Грамадская дыскусія: Ці можам мы адстойваць свае правы ў сённяшніх умовах?

07.03.2012

Дыскусія ў газеце «Звязда» пасля артыкула «Самаадданасць педагогаў нельга бясконца эксплуатаваць» (Звязда № 48 17 сакавiка 2010 г.) асвятліла праблемы нашай школы, настроі настаўнікаў, заставіла задумацца пра шляхі выхаду з гэтай ямы, у якой апынулася наша школа.

Адна з вострых праблем, пра якую згадваюць амаль усе ўдзельнікі дыкусіі, — прыніжанасць настаўніка, яго бяспраўнасць перад адміністрацыяй, начальствам. Амаль усе, хто «пракрычалі» свой боль, не падпісалі свае прозвішчы, не назвалі сваю школу. Мае калегі баяцца. Яны нібыта ведаюць, што “кожны чалавек мае права на выказванне сваёй думкі”, “мае права звяртацца ў вышэйшыя ўстановы з прапановамі, крытыкай” — гэтыя правы нам гарантуе Канстытуцыя Беларусі. Але яшчэ лепш яны ведаюць, што законы ў нашай краіне не дзейнічаюць, прафсаюзы — фікцыя, сапраўдных судоў няма. Як жа абараніць сябе ў гэтых умовах, што можна зрабіць негвалтоўным, людскім шляхам, каб захаваць сваю справу, сваю годнасць — і пры гэтым выжыць?

Мне ўдалося захаваць гонар і застацца ў прафесіі. Можа быць, мой досвед (а ў ім ёсць і станоўчыя, і адмоўныя вынікі) дапаможа калегам ужо ў іх справе адстойвання ўласных правоў.

ЗВАЛЬНЕННЕ І ПОШУКІ ПРАЦЫ

Я была звольнена 27 студзеня 2011 г. з працы настаўніцы гісторыі Талькаўскай СШ “у сувязі са сканчэннем кантракта”. На гэтым месцы я працавала дваццаць пяць з паловай гадоў, як прыехала па размеркаванніў 1985 г. пасля сканчэння гістфака БДУ. Працу сваю люблю і да сённяшняга дня ўспрымаю звальненне як вялікае няшчасце. Стала шукаць працу. У Пухавіцкім раёне адказ: “вакансій няма”. Пасля зваротаў у розныя інстанцыі ў маі прапанавалі месца ў дзіцячым садку ў Мар’інай Горцы ці ў групе падоўжанага дня ў Дубраўскай СШ. Я адмовілася. Выхавацель дзіцячага сада — спецыфічная праца, якая патрабуе спецыяльнай падрыхтоўкі. У Дубраўку ж трэба ехаць з маёй Талькі на двух відах транспарту — спачатку на электрычцы да Мар’інай Горкі, а потым на маршрутцы. Каб выкладаць гісторыю, я бы паехала ў любую, хай сабе і ў далёкую, школу, а ў ГПД — не. Спрабавала ўладкавацца па спецыяльнасці ў Асіповіцкім раёне (гэта недалёка ад маёй Талькі), у Мінску. Там вакансіі ёсць — у першы дзень майго звароту. Але «знікаюць» на наступны дзень, пасля кансультацыі дырэктара з вышэйшымі органамі. Не ведаю, які механізм тут задзейнічаны: можа, ёсць нейкі загад ад высокага начальства; ці прызначаны канкрэтныя людзі, якія «апякаюць» апальную асобу, слухаюць тэлефоны і потым «рэкамендуюць» працадаўцам не браць гэтага канкрэтнага чалавека. У адной з тых устаноў, куды я ўладкавалася ( не школа), быў зрэалізаваны вось гэты апошні сцэнар: дырэктару патэлефанаваў «чалавек з органаў»(аб чым дырэктар мне сам паведаміў) і прадэманстраваў “вялікую абазнанасць у маіх праблемах” — з выразу дырэктара ўстановы, пасля чаго мая праца стала непажаданай. Тры месяцы я працавала паштальёнам у Тальцы, пасля чаго мне прапанавалі сысці “паводле пагаднення бакоў”. Зрэшты, дырэктары не бяруць на працу такіх «выгнаных», як я, нават без усялякага загаду зверху, проста каб перастрахавацца. Цэлы год я спрабавала ўладкавацца на настаўніцкую працу, пакуль нарэшце не зразумела: у сённяшніх умовах шлях у школу для мяне зачынены.

Я пераканалася на ўласным досведзе, што механізм выштурхоўвання непажаданых працуе без збояў. А калі дзе-небудзь адбываецца збой, то хутка выпраўляецца. Мэта гэтага механізму — зламаць маральна, знішчыць фізічна тых, хто наважыўся ўзняць галаву, запалохаць астатніх, зрабіць іх маўклівымі гледачамі. А бывае, і саўдзельнікамі ганенняў.

ЗА ШТО ГЭТА ЎСЁ ЦІ ГІСТОРЫЯ ЗЛАЧЫНСТВАЎ

Калі мяне пытае нехта старонні, чаму са мной усё гэта здарылася, я нават не магу коратка адказаць. І праўда — чаму? Я зусім не рэвалюцыянер, маю памяркоўныя палітычныя погляды: нацыянальныя і дэмакратычныя. Паводле характару чалавек не ваяўнічы, не канфліктны, схільны хутчэй да кампрамісаў, чым да актыўнай барацьбы. Поглядаў сваіх ніколі нікому не навязвала, на ўроку заўсёды старалася паказаць вучням розныя пункты гледжання на гістарычную з’яву ці сучасную падзею. Заахвочвала крытычна ацэньваць матэрыял, нічога не прымаць на веру. Заўсёды хацела жыць у краіне, дзе ад такіх звычайных, як я, людзей нешта залежыць. Таму ўдзельнічала ў выбарчых кампаніях: збірала подпісы за дэмакратычных кандыдатаў, назірала за выбарамі. Менавіта ў час гэтых кампаній далучылася да партыі БНФ і стала яе сябрам. Але ж усё гэта не злачынствы, усё гэта дазволена законам. Ці не так? я раскажу пра падзеі, якія прывялі да звальнення, што я рабіла, каб выжыць. Чытач, які адолее гэта дачытаць да канца, зможа сам зрабіць выснову, чаму прагналі з працы звычайную школьную настаўніцу ў краіне Беларусь. Атрымаўся вельмі доўгі тэкст — эта з-за таго, што ганіцелі абвінавачваюць мяне ў нейкім радыкалізме, у тым, чаго я не рабіла (вось за нешта ж выгналі яе, а не іншых, значыць, было за што! — кажуць мае аднавяскоўцы). Таму мне трэба выкласці ўсё па парадку, як было. Зрэшты, той, хто не мае жадання чытаць так шмат, але хацеў бы скарыстаць мой досвед адстойвання сваіх правоў і выжывання, можа прачытаць толькі вылучаны тэкст.

ЭПАПЕЯ ЗА ЗАХАВАННЕ ТАЛЬКАЎСКАГА СЕЛЬСАВЕТА

Мэтавы ціск на сябе я адчула ў канцы 2009 г. Восенню Пухавіцкі райвыканкам прыняў рашэнне аб ліквідацыі Талькаўскага сельсавета, далучэнні яго да Блужскага. Зроблена гэта было смешна і цынічна адначасова. Раённае начальства прыехала на сустрэчу з жыхарамі вёскі, быццам бы “даведацца пра меркаванні людзей, выкласці сваю пазіцыю”. Усе людзі прагаласавалі супраць, прычым, зрабілі спіс удзельнікаў і пісьмова зафіксавалі: мы супраць! Праз 2–3 дні ў газеце «Пухавіцкія навіны» з’явілася паведамленне, што Талькаўскі сельсавет ліквідуецца і што “гэтае рашэнне падтрымала большасць жыхароў Талькі”. Людзі былі абураны такой нахабнай хлуснёй. Ніводзін чалавек на сходзе не выказаўся і не падпісаўся за ліквідацыю сельсавета! Адкуль узялася большасць? Старшыня сельвыканкама патлумачыў: назаўтра пасля сходу адбылася, маўляў, сесія дэпутатаў Талькаўскага сельсавета і яны ўсе нібыта падтрымалі прапанову райвыканкама аб далучэнні Талькі да Блужы. На пытанне людзей да дэпутатаў, чаму яны так зрабілі, тыя адказвалі: “усё ўжо вырашана, гэта прэзідэнцкі загад, нічога мы не зменім”. Вёска бурліла, утварылася ініцыятыўная група з жыхароў, якія сталі збіраць подпісы пад зваротам супраць аб’яднання. Было сабрана каля 200 подпісаў (сабралі б і ўсе, але збор быў спынены, бо стала ясна, што нікому меркаванне людзей не патрэбна). Местачкоўцы пратэставалі супраць паніжэння статусу свайго населенага пункта, а яшчэ больш супраць таго, як прымалася рашэнне. Ініцыятыўная група напісала зварот у райсавет, аблсавет і газету «Звязда» з пратэстам супраць ліквідацыі Талькаўскага сельсавета, крытыкай працы мясцовага начальства. Таксама была напісана заява на адкліканне дэпутатаў сельсавета, якія здрадзілі сваім выбаршчыкам. Сярод 5 падпісантаў звароту было і маё прозвшча, усе астатнія — пенсіянеры. Праз некалькі дзён дырэктара школы выклікала намеснік старшыні райвыканкама па ідэалогіі і загадала ёй не падпісваць кантракт з настаўніцай Ільініч. За што? Папярэдні кантракт быў на 5 год, за 24 гады працы ў школе у мяне не было ніводнай вымовы. Наадварот: была грамата аблвыканкама, стос дыпломаў, грамат за перамогі маіх вучняў у розных конкурсах, у тым ліку агульнабеларускіх. Некалькі маіх вучняў, што прайшлі праз краязнаўчы гурток, выбралі прафесіі, навучальныя ўстановы, звязаныя з гісторыяй, сацыялогіяй, фальклорам, музеязнаўствам. Выдадзена кніга пра край «Талька і наваколлі», створаны краязнаўчы сайт. Як не падпісаць кантракт з гэтай настаўніцай? — спытала дырэктар. Яна разумела, што сапраўднай прычынай гневу начальніцы быў подпіс пад зваротам супраць ліквідацыі сельсавета, з крытыкай мясцовых уладаў, заява пра адкліканне дэпутатаў. Раённая начальніца сказала, што кантракт трэба не падпісваць з-за таго, што на краязнаўчым сайце ёсць фота з бел-чырвона-белым сцягам. Другая правіна — сяброўства настаўніцы ў партыі БНФ. Я патлумачыла дырэктару, што гэтыя прычыны незаконныя: бел-чырвона-белы сцяг, хоць і не з’яўляецца сёння дзяржаўным сцягам Беларусі, не перастаў быць гістарычным нацыянальна-культурным сімвалам нашага народу. Няма закону, які б забараняў гэты сімвал, а тым больш ён не можа быць прычынай звальнення з працы. Сяброўства ў партыі БНФ таксама не забаронена для настаўнікаў. Партыя БНФ не з’яўляецца экстрэмісцкай арганізацыяй, яна зарэгістравана ў Міністэрстве юстыцыі РБ, яе праграма і статут адпавядаюць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Назаўтра мяне выклікаў дырэктар Пухавіцкага раённага цэнтра дзіцячага і юнацкага турызму і экскурсій (РЦДзЮТЭ). Паводле дамовы з гэтым цэнтрам я вяла ў Талькаўскай школе 3 гадзіны краязнаўчага гуртка. Яшчэ зусім малады чалавек, новы на сваёй пасадзе, адчуваў сябе няёмка. Ён сказаў, што быў выкліканы ў райвыканкам той самай намесніцай старшыні, якая загадала яму звольніць з працы настаўніцу Талькаўскай школы Наталлю Ільініч за бел-чырвона-белыя сцягі на сайце. “Нам падабаецца, як Вы працуеце, мы цэнім тое, што зроблена Вамі, апе я вельмі прашу Вас напісаць заяву аб звальненні паводле пагаднення бакоў. Інакш цэнтру не дадуць працаваць, затрасуць праверкамі. Гэта ненадоўга: як бура пройдзе, праз пару месяцаў мы возьмем Вас зноў, бо мы цэнім Вашу працу і хацелі, каб Вы ў нас працавалі”. Я напісала заяву аб звальненні “паводле пагаднення бакоў”. Але бура працягваецца і сёння, больш на працу ў цэнтр турызму мяне не клікалі.

ВЫМОВА №1

Дырэктар школы апынулася ў цяжкім становішчы. Трэба выконваць загад начальства (выгнаць настаўніцу), хоць ён і незаконны. Але як выгнаць чалавека, які нармальна працуе, не парушае ніякіх законаў, зрабіў нямала добрых справаў для школы? Такому становішчу не пазайздросціш. Дырэктар прымае «саламонава» рашэнне: дае мне вымову “за выкарыстанне школьнага краязнаўчага сайта ў асабістых карыслівых мэтах” (першая вымова за 24 гады маёй працы ў Талькаўскай школе) і, матывуючыся гэтай вымовай, як вялікую ласку, падпісвае 11 студзеня 2010 г. са мной кантракт на 1 год. Згодна з калектыўнай дамовай Талькаўскай школы, дырэктар абавязаны падпісаць з паспяховым працаўніком, які добрасумленна выконвае свае абавязкі, кантракт на 3 ці 5 год, не менш. Каб дагадзіць начальству і абысці гэтае палажэнне калектыўнай дамовы, была выдумана бязглуздая вымова за сайт. Сайт мой асабісты, не школьны: загаду дырэктара пра яго стварэнне не было, гэта была мая асабістая ініцыятыва, за хостынг я плаціла свае грошы. Так, там размяшчаліся краязнаўчыя матэрыялы пра вандроўкі, народныя святы, даследаванні краязнаўчага гуртка, інфармацыя пра краязнаўчыя справы Талькаўскай школы — але з-за гэтага ён не перастаў быць маім. Акрамя таго, фатаграфіі са сцягамі віселі на сайце больш за 2 гады, убачылі ж іх толькі пасля звароту талькаўскіх людзей супраць ліквідацыі сельсавета з крытыкай уладаў. Астатніх падпісантаў звароту «укусіць» складаней, бо яны пенсіянеры, дык уся помста начальства абрынулася на мяне. Сталі шукаць «кампрамат» — на іх разуменне, ім стаў бел-чырвона-белы сцяг.

Вымова была несправядлівая і абсурдная. Яе трэба было абскардзіць у судзе, але я гэтага не зрабіла. Чаму? Па-першае, не ведала, што гэта вельмі важна, я даведалася пра гэта пазней, калі праз год мяне звольнілі, не працягнулі кантракт і пры гэтым адміністрацыя (і суд прыняў такое абгрунтаванне ) спасылалася на тую вымову. Маўляў, кантракт быў падпісаны на 1 год, бо была вымова. Мае тлумачэнні потым, што вымова была несправядлівая, злепленая спецыяльна, каб выканаць загад раённай начальніцы, разбіліся аб пытаннне: а чаму ж Вы яе адразу не аспрэчылі? Адвакат мне патлумачыў, што ўжо сам факт аспрэчвання несправядлівых спагнанняў вельмі важны для будучых крокаў па адстойванні сваіх правоў. А раз ты не аспрэчыў несправядлівую вымову, значыць ты з ёй пагадзіўся, значыць, у адміністрацыі будзе падстава потым не заключыць з табой працоўны кантракт. Па-другое, чаму я адразу не абскарджвала высмактанае з пальца спагнанне: я разумела цяжкае становішча дырэктара школы. Каб адбіцца ад нападаў райвыканкамаўскай начальніцы, ёй трэба было неяк пакараць мяне. Звальняць мяне яна не хацела, таму зляпаць такую вымову — гэта было як бы меньшае зло, кампраміс, пасля якога школу быццам бы пакінулі ў спакоі.

Робячы высновы з гэтых падзей, раю ўсім калегам, хто адстойвае свае правы, заўсёды абскарджваць спагнанні, вымовы, якія вам далі несправядліва. Таксама надзвычай важна ўважліва вывучыць умовы вашай калектыўнай дамовы. Калі б я раней ведала, што у нашай дамове ёсць палажэнне, што дырэктар абавязаны падпісаць з паспяховым працаўніком, які не мае спагнанняў, дамову не менш чым на 3 ці 5 гадоў, я б, вядома, аспрэчыла тое несправядлівае спагнанне.

ВЫКЛІК У АБЛАСНОЕ ЎПРАЎЛЕННЕ АДУКАЦЫІ: “НАСТАЎНІК ШКОЛЫ СТАЛІЧНАЙ ВОБЛАСЦІ НЕ МОЖА БЫЦЬ СЯБРАМ АПАЗІЦЫЙНАЙ ПАРТЫІ”

11 студзеня 2010 г. дырэктар падпісала са мной кантракт, а 15 студзеня мяне раптоўна выклікалі ў Мінскае абласное ўпраўленне адукацыі на прыём да начальніка Таісы Іванаўны Данілевіч. Вусны загад, што заўтра мне трэба ісці не на ўрокі ў школу, а ехаць у Мінск ў АУА, я атрымала ад дырэктара школы, якая патэлефанавала мне вечарам напярэдадні. На пытанне пра прычыну выкліку, дырэктар адразу адказала: “Ваша сяброўства ў партыі БНФ”. У прыёмную мы з’явіліся з выканальніцай абавязкаў начальніка Пухавіцкага РАА Аленай Шастаковай. Там ужо было чалавек дзесяць незнаёмых людзей (як высветлілася — шэсць настаўнікаў з розных раёнаў Мінскай вобласці і начальнікі РАА гэтых раёнаў). Нас выклікалі па двое: настаўнік — і начальнік адпаведнага РАА. Мяне паклікалі апошняй, таму хоцькі-няхоцькі давялося выслухаць гутаркі Данілевіч з кожным настаўнікам. Я не магла паверыць сваім вушам: няўжо такое можа быць у наш час?! Гэта былі крыкі, папрокі і пагрозы, якія добра чуліся нават праз падвойныя дзверы. Асабліва ўгнявіла начальніцу маладая настаўніца з Любанскага раёна: акрамя таго, што была ў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, яна яшчэ і надумалася вылучацца ў дэпутаты мясцовага савета! На думку кіраўніцы АУА, гэта было страшэннае злачынства, несумяшчальнае з прафесіяй настаўніка. “Я пакажу табе дэпутацтва! Будзеш пешшу бегчы ў сваё Урэчча і пра заканчэнне аспірантуры можаш забыць!” Дарэчы, потым Надзея Агафонава і Сяргей Клімёнак сапраўды вышлі з АГП, “бо Надзея выбрала прафесійную кар’еру” (Народная воля).

Калі мы зайшлі ў кабінет з Аленай Шастаковай, там, акрамя Данілевіч, былі яшчэ 3 асобы, напэўна, яе намеснікі. Мне Таіса Іванаўна прад’явіла шэраг правінаў: сяброўства ў партыі БНФ — “учителя столичной области не могут быть членами оппозиционных партий”; правядзенне Талькаўскага фэсту — “праздник, на который приезжают известные оппозиционные деятели”, напісанне звароту супраць ліквідацыі Талькаўскага сельсавета — “пісать вы умеете”. Я спрабавала адказаць, што ўсе гэтыя справы дазваляе грамадзянам Канстытуцыя Рэспублики Беларусь, але гэта выклікала ў прысутных начальнікаў смех. Потым Данілевіч ва ўльтыматыўнай форме загадала мне выйсці з партыі БНФ ці напісаць заяву на звальненне з працы. На гэта быў прызначаны тэрмін — 3 дні. Дакумент аб выхадзе з партыі (пратакол сходу партыйнай арганізацыі) было даручана Шастаковай даставіць Данілевіч не пазней, чым праз пяць дзён.

Агаломшаная, я выйшла з высокай установы. Што рабіць? Страціць працу ў вёсцы, дзе немагчыма знайсці нічога па маёй спецыяльнасці, — а што будзе з маёй дачкой-студэнткай? Выйсці з партыі з-за незаконнага патрабавання начальніцы — гэта страціць годнасць і самапавагу. Як пасля гэтага вучыць дзяцей прынцыповасці і грамадзянскай пазіцыі — калі сама так збаялася? Рашэнне было пакутлівым. “Чаму гэтая жанчына так зрабіла?” — думала я. Калі я назірала за ёй на той сустрэчы, мне падалося, што яна не проста выконвае нечы загад, а сапраўды верыць: настаўнік сталічнай вобласці не можа быць сябрам апазіцыйнай партыі. Але як жа законы? Няўжо яна не чула пра Канстытуцыю, Працоўны кодэкс? Чаму ёй не падказалі юрысты-кансультанты? І як тады такі малаадукаваны чалавек мог апынуцца на такой высокай пасадзе? А калі яна ведала, што гэта незаконна, і дэманстратыўна так рабіла — то гэта ж прэцэдэнт! Змоўчым, выканаем злачынны, амаральны загад — значыць, мы згодны з такім жыццём, то і надалей можна рабіць з намі такія беззаконні. Страціць працу цяжка, але страціць сваё сумленне — невыносна зусім. Пасля пакутлівых роздумаў я вырашыла напісаць скаргу ў пракуратуру, выклаўшы апісанне гэтай падзеі і прасіла даць прававую ацэнку таму, што адбылося ў кабінеце начальніка АУА. Я лічыла, што была парушана Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (арт. 4, 5, 33, 36: “Грамадзяне роўныя перад законам, маюць права на свабоду аб’яднанняў”), Працоўны кодэкс ( арт. 14: “Дыскрымінацыя, г. зн. абмежаванне ў працоўных правах у залежнасьці ад … палітычных поглядаў, удзелу ці няўдзелу ў прафсаюзах ці іншых грамадскіх аб’яднаннях, … забараняецца”, закон «Аб палітычных партыях» (арт. 3: “Прыналежнасць або непрыналежнасць грамадзяніна не могуць служыць падставай для абмежавання ягоных правоў і свабодаў”). Адначасова да Мінскага абласнога пракурора звярнуўся са сваёй скаргай калега з Нясвіжа Алесь Язвінскі.

ПАКАРАННЕ: “ЦЯПЕР З-ЗА ЯЕ НАШУ ШКОЛУ ЗАЧЫНЯЦЬ”

Калі я сказала пра сваё рашэнне не выходзіць з партыі, а напісаць заяву ў пракуратуру, дырэктару школы, яна была вельмі напалохана. “Цяпер нашу школу дакладна зачыняць, мы і да канца года не дапрацуем. Нашлюць праверак — санстанцыю, пажарных — і ўсе мы страцім працу, а вучні школу. І ўсё гэта дзякуючы Ільініч,” — такі быў сэнс прамовы дырэктара на сходзе настаўнікаў. Калегі маўчалі, але адчувалася, што яны таксама асуджаюць мяне. Рэч у тым, што размовы пра закрыццё нашай школы ўжо вяліся апошнія пару год, бацькі звярталіся ў РАА з просьбай захаваць школу, праводзілі сход з начальнікам РАА — і нас тады паслухалі, школа засталася. Наколькі, невядома. І вось цяпер гэтае пытанне стала сродкам ціску на настаўнікаў, вучняў і бацькоў. Мне тэлефанавалі «апрацаваныя» дырэктарам бацькі, сустракалі на вуліцы і нават прыходзілі да мяне ў хату і казалі: “Што за злачынства вы зрабілі, што з-за вас зачыняюць нашу школу? Не рабіце гэтага!” Распаўсюджвалі па вёсцы чуткі, што “яна так зрабіла, бо ёй БНФ плаціць даляры, а іначай чаго не выйшла з гэтай партыі?”.

ВЫМОВА №2

21 студзеня, на шосты дзень пасля таго выкліку настаўнікаў да Данілевіч, яна паклікала да сябе на прыём дырэктара Талькаўскай школы. Едучы ў Мінск, літаральна, ужо апранаючы паліто, дырэктар паказала мне кнігу загадаў з новай вымовай на мой адрас, толькі што напісаную ёю, са зняццем прэміі. Аказваецца, яна праверыла дзённікі вучняў майго 9 класа і знайшла там недаробкі: за мінулы тыдзень не было подпісаў класнага кіраўніка, у некага не было подпісаў у выніковым табелі за другую чвэрць. Я спрабавала патлумачыць, што той вучань хварэў і ў канцы чвэрці не быў у школе, калі выстаўляліся гэтыя адзнакі ў дзённікі вучняў. Мы толькі выйшлі з канікулаў і ўсе недаробкі я планавала дарабіць у пятніцу, як мы звычайна гэта з дзецьмі робім, на класнай гадзіне, удзяліўшы хвілінку дзённікам. Але ў пятніцу не па сваёй волі я была вымушана ехаць у Мінск — ні ўрокаў, ні класнай гадзіны мне правесці не давялося. Таму дзённікі і засталіся неправераныя. Меркавала гэта зрабіць на чарговай класнай гадзіне, якая адбудзецца ў наступную пятніцу. Але бедная дырэктар, раптоўна выкліканая да высокай начальніцы, хацела запэўніць тую, што яна на яе баку, і вось доказ — вымова. Гэтая вымова, разам з той, за сайт, праз год стануць аргументамі для непрацягу працоўнага кантракта са мною.

І гэтую вымову я не аспрэчвала, хаця аргументы былі. У настаўніка так шмат абавязкаў, у кожнага можна знайсці недаробкі. Пагатоў, з пятніцы15 студзеня я знаходзілася пад цяжкім псіхалагічным ціскам, у стане пакутлівых роздумаў. Выклік Данілевіч, сход настаўнікаў у школе і абвестка дырэктара пра тое, што “школу цяпер зачыняць з-за Ільініч”, скарга ў пракуратуру — нядзіва, што да дзённікаў вучняў справы не дайшлі... Але ці я стварыла такую ліхаманку?

МІНСКІ АБЛАСНЫ ІНСТЫТУТ РАЗВІЦЦЯ АДУКАЦЫІ: “У ВАШЫХ ПАСЛУГАХ БОЛЬШ НЕ МАЕМ ПАТРЭБЫ”

Яшчэ ў пачатку студзеня я атрымала запрашэнне з МАІРА 27 студзеня правесці чарговы семінар для настаўнікаў гісторыі Мінскай вобласці пра сістэму краязнаўчай працы ў школе. Папярэднія два семінары прайшлі вельмі паспяхова, нават быў дасланы з інстытута падзячны ліст у РАА і школу. Але пасля «візіту» да Данілевіч, з МАІРА патэлефанавалі мне і сказалі, што мой семінар адмяняецца, напэўна, «да лепшых часоў». З іншых крыніц ведаю, што тыя метадысты, загадчык кафедры былі выкліканы Данілевіч і «атрымалі» ад сваёй начальніцы, за тое,што так страцілі пільнасць і запрасілі ў яе «вотчыну» неблаганадзейную настаўніцу. Больш у інстытут мяне не запрашалі.

«БУРА НАД ТАЛЬКАЙ»: ЗАБАРОНА ПРАВЯДЗЕННЯ МЕТАДЫЧНАГА АБ’ЯДНАННЯ НАСТАЎНІКАЎ ГІСТОРЫІ ПУХАВІЦКАГА РАЁНА

3 лютага 2010 г. у Талькаўскай СШ павінна было праходзіць метадычнае аб’яднанне (МА) настаўнікаў гісторыі Пухавіцкага раёна. Такія заняткі праводзяць настаўнікі кожнага прадмета з мэтай абмену досведам. Даюць адкрытыя ўрокі, мерапрыемствы, абмяркоўваюць іх, апавядаюць, што новае прачыталі ці даведаліся на курсах падвышэння кваліфікацыі — атрымліваецца цікавае поле фармальных і нефармальных зносінаў. Асабіста я заўсёды з прыемнасцю наведвала МА, каб павучыцца чаму-небудзь у калег. Сустракаць у сябе калег, праводзіць у сваёй школе МА гісторыкаў — такое бывае нячаста. У мяне за 25 гадоў працы, здаецца, гэта было ўсяго тры разы, а вось 3 лютага 2010 г. павінна было адбыцца маё чацвёртае МА. Ці трэба казаць, што гэта адказнае мерапрыемства, да якога рыхтуюцца, каб паказаць свой майстар-клас. Я планавала паказаць працу нашага школьнага краязнаўчага музея і гуртка. Мы штогод праводзім у Тальцы народныя святы: Каляды, Гуканне вясны, Юр’я; свята народнай і бардаўскай музыкі «Талькаўскі фэст», таму сталі з вучнямі-гурткоўцамі думаць, які абрад пакажам, якую экскурсію правядзем для гасцей. Але за шэсць дзён да мерапрыемства дырэктар школы сказала мне, што МА гісторыкаў у нашай школе адмяняецца. Як? Чаму? “У гэты дзень, 3 лютага, у Пухавіцкім раёне абвешчана штармавое папярэджанне, бура, снежныя заносы, таму ўсе мерапрыемствы ў раёне адмяняюцца, у тым ліку і ваша МА.” Я разрагаталася: хто можа ведаць пра буру і даваць штармавое папярэджанне за шэсць дзён? Патэлефанавала Шастаковай у РАА. Гэта самае пра буру і штармавое папярэджанне на поўным сур’ёзе па тэлефоне мне пацвердзіла выканальніца абавязкаў начальніка Пухавіцкага РАА Алена Шастакова.

Насамрэч РАА разам з дырэктарам адмянілі МА, каб не сабраліся разам настаўнікі, каб, крый Божа, не пабачылі нядрэнную працу настаўніцы, якую гоняць з-за сяброўства «не ў той партыі». Як паказваць, прапагандаваць досвед настаўніцы, якую сама Данілевіч загадала выгнаць? Не знайшлі нічога лепшага, як прыдумаць для мяне байку пра «буру над Талькай». Настаўнікам-калегам проста патэлефанавалі і сказалі, што МА адмяняецца, у Тальку ехаць не трэба. Ніякай буры ні ў Тальцы, ні ў Пухавіцкім раёне 3 лютага не было, быў сонечны зімовы дзянёк з невялікім марозікам і без ападкаў. Дарэчы, другое МА гісторыкаў Пухавіцкага раёна ў гэты дзень прайшло ў Рудзенскай школе. Пра буру над Пухавіцкім раёнам там ніхто не чуў.

Чаго не зробіш, каб дагадзіць начальству: трэба называць белае чорным, складаць «ліпавыя» вымовы і нават можна прыдумаць «буру і штармавое папярэджанне» ў адной асобна ўзятай вёсцы.

АДМЕНА МЕТАДЫЧНАГА ДНЯ

Усе дваццаць пяць гадоў працы ў школе я мела сераду метадычным днём, калі няма ўрокаў, калі настаўнік можа заняцца самаадукацыяй, наведаць бібліятэку, архіў, метадычнае аб’яднанне. Займаючыся краязнаўствам, я мела патрэбу ў наведванні гістарычных архіваў у Мінску. Знойдзеныя мною ў НГАБ, Мінскім абласным архіве дакументы пра гісторыю нашага краю пралілі святло на «белыя плямы»: калі і як узнікла Талька, адкуль у Суціне палякі, чаму менавіта тут разгарнуліся падзеі паўстання 1863 г., спіс 22 сем'яў, сасланых у Томскую губерню за ўдзел у паўстанні, дакумент пра адкрыццё Талькаўскай школы ды інш. Знойдзеная інфармацыя была выкарыстана для абнаўлення школьнага музея, пры напісанні кніжкі «Талька і наваколлі», для вучнёўскіх даследаванняў. Але пасля «візіту» да Данілевіч адміністрацыя ліквідавала мой метадычны дзень! Проста два першыя ўрокі з аўторка былі перастаўленыя на сераду на другі і трэці ўрокі — каб я не магла выехаць у архіў нават электрычкай на 11 гадзін. Ніякай метадычнай, навучальнай мэтазгоднасці гэты крок не меў, тыднёвая нагрузка мая была не большая, чым звычайна (здаецца, 23 гадзіны). Пры такой нагрузцы ў нашай школе настаўнікі заўсёды мелі метадычны дзень. Я звярнулася ў прафкам з просьбай паспрыяць змяненню раскладу, бо хацела працягваць заняткі краязнаўствам, але з такім раскладам не мела магчымасці працаваць у архівах. Старшыня прафкама патлумачыла мне сітуацыю: “Скасаванне вашага метадычнага дня — не ўласная ініцыятыва дырэктара, яна проста выканала загад Данілевіч. Нічога мы зрабіць не можам”.

ПРАКУРАТУРА МІНСКАЙ ВОБЛАСЦІ: “У ДЗЕЯННЯХ СЛУЖБОВЫХ АСОБАЎ АУА ПАРУШЭННЯЎ ДЗЕЙНАГА ЗАКАНАДАЎСТВА НЕ ВЫЯЎЛЕНА”

Я звярнулася ў пракуратуру Мінскай вобласці з заявай аб тым, што адбылося ў кабінеце начальніка ўпраўлення адукацыі 15 студзеня 2010 г., з просьбай даць прававую ацэнку дзеянням Т. І. Данілевіч. Пракуратура адказала, што “з тлумачэнняў Данілевіч Т. І., яе намеснікаў Семенчука А. А. і Малец Л. Э. вынікае, што настаўнікі былі запрошаны 15 студзеня на размову, падставай для якой паслужыла недастатковая якасць працы. Данілевіч не патрабавала ад Вас і іншых настаўнікаў выхаду з партыі альбо звальнення з працы і не рабіла якіх-небудзь уладных распараджэнняў”.
Вось так! Значыць, настаўнікі выдумалі гэта? Чаму ж тады іх не прыцягнулі да адказнасці за паклёп? Чаму ж тады выйшлі з АГП Сяргей Клімёнак з Вілейкі ды Надзея Агафонава з Любані? Чаму не апыталі ў пракуратуры астатніх настаўнікаў, што былі выкліканы Данілевіч і сталі сведкамі дзікунства ва ўладным кабінеце? Вядома, усе мы ведаем адказы на гэтыя пытанні. Пракуратура, суды ў нашай краіне не бароняць закон, не бароняць чалавека — а бароняць начальства, якое гэты закон парушае.

Не знайшоўшы парушэння закону ў дзеяннях абласной начальніцы, пракуратура чамусьці знайшла неабходным “патлумачыць Данілевіч Т. І. канстытуцыйныя і працоўныя правы грамадзян, у тым ліку на свабоду думкі, перакананняў, на свабоду аб’яднання ў палітычныя партыі”. Цікава, для чаго гэта, калі законы не былі парушаны?
Зварот у пракуратуру не дапамог пакараць злачынцу. Парушальніца Канстытуцыі ды іншых законаў засталася сядзець у сваім фатэлі і працягвае “кіраваць адукацыяй сталічнай вобласці” да сённяшняга дня. Мы, настаўнікі, пастаўленыя перад дылемай «партыя або праца» захавалі тады сваю працу. Двое настаўнікаў — сяброў АГП выйшлі са сваёй партыі, астатнія, здаецца, захавалі ўсё, як было. Іх ніхто не чапае, іншых настаўнікаў не чуваць, каб так брутальна гналі за партыйнасць. Я лічу, што гэта калі не перамога, то маленькая перамога. Хаця б над уласнай бояззю і згодніцтвам.

ПЛОШЧА, ПЕРАТРУС, ЗВАЛЬНЕННЕ

Увосень 2010 г. перад выбарамі я ўдзельнічала ў перадвыбарчай кампаніі — збірала подпісы за кандыдата ад партыі БНФ Р. Кастусёва і за А. Міхалевіча. 19 снежня разам са сваімі сябрамі была на мітынгу і мірным шэсці на Плошчы. Гвалтоўнай часткі мітынгу мы не бачылі, бо нам трэба было ехаць на апошняй электрычцы дамоў, недзе ў 22 гадзіны мы пакінулі ўсё яшчэ мірнае і прыгожае шэсце. 5 студзеня 2011 г. у мой дом прыйшлі з ператрусам 5 асобаў з міліцыі і КДБ — “шукаць зброю і наркотыкі”, а забралі камп’ютар. 11 студзеня новая дырэктар школы Наталля Меркуль (прызначана з 1 верасня 2010 г.) абвясціла мне, што не працягвае са мной працоўны кантракт, бо “даведалася, што ў маім доме быў вобшук, а настаўнік павінен быць законапаслухмяным чалавекам”. Нягледзячы на звароты і просьбы бацькоў вучняў, былых вучняў, калег-настаўнікаў, прафкама школы працягнуць кантракт з Ільініч, дырэктар была няўмольная. Сама прапрацавала ў нашай школе чатыры месяцы, а звольніла чалавека з 25-гадовым стажам у гэтай школе, амаль што апошнюю з настаўнікаў, што жывуць у Тальцы (астатнія і сама Меркуль ездзяць на працу з Мар’інай Горкі). Кантракт сканчаўся 27 студзеня, згодна з працоўным пагадненнем дырэктар абавязана была папярэдзіць мяне аб намеры не працягнуць кантракт за месяц — да 27 снежня. Чаму ж яна не зрабіла гэтага? Бо яна і не збіралася мяне звальняць. Ператрус напалохаў яе — гэта звязана з Плошчай, заадно згадалі і ранейшыя «злачынствы»: сяброўства ў БНФ, адмову выконваць загад Данілевіч аб выхадзе з партыі, заяву ў пракуратуру, каб прыцягнуць яе да адказнасці. Тады і выявілі, што кантракт хутка сканчаецца — і машына запрацавала. Звальненню таксама паспрыяла вельмі цяжкая атмасфера, што ўсталявалася ў краіне пасля 19 снежня 2010 г.: каля 700 чалавек былі арыштаваны ў тую ноч на плошчы Незалежнасці, амаль усе кандыдаты ў прэзідэнты сядзелі ў турмах, кожны дзень па тэлевізары паказвалі кадры з прапагандысцкага фільма «Железом по стеклу», у якім пераконвалі гледачоў у тым, што выбары былі нармальныя, а людзі, што выйшлі на Плошчу, — бандыты. Многія людзі верылі гэтаму, таму і асуджалі тых, хто быў на Плошчы. Думаю, дырэктар і РАА пры звальненні кіраваліся менавіта аргументам «яна была на Плошчы», інфармацыяй КДБ пра ўдзел ў мітынгу. Пра гэта казала начальнік Пухавіцкага РАА Таццяна Чарнышова, адказваючы на пытанне журналісткі газеты «Народная воля» Марыі Эйсмант пра прычыну непрацягу кантракта. “У всего есть причина и следствие… Почему она не скажет честно о той причине. Она знает о ней. По этому вопросу надо не ко мне обращаться. А к тому органу, который этим занимается. Взять у них интервью. У тех, кто ведёт следствие какое-то. Если бы я что-то знала, я не имею права ничего говорить. Обращайтесь в эти структуры…” (Народная воля 28–31 студзеня 2011 г.)

Між іншым, хочацца нагадаць тым, хто забыў ці не ведаў зусім: права на ўдзел у мірных шэсцях і мітынгах гарантавана грамадзянам Канстытуцыяй Рэспублікі беларусь. Настаўнікі гісторыі таксама не з’яўляюцца выключэннем з гэтага закону. А ўдзел у мітынгу, нават у мітынгу пратэсту, не можа быць прычынай для незаключэння працоўнага кантракта.

ПОШУКІ СПРАВЯДЛІВАСЦІ

Першая арганізацыя, куды я звярнулася па дапамогу, быў прафсаюз школы.  Я прасіла старшыню ПК склікаць прафсаюзны сход, спадзеючыся, што змагу расказаць калегам пра сітуацыю і яны мяне падтрымаюць, публічна скажуць дырэктару, што так рабіць нельга. Старшыня прафкама спачатку згадзілася на правядзенне сходу, а потым адмовілася: «Вы хочаце зрабіць мяне крайняй». Прафкам ціха засядаў і вынес рашэнне: звярнуцца з просьбай да дырэктара працягнуць кантракт з Ільініч на 1 год. Вусна мне было сказана: «Мы не можам бараніць Вас, а раптам Вы зрабілі якое-небудзь злачынства. Бараніцеся самі, едзьце ў Мінск, шукайце юрыста. Мы  нічым  больш  дапамагчы   не   можам».   Пісьмовая   просьба да дырэктара ад прафкама была пададзена, здаецца, у апошні дзень маёй працы і ніякай рэакцыі на яе не было.

У раённым прафсаюзным камітэце настаўнікаў мне параілі паехаць на прыём да Данілевіч, прасіць яе працягнуць кантракт, але ўрэшце, відаць, адтуль паступіў нейкі сігнал і выснова была такая: «Вельмі хацелі б Вам дапамагчы, але нічога не можам зрабіць».

З просьбай аб дапамозе я звярнулася ў Цэнтральны камітэт прафсаюза работнікаў адукацыі і да нядаўна прызначанага міністра адукацыі Маскевіча. З ЦК прафсаюза хуценька прыехала юрыст Ларыса Манюк. Яна і патлумачыла мне, што я зрабіла памылку, не аспрэчыўшы тыя вымовы, што былі дадзены мне дырэктарам за апошні час, вывучыла дакументы і дапамагла мне напісаць заяву ў раённы суд аб аднаўленні на працы. Юрыст таксама звярнула ўвагу на тое, што, перш чым звяртацца ў суд, трэба звярнуцца ў камісію па працоўных спрэчках школы. Аказваецца, такая камісія згодна з Працоўным кодэксам павінна стварацца ў кожным калектыве з роўнай колькасці прадстаўнікоў адміністрацыі і наёмных работнікаў. У нашым калектыве такой камісіі не было і пра яе нават ніхто не чуў. Яе хуценька стварылі і я звярнулася з заявай туды. Разгледзеўшы маю заяву аб незаконным звальненні, «камісія не згадзілася з рашэннем кіраўніка Н. В. Меркуль аб непрацягу кантракта згодна з пунктам 4.3.13 калектыўнай дамовы (кіраўнік абавязаны працягнуць  кантракт  тэрмінам  ад  3  да  5  гадоў з працаўніком, які паспяхова і добрасумленна выконвае абавязкі і не дапускае парушэнняў дысцыпліны,  мае  вялікі  стаж  працы па спецыяльнасці) і рэкамендавала Ільініч Н. В. аспрэчыць рашэнне кіраўніка ў судовых органах».

Міністэрства адукацыі даслала «змястоўны» адказ з аднаго радка за подпісам намесніка міністра К. Фарыно аб тым, што мая скарга перасланая «для разгляду і адказу ва ўпраўленне адукацыі Мінаблвыканкама», гэта значыць да Т. І. Данілевіч, той самай асобы, якая гнала мяне і яшчэ 5 настаўнікаў з працы ці з партыі год таму. Таіса Іванаўна адказала, што звольнена я законна, «у сувязі з заканчэннем кантракта», і парэкамендавала звярнуцца ў суд.

У сакавіку ў Блужскі  сельсавет  (да  яго  ўжо  далучылі  Тальку) на сустрэчу з жыхарамі прыехаў памочнік прэзідэнта па Мінскай вобласці М. М. Іванчанка. У сельскім клубе сабралася шмат народу, праўда, добрая палова былі супрацоўнікі райвыканкама. Я звярнулася да яго ў поўнай зале са сваімі дзвюма праблемамі: звольнена з працы са школы и не магу нікуды ўладкавацца паводле спецыяльнасці; у гэтым годзе ў нас у Тальцы начальства так пастаралася  «акультурыць  ландшафты»  пасля  нашай  скаргі ў вышэйшыя інстанцыі, так зааралі ўсе палі (да гэтага не араныя год 15!), што цяпер мы не маем выгану для нашых кароў. Высокі чыноўнік адказаў літаральна наступнае:

«С выгоном мы вам, тальковским людям, конечно, поможем, а вот работы для Вас в школе нет. Я объясню, почему. Мы победили на выборах, народ поддержал нашу программу. Чтобы осуществить её, мы подбираем команду менеджеров, которые будут претворять её в жизнь. В других странах, в том числе западных, демократических, также партия, которая  победила на выборах, подбирает людей, которые ей подходят. Ваша партия БНФ не принимает всё то, что делает наш Президент, делаем мы, критикует нас. Поэтому для Вас нет места в этой системе. Вы нам не подходите. Вы хотите быть против существующей власти и одновременно получать зарплату от неё. Нельзя одновременно заниматься политикой и быть учительницей».

Фактычна, гэта было тое самае, што я чула год таму ў кабінеце Данілевіч, толькі яшчэ і  з  прэтэнзіяй  на  нейкую  навуковасць, са спасылкай на тое, што гэтак жа робяць у дэмакратычных краінах! Калі нават прыняць (сумнеўны для мяне асабіста) тэзіс Іванчанкі, што “яны перамаглі на выбарах” – тут у кожным сказе падмена паняццяў. Настаўнікі не адносяцца да катэгорыі менеджараў, якіх падбірае партыя-пераможца для кіравання краінай. Нідзе ў свеце іх не выганяюць з працы, калі на выбарах перамагла іншая партыя. Заробак настаўнікі атрымліваюць не ад Данілевіч, Іванчанкі ці Лукашэнкі, а ад дзяржавы і працуюць яны для беларускага народа, а не для партыі ўлады. А Лукашэнка, Данілевіч і Іванчанка не ёсць Рэспублікай Беларусь (хоць яны так думаюць, напэўна), а ўсяго толькі зменныя чыноўнікі, якіх народ, у тым ліку і я, наняў, каб яны часова выконвалі нейкія функцыі.

Калі Іванчанка называе палітыкай сяброўства ў партыі БНФ, збор подпісаў за апазіцыйных кандыдатаў, удзел у назіранні за выбарамі і адмаўляе мне ў праве займацца гэтымі справамі, бо я настаўніца, то чаму тады маіх калег «бізуном і пернікам» прымушаюць уваходзіць у ГА «Белая Русь», збору подпісаў за дзейнага прэзідэнта, удзелу ў выбарчых камісіях?

Пісьмовага адказу ад памочніка прэзідэнта я не атрымала, хоць тады ж даслала сваю скаргу і матэрыялы на яго адрас.

У пракуратуры Данілевіч адраклася ад сваіх слоў і сказала, што яна выклікала настаўнікаў абмеркаваць  якасць  працы  і  з  партый іх не гнала. Выкруціцца ёй дапамаглі яе падначаленыя, даючы хлуслівыя звесткі следству (на допыце ў пракуратуры следчы паказаў мне пратакол допыту в. а. начальніка РАА). Памочнік прэзідэнта Іванчанка праз год пасля гэтай падзеі, ужо пасля майго звальнення, публічна ў Блужскім клубе аб’явіў, што для мяне, настаўніцы, сябра БНФ «нет места в этой системе». Пры гэтым ва ўсіх судах і сёння адмаўляюць той факт, што звальненне мела палітычны характар, сцвярджаюць, што “доказаў палітычнай дыскрымінацыі з-за прыналежнасці да партыі не знойдзена”. Падаецца мне, чым вышэйшы начальнік, тым менш ён абцяжарвае сябе неабходнасцю выканання законаў.  Адкуль  Вы,  сп.  Іванчанка,  ведаеце што я прымаю, а што не? Вы што, мае думкі чытаць умееце? Між іншым, у кожнага грамадзяніна Беларусі ёсць права нешта прымаць, а нешта не прымаць нават з палітыкі дзейнага прэзідэнта. У нас толькі няма права на гвалтоўныя дзеянні, але ж я заўсёды адмоўна ставілася да гвалтоўных метадаў у палітыцы і ў жыцці. Маім ганіцелям хочацца зрабіць з мяне такую радыкальную антысацыяльную асобу, якая таму і не мае права працаваць у школе. Ну і ў чым мой радыкалізм?

Звярнулася я таксама з просьбай аб спрыянні ў працаўладкаванні да старшыні Пухавіцкага райвыканкама Ф. П. Каралені. Была ў яго на прыёме асабіста і пакінула сваю пісьмовую скаргу. Менавіта пасля гэтага мне прапанавалі ў РАА працу выхавальніцай у дзіцячым садку ці выхавальніцай групы падоўжанага дня. Гэтыя прапановы я не прыняла (чаму, ужо казала вышэй). Пісьмовага адказу ад раённага старшыні я таксама не атрымала.

Некалькі разоў звярталася ў Пухавіцкі РАА з просьбай аб спрыянні ў працаўладкаванні, але адказ быў стандартны: «вакансий нет».

 

СУДЫ

Пухавіцкі раённы суд разглядаў маю скаргу два дні (10 – 11 сакавіка 2011 г.). Не пабаяліся прыйсці на яго сведкамі мае калегі: Валянціна Антонаўна Аўдошчанка і Людміла Альбертаўна Місуна – сказаць добрае слова пра мяне як настаўніка і як чалавека. Прыйшлі таксама былыя вучні, бацькі вучняў. Усе сведчылі, што я не горшая за іншых настаўніца, але іх сведчанні не былі пачуты суддзёй С. Р. Акуліч. У аднаўленні на працы суд адмовіў, але чамусьці пастанавіў, каб РАА кампенсаваў мне маральныя страты ў суме 200 тыс. рублёў і паслугі адваката ў памеры 175 тыс. рублёў. Больш падрабязна пра гэту падзею можна прачытаць у артыкуле «Глухі суд» Марыі Эйсмант (Народная воля 11–14 сакавіка 2011 г.).

Судовая калегія па грамадзянскіх справах Мінскага абласнога суда ў складзе старшыні Т. Е. Кулаковай, суддзяў Н. Н. Вайніла і А. Н. Аўдзейчыка 25 красавіка 2011 г. пакінула рашэнне раённага суда без змянення, а касацыйную скаргу не задаволіла.

Пракуратура Мінскай вобласці таксама адказала, што «падставаў для аспрэчвання судовых рашэнняў няма». Аб гэтым я атрымала адказ у ліпені за подпісам пракурора Мінскай вобласці А. М. Архіпава.

У снежні 2011 г. я звярнулася з касацыйнай скаргай у Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь. Намеснік старшыні Вярхоўнага суда А. А. Забара 1 сакавіка 2012 г. адказаў, што ўсё зроблена ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам і мая скарга не можа быць задаволена.

РАЗВІТАННЕ З МАРАЙ ПРА АГРАЭКАТУРЫЗМ

З 2007 г., калі пачаліся размовы пра закрыццё Талькаўскай школы, я пачала займацца аграэкатурызмам. Для гэтага ў маім мястэчку Талька ёсць усе ўмовы: прыгожая і багатая прырода, цікавая гісторыя. Распрацаваны зялёны маршрут «Талькаўскія скарбы», які ўключае 3 пешыя ці веласіпедныя пятлі з наведваннем нашых цікавых мясцін Коласава стража, возера Грымячае, рэкі Таль і Свіслач, крыніца Кіпячка, курганы, гарадзішча Замачак, яўрэйскае мястэчка Талька, шляхецкая аколіца Суцін, радзіма музыканта Іосіфа Жыновіча ў Арэшкавічах ды інш. Разам са школьным краязнаўчым гуртком адрадзілі абрадавыя святы Каляды, Гуканне вясны, Юр’я, Купалле. Пра гэтыя святы можна пачытаць і паглядзець на краязнаўчым сайце www.talka.info. Пра ўражанні ад талькаўскіх турыстычных магчымасцей пісала газета «Звязда» (артыкул Вольгі Мядзведзевай «Адчуць дух беларускага мястэчка»).

Ёсць  лазня,  малако,  яйкі  з   уласнай   гаспадаркі,   садавіна ды гародніна. Але хата наша малая, няма дзе прымаць ахвотных адпачыць у нас. Не ўсе, асабліва сем’і з дзецьмі, могуць начаваць у намёце. У 2008 г. пачалі рэканструкцыю свайго старога дома, каб прымаць на начлег у сядзібе 5 – 8 турыстаў: абклалі яго цэглай, павялічылі і зрабілі мансарду. Для ажыццяўлення праекта ўзялі крэдыт, але яго не хапіла, каб давесці рэканструкцыю да канца, новая частка сядзібы не ўзведзена. Прасіла спецыяльны льготны крэдыт на аграэкатурызм, што дае Белаграпрамбанк. Тры гады Пухавіцкі райвыканкам адмаўляў у спрыянні, матывуючы адмову рознымі, нават фантастычнымі, прычынамі. Нарэшце, 24 снежня 2010 г. я атрымала станоўчы адказ рабочай групы па развіцці аграэкатурызму  ў  Пухавіцкім  раёне.  Якая  радасць!   Цяпер мы зможам зарабляць у сваёй вёсцы, нават, калі зачыніцца школа і не будзе настаўніцкай працы. Але радасць была нядоўгай. Пасля падзей, якія адбыліся на працягу наступнага месяца: ператрус у маім доме, звальненне з працы, – ужо 21 лютага 2011 г. той жа аддзел фізкультуры, спорта і турызму рэзка памяняў сваё рашэнне і паведаміў мне: “рабочая група лічыць ажыццяўленне дзейнасці ў сферы аграэкатурызму на Вашай аграэкасядзібе малаэфектыўнай у сувязі з  адсутнасцю  ў  цяперашні  час  умоў па аказанні паслуг размяшчэння і харчавання турыстаў, а таксама лічыць мэтазгодным хадайнічаць перад Пухавіцкім райвыканкамам адмовіць у садзеянні выдачы крэдыту з прычыны высокай рызыкі неэфектыўнага ўкладання крэдытных рэсурсаў на льготных умовах…”.

Сёння я працягваю займацца аграэкатурызмам: праводжу экскурсіі па зялёным маршруце, рэалізую прадукцыю гаспадаркі і сада. Але гэта  мізэрны  даход.  Паўнацэнна  працаваць  сядзіба не можа, бо стаіць недабудаваная, прымаць турыстаў мы не можам. Укладзеныя сродкі не працуюць, новы звычайны крэдыт для сканчэння я ўзяць не магу, бо не маю цяпер сталай працы, і ніякіх перспектыў з завяршэннем рэканструкцыі пакуль не бачу. Звальненне з працы разбіла маю мару заняцца аграэкатурызмам.

САЛІДАРНАСЦЬ

Пасля звальнення я апынулася ў цяжкім стане: захварэла, выхаду з тунэля не было відаць ні з працай, ні з аграэкатурызмам, ні з краязнаўствам (каму яно трэба цяпер?). Мой свет перакуліўся. Трэба было пачынаць усё ад самага пачатку, а сіл не было.
Выратавала      мяне людская дапамога.  Мне  пашанцавала, што пра гэта звальненне напісала Марыя Эйсмант у «Народнай Волі».  Калега  са   Слуцку   Зінаіда   Цімошык   звярнулася   да   чытачоў з прапановай дапамагчы чалавеку ў бядзе, сама прыехала са сваімі сябрамі на мой суд у Мар’іну Горку, першая даслала грашовы перавод. Дзясяткі знаёмых і зусім незнаёмых людзей працягнулі руку – мне тэлефанавалі, пісалі лісты, паштоўкі, дасылалі грошы і бандэролі. Немагчыма назваць у гэтым артыкуле ўсе прозвішчы добрых людзей: адных пераводаў я атрымала каля 170! Я да сённяшняга дня працягваю разважаць над гэтым феноменам. Чаму гэтыя людзі так зрабілі? Я чытала, што ў Польшчы, калі быў арыштаваны электрык Лех Валенса, палякі літаральна завалілі яго шматдзетную сям’ю дапамогай. Але ж я добра ведала, што беларусы не палякі, а вясковая настаўніца зусім не падобная да лідара польскай «Салідарнасці». Таму маштаб дапамогі маіх суайчыннікаў уразіў мяне. Што кіравала гэтымі людзьмі, калі яны ўзняліся і рушылі на пошту даслаць ліст ці перавод незнаёмаму чалавеку?

Людзей  абурыла  несправядлівасць  і  беззаконне  чыноўнікаў над маленькім чалавекам? Яны разумеюць, што з кожным можа адбыцца такая расправа і на месцы звольненай “у сувязі са сканчэннем кантракта” можа апынуцца любы з іх? Людзі падзяляюць мае каштоўнасці, маю справу па адстойванні сваіх прафесійных і чалавечых правоў ды годнасці?

Я ўбачыла, што я не адна, што шмат людзей  падтрымліваюць мяне. Гэтая хваля салідарнасці паказала мне, што я маю рацыю і што беларусы вартыя лепшага жыцця. Падтрымка людзей паказала, што ў Беларусі ёсць ці зараджаецца грамадзянская супольнасць, а гэта дае надзею на лепшае.

Аказалася, што у нас ёсць шмат грамадскіх арганізацый, ініцыятыў, ёсць і партыя БНФ, якая можа не толькі дзяліцца на часткі, але і дапамагаць выгнаным. Некалькі сяброў КХП-БНФ, БНФ у цяжкія часы нават прыехалі да мяне, каб падтрымаць. Таварыства Беларускай Школы хадайнічала ў  судзе,  а  Тамара  Мацкевіч не прапусціла ніводнага судовага паседжання, каб падтрымаць мяне. Якая была радасць, што ТБШ дапамагло мне не згубіцца прафесійна – прапанавалі рэдагаваць настаўніцкі метадычны сайт www.aacenka.by! Ніхто з тых, да каго звярталася, не адмовіў у дапамозе. А большасць прыйшла сама, не чакаючы просьб. Грамадскія   арганізацыі   і   ініцыятывы  таксама дапамагалі, хто чым мог, – юрыдычнай кансультацыяй, парадай, адвакатам, падтрымкай у судах.

Я выжыла і таму, што перад вачыма быў прыклад людзей, якім было яшчэ цяжэй, чым мне. У турмах сядзяць ні ў чым не вінаватыя, найлепшыя сыны беларускай нацыі. Яны пазбаўлены волі, церпяць здзекі, катаванні, іх могуць  нават  знішчыць  фізічна.  Гледзячы на гэтае беззаконне і пакуты, бачыш, што твая праблема нашмат менш балючая.

НЕ БОЙЦЕСЯ!

Цэлы год я хадзіла па зачараваным коле – усё шукала працу ў школе. У Мінску, Асіповічах. Думалася, а раптам які-небудзь дырэктар не пабаіцца ды насуперак загаду зверху возьме мяне настаўніцай гісторыі? Я ж не самая горшая настаўніца, я змагу даказаць гэта сваёй працай! Дарэмныя спадзяванні. Толькі 12 студзеня 2012 г. я спыніла безвыніковыя пошукі і зарэгістравалася рэпетытарам у падатковай. Дала абвесткі – і хутка знайшліся вучні. Цяпер я зарабляю на хлеб «дарэктарствам»: хаджу па вучнях, якім  трэба  мая  дапамога,  праводжу  ўрокі  ў іх дома. Мне падабаецца. Тут вынік залежыць ад твайго прафесіяналізму, майстэрства, любові да  дзяцей,  а  не ад умення лоўка складаць паперы, патрэбныя начальству. Як вольны чалавек я змагла прыняць удзел у навучальных праграмах за мяжой – раней мяне не адпускалі са школы. Стажыроўка па тэме «Эфектыўныя метады выкладання і ацэнкі» ў Варшаве была вельмі карыснай і дапамагае мне ў маёй настаўніцкай працы. Шкадую, што  не  распачала  гэта год таму, адразу пасля звальнення, баялася ўзяць свой лёс у свае рукі, прывыкла ўсё жыццё хадзіць у стройных шэрагах. Баялася, што не змагу знайсці вучняў, пагатоў, у маёй вёсцы такой працы няма, а трэба шукаць у горадзе. Дзякуй Богу, усё наладжваецца, цяпер я ўжо ўпэўнена, што не загіну і сваёй настаўніцкай працай змагу зарабіць сабе на хлеб.

 

ВЫСНОВЫ: дык ці можам мы, настаўнікі, адстойваць свае правы ў сённяшніх умовах?

Нехта, прачытаўшы ці пачуўшы маю гісторыю, зробіць выснову: не, не можам. Глыбей уцягне галаву ў плечы і пойдзе рабіць тое, што патрабуе ад яго начальства: уступаць у «Белую Русь» ці дзяжурыць на дарогах замест святлафора. “Я не хачу страціць працу, а значыць, кавалак хлеба для сваіх дзяцей, я не хачу парваць свае нервы і здароўе, б’ючыся галавой аб каменную сцяну, я не хачу стаць адрынутым у грамадстве”, – думае мой калега. І ў гэтым, вядома, ёсць жудасная логіка сённяшняга беларускага жыцця, логіка прыстасаванства. І гэта ёсць сёння выбар большасці з нас.

Я кажу цяпер толькі за сябе. Сёння,  аналізуючы  тыя  падзеі, што адбыліся са мною на працягу апошніх двух гадоў, я не жадаю такіх выпрабаванняў нікому з добрых людзей. Я не адчуваю сябе пераможцай. Але з упэўненасцю магу сказаць, што, калі б усё вярнулася назад, я б зрабіла ўсё так, як зрабіла. Улічыла б тыя памылкі, пра якія кажу вышэй, але прынцыповыя крокі б засталіся ранейшымі. Мне нясорамна перад сваімі вучнямі і сябрамі, а гэта дарагое пачуццё. А тым калегам, хто не адчувае сябе камфортна ў такой школе, якой ёсць сёння нашая беларуская школа, я хачу сказаць: не бойцеся!

Я зразумела, што выйдзем мы з гэтай заганнай сітуацыі, калі перастанем баяцца сваіх крыўдзіцеляў. Я сама больш за ўсё баялася, што я і мая дачка не будзем мець грошай на хлеб, заплаціць за тэлефон і электрычнасць, купіць дровы.  Прапрацаваўшы ўсё жыццё ў адной дзяржаўнай школе, вясковы чалавек, мала прыстасаваны да рынкавых умоваў, не маючы ніякіх «блатаў», знаёмстваў, – я змагла выжыць і пачаць усё спачатку.

Дапамажыце таму, хто пакутуе. Большасць з настаўнікаў маўчаць і церпяць беззаконне, бо не ўпэўнены, ці змогуць выжыць, калі будуць выгнаныя са сваёй працы, ці дапаможа ім хто, ці падтрымае. Салідарнасць – гэта самае важнае для нас сёння. Мы пераможам, калі падтрымаем тых,  хто  трапіў  у  жорны  сістэмы. А наступныя, тыя, што ўздымуць галаву, лягчэй перамогуць свой страх і прыстасаванства, калі будуць ведаць, што іх не кінуць добрыя людзі. Не мною сказана: для таго, каб зло перамагало, дастаткова, каб добрыя людзі нічога не рабілі.

Не маўчыце, калі вас гоняць. Мне дапамаглі людзі і арганізацыі яшчэ і таму, што справа атрымала розгалас  дзякуючы СМІ. Людзі даведаліся пра гэту бяду, таму і пранікліся маёй праблемай. Злачынцы-чыноўнікі таксама баяцца розгаласу пра свае непрыгожыя ўчынкі.  Некаторыя  нават  спыняюцца ад галоснасці, праўда, могуць рабіць паскудствы таемна, чужымі рукамі. І пра гэта трэба казаць. Таму вельмі важна не маўчаць пра парушэнне вашых правоў! Дзякуй Богу, у Беларусі яшчэ ёсць вольныя СМІ, праваабарончыя арганізацыі. У нас, настаўнікаў, ёсць  сайт  nastaunik.eu,  які  чуйна  адлюстроўвае  ўсё, што адбываецца ў школьнай сістэме, у тым ліку і факты парушэння правоў настаўнікаў.

Толькі ад нас саміх залежыць, якой будзе наша школа і наша краіна. Гэта толькі здаецца, што ад аднаго чалавека нічога не залежыць. Усе справы пачынаюцца з першага кроку.