З наступнага навучальнага года агульнаадукацыйныя школы канчаткова развітаюцца з эстэтычнымі ўхіламі.
Не спортам адзіным
Хоць разнастайныя ўхілы ды профілі скасавалі яшчэ ў 2008 годзе, эстэтычная дадатковая адукацыя на базе агульнаадукацыйных устаноў працягвала існаваць. І не проста існаваць, а апраўдваць ускладзеныя на яе надзеі на ніве ўзрошчвання маладых талентаў.
Аднак яшчэ летам мінулага года, напярэдадні ўступлення ў сілу новага Кодэкса аб адукацыі, сярод школьных настаўнікаў, занятых на прадметах эстэтычнай накіраванасці, прайшла чутка, што яны могуць застацца без працы. Усё таму, што Кодэкс замацаваў скасаванне ўсякіх ўхілаў, што было прадказальна, але не зрабіў выключэння і для школ з паглыбленым вывучэннем «прыгожых» прадметаў. Рашэнне Мінадукацыі весці навучанне па старых праграмах яшчэ год не дало тады страсцям як след распаліцца.
Аднак з пачаткам новага каляндарнага года пытанне зноў пачалі актыўна абмяркоўваць. На гэты раз нават не з ініцыятывы педагогаў, што могуць застацца без нагрузкі, а з падачы бацькоў, чые дзеці навучаюцца ў школах з эстэтычным ухілам.
Адзін такі бацька прыйшоў і ў рэдакцыю «БК», выказваючы шчырую заклапочанасць: «Няўжо з беларусаў цяпер будуць выхоўваць адно спартсменаў?». Хвалявацца Аляксандру ёсць пра што. Яго дзіця ходзіць у другі клас СШ №3, дзе вучыцца, акрамя чытання, лічэння і пісьма, граць на скрыпцы. Бацькі не хаваюць, што выбар школы быў абумоўлены менавіта яе ўхілам. «Нам зручна, што сын авалодвае інструментам у сваёй жа школе, увесь дзень заняты і нідзе не бадзяецца. Нам не трэба вадзіць яго асобна ў музычную школу і плаціць за гэта грошы,»– прагматычна разважае Аляксандр. Асцярога, што такі парадак рэчаў можа парушыцца, і прымусіла яго разам з іншымі бацькамі напісаць ліст у Міністэрства адукацыі.
Выйсце ёсць заўсёды
Адказ прыйшоў. Праўда, не з Міністэрства, а з упраўлення адукацыі аблвыканкама. Але і форму адказ меў не толькі пісьмовую – напрыканцы студзеня адказныя чыноўнікі правялі нават сустрэчу з бацькамі вучняў 3-й школы і запэўнілі, што горад зробіць усё магчымае, каб эстэтычная накіраванасць у гэтай і іншых школах захавалася хай не дэ-юрэ, дык дэ-факта.
Пра афіцыйную пазіцыю аддзела адукацыі Брэсцкага гарвыканкама адносна гэтага пытання мы даведаліся ў Анатоля Наскова.
– Нагадаю, што Кодэкс аб адукацыі быў прыняты яшчэ 2 лютага 2010 года і ўступіў у дзеянне 1 верасня 2010 года. Ва ўстаноў адукацыі быў час, каб падрыхтавацца да яго ўвядзення, – нагадвае начальнік гарадскога аддзела адукацыі. – Кодэкс вызначыў асноўныя этапы адукацыі: дашкольная, агульная сярэдняя, прафесійна-тэхнічная, сярэдняя спецыяльная, вышэйшая, спецыяльная, дадатковая для дзяцей і моладзі, дадатковая для дарослых. У адпаведнасці з гэтым вызначаны тыпы і віды навучальных устаноў. Эстэтычнай адукацыяй цяпер могуць займацца толькі ўстановы дадатковай адукацыі мастацкага профілю ў сферы культуры.
Усё, аднак, не так дрэнна. У агульнаадукацыйных школах на ўгледзіны адміністрацыі могуць праводзіцца факультатыўныя заняткі (у тым ліку і платныя) музычнай, харэаграфічнай, мастацкай і тэатральнай накіраванасці. Вось гэтую лазейку ў Кодэксе і рэкамендуецца выкарыстоўваць у школах, каб хоць неяк захаваць і змест адукацыі, і педагагічныя кадры. Але пра ўкладышы ў атэстаты аб атрыманні дадатковай адукацыі выпускнікам прыдзецца забыцца. Цяпер у іх «корачках» максімум будзе пазначана, што яны праслухалі факультатыўны курс па пэўным прадмеце.
– Калі будзе зацікаўленасць з боку настаўнікаў, бацькоў і вучняў, то на змест навучання фармальныя змены ніяк не паўплываюць,– упэўнены Анатоль Наскоў.– У нас ёсць станоўчы вопыт сярэдніх школ №№ 7, 9 і 15, дзе нават пасля адмены ўхілаў замежная мова працягвае выкладацца на вельмі высокім узроўні.
З якой накіраванасцю – музычнай, тэатральнай, мастацкай ці харэаграфічнай – узнікне больш праблем пры прывядзенні адукацыйнага працэсу ў адпаведнасць з Кодэксам, аддзел адукацыі пакуль не гаворыць, спасылаючыся на тое, што пытанне гэтае толькі распрацоўваецца.
Не кажуць на Энгельса, 3 з дастатковай пэўнасцю і пра тое, які лёс напаткае вузкіх спецыялістаў, што зараз працуюць на профільных эстэтычных прадметах. Аднак зрабіць усё магчымае дзеля іх захавання абяцаюць.
А кадры што?
Пакуль гарадскі аддзел адукацыі думае, як бязбольна перавесці школы на новыя рэйкі, у тых самых школах гадаюць, чаго чакаць ад наступнага навучальнага года. «Скажу табе так,– дзеліцца турботамі знаёмая, што працуе ў адной са школ з умоўным эстэтычным ухілам. – Мы ўсе жывем у прадчуванні чагосьці горшага. Да мяне ўжо падыходзіла завуч і папярэдзіла, што з наступнага года мне ў нагрузку дадуць не факультатывы, а гурткі, якія напалову менш будуць аплочвацца. Атрымліваецца, праца тая ж, а грошы меншыя. Неяк не вельмі гэта радуе, таму сур’ёзна думаю шукаць новую працу. Мы разумеем, што ўсё робіцца, каб дзеці ішлі ў цэнтры дадатковага навучання, аднак хіба кожны з бацькоў туды сваіх дзяцей павядзе?».
На пытанне, ці не хоча яна сама перайсці на працу ва ўстанову дадатковай адукацыі, раз туды можа хлынуць плынь таленавітых дзяцей, знаёмая адназначна хітае галавой: «Там жа ўдвая менш плацяць».
На жаль, чагосьці больш пэўнага на гэтую тэму сказаць пакуль не атрымліваецца. Зразумела адно: як бы ні стараліся адміністрацыя школ, бацькі і вучні, але без дзяржаўнай падтрымкі заняткам эстэтычнай накіраванасці ў агульнаадукацыйных школах не мець таго размаху і той якасці, якія яны мелі дагэтуль.
Іна Хоміч, Брестский курьер
Ці застануцца ў школах «прыгожыя» прадметы?
16.02.2012