Паводле М. В. Ласкутовай, пераклала і перапрацавала Н. С. Гардзіенка
У выглядзе асобнага кірунку гістарычнай навукі вусная гісторыя склалася напрыканцы 1960–1970-х гг. у Заходняй Еўропе і Паўночнай Амерыцы. Гэта быў своеасаблівы адказ на маштабныя змены, якія адбываліся ў той час у сацыяльнай структуры заходняга грамадства. Акадэмічная навука звярнула ўвагу на праблемы міграцыі, на спецыфічны досвед эмігрантаў, іх уплыў на мясцовае грамадства, на працэс ўзаемапранікнення культур, на сацыяльныя рухі (маладзёжныя, працоўныя і г. д.).
Вусная гісторыя дала даследчыкам магчымасць ўбачыць свет вачыма «маленькага чалавека», пачуць «голас большасці», чый погляд на мінулае мог значна адрознівацца ад погляду акадэмічнай гістарыяграфіі. (Напрыклад, удзельнікі гітлерюгенда ў даваеннай Нямеччыне). Акрамя таго, перад гісторыкамі паўсталі праблемы ўзаемадзеяння з масавай аўдыторыяй і гістарычнай памяццю грамадства. На Захадзе сталі ўзнікаць спецыяльныя структуры, якія займаліся назапашваннем вусных сведчанняў, з’явіліся архівы запісаў ўспамінаў (Нацыянальная калекцыя жыццёвых гісторый ў Вялікабрытаніі, аналагічныя структуры ў ЗША і іншых краінах.)
У нашай краіне вусная гісторыя як асобны кірунак яшчэ знаходзіцца ў стадыі станаўлення. Сёння зроблены даследаванні па гісторыі рэпрэсій, голаду, пасляваеннага жыцця. Асобна можна адзначыць збіранне ўспамінаў беларуских эмігрантаў (беларускае эміграцыязнаўства): «Беларуская Амерыка» Л. Пранчака, «Беларуская эміграцыя: скрыжаванні лёсаў» А. Адзінца, апублікаваныя ўспаміны М. Ганько і В. Грыцук і інш.
Методыка вуснай гісторыі адкрывае новыя магчымасці ў галіне краязнаўства. Гэта і рэканструкцыя асобных падзей, значных для вялікай колькасці людзей, і новы погляд на біяграфіі славутых асоб, на гісторыі нацыянальных меншасцей, асобных людзей або невялікага населенага пункту і г. д.
Галоўнае адрозненне вуснай гісторыі ад іншых напрамкаў заключаецца ў спецыфіцы выкарыстання крыніц – успамінаў людзей аб падзеях мінулага, сведкамі ці ўдзельнікамі якіх яны былі. Сама прырода вуснага паведамлення прынцыпова адрозніваецца ад пісьмовага тэксту, з якім традыцыйна працуюць навукоўцы. Гісторык прымае непасрэдны ўдзел у працэсе даследавання: адбірае рэспандэнтаў, фармулюе пытанні інтэрв’ю, тым ці іншым чынам рэагуе на расповед, уплываючы на змест атрыманага дакумента. Сам тып крыніцы і метад даследавання збліжае вусную гісторыю з сацыялогіяй і антрапалогіяй, ніякім чынам не патрабуючы адмовіцца пры гэтым ад выкарыстання іншых відаў крыніц.
Пры дапамозе методыкі вуснагістарычнага даследавання не толькі захоўваюцца сведчанні пра мінулае, якія дапаўняюць інфармацыю, атрыманую з пісьмовых крыніц, але і перадаецца прыгажосць і багацце жывой размоўнай мовы і культуры цалкам.
Успаміны людзей, цесна звязаныя з іх асэнсаваннем мінулага, ствараюць калектыўную гістарычную памяць грамадства і з’яўляюцца адной з формаў грамадскай свядомасці; другой формай традыцыйна выступае гістарычная навука.
Распрацоўка канцэпцыі даследавання
Пачынаючы працу над даследаваннем, гісторык павінен сфарму-ляваць праблему, вызначыць мэты і задачы работы, прапанаваць гіпотэзы, распрацаваць даследчую стратэгію. Асаблівую ўвагу на гэтым этапе трэба звярнуць на рэфлексію, недахоп якой можа прывесці да пэўных складанасцей.
Перад тым, хто займаецца вуснагістарычным даследаваннем, востра стаіць праблема адбору інфармацыі з наяўных крыніц для адэкватнага планавання сваёй дзейнасці. Па-першае, інтэрв’ю праводзіцца толькі з асобамі, якія жывуць сёння. Па-другое, патрэбны чалавек можа аказацца на вялікай геаграфічнай аддаленасці ад даследчыка. Па-трэцяе, чалавек можа проста адмовіцца ад інтэрв’ю або пагадзіцца адказваць толькі на асобныя пытанні. (Прыклады з досведу ўласных інтэрв’ю ў Аўстраліі і Вялікабрытаніі). Зараз фіксацыя ўспамінаў усё больш спрашчаецца, што мае не толькі дадатны бок (зацікаўленасць у даследаваннях «гісторыі штодзённасці), але і адмоўны («баналізацыя» гісторыі, запіс інтэрв’ю дзеля самога працэсу). Таму даследчык заўсёды павінен мець дакладна сфармуляваную мэту і ўважліва сачыць за ходам размовы.
Неабходна памятаць, што выкарыстанне метадалогіі вуснай гісторыі не вызваляе ад неабходнасці азнаёміцца з існуючымі пісьмовымі крыніцамі і літаратурай па абранай праблеме. А як далёка даследчык зойдзе ў вывучэнні згаданых крыніц і літаратуры, залежыць ад яго самога і тых мэтаў, якія ён перад сабой паставіў.
Распрацоўка канцэпцыі даследавання, вызначэнне кола тэм і пытанняў з’яўляецца пераходам да выбару рэспандэнтаў і складанне апытальніка для інтэрв’ю. Яшчэ на стадыі вызначэння тэмы і знаёмства з літаратурай варта звяртаць увагу на імёны ўдзельнікаў падзей, што мусіць стаць адпраўным пунктам ў пошуку рэспандэнтаў (можна паспрабаваць знайсці саміх гэтых асоб, іх сваякоў, калег і г. д.).
Выбар рэспандэнтаў і праблема рэпрэзентацыйнасці вусных крыніц
Выбар рэспандэнтаў у першую чаргу залежыць ад самой канцэпцыі даследавання. Умоўна выдзяляюць два тыпы тэм і адпаведна два тыпы рэспандэнтаў. З аднаго боку даследчык можа вызначыць сваю задачу як аднаўленне нейкай канкрэтнай сітуацыі ці падзеі. Тады ён адшукае непасрэдных удзельнікаў або сведак, якія добра ведаюць пра пэўныя падзеі (вайны, пасляваеннага жыцця, перабудовы і г. д.). У іншым выпадку гісторык можа рэканструяваць паводзіны пэўнай групы людзей у тых ці іншых абставінах (досвед рэпрэсаваных, перасяленцаў і г. д.).
Калі ж даследчыка цікавіць нейкі тыповы досвед, тады паўстане пытанне аб тым наколькі рэпрэзентацыйнай будзе выбарка рэспандэнтаў. Вусны гісторык сутыкаецца ў гэтым выпадку з некалькімі праблемамі. У адрозненне ад сацыёлагаў і палітолагаў, даследчык з самага пачатку мае вынікі натуральнай выбаркі: часткі патэнцыйных рэспандэнтаў ужо няма ў жывых, а іншыя могуць адмовіцца ад інтэрв’ю наогул. Акрамя таго, метад рэпрэзентацыйнай выбаркі прадугледжвае разгляд сукупнасці індывідаў як носьбітаў пэўных (вызначаных самім даследчыкам) характарыстык. Іншымі словамі, кожнага рэспандэнта неабходна ў такім выпадку аднесці да пэўнай сацыяльнай, узроставай і іншай групы, якую ён у выніку і «рэпрэзентуе». Тады сацыяльная група становіцца простай сукупнасцю асобаў.
Нязгода з такімі ўстаноўкамі вымушае многіх даследчыкаў адмовіцца ад прынцыпу рэпрэзентацыйнасці выбаркі. (Калі ў фокусе даследчыка аказваецца ўнікальны персанальны вопыт кожнага асобнага рэспандэнта, становіцца надзвычай складана вызначаць нейкія тыповыя характарыстыкі.) З іншага боку, самі сацыяльныя групы ўсё менш успрымаюцца як аб’ектыўная дадзенасць.
У любым вуснагістарычным даследаванні, якое выходзіць за межы гісторыі асобнага чалавека, непазбежна ўзнікае праблема абагульнення вынікаў – праблема суаднясення досведу асобнага чалавека з больш шырокімі гістарычнымі працэсамі. І адмаўленне метаду рэпрэзентацыйнай выбаркі не вырашае гэтай праблемы.
Зразумела, што рабіць нейкія высновы пра грамадства на падставе толькі вусных сведчанняў магчыма толькі ў тым выпадку, калі гісторык упэўнены, што запісаныя ім інтэрв’ю адлюстроўваюць погляды і ўяўленні не толькі адной канкрэтнай асобы, але і ўсёй сацыяльнай групы. Гэта асабліва актуальна ў выпадку выкарыстання вынікаў даследавання аднаго гісторыка іншым.
Незаўсёды атрымліваецца адабраць рэспандэнтаў на падставе выпадковай рэпрэзентацыйнай выбаркі, у якой былі б адэкватна вытрыманы прапарцыянальныя суадносіны полаў, ўзростаў і сацыяльных груп ў той ці іншай грамадзе, цікавай для гісторыка. Таму ў працэсе працы рэкамендуецца (у залежнасці ад задач даследвання) катэгарызаваць атрыманыя звесткі і занесці іх у спецыяльныя табліцы, якія потым дапамогуць вызначыць рэпрэзентацыйнасць сабраных інтэрв’ю, падказаць, якія групы былі недастаткова прадстаўлены і пад.
Найбольш відавочнымі характарыстыкамі рэспандэнтаў з’яўляюцца ўзрост, пол, сямейны стан; з пэўнымі агаворкамі сюды могуць быць аднесены адукацыя, веравызнанне, сацыяльны статус. Пры наяўнасці гэтых звестак гісторык можа правесці папярэдняе параўнанне з размеркаваннем гэтых характарыстык ў грамадстве цалкам, вядомым паводле іншых крыніцаў.
Пошук рэспандэнтаў
Рэспандэнтаў можна шукаць як праз разнастайныя арганізацыі і таварыствы, газеты, гарадскія даведнікі, так і падчас сустрэч ветэранаў або выпускнікоў навучальных устаноў і г. д.
Наладжваць кантакт з рэспандэнтамі можна, напрыклад, у асабістай размове, праз ліставанне, па тэлефоне і пад. Важна не выклікаць у людзей неабгрунтаваных падазрэнняў перш, чым яны зразумеюць мэты даследавання. А нефармальная рэкамендацыя знаёмых ці сваякоў павінна выклікаць ў патэнцыйнага рэспандэнта пачуццё большага даверу да асобы даследчыка.
неабходна скласці спіс рэспандэнтаў і вызначыць тых з іх, каго трэба апытваць у першую чаргу. Відавочна, гэта будуць тыя асобы, якія з’яўляюцца найбольш важнымі крыніцамі інфармацыі, а таксама людзі сталага ўзросту, стан здароўя якіх можа раптоўна пагоршыцца.
Напачатку даследавання спіс рэспандэнтаў будзе мець папярэдні характар і будзе пашырацца падчас даследавання. Калі колькасць інтэрв’ю «нарошчваецца» паводле метаду «снежнага камяка» і не абмежавана часам ці бюджетнымі сродкамі, даследчык мусіць самастойна вызначыць, калі працу з пэўнай катэгорыяй асоб трэба завершыць.
Падабраць рэспандэнтаў, чый сацыяльны профіль цалкам адпавядаў бы патрэбам даследавання часта аказваецца даволі цяжка, тым больш для невялікай групы даследчыкаў. Для гэтага вусныя гісторыкі найчасцей выкарыстоўваюць метад «снежнага камяка»: першыя рэспандэнты дапамагаюць знайсці наступных (з ліку сваіх знаёмых і сяброў), што таксама былі сведкамі ці ўдзельнікамі цікавых для даследчыка падзей.
Даследаванне рэкамендуецца пачынаць з кароткіх нефармальных размоваў, якія не запісваюцца на дыктафон. Мэта такіх сустрэч – вызначыць тэмы і сюжэты, звязаныя з даследаваннем, якія з’яўляюцца значнымі для рэспандэнтаў; зразумець, якія пытанні яны самі ўздымаюць, з якімі асобамі раюць абавязкова сустрэцца.
Тыпы інтэрв’ю
Існуе некалькі тыпаў інтэрв’ю: сам-насам з рэспандэнтам або з цэлай групай людзей, паводле жорсткага плану або ў форме свабоднай размовы, прысвечана канкрэтнай тэме (тэматычнае інтэрв’ю) або прадметам размовы з’яўляецца ўсё жыццё чалавека (біяграфічнае інтэрв’ю). Асобна выдзяляюць дзённікавае інтэрв’ю, калі запісы робяцца з пэўнай перыядычнасцю, а потым збіраюцца і аналізуюцца.
Біяграфічнае інтэрв’ю
Найбольш ахвотна яго выкарыстоўваюць даследчыкі, якіх цікавіць не столькі гісторыя рэальных падзеяў, колькі асобаснае ўспрыняцце мінулага. Гэта такая форма інтэрв’ю, што дазваляе зразумець, якімі сэнсавымі катэгорыямі чалавек аперуе, якія падзеі са свайго жыцця ён лічыць найбольш значнымі.
Размова можа доўжыцца ад 1 да 8 гадзін і запатрабаваць 2–3 сеансы. Падзел інтэрв’ю на некалькі частак можа даць рэспандэнту магчымасць яшчэ раз ўзгадаць нейкія істотныя дэталі і дазволіць зняць пэўную напружанасць, калі за адзін раз ён імкнецца расказаць адразу пра ўсё. (Спецыфіка генеалагічных інтэрв’ю.)
Біяграфічнае інтэрв’ю, пабудаванае ў форме адвольнага аповеду («Раскажыце пра сваё жыццё»), дазваляе зрабіць і наратыўны аналіз аповеду рэспандэнта. На жаль, не ўсе рэспандэнты могуць без ўсялякай падрыхтоўкі прадставіць інтэрв’юеру завершаны «жыццяпіс».
Групавое інтэрв’ю
У пэўным сэнсе групавое інтэрв’ю найбольш адпавядае жывому працэсу зносін. Агульныя ўспаміны спрыяюць актывізацыі памяці ўдзельнікаў і прывесці да новага погляду на праблему. Да таго ж, звесткі аднаго рэспандэнта можа адразу пацвердзіць ці абвергнуць іншы. Аднак часта некаторыя асобы імкнуцца адпавядаць агульнаму настрою і пад уздзеяннем групы стануць менш адкрытымі ў сваіх выказваннях. Таксама немагчыма выслухаць усіх удзельнікаў сустрэчы ў аднолькавай ступені. Акрамя таго, даследчыку складана сачыць за ходам інтэрв’ю.
Члены групы павінны быць аднаго полу, узросту, займаць прыблізна аднолькавае становішча і быць дастаткова ўпэўненымі ў сабе. Само абмеркаванне звычайна працягваецца 1–2 гадзіны, таму ўсе павінны адчуваць сябе ўтульна. Асноўны акцэнт падчас групавога інтэрв’ю робіцца на ўзаемадзеянне паміж самімі ўдзельнікамі. Інтэрв’юер (інтэрв’юеры) у гэтым выпадку бярэ на сябе ролю пасрэдніка (мадэратара): задае тэму і падштурхоўвае ўдзельнікаў да пачатку абмеркавання. У ходзе далейшай размовы мадэратар мусіць вырашаць дзве найбольш характэрныя для групавой дыскусіі праблемы: імкненне асобных удзельнікаў манапалізаваць абмеркаваннне і навязаць свой погляд большасці.
Даследчыку трэба ўважліва сачыць за тым, каб рэспандэнты не размаўлялі адначасова і кожны раз, перш чым пачаць свой аповед, называлі сваё імя, што надалей аблегчыць працу па транскрыбіраванні інтэрв’ю.
Складанне плана-апытальніка
Маецца на ўвазе прыкладны план будучага інтэрв’ю, дзе вызначаны найбольш цікавыя для даследчыка тэмы і сфармуляваны асобныя пытанні. Трэба загадзя прадумаць і паслядоўнасць пытанняў – стратэгію інтэрв’ю. Усё гэта асабліва важна, калі даследаваннем займаюцца адразу некалькі даслечыкаў.
Змест пытанняў залежыць ад задач і гіпотэзы даследавання. Існуюць два варыянты: свабоднае інтэрв’ю, дзе даследчык толькі задае агульную тэму аповеду, і інтэрв’ю дакладна па пытаннях. У кожнага з гэтых варыянтаў ёсць свае перавагі і недахопы. Інтэрв’ю з дакладным наборам пытанняў больш зручна для параўнання адказаў розных рэспандэнтаў, але тут ёсць магчымасць упусціць нешта важнае. Аднак цалкам перадаваць ініцыятыву рэспандэнту небяспечна, бо чалавек можа абмежавацца кароткім расповедам на вызначаную тэму і на гэтым спыніцца. У гэтым выпадку без дадатковых пытанняў і спецыфічнай арганізацыі размовы даследчыку будзе вельмі складана атрымаць неабходную інфармацыю.
Таму трэба намагацца знаходзіць нешта сярэдняе. Наўрад ці разумна пачынаць інтэрв’ю з самага галоўнага. Першыя пытанні павінны дапамагчы рэспандэнту зразумець мэты інтэрв’ю, зняць псіхалагічнае напружанне. Калі няма задачы вывучэння самой наратыўнай формы інтэрв’ю, найбольш лагічна прытрымлівацца храналагічнага парадку пытанняў. Тым больш унутры храналагічнага аповеду будуць да месца і пытанні пра «балючыя» для рэспандэнта моманты.
Лепш за ўсё будаваць інтэрв’ю, выкарыстоўваючы па чарзе два тыпы пытанняў. Новая тэма заўсёды пачынаецца вялікім адкрытым пытаннем, якое патрабуе разгорнутага адказу: «Распавядзіце, калі ласка, пра сваё дзяцінства (пра вайну, знаёмства з ... і г. д.)». На гэтым этапе трэба пазбягаць пытанняў, што прадугледжваюць адназначы адказ «так» ці «не». Пачынаючы інтэрв’ю ці асобную тэму з занадта канкрэтнага пытання рэспандэнт будзе пасіўна чакаць наступных пытанняў. Таму толькі пасля вялікіх адкрытых пытанняў варта пераходзіць да ўдакладнення дэталяў. Некаторыя лічаць, што агульнае пытанне лепей фармуляваць з двух сказаў: у першым фармулюецца праблема, а ў другім само пытанне.
Пры складанні плана-апытальніка і падчас самога інтэрв’ю вельмі важна не навязваць рэспандэнту неўласцівай яму тэрміналогіі. Але неабходна сачыць за тым, каб абодва суразмоўцы разумелі адзін аднаго.
Даследчык (асабліва напачатку інтэрв’ю) павінен пазбягаць ацэначных выказванняў. І толькі ў тым выпадку, калі рэспандэнт вядомы як прыхільнік нейкіх канкрэнтых поглядаў, можна паказаць, што гісторык з павагай адносіцца да пункту гледжання субяседніка, нават калі і не падзяляе яго думку.
Ацэначныя выказванні даследчыка могуць быць схаваныя ў форме накіроўваючых пытанняў, якіх трэба пазбягаць, таму што яны робяць свядомы ці падсвядомы ўплыў на рэспандэнта. Трэба загадзя не згадваць пра тое, што павінен распавесці рэспандэнт.
Падрыхтоўка да інтэрв’ю
Месца і час звычайна ўзгадняюцца з рэспандэнтам. Трэба спланаваць усё так, каб абодва ўдзельнікі інтэрв’ю мелі не меней за 2 гадзіны вольнага часу. Часцей месцам інтэрв’ю становіцца дом рэспандэнта або яго працоўнае месца. У сэнсе тэхнічнай арганізацыі сустрэча ў доме даследчыка мае шэраг пераваг, але тут ёсць рызыка, што ў незнаёмым месцы рэспандэнт не будзе адчуваць сябе ўтульна. У любым выпадку, неабходна стварыць такія ўмовы, каб было як мага менш перашкод.
Тэхнічнае забеспячэнне
Надзвычай важна ўлічыць усе нюансы ў працы гуказапісваючай апаратуры. Па-першае, трэба праверыць дыктафон, для змяншэння вібрацыі размясціць яго на мяккай паверхні. Па-другое, паставіць мікрафон на роўнай адлегласці ад інтэрв’юера і рэспандэнта. Каб пазней не было складанасцей з ідэнтыфікацыяй, адразу пасля заканчэння размовы запіс абавязкова трэба падпісаць (ідэнтыфікаваць).
Інтэрв’ю
Непасрэдна перед пачаткам інтэрв’ю даследчыку важна наладзіць кантакт са сваім суразмоўцам, дапамагаючы яму скінуць напружанасць праз размовы на агульныя тэмы або расповеды даследчыка пра сябе. Для гэтага можна выкарыстаць старыя фотаздымкі, выразкі з газет ці іншыя матэрыялы, што датычацца тэмы даследавання. Такім чынам рэспандэнт яшчэ да пачатку інтэрв’ю зразумее мэты даследавання, актывізуе сваю памяць. ў сціслай форме неабходна растлумачыць рэспандэнту мэты даследавання, вызначыць тэмы для абмеркавання падчас інтэрв’ю, адказаць на магчымыя пытанні рэспандэнта.
Інтэрв’юеру неабходна заваяваць давер субяседніка, паказаўшы, што ўсе яго адказы важныя для даследавання. Таму на самой справе трэба вельмі ўважліва слухаць суразмоўцу і хутка рэагаваць на бег яго думкі.
Мастацтва любога інтэрв’ю складаецца з умення вылучаць перспектыўныя сюжэты ў аповедзе рэспандэнта і развіваць цікавую тэму, пра якую даследчык раней не ведаў. Аднак нельга дапускаць, каб рэспандэнт выкарыстоўваў інтэрв’ю як магчымасць паразмаўляць аб тым, што цікавіць зараз яго самога.
Пры рэзкай змене тэмы размовы неабходна растлумачыць сувязь новай тэмы з папярэдняй або тэмай цэлага даследавання. (Не толькі сам даследчык, але і рэспандэнт падчас інтэрв’ю намагаецца зразумець хаду думак суразмоўцы.)
Трэба «ісці за рытмам» размовы рэспандэнта: не перапыняць, не завяршаць фразу за яго, пры неабходнасці дапамагчы ў працягу размовы. Каб спецыяльна не перапытваць суразмўцу, карысна рабіць пісьмовыя нататкі.
Не варта задаваць адразу некалькі пытанняў. Звычайна ў такім выпадку чалавек адказвае толькі на апошняе. Выключэнне складае сітуацыя, калі закранута вельмі балючая для рэспандэнта тэма. Тады субяседніку даецца магчымасць выбраць адно з тых пытанняў, на якое рэспандэнт пажадае адказаць.
Калі ў даследчыка ўзнікае ўражанне, што рэспандэнт нешта замоўчвае ў сваім аповедзе, можна задаць «зандуючае» («выпрабоўваючае») пытанне, г. зн. у крыху іншай форме паўтарыць тое, што задавалася раней, або папрасіць патлумачыць сэнс пэўнага выказвання, або проста запытаць, ці не хоча ён яшчэ нешта дадаць.
З такім тыпам пытанняў цесна звязаны ўдакладняючыя пытанні, якія задае даследчык абапіраючыся на звесткі, якія атрымаў ад рэспандэнта раней. Гэта могуць быць згадкі пра невядомых даследчыку асобаў ці падзеі, абставіны.
Пытанні, скіраваныя на пошук сэнсу і раскрыццё ўнутранага свету рэспандэнта («Чаму так адбылося?», «Што для Вас гэта значыла?» і г. д.), задаюцца звычайна тады, калі мэтай даследчыка з’яўляецца менавіта рэканструкцыя суб’ектыўнага досведу чалавека. Але такія пытанні каштоўныя і з іншай прычыны: яны дазваляюць даць зразумець рэспандэнту, што даследчыка цікавяць не толькі нейкія факты, але і ён сам як асоба, яго жыццё.
Пытанні на параўнанне («Чым Ваша жыццё адрознівалася ад жыцця Вашых бацькоў?») могуць садзейнічаць больш глыбокаму вывучэнню нейкай праблемы. Праўда, некаторых несхільных да рэфлексіі рэспандэнтаў такія пытанні могуць ставіць у тупік.
Пытанні, выказаныя ва ўмоўным ладзе або ва ўскоснай форме звычайна дапамагаюць, калі рэспандэнт не можа выказаць сваю думку або саромеецца ў нечым прызнацца.
Калі даследчык мае дастаткова інфармацыі па тэме, ён можа задаць кантрольныя пытанні, накіраваныя на тое, каб праверыць, ці сапраўды рэспандэнт валодае тымі ведамі, якія ён сабе прыпісвае.
Міжасабовыя адносіны падчас інтэрв’ю. Уздзеянне інтэрв’ю на яго ўдзельнікаў
Інтэрв’ю мае двухбаковы характар і амаль ніколі не бывае размовай «на роўных». На дачыненні суразмоўцаў уплываюць розніца ва ўзросце, поле, ўзроўні адукацыі, веравызнанні і г. д.
Спецыфічнае ўздзеянне інтэрв’ю на рэспандэнта – магчымасць асэнсаваць ці пераасэнсаваць сваё жыццё. Пры гэтым даследчык не павінен прэтэндаваць на ролю суддзі, спрачацца з рэспандэнтам. Трэба ўстрымоўвацца ад выказвання ўласных суджэнняў, ацэнак, парадаў. Але што рабіць, калі даследчык катэгарычна незгодны з суразмоўцам? Па-першае, яго трэба ўсё роўна выслухаць і паспрабаваць зразумець. Па-другое, можна асцярожна паспрачацца з канкрэтнымі адказамі рэспандэнта, у мяккай форме выказаць незгоду. Аднак нельга забывацца, што даследчыка ў першую чаргу павінны цікавіць разважанні рэспандэнта, а не ўласныя погляды.
Спецыфічнае ўздзеянне інтэрв’ю на інтэрв’юера. Вынікамі інтэрв’ю могуць быць моцны эмацыйны водгук даследчыка, працяг кантактаў з рэспандэнтам, эмацыйная сувязь. Таму варта адразу правесці мяжу паміж сяброўскімі і прафесійнымі адносінамі. Часта ў даследчыка можа ўзнікаць пачуццё віны ад немагчымасці нечым дапамагчы рэспандэнту. Акрамя таго, можа ўзнікаць канфлікт інтэрпрэтацый.
Уплыў сацыяльна-культурных нормаў і стэрэатыпаў. Так, моўная камунікацыя мужчын і жанчын мае свае асаблівасці: для мужчын размова з’яўляецца магчымасцю атрымаць інфармацыю, а для жанчын – гэта спосаб наладзіць асабісты кантакт. Мужчыны не любяць, калі іх пера-пыняюць, а жанчыны часта самі перапыняюць суразмоўцу. Жанчыны часцей кажуць «мы», а мужчыны часцей выступаюць ад свайго імя.
Праблемныя сітуацыі падчас інтэрв’ю і магчымасці іх вырашэння
1. Рэспандэнт не можа ўзгадаць нейкія дэталі, імёны ці даты ў аповедзе і таму размова перапыняецца.
Калі гэта датычыцца не прыватных фактаў біяграфіі рэспандэнта, а нейкіх гістарычных падзей, то сам даследчык павінен дасканала ведаць гэтыя даты і імёны для таго, каб падказаць рэспандэнту.
2. У расповедзе рэспандэнта сустракаюцца памылкі ў вызначэнні дат падзей.
Гэта часта звязана з тым, што чалавек інтэрпрэтуе гістарычныя падзеі праз прызму ўласнай біяграфіі. І даследчык павінен гэта разумець.
3. Рэспандэнт дае кароткія адказы на вельмі адкрытыя пытанні.
Хутчэй за ўсё рэспандэнт стаміўся або размова яму нецікавая. Можа быць і так, што яго размова была перапынена.
4. Падчас інтэрв’ю даследчык закрануў балючую для рэспандэнта тэму.
Калі задаць пытанне наўпрост, ёсць рызыка выклікаць жорсткую рэакцыю чалавека. Адзін са спосабаў пазбегнуць гэтага – працытаваць нейкую іншую крыніцу, дзе выказана пазіцыя, супрацьлеглая пазіцыі рэспандэнта («У свой час у газетах пісалі, што...», «Як Вы да гэтага ставіцеся?»).
5. Рэспандэнт просіць выключыць дыктафон.
Даследчык павінен ветліва, але цвёрда адмовіцца і растлумачыць, што ў мэты даследавання не ўваходзіць шырокае распаўсюджванне атрыманай інфармацыі і што рэспандэнт можа абмежаваць доступ іншых людзей да зместу інтэрв’ю.
6. Рэспандэнт «ведае ўсё пра ўсё», ён часта распавядае іншым асобам і ягоныя расповеды з’яўляюцца своеасаблівым мясцовым фальклорам.
Калі даследчыка цікавяць рэальныя падзеі, то трэба вывесці рэспандэнта за межы яго традыцыйнага «рэпертуара». Добрая папярэдняя падрыхтоўка да інтэрв’ю дапаможа паказаць субяседніку недакладнасці ў яго аповедах. (Праўда, гэта не заўсёды дапамагае.) Часта ўспаміны чалавека так «урастаюць» у тыя байкі, што ён не адразу зможа ўзгадаць нешта іншае. У любым выпадку, спачатку варта даць чалавеку магчымасць «выгаварыцца», а потым задаваць канкрэтныя пытанні, якія выходзяць за межы традыцыйных сюжэтаў.
7. У даследчыка складваецца ўражанне, што яго жадаюць падмануць.
Калі даследчык упэўнены ў тым, што яго ўводзяць у зман, не варта спяшацца з высновамі. Нават у непраўдзівых адказах можа ўтрымлівацца карысная інфармацыя. Можна паспрабаваць прывесці меркаванні, якія супярэчаць сцверджанням рэспандэнта (лепш спасылацца на нейкія іншыя крыніцы інфармацыі, але не называць дакладных імёнаў), але не ўвахо-дзіць у канфлікт. У той жа час можа так здарыцца, што рэспандэнт падманвае самога сябе і «разбурыць» яго ўяўленні можа быць як карысна, так і небяспечна для яго самога.
У любым выпадку, перш чым задаваць «непрыемныя» пытанні, варта пачаць з «прыемных», г. зн. з тых, на якія чалавек будзе адказваць ахвотна. Такія тэмы варта загадзя прадумаць, асабліва пры падрыхтоўцы да «складанага» інтэрв’ю.
8. Заканчэнне інтэрв’ю.
Пасля заканчэння размовы даследчык павінен абавязкова падзякаваць рэспандэнту. Не ветліва адразу сыходзіць, не пагутарыўшы на штодзён-ныя тэмы. Можна распавесці нешта пра сябе, сваю працу, падзяліцца ўласнымі ўспамінамі, што дазволіць рэспандэнту змягчыць «вяртанне ў сучаснасць» і пазбавіцца ад ўражання, што яго выкарысталі дзеля чужых мэтаў.
Часта ў апошні момант узгадваецца нешта істотнае. І калі немагчыма гэта запісаць на дыктафон, то трэба дакладна ўсё запомніць і хутчэй занатаваць. Можна дамовіцца на працяг інтэрв’ю.
Па вяртанні з інтэрв’ю карысна прааналізаваць складанасці і памылкі.
Вядзенне дакументацыі па інтэрв’ю
Перад даследчыкам можа паўстаць праблема захавання запісаў інтэрв’ю. Вуснаму гісторыку можна прапанаваць некаторыя шляхі яе вырашэння.
Па-першае, вядзенне журнала або картатэкі ўліку інтэрв’ю. Тут фіксуецца агульная інфармацыя пра ход даследавання: асабістыя звесткі пра рэспандэнта; хто, калі і дзе запісваў інтэрв’ю, яго працягласць, месца запісу, наяўнасць транскрыпцыі, абмежаванні на выкарыстанне інфарма-цыі, кароткая анатацыя кожнага інтэрв’ю.
Па-другое, на ўсіх рэспандэнтаў можна завесці картатэку, дзе фіксаваць кантактныя звесткі, біяграфічныя дадзеныя, ліставанне, пісьмо-вы дазвол на выкарыстанне інфармацыі, звесткі пра мінулыя інтэрв’ю і г. д.
Па-трэцяе, можна зрабіць картатэку з апісаннем зместу інтэрв’ю (стандарт якой выпрацоўвае сам даследчык). Звычайна сюды заносяць згаданыя імёны, назвы, якія найчасцей сустракаюцца і інш.
Транскрыбіраванне інтэрв’ю
Транскрыбіраванне – даслоўны перанос аўдыёзапісу на паперу. Працэс гэты надзвычай працаёмкі, патрабуе цярплівасці і ўважлівасці. Калі даследчык адзін і праект невялікі, то можна абмежавацца транскрыбаваннем толькі цікавых момантаў. Калі працуе група даследчыкаў, трэба праводзіць транскрыбіраванне цалкам. Прычым пажадана, каб гэтым займаўся той, хто запісваў інтэрв’ю. Гэты працэс прадугледжвае даслоўны запіс, але з яго прынцыпамі трэба загадзя вызначыцца.
Рэдагаванне тэкста інтэрв’ю
Ці трэба даваць рэспандэнту магчымасць рэдагаваць інтэрв’ю самастойна? Пытанне не вырашана да гэтага часу. Можна ўдакладніць асобныя спрэчныя моманты, а праўкі павінен унесці сам даследчык.
Прававыя і этычныя праблемы, звязаныя з інтэрв’ю
Гэтае пытанне адносіцца да сферы права на запіс і права на інфарма-цыю. Трэба ўлічваць, што згода рэспандэнтана інтэрв’ю яшчэ не азначае згоду на публікацыю яго вынікаў. Таму варта загадзя атрымоўваць пісьмовую згоду рэспандэнта на выкарыстанне інтэрв’ю і абмеркаваць умовы яго далейшага выкарыстання.
Спіс выкарыстаных крыніц
1. Бургос, М. История жизни. Рассказывание и поиск себя / М. Бургос // Вопросы социологии. – 1992. – № 2. – С. 123–129.
2. Винокур, Т. Г. Говорящий и слушающий: варианты речевого поведения / Т. Г. Винокур. – М., 1993.
3. Лоскутова, М. В. Устная история : метод. рекомендации по прове-дению исследования / М. В. Лоскутова. – СПб., 2002.
4. Лукина, М. Технология интервью : учеб. пособие для вузов / М. Лукина. – М., 2003.
5. Томпсон, П. Устная история. Голос прошлого / П. Томпсон. – М., 2003.
6. Урсу, Д. П. Методологические проблемы устной истории / Д. П. Урсу // Источниковедение отечественной истории. – М., 1989. – С. 3–32.
7. Хрестоматия по устной истории / под ред. М. В. Лоскутовой. – СПб. : Изд-во Европ. ун-та в С.-Петербурге, 2003. – 396 с.
Паводле: Электронны дадатак да выдання // У пошуках гісторыі
Выкарыстанне метадалогіі вуснай гісторыі ў краязнаўчай працы ў школе
20.02.2012