26 чэрвеня ў Вільні адбылася фінальная гульня конкурсу «Што я ведаю пра Еўропу 2012?». У ёй прымалі ўдзел 3 школьныя каманды: «Таварыства ананімных еўрапейцаў» (Брэст), «Еўра-М» (Магілёў) і «Разам» (Маладзечна). Вельмі прыемна адзначыць, што гульня праходзіла адначасова на тэрыторыі дзвюх краін Еўрасаюза, бо адбывалася гэта спаборніцтва ў амбасадзе Швецыі ў Літве. Чальцоў каманд, настаўнікаў, арганізатараў і сябраў журы гасцінна прынялі, пачаставалі і запрасілі на гульню гаспадары, якія стварылі вельмі добрыя ўмовы для правядзенння конкурсу.
Напомнім, што сёлетні конкурс пры дапамозе амбасады Швецыі арганізаваны Ініцыятыўнай групай Клуба еўрапейскіх настаўнікаў, грамадскім аб’яднаннем «Адукацыйны цэнтр “ПОСТ”», Асветніцкай ўстановай «Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый» пры падтрымцы Асацыяцыі па міжнародных пытаннях (Чэхія), Міжнароднага кансорцыюма «ЕўраБеларусь», Офіса за дэмакратычную Беларусь (Бельгія) і Праваабаронча-асветніцкага грамадскага аб’яднання «Рух “За Свабоду”».
У гэтым годзе тэмай спаборніцтваў школьных каманд была выбрана наступная: «Еўрасаюз: учора, сёння, заўтра». Першы конкурс называўся «Геральдычная карта Еўрапейскага Саюза». Арганізатары падрыхтавалі вялікія контурныя карты, на якіх кожная каманда павінна была правільна падпісаць назвы еўрапейскіх краін і на месцы кожнай змясціць налепку яе герба. З першым выпрабаваннем школьнікі справіліся вельмі добра: дзве каманды з Брэста і Магілёва не дапусцілі памылак, а прадстаўнікі Маладзечна раз памыліліся. Трэба заўважыць, што гэта спаборніцтва сваёй складанасцю вельмі ўразіла назіральнікаў з гасцей, а адзін сябар журы нават па сакрэту прызнаўся, што сам ён ні за што б не разабраўся правільна з гэтай сімволікай. Дзеці ж добра падрыхтаваліся і з нецярпеннем чакалі наступнага выпрабавання.
Другім конкурсам было хатняе заданне «Жывая прэзентацыя адной з краін-заснавальніц ЕС».
Каманды яшчэ дома рыхтавалі матэрыял аб шасці краінах (ФРГ, Бельгія, Нідэрланды, Люксембург, Францыя, Італія) і прадумвалі сваю прэзентацыю. Жэраб’ёўка, у якой прынялі ўдзел капітаны каманд, вызначыла краіну і паслядоўнасць выступлення.
Інтрыгу стварала тое, што, па ўмовах спаборніцтва, каманды не павінны былі адразу называць сваю краіну. Задача журы – здагадацца, пра якую краіну ідзе размова.
Крытэрыі ацэнкі конкурсу:
- пазнавальнасць (каб напрыканцы прэзентацыі журы само назвала гэтую дзяржаву);
- унікальнасць (паказаць рысы, адметныя толькі для гэтай краіны);
- інфармацыйнасць (насычанасць інфармацыяй на гадзіну часу);
- арыгінальнасць формы прэзентацыі;
- рэгламент (7–10 хвілін).
Пасля падрыхтоўкі каманды пачалі прадстаўляць свае краіны. Гэта былі сапраўдныя імпрэзы! Гасцей і журы каманда «Таварыства ананімных еўрапейцаў» запрасіла паназіраць за сяброўскай вечарынай краін-заснавальніц, дзе ў нефармальнай абстаноўцы з добрым пачуццём гумару ішла размова аб актуальных пытаннях ЕС. Але гэты варыянт презентацыі крыху адцягнуў увагу ад самой краіны, якую прадстаўляла каманда з Брэста – Германіі.
«Еўра-М» запрасіла на экскурсію па Італіі, якую па чарзе праводзілі ўсе чальцы каманды, дэманструючы шырокую эрудыцыю, грунтоўныя ведыі і ўвагу да сувязяў гэтай краіны з Беларуссю. Крыху засмучае, што пры гэтым «экскурсаводы» карысталіся інфармацыяй, якую чыталі з лістоў.
Каманда «Разам» з Маладзечна запрасіла ўсіх на тэлепраграму «Інтэрв’ю з герцагам», паказаўшы сапраўдны крэатыў і інтэрактыў.Але такая цікавая форма не выратавала іх ад памылак на веданне фактаў, што адразу заўважыла нашае журы. Як вынік: пытанне ўсім камандам на веданне еўрапейскіх інстытуцый, адказ на якое паказаў недастатковыя веды ў гэтай галіне. Ёсць яшчэ над чым працаваць на наступных конкурсах!
Пасля кава-перапынку, на якім усе крыху адпачылі, пачалася заключная частка гульні. быў «конкурс-сюрпрыз» на веданне неафіцыйных сімвалаў Еўропы. Па чарзе на экранез’яўляліся розныя выявы пад нумарамі (фота, малюнкі і інш.). Усяго 28, бо сярод 27 краін Еўрасаюза трэба было пазнаць яшчэ і Беларусь.
Напрыклад, на слайдзе № 27 можна пазнаць Ірландыю па антуражы свята Святога Патрыка, а на слайдзе № 14 па кубіку Рубіка можна «вылічыць» Венгрыю. Усе 28 сімвалаў не пазнаў ніхто, бо заблыталіся са Славеніяй, Славакіяй і Кіпрам. Конкурс ацэньваўся па палове бала за правільны адказ, бо ўсё ж такі гэта сюрпрыз-жарт.
Наступны конкурс – брэйн-рынг «ВКЛ у кантэксце еўрапейскай гісторыі». Гэтае выпрабаванне правярала не толькі і не столькі веды, але яшчэ і хуткасць рэакцыі, здольнасць рызыкаваць і імправізаваць. Вядучы задаваў пытанні розных узроўняў складанасці, каб абвастрыць ці, наадварот, крыху сцішыць спаборніцтва-канкурэнцыю. Час паразважаць – хвіліна (калі ніхто не адказвае правільна – пытанне здымаецца).
Прыклад конкурсных пытанняў брэйн-рынга:
Узровень пытання: просты.
Пытанне: Зараз успомніце і скажыце нам, як гучала палітычнае крэда вялікага князя Гедыміна?
Адказ: Старыны не рухаць, навіны не ўводзіць.
Каментарый вядучага: Княжыў 15 гадоў. Бацька сямі сыноў і пяці дачок. Пры ім заснаваны Лідскі, Крэўскі і Віленскі замкі. Загінуў пры аблозе крэпасці Баербург. Улада ў дзяржаве з гэтага часу стала спадчыннай.
Узровень пытання: сярэдні.
Пытанне: Лічыцца, што гэтая пасада ўпершыню з’явілася ў Расіі пасля рэвалюцый 1917 г., але яшчэ ў ВКЛ чалец камісіі, прызначанай вялікім князем, радай або сеймам для выканання пэўнага даручэння, называўся таксама.... Падказка: у ЕС іх 27.
Адказ: Камісар. Ад французскага – упаўнаважаны.
Каментарый вядучага: У склад Еўрапейскай камісіі ўваходзяць 27 камісараў.
Узровень пытання: высокі.
Пытанне: Гэтая міфічная істота прысутнічае не толькі на гербе беларускага горада Слуцка, але і на эмблеме шведскіх верталётчыкаў. Што за істота?
Адказ: Пегас.
Каментарый вядучага: Герб Слуцка, атрыманы ў 1652 годзе, і эмблему шведскіх верталётчыкаў аб’ядноўвае крылаты конь – Пегас.
Гульня адбылася вельмі цікавая. На пытанне пра Пегаса школьнікі адказалі, а пра камісараў – не, успомніўшы і канцлераў і дэпутатаў. Гэта, разам з іншымі адказамі, дае вялікую глебу для асмыслення. А перамагла ў гэтым спаборніцтве каманда «Таварыства ананімных еўрапейцаў», у першую чаргу, дзякуючы свайму капітану.
Апошнім быў конкурс на агульную эрудыцыю – медыя-азбука «Гістарычныя еўрапейскія гарады». Як жа ўсё адбывалася?
На экране з’яўляецца літара і нейкая выява (у асноўным гэта фота), вядучы чытае пытанне. Каманды ўпісваюць адказы ў бланк, які здаецца журы на праверку. З заданнем дзеці справіліся вельмі добра, а некаторыя складаныя пытанні па такіх гарадах, як Цюбінген ці Еленя Гура, пакінем на сумленні журы і адзначым каманду «Еўра-М», якая адзіная ўсё ж такі пазнала горад Ясы.
Прыклады заданняў медыя-азбукі:
Літара: Г
Пытанне: Горад-камуна, горад-рэспубліка, горад-дзяржава. Шмат стагоддзяў уладарыла на марах. Радзіма Ніколы Паганіні і Хрыстафора Калумба.
Адказ: Генуя.
Літара: К
Пытанне: Горад увайшоў у гісторыю, дзякуючы падпісанай тут уніі паміж Швецыяй, Даніяй і Нарвегіяй.
Адказ: Кальмар.
Пасля заканчэння апошняга конкурса падводзяцца агульныя вынікі, якія выводзяцца на экран, абвяшчаецца каманда-пераможца і адбываецца ўзнагароджванне. Трэба сказаць, што журы папрацавала на славу.
Вынікі конкурса наступныя:
У фінале ІХ Нацыянальнага конкурсу школьных каманд «Што я ведаю пра Еўропу?» перамагла каманда з Брэста «Таварыства ананімных еўрапейцаў», якая атрымала ў якасці галоўнага прыза – вандроўку па Еўропе на будучых восеньскіх вакацыях.
Пасля ўрачыстых віншаванняў, падарункаў і цёплых словаў ды фота на памяць, каманды адправіліся адпачываць. На другі дзень іх чакала экскурсія па Вільні і іншыя прыемнасці.
Паважаныя сябры!
Арганізатары конкурса «Што я ведаю пра краіны Еўропы?» запрашаюць да ўдзелу школьныя каманды з усёй Беларусі. Наступны конкурс – юбілейны: амаль 10 гадоў назад адбылося першае спаборніцтва. Сачыце за нашымі абвесткамі!
Алена Палейка (ліцэй №2 г. Мінска)
Фінал ІХ Нацыянальнага конкурсу школьных каманд «Што я ведаю пра Еўропу?» (Фота, пераможцы, адказы на пытанні)
13.07.2012