Тры с паловай месяцы разносіла газеты, пісьмы, тэлеграмы, а потым мне паказалі на дзверы, сказалі, што не прайшла выпрабавальны тэрмін. Як быццам бы нейкія асаблівыя якасці патрэбны, каб пошту па вёсках развезці. Ды яшчэ за 600—700 тысяч зарплаты. Жадаючых працаваць паштальёнам няма, чарга каля аддзялення сувязі не стаіць. Але мяне звольнілі. Так спяшалася раённае паштовае начальства, што зрабілі гэта, нават не знайшоўшы мне замены. Прыйшлося начальніцы Талькаўскай пошты самой рабіць маю працу — пасля сваёй асноўнай цэлы месяц вазіла па маім маршруце газеты. Толькі нядаўна знайшоўся чалавек.

— А чаму звольнілі?

— Сітуацыя дзіўная. Маршрут, по якім я развозіла пошту, не кароткі — 16 кіламетраў. Гэта палова Талькі і яшчэ тры маленькія вёскі. І паспець я павінна была за 6 гадзін 25 мінут — столькі аплачвалі, гэта нават няпоўная стаўка. Але пару разоў па суботах, калі было шмат пенсій, у апошнюю вёску, каб давезці штодзённую газету аднаму жыхару, не паспявала: было ўжо вельмі цёмна. І гэты чалавек патэлефанаваў і паскардзіўся… Мяне выклікалі ў раённае ўпраўленне паштовай сувязі, афіцыйна паведамілі, што па кантракце ў мяне тры месяцы выпрабавальны тэрмін і я яго не вытрымала, не справілася. Здаецца, быццам бы чакалі, да чаго прычапіцца... Калі я прыйшла ўладкоўвацца, у РУПС не ведалі, хто я, чаму са школы мусіла сысці, а потым ужо, відаць, даведаліся, хто такая Наталля Ільініч, і пры першай жа магчымасці палічылі за лепшае ад мяне пазбавіцца.

Мяне, калі шчыра, гэта не вельмі засмуціла. Бо праца вельмі цяжкая, фізічна мяне вымотвала, а ні матэрыяльна, ні маральна задаволіць, самі разумееце, не магла. З пошты я сышла са спадзяваннямі, што ў Мінску ў школе знайду месца настаўніка гісторыі альбо настаўніка пачатковых класаў. Усё ж такі гэта быў канец паўгоддзя, другой чвэрці. Я вывучыла вакансіі, пераканалася, што іх шмат: у чатырох сталічных школах патрабаваўся настаўнік гісторыі, яшчэ больш было прапаноў на месца настаўніка пачатковых класаў, я нават выбірала, у якую школу звяртацца, глядзела, каб яна была бліжэй да вакзала: мне было б зручней дабірацца дадому, у Тальку. Але ж сцэнарый заўсёды быў адзін і той жа: бяруць рэзюме, ківаюць галавой, што я іх задавальняю, а назаўтра ўсё мяняецца. Ужо як быццам бы з’яўляюцца іншыя кандыдатуры, і мне адмаўляюць.

— Значыць, вы зноў беспрацоўная?

— Калі зразумела, што шлях у школу для мяне зачынены, з 12 студзеня зарэгістравалася ў падатковай інспекцыі як рэпетытар. Зараз гэта проста: заяву пішаш, адзіны падатак плаціш — і, калі ласка, працуй. Я дала аб’явы ў Асіповічах, Мар’інай Горцы, і ўжо знайшліся вучні. Праўда, нямнога, усё ж такі да цэнтралізаванага тэсціравання засталося мала часу, і амаль усе ўжо рыхтуюцца па сваіх планах. Але спадзяюся, што ў будучым вучні знойдуцца і гэта дасць магчымасць мне існаваць.

— Наталля, можна сказаць, што ўвесь год прайшоў для вас пад знакам «у пошуках працы»...

— Так. Пасля майго ганебнага звальнення са школы працавала летам у Дудутках, у музеі народных рамёстваў навуковым супрацоўнікам і экскурсаводам. Але дабірацца да музея з Талькі нязручна, аж на трох відах транспарту, частку дарогі прыходзіцца ехаць на спадарожных машынах. Летам гэта магчыма, а ў астатні час вельмі цяжка. Таму з 1 верасня, калі ўбачыла абвестку пра вакансію паштальёна ў Тальцы, узрадавалася. Да таго ж у музеі ў мяне была толькі палова стаўкі навуковага супрацоўніка — 350 тысяч. Зразумела, што я сышла.

У жніўні, перад пачаткам 2011—2012 навучальнага года зноў звярнулася ў Пухавіцкі раённы аддзел адукацыі з заявай. Мне адмовілі, сказалі, што вакансій настаўніка гісторыі ў раёне няма. Я папрасілася настаўніцай пачатковых класаў, у мяне і гэта спецыяльнасць ёсць. Аказалася, што ў Свіслачы ў мясцовай школе ў наяўнасці адразу два месцы. Патэлефанавала туды, наступным днём паехала. А калі прыехала, дырэктар спыталася, хто я, адкуль, і, як толькі даведалася, што з Талькі, адразу сказала, што ўжо знайшла настаўнікаў…

Амаль па такім жа сцэнарыі «ўладкоўвалася» ў школу ў Асіповічах. Я зразумела: сістэма па выштурхоўванні няўгодных працуе без збою. Не толькі ў сістэме адукацыі, паўсюдна.

— Як выжываеце? Ведаю, што вы бралі крэдыты, у вас была мара займацца аграэкатурызмам, дабудаваць сядзібу, дзе маглі б спыняцца турысты…

— Дзякуй Богу, самы вялікі крэдыт я ўжо выплаціла. Той, што застаўся, — дробязь. У месяц вяртаю банку па 100 тысяч рублёў. Ільготны крэдыт на аграэкатурызм на 60 мільёнаў, які спачатку ў снежні 2010 года мне зацвердзілі, у 2011-м, пасля звальнення, не далі, адмовілі. Кармлюся з гаспадаркі, назапасіла на зіму садавіны, гародніны, карову трымаю. Але самае галоўнае, што мне дапамагло, — гэта людская салідарнасць, падтрымка і маральная, і матэрыяльная, якую я адчула пасля артыкулаў у «Народнай Волі».

Маштаб салідарнасці стаў для мяне поўнай нечаканасцю. Я прывыкла, што беларусы жывуць кожны сам па сабе. А тут такая згуртаванасць! Я падлічыла, што толькі грашовых пераводаў атрымала 169! Усе квіточкі, паштоўкі, лісты захоўваю як рэліквію, для будучага музея найноўшай гісторыі Беларусі. А колькі было тэлефонных званкоў, лістоў са словамі падтрымкі! Ішлі адусюль, з самых розных куточкаў Беларусі. Святлана Алексіевіч напярэдадні Новага года даслала цэлы мільён рублёў. Некаторыя да гэтай пары шлюць, кожны месяц, відаць, з заробку ці з пенсіі. І толькі гэта дапамагае мне выжыць! Я не зламалася ні фізічна, ні маральна. Я адчувала: тое, што я адстойваю сваю годнасць, не ўсё роўна і іншым людзям. А таму хачу падзякаваць усім, хто дапамог мне маральна і матэрыяльна, каб я змагла прайсці гэтае выпрабаванне. Думаю, што сярод такіх людзей нямала чытачоў «Народнай Волі» і «Н%шай Н!вы».

Дапамагалі мне і грамадскія арганізацыі, ініцыятывы  — парадай, прававой падтрымкай, адвакацкай кансультацыяй. Для мяне вельмі важна, што грамадская арганізацыя «Таварыства беларускай школы» дапамагае мне не губляцца прафесійна. Запрасілі рэдагаваць настаўніцкі метадычны сайт «Актыўная ацэнка». Гэта такая інавацыйная, папулярная ў свеце навучальная методыка, якая толькі да нас прыйшла.

Працягваю працаваць над другім выданнем сваёй краязнаўчай кніжкі «Талька і наваколлі», спадзяюся ў хуткім часе перавыдаць.

— Прызвычаіліся жыць без школы, заняткаў, вучняў?

— Дагэтуль не магу без болю пра гэта думаць… Усё роўна спадзяюся, што вярнуся ў школу. Мае судовыя справы па звальненні яшчэ не скончыліся, я абскарджваю рашэнне раённага суда, дайшла да Вярхоўнага. Адказу адтуль пакуль няма, але я спадзяюся, што Вярхоўны суд больш грунтоўна падыдзе да маёй справы.

— А дырэктара школы Наталлю Меркуль, якая вас звольніла, часта сустракаеце?

— Не. Яна ж не з Талькі, прыязджае толькі ў школу. Кажуць, што зараз у школе зацішша, ніякіх праверак, толькі напрыканцы 2011-га была адна — запланаваная. Раённае начальства, відаць, ёй спрыяе… А ў школу я не хаджу. Мне вельмі балюча…

Даведка «Народнай Волі»

27 студзеня 2011 года дырэктар Талькаўскай СШ Наталля Меркуль не працягнула працоўны кантракт з настаўніцай вышэйшай катэгорыі Наталляй Ільініч, якая працавала ў школе амаль 26 гадоў.

Дырэктара быццам бы не задаволіла праца Ільініч, настаўніца ж настойвала на тым, што яе звальненне з працы і адмова ў заключэнні новага працоўнага кантракта — гэта палітычна матываванае рашэнне дырэктара, што прэтэнзіі з боку Меркуль узніклі пасля таго, як у Ільініч дома адбыўся вобыск пасля падзей на Плошчы 19 снежня 2010 года.

Наталля Ільініч спрабавала аднавіцца на працы праз суд. Аднак, нягледзячы на сведчанні калег — настаўнікаў Талькаўскай СШ, былых выпускнікоў і бацькоў вучняў, суддзя Пухавіцкага раённага суда Святлана Акуліч ў іску ёй адмовіла, на працы Ільініч не аднавілі.

Увесну мінулага года дырэктар Талькаўскай сярэдняй школы Наталля Меркуль і суддзя Пухавіцкага раённага суда Святлана Акуліч былі ўнесены у спіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны ЕС за пераслед па палітычных матывах настаўніцы гісторыі Наталлі Ільініч.

Марыя Эйсмант, Народная воля