Напрыканцы лютага газета «Вечерний Брест» надрукавала артыкул «Охота на знания», у якім распавядаецца аб платным рэпетытарстве ў школах як альтэрнатыве свабоднаму рэпетытарству. Працытуем частку:
“Платные образовательные услуги, которые «повесили» на школу в качестве дополнительной нагрузки, стали своеобразным бонусом для озабоченных родителей будущих абитуриентов. Меньше головной боли: не надо искать преподавателя, договариваться о подъемных для семейного бюджета расценках и т. д. Ну и школа не в убытке, даже наоборот…
... дополнительные занятия по учебным предметам пользуются спросом, по которому, собственно, и составляется план работы. Как правило, родители заключают договор сразу на весь учебный год — с сентября по май.
— Плюсов у подобных услуг в школе немало, — делится мнением мама будущего выпускника. — Во-первых, занятия проходят в знакомых стенах. Во-вторых, сын хорошо знает учителя, не надо никаких адаптаций и т. д. В-третьих, это гораздо дешевле, чем репетитор со стороны. Мы выбрали групповые занятия, поэтому час обходится всего в 9 тысяч рублей. А наша знакомая репетитору дочери платит почти 35 тысяч! Причем эффект тот же: наши дети репетиционное тестирование по русскому языку сдали одинаково.” (усе выдзяленні ў тэксце мае — М.Б.)
Можна было б крыкнуць «Салют!» кіраўнікам адукацыі (не толькі берасцейскім), якія, здавалася б, знайшлі панацэю супраць «дзікіх» рэпетытараў. Але не ўсё так проста.
Калі рэпетытараў вывелі з «чорнага» рынка ў «белы», г.зн. дазволілі ім афіцыйную рэгістрацыю з выплатай дзяржаве падаткаў, і ўбачылі памеры гэтай з’явы, наверсе жахнуліся і задумаліся. З аднаго боку, добра, што дадатковыя настаўнікі дапамагаюць навучэнцам асвоіць школьную праграму на больш высокім узроўні. Школы выпускаюць лепш падрыхтаваных абітурыентаў — і хвала школе! З іншага боку, такая колькасць памочнікаў сведчыць аб тым, што не ўсё ў школе ладна, што школа відавочна не дапрацоўвае. І гэтае сведчанне кідае цень на ўсю сістэму адукацыі ў дзяржаве.
Да таго ж, чаму не паспрабаваць міністэрству адукацыі пагаспадарыць і на гэтым рынку. Бо неяк жа зарабляць грошы трэба, іх заўсёды не хапае — не толькі той ці іншай сям’і, але і розным міністэрствам. А грошы, якія паступаюць ад падаткаў рэпетытараў, ідуць жа не міністэрству адукацыі, а міністэрству фінансаў. Як бы — нехта іншы гаспадарыць на тваім полі. Несправядліва і няправільна!
І вось — знойдзены варыянт, пры якім « і ваўкі сытыя, і козы цэлыя».
Але паслухаем іншы бок. Вось размова вольнага рэпетытара са сваім навучэнцам, з хлопцам, які заканчвае ліцэй і лічыцца ў сваім класе адным з лепшых вучняў; тым не менш бацькі паклапаціліся яшчэ і пра рэпетытара.
— Што новага на ўроках?
— Настаўніца аб’явіла аб тым, што будуць праводзіцца факультатывы па матэматыцы.
— Факультатывы — справа добрай волі. Хочаш — ідзі, не хочаш — не ідзі.
— Не, у нас не так. Настаўніца сказала, што калі хто не будзе хадзіць на факультатывы, у таго будуць праблемы з адзнакамі.
— Як гэта?
— Яна будзе даваць на кантрольных работах заданні па тэмах, якія разглядаліся на факультатывах.
— Яна не мае права так рабіць.
— Ну і што, што не мае. Але рабіць будзе. І што мы зробім?
— Вы можаце паскардзіцца дырэктару, папярэдзіўшы яго, што можаце звярнуцца ў вышэйшую інстанцыю. Магчыма, ён не захоча скандалу, які выйдзе за межы ліцэя і нейкія меры прыме.
— Ну ён прыме, а яна потым нам усім помсціць будзе.
Хлопец правы: помсціць будзе («сын хорошо знает учителя»), бо калі навучэнцы не пойдуць на факультатыўныя заняткі, гэтыя заняткі будуць выдалены з раскладу і вучэбная «нагрузка» настаўніцы зменшыцца, што адлюструецца на яе і без таго не вельмі вялікім заробку. Як жа не помсціць таму, хто квапіцца на твой кашалёк. Да таго ж, хіба куранё разумнейшае за куру? Настаўніца лепш ведае, што рабіць.
Праз некаторы час хлопец прыходзіць на сустрэчу з рэпетытарам яшчэ больш узрушаны.
— Настаўніца абвесціла, што акрамя асноўнага факультатыва ўводзіцца дадатковы факультатыў, толькі ўжо платны.
— І што, зноў для ўсіх пад пагрозай нізкіх адзнак?
— Так. Ніхто туды не хоча хадзіць, але будуць.
— А як яна патлумачыла неабходнасць другога факультатыва?
— Тым, што наш клас не матэматычны, урокаў матэматыкі менш, чым у паралельным матэматычным класе, але амаль усе збіраюцца здаваць тэсты па матэматыцы. Таму трэба дадатковая падрыхтоўка.
— Ну дык скажы ёй, што ў цябе ёсць дадатковая падрыхтоўка з рэпетытарам.
— Ой, не! Яна ў нас раней выпытвала, у каго ёсць рэпетытар. У нас больш за палову класа маюць рэпетытараў, але не прызналіся. Двое прызналіся, яна пачала высвятляць, колькі плоцяць. А, па пяцьдзесят тысяч? Ну дык пераходзьце займацца са мной, за трыццаць тысяч. Яны й кінулі тых рэпетытараў, сталі займацца з ёю. А зараз не ведаюць, што рабіць. Тлумачыць яна не вельмі добра, усё похапкам. Некаторыя заняткі зрываюцца, бо ў яе знаходзяцца іншыя справы… Калі я скажу, што ў мяне ёсць рэпетытар, то могуць з’явіцца дадатковыя праблемы.
— Ну дык трэба ж неяк навучыцца абараняцца ад такіх рэчаў!
— А як?
— Хочаш, я пагаманю з ёй. Яна мяне ведае, магчыма, дамовімся. У выпадку чаго магу папярэдзіць, што ў прэсе можа з’явіцца непрыемны для яе матэрыял.
— Не, не трэба. Усё ж нам трэба думаць пра сярэдні бал атэстата. І яе прыдзірлівасць будзе тут лішняй.
— Магу падказаць табе адну ідэю. Калі яе прыдзірлівасць будзе ўплываць на выніковую адзнаку, ты можаш пагаварыць з дырэктарам, што збіраешся перайсці ў школу, бо незадаволены сваёй адзнакай па матэматыцы. У школе твой выніковы бал стане прыкметна большым, бо ліцэйская падрыхтоўка ўсё ж адчуваецца, а патрабаванні ў школе не такія высокія. А для дырэктара ліцэя сыход аднаго з лепшых вучняў — балючая праблема.
— Я ведаю, што некаторыя так робяць. Але мне гэтага не хочацца.
— Ну тады будзеш хадзіць і на першы, і на другі факультатыў. І яшчэ да мяне. І грошы плаціць і ліцэю, і мне. А можа, у гэтым выпадку мая дапамога табе ўжо будзе не патрэбнай?
— Ой, ну што вы! На тых факультатывах будзе тое, што і на ўроках. Акрамя таго, факультатывы пастаўлены сёмым і восьмым урокамі, калі мы ўжо стомленыя і кепска разумеем. А плата невялікая: дзесяць тысяч за ўрок, значыць, сорак тысяч за месяц…
Магчыма, сапраўды, для яго сям’і сорак тысяч — сума невялікая. Але падлічым: дваццаць пяць вучняў па сорак тысяч за месяц — і ліцэй мае дадатковы мільён. Вось так паступова наша бясплатная адукацыя становіцца платнай. Скажуць: ну дык гэта ж дадатковая адукацыя. Наколькі гэтая дадатковая адукацыя добраахвотная, — мы ўжо ведаем. Але асэнсуем яшчэ адзін аспект. Да прыкладу, тэма «Лагарыфмы» ўваходзіць у абавязковую праграму па матэматыцы для сярэдняй школы, таму яна павінна вывучацца на асноўных занятках. Але, калі ўвесь клас наведвае факультатыўныя заняткі, настаўніца можа перанесці гэтую тэму сюды, вызваліўшы час асноўных заняткаў на нешта іншае. І калі ў класе знойдзецца адзін «пратэстант», які не захоча наведваць факультатыўныя заняткі (напрыклад, па той прычыне, што для яго сям’і і сорак тысяч — істотная сума), то вось ён і папаўся: на кантрольнай па лагарыфмах атрымай «законны» нізкі бал за тое, што не ведаеш праграмны матэрыял і потым даказвай, што ты «не вярблюд». Як гэта падобна на ўсю беларускую прававую сістэму! Паспрабуй дакажы суду, што ты размаўляеш па-беларуску і ніколі не лаешся расійскім матам, калі міліцыянт у пратаколе напісаў, што лаяўся?
З цягам часу знаходзяцца ўсё новыя і новыя падставы гаварыць пра маральнасць настаўніцкай працы. Раней настаўнікі неяк саромеліся займацца рэпетытарствам з сваімі вучнямі. Атрымлівалася так, што сам не навучыў, а цяпер і нажываешся на гэтым. У асобных выпадках ствараліся «тандэмы»: настаўнік А раіў сваім вучням настаўніка Б у якасці рэпетытара, настаўнік Б у сваю чаргу перадаваў сваіх вучняў настаўніку А. Зараз гэтая сарамлівасць адышла ў нябыт, настаўнікі самі імкнуцца шчыраваць на сваім полі. І не папракнеш іх: усе ў краіне заклапочаны тым, як зарабіць, кожны вырашае гэтую праблему, як можа і як дазваляе ўсё больш скамечанае сумленне. Бо на гэтым жыве ўся дзяржава.
Пратэставаць у прыстойнай форме вучні не ўмеюць, дый бацькі ім таго не раяць. «Сабе даражэй!» Так паступова школа плодзіць прыстасаванцаў і (моднае зараз слова) «пафігістаў». Праблема тут нават не толькі і не столькі ў грошах. Куды важней тое, што чалавека зневажаюць і прывучаюць яго цярпець тую знявагу. І чалавек прывыкае жыць з прыніжаным гонарам, з усведамленнем права іншага чалавека распараджацца тваім часам, тваімі жаданнямі і ўрэшце тваім лёсам. Людзі яшчэ як бы разумеюць і як бы яшчэ адчуваюць ненармальнасць усяго такога, але ж…
Бацькам здаецца, што вось скончыць сын школу, пойдзе ў дарослы свет і там будзе інакш. Не, не будзе інакш. Будзе тое ж, магчыма нават у больш жорсткай форме. І калі не навучыць абараняцца, чалавек загіне (я — не пра фізічную смерць).
На жаль, прававая культура бацькоў (і тым болей, іх дзетак) вельмі нізкая, амаль на нулі. Абараняцца не ўмеем, лепш уціснем галаву ў плечы і перачакаем-перацерпім. Мо, як абыйдзецца. Таму адміністрацыя навучальнай установы раскашуе тут як толькі можа. І беларуская школа пачынае ўсё больш і больш нагадваць рабаўладальніцкую прастору. Праўда, там і настаўнікі — рабы. Рабы над рабамі. І пад такімі ж рабамі. А як інакш можа быць у рабаўладальніцкай дзяржаве?..
Міхась Булавацкі, настаўнік вышэйшай катэгорыі, цяпер вольны настаўнік