Міждысцыплінарны падыход: Свет рэчываў у творах Якуба Коласа

24.05.2012

Уладзіслаў Лупакоў, настаўнік хіміі СШ № 10 г. Брэста

Творчы шлях Якуба Коласа ўвасабляе цэлую эпоху ў гісторыі літаратуры. Пра мастацкія вартасці ягоных твораў сказана і напісана нямала. А што, калі ў якасці дапаўнення паглядзець на іх яшчэ і вачыма хіміка? Якія звесткі пра рэчывы і іх ператварэнні, няхай і між іншым, згадаў гэты аўтар?

Вось радкі з паэмы «Новая зямля»:

Тым часам
Спас святы мінуўся
І лес у чырвань апрануўся.
Дрыжаць у золаце асіны
І гнуцца кісці арабіны.

Змяненне колеру рэчываў – адна з прыкмет хімічных рэакцый, сведчанне таго, што пэўныя рэчывы ператварыліся ў іншыя. Калі лісты раслін дасягаюць пэўных памераў, у іх пачынаюцца працэсы старэння. Знешне гэта праяўляецца ў пажаўценні або пачырваненні. Гэта звязана з разбурэннем хларафілаў, назапашваннем антацыянаў і каратыноідаў. Вось адкуль і «чырвань», і «золата»…

Самае распаўсюджанае на Зямлі рэчыва – вада, або аксід вадароду. Яна пакрывае амаль3/4 паверхні планеты, без яе немагчымае жыццё. Многія літаратары, і Колас у тым ліку, не раз у сваіх творах пішуць пра ваду. Напрыклад:

Цякла тут з лесу невялічка
Травой заросшая крынічка.
Абодва берагі каторай
Лазняк, ракітнік абступалі;
Бруіліся ў цяньку іх хвалі
І ў луг чуць значнаю разорай
Ішлі спакойна між чаротаў,
Рабілі многа заваротаў,
Аж покі ў Нёман не ўцякалі.
(«Новая зямля»)

Тут ужо пачатак экалагічнага даследавання: лазняк, ракітнік, чарот, сапраўды, растуць пры вадзе, і больш, чым многія іншыя расліны, маюць у ёй патрэбу.

Паміж малекуламі вады ўтвараюцца так званыя вадародныя сувязі. Прыцягваючыся адна да адной, малекулы Н2О пакідаюць паміж сабою пустэчы, асабліва ў лёдзе, дзякуючы чаму лёд лягчэйшы за вадкасць і плавае на яе паверхні. Гэта дазваляе вадаёмам, як правіла, не прамярзаць наскрозь, таму арганізмы перажываюць зіму. Прамярзанне вадаёмаў пачынаецца з паверхні.

Вада на лузе разлілася,
А потым лёдам занялася.
Мароз падскочыў
ды прыціснуў.
Вада і збегла, лёд павіснуў:
Цяпер наніз ён ападае.
А лёд таўшчэзны,
важкасць мае,
А паміж лёдам і вадою
Ўнізе над мёрзлаю зямлёю
Пустое месца астаецца.
(«Новая зямля»)

Або яшчэ:

- Эх ты, лёд-гвалтоўнік!
Што ты вытвараеш?
Ты на што вадзіцу
Крыўдзіш і ўшчуваеш?
Бедненькай, ёй цёмна,
Цесна пад табою.
Хай жа пагамоніць,
Мілая, са мною!
(«На рэчцы зімою»)

У рэчываў малекулярнай будовы, у тым ліку ў вадзе, сілы ўзаемнага прыцягнення паміж малекуламі слабейшыя за хімічныя сувязі, таму гэтыя рэчывы легкаплаўкія. Так, вада плавіцца пры тэмпературы ўсяго 0 °С (для параўнання: крэмнезём – асноўная частка пяску – рэчыва немалекулярнай будовы, плавіцца пры 1713 °С; крышталічны ёд, хоць і мае малекулярную будову, плавіцца пры 186 °С). Вось праходзіць зіма, сонца пачынае больш грэць – і крышталікі лёду разбураюцца, рэчыва пераходзіць у вадкі стан:

Сонца грэе, прыпякае,
Лёд на рэчцы затрашчаў…
(«Песня аб вясне»)

Вада – слабы электраліт, у нязначнай ступені яе малекулы распадаюцца на іоны Н+ і ОН-. У нейтральным асяроддзі канцэнтрацыя гэтых іонаў аднолькавая, у кіслым асяроддзі большая канцэнтрацыя іонаў Н+, у шчолачным – ОН-. І глебы таксама бываюць кіслыя, нейтральныя, шчолачныя. Расліны, якія прыстасаваны да пэўных паказчыкаў канцэнтрацыі гэтых іонаў у глебе, называюцца індыкатарамі глебаў. Канюшына, хвошч, верасы і іншыя расліны – індыкатары кіслых глебаў. Большасці культурных раслін патрабуюцца нейтральныя або слабашчолачныя глебы. Вось што пра гэта сказана ў Коласа:

Край наш бедны,
край наш родны!
Лес, балоты і пясок…
Чуць дзе луг
крыху прыгодны –
Хвойнік, мох ды верасок.
(«Песня аб вясне»)

Тут згадваюцца расліны – індыкатары кіслых (рН<7) глебаў.

Аснову літасферы – цвёрдай абалонкі Зямлі – складаюць злучэнні крэмнію, у тым ліку аксід крэмнію (IV), або крэмнязём SiO2. Найбольш чыстым лічыцца рачны SiO2, паколькі дамешкі арганікі, якія заўсёды прысутнічаюць у навакольным асяроддзі, у рэках вымываюцца цячэннем. Рачны пясок белы або крыху жаўтаваты:

І ўсхліпвае рэчка
ў пясках залатых,
Як маці па дзецях сваіх…
(«На рэчцы»)

На дне пясочак
жоўты, чысты,
Вадою згладжаны, зярністы.
(«Новая зямля»)

Газа – адна з фракцый перагонкі нафты. Як і нафта ў цэлым, яна складаецца з вуглевадародаў. Іх гарэнне – прыклад экзатэрмічных рэакцый, пры якіх выдзяляецца цеплыня:

На току ў дзяцькі,
бы ў святліцы,
Маркотна свеціць
блеск газніцы;
Дрыжыць агеньчык сіратліва,
Убокі ходзіць палахліва.

Браджэнне – ферментатыўнае расшчапленне вугляводаў. З гэтай з’явай мы сутыкаемся, напрыклад, у хлебапячэнні:

Дзень быў святы.
Яшчэ ад рання
Блінцы пякліся
на сняданне <…>.

Услон заняў сваё ўжо месца,
На ім стаяла дзежка цеста,
І апалонік то і дзела
Па дзежцы боўтаў
жвава, смела
І кідаў цеста ў скавародкі.
Давала піск яно кароткі,
Льючыся з шумам на патэльні,
І ў жар стаўлялася пякельны;
І там з яго ўжо ўвачавідкі
Пякліся гладзенькія пліткі
Блінцоў з-пад нізу
наздраватых,
Угору пышна, пухла ўзнятых.
(«Новая зямля»)

Пры гэтым адбываюцца наступныя хімічныя рэакцыі:

1) гідроліз крухмалу: (C6H10O5)n + nH2O --> nC6H12O6;
2) браджэнне глюкозы: С6Н12О6 --> 2С2Н5ОН + 2СО2.

Вуглякіслы газ СО2, які ўтвараецца пры спіртавым браджэнні, робіць цеста, як сказана ў Коласа, «наздраватым», з-за чаго яно прапякаецца не толькі звонку, але і знутры (у працілеглым выпадку мякіш мог бы застацца сырым). Пры награванні газ пашыраецца, таму і чутны пры лопанні пухіркоў у цесце піск.

Пад уплывам бактэрый у ротавай поласці вугляводы ператвараюцца ў кіслоты, а апошнія пераводзяць нерастваральныя мінеральныя рэчывы зубоў у растваральныя:

Цукеркі дзеду – не, не любы,
Няхай іх к ляду: псуюць зубы.
Ды лепш не знаць іх,
ну іх к ляду,
Гэту дзявочую прынаду!
(«Новая зямля»)

Дым – дысперсная сістэма, дзе цвёрдыя часцінкі размеркаваны ў асяроддзі газу. Гэтая сістэма здаўна выкарыстоўваецца ў пчалярстве дзеля ўціхамірвання пчол:

Дай дыму ім! дай,
Дай ім дыму!..
Га, трохі ёсць!
Давайце выму, –
Кандрат дзялянку падразае,
І крэхча, бедны, і пацее,
Пчала ад дыму
бы п’янее <…>.
(«Новая зямля»)

А вось прыклад кіравання працяканнем хімічнай рэакцыі, няхай і на побытавым узроўні: «Лабановіч павыбіраў лісткі і брашуркі, падлажыў пад іх запалку. Папера загарэлася». Г. зн. рэчыву (паперы) была паведамлена энергія актывацыя, з-за чаго яно аказалася здольным да хімічнага ператварэння. І далей: «Андрэй патрос яе ражончыкам, каб апроч чорнага пораху, нічога не засталося…". («На ростанях».)

«Патрос ражончыкам» дзеля павелічэння паверхні сутыкнення рэагуючых рэчываў – цэлюлозы паперы і кіслароду паветра. Рэакцыя, якая пры гэтым адбывалася, можа быць апісана ўраўненнем: (C6H10O5)n +6nO2 --> 6nCO2 + 5nH2O.

Хімія – прыродазнаўчая навука. І для любой кнігі па прыродазнаўству эпіграфам могуць стаць радкі Якуба Коласа з трылогіі «На ростанях»:

«О, прырода! Колькі вялікага задавальнення дае нам яна! Бо прырода – найцікавейшая кніга, якая разгорнута прад вачыма кожнага з нас. Чытаць гэту кнігу, умець адгадаць яе мнагалучныя напісы – хіба ж гэта не ёсць шчасце?»

Паводле: Наша слова № 20 (1067) 16 мая 2012 г.