Грамадская дыскусія: Да іміджу настаўніка

31.03.2012

Аналізуючы, проста чытаючы, розныя публікацыі, якія даходзяць з усяго свету, пра жыццё-быццё настаўніка, прыходзіш да думкі, што падзенне аўтарытэта настаўніка – праблема глабальная.

Калі прагматызм амерыканска-еўрапейскага погляду на жыццё дае падставы ставіцца вучню да настаўніка, як да машынкі, якая мусіць нешта « укласці» ў яго для лягчэйшага зарабляння грошай, то на нашай прасторы гэта зусім іншае.

Апошнім часам, а гэта недзе з 60-х гадоў мінулага стагоддзя, як на маёй памяці, імідж (аўтарытэт) настаўніка стаў няўхільна развальвацца. З тэлевізіі, а цяпер інтэрнэту, вучань напаўняецца ведамі без нуднага сядзення за партаю ў школе. Што ж застаецца таму ж настаўніку? Тое адзінае, што ніякая тэхнічная прылада не дасць. А менавіта – доля ЧАЛАВЕКА! АСОБЫ! Без гэтага (а гэта ёсць культура) hоmo sapiens будзе няўхільна ператварацца ў нешта простае, грубае і, як мы часта кажам - бессардэчнае.

У вялікай ступені сэрцам (духоўнасцю) займалася некалі царква, але і яна амаль зусім страціла свой уплыў, асабліва на маладое пакаленне, тым больш, што ў нашай Айчыне нашай царквы, відаць па ўсім, ніколі і не было.

Нашая сітуацыя мае свае, так бы мовіць, рэгіянальныя асаблівасці, якія маглі бы пры пэўных варунках (дзяржаўных, калі б такія былі) зактуальзаваць пэўныя рамантычныя чыннікі.

Па-першае, гэта доўгая адсутнасць (ды і няйменне) сваёй дзяржаўнасці, як такой. У сувязі з гэтым, робіцца важным скарыстанне міфаў, ізноў жа рамантычных, у дачыненні да сваёй гісторыі. Па-другое, агучванне нацыянальнай ідэі пабудовы дэмакратычнага грамадства на тым палітычна-эканамічным «мосце», якім з'яўляецца Беларусь. Ну, і гэтак далей.

Але, паколькі гэта нерэальна ў сённяшняй «стратэгіі» пабудовы Краіны, то мы мусім выжываць і рабіць усё магчымае дзеля рэалізацыі сваіх мараў на месцах, дзе мы ёсць.

У рэшце рэшт настаўнік, які пазіцыянуе сябе, як адраджэнец, мусіць задумацца: што ён з сябе такое ўяўляе, ці мусіць уяўляць, каб стаць (быць) хоць для аднаго вучня сябрам, бацькам (нават лепшым за бацьку)... Адным словам - тым аўтарытэтам, які будзе ўспамінацца вучнем усё сваё жыццё.

Трэба сказаць, што такія настаўнікі былі ва ўсе часы. Але гаворка ідзе пра тое, што сёння - БЕЛАРУСКІ НАСТАЎНІК - гэта мусіць быць ЧЫН!!! Нам трэба не даць нашай ідэнтычнасці зрабіць апошні ўздых.