Патэнцыял настаўніка не выкарыстоўваецца

26.11.2012

Доўгі час працуючы настаўнікам і ўспамінаючы пройдзены шлях, раблю выснову, што сапраўдны патэнцыял настаўніка выкарыстоўваўся нерацыянальна, нічога не змянілася і цяпер.

Гэты допіс – мой водгук да публікацыі ад 5 кастрычніка («РГ» №40) «Настаўнік цяпер не ў пашане?».

Настаўніка загружалі работай, якая ніяк не ўпісвалася ў яго абавязкі, з’яўляліся бясконцыя рэформы і папяровая творчасць, праверкі. Тут справа не толькі ў нізкім заробку, але і ў безабароннасці настаўніка.

Сеяць разумнае, добрае, вечнае

Мець добрае пакаленне хочуць усе: і сям’я, і грамадства, а найбольш дзяржава, каб збіраць потым ураджай з пасеянага.

Мяне, калі я працаваў ў розных галінах, а найбольш – настаўнікам, хвалявала не толькі, як навучыць, а і як выхаваць чалавека. І не толькі вучняў, але і сваіх дзяцей. Настаўнік – той, хто можа перш за ўсё выхаваць сваіх дзяцей, а не нейкі тэарэтык. І самая складаная праца – гэта праца настаўніка.

Ён, як на рэнтгене, бачны з усіх бакоў і павінен быць прыкладам для ўсіх як у грамадскім, так і ў асабістым жыцці.

Праца такога чалавека павінна быць высокааплатнай, бо хто возьме на сябе такую цяжкую ношу, не маючы дастойнага заробку?

На жаль, дзяржаўныя дзеячы і чыноўнікі гэтага не разумеюць. Ды і многія з іх, маючы педагагічную адукацыю, адракліся ад яе і пайшлі займаць кіраўніцкія пасады па пратэкцыі, часта кіруючы той самай адукацыяй.

Калі чалавек ім становіцца?

Але давайце разбяромся, што можна зрабіць у гэтым становішчы?

Чалавек можа стаць чалавекам, калі жыве ў грамадстве. Ёсць многа прыкладаў, калі дзеці траплялі да жывёл і не ўмелі гаварыць. Не было мыслення і свядомасці. І калі тыя вярталіся да людзей, то мысленне і свядомасць не ўзнікалі або выпрацоўваліся з цяжкасцю.

Першая выснова. Чалавек можа стаць чалавекам, калі жыве сярод людзей, і першы настаўнік – яго асяроддзе. А хто гэта вызначае ў нашым паўсядзённым жыцці? Сям’я!

Не ўмеючы чытаць, дзіця чытае кнігу жыцця сям’і. І тое, што ён там чытае, застаецца на ўсё жыццё. А каб ужо нешта ў ім перайначыць, трэба прыкласці шмат намаганняў.’

Калі ён штодня чуе нецэнзурныя словы, то ён будзе іх гаварыць несвядома замест слоў «тата» і «мама».

Не будзе здаровага грамадства, калі хварэе сям’я

Вось адкуль пачынаецца выхаванне. Гэта ўжо пасеялі, а настаўнік павінен даглядаць за пасевамі, каб вырасціць добрае.

Многія настаўнікі скардзяцца на цяжкасці ў працы, і справядліва скардзяцца. Але гэта наша работа, і прафесіянал-настаўнік павінен знайсці шляхі да кожнага вучня. У іншым выпадку дабіцца паслухмянасці можна толькі як у сярэднявеччы, сеючы страх жорсткай дысцыплінай. Так можна дабіцца многага. Але каму будуць патрэбныя ў далейшым жыцці зацюканыя салдацікі?

У распараджэнні настаўніка не так ужо і многа сродкаў выхавання.

Слова

Слова. Але яго на ўсіх не хапае. Бо ў школе і садзе – калектыўнае выхаванне. Яно можа шліфаваць сямейнае. Палічыце. У садку, школе прыкладна па 20 выхаванцаў на кожнага выхавальніка. Колькі ж хвілін у такім разе можа ўдзяліць выхавальнік дзіцяці, тым больш, што яны такія розныя? Хвілін 5–10 на дзень. Што можна зрабіць за гэты час? Толькі паўтарыць тое, што яны ведаюць і ўмеюць.

Дык няма чаго перакладаць на школу ўвесь груз выхавання чалавека. Тут трэба ўлічыць уплыў грамадскага атачэння. Мы яго амаль страцілі. Памятаю, у вёсцы, калі дзіця ўчыніла што-небудзь дрэннае, то вясковец не палянуецца прыйсці да бацькоў і пра гэта расказаць. А аўтарытэт сям’і ў вёсцы для бацькоў значыў вельмі многа.
Дзеці ўсе розныя. Нават па імені. Мяне здзіўляюць выпадкі, калі дзецям надаюць зусім недарэчныя імёны. Часам такія, якіх і не існуе. А імя павінна супадаць з часам нараджэння, знакамі задыяка, бо касмічны ўплыў на чалавека знаходзіць усё больш доказаў. Многія людзі ўсё жыццё адчуваюць сябе няўтульна пад іменем, якое яны носяць, а потым і ў прафесіі, якую яны або іх бацькі абралі.

Характар

Гэта яшчэ адзін напрамак, які не выкарыстоўвае наша педагогіка. Чатыры стыхіі: агонь, паветра, зямля, вада. Яны суадносяцца са знакам задыяка. Чатыры тыпы характару чалавека: флегматык, халерык, меланхолік, сангвінік. У чыстым выглядзе сустракаюцца рэдка.

Але флегматычны бухгалтар, праграміст, чарцёжнік – гэта добры працаўнік. А пастаўце яго гандляваць. У яго можа адбыцца нервовы стрэс. У дадзеным выпадку халерык будзе адчуваць сябе вельмі добра, але не зможа выконваць аднастайную работу. Артыст-меланхолік таксама будзе на сваім месцы.

Чаму гэта адзначаю? У апошні час ідуць вучыцца, кіруючыся толькі колькасцю балаў, абы толькі паступіць. А потым самі мучацца і мучаць іншых. Асабліва гэта тычыцца прафесій, дзе трэба працаваць з людзьмі: дактары, настаўнікі, а найбольш – кіраўнікі.

Кіраўніком можа быць не кожны. Суадносіць патрабавальнасць, чалавечнасць і дабрыню – гэта дар божы. Вось і ступаюць многія кіраўнікі па галовах падначаленых. Квітнеючую дэмакратычную дзяржаву могуць пабудаваць кіраўнікі ўсіх узроўняў – высокаадукаваныя, усебаковаразвітыя. Вось колькі многа невядомых, як у матэматыцы, трэба знайсці, каб пасеяць, вырасціць і сабраць ураджай для грамадства.

Ці будзе добры плён у выхаванні?

Ці ёсць надзея, што калі-небудзь гэта адбудзецца?

На гэта цяжка адказаць, пакуль за аснову павагі да чалавека бярэцца не духоўнасць, а часцей за ўсё адукацыя, пасада.

А можна павучыцца ў нашых продкаў, якія, будучы неадукаванымі, лепш умелі выхоўваць дзяцей ў сям’і. І павага да старэйшых была адным з важных элементаў нацыянальнай культуры.

З дагістарычнага часу на некалькіх дзяцей выдзяляўся адзін чалавек – маці. Яна заўсёды была побач, і яе праца заўсёды цанілася. Яна была найлепшым выхавальнікам.

Цяпер жа ў наша жыццё ўвайшлі дзіцячыя сады, школы і неяк нябачна стаў змяншацца ўплыў жанчыны-маці, якая пайшла працаваць, перадаверыўшы працу па выхаванні дзяцей паточнаму або нават казарменнаму метаду. І дзеці, пазбаўленыя ўвагі сям’і, растуць і спараджаюць мноства праблем.

Такім спосабам цяжка выхаваць высокамаральнага чалавека, а бездухоўны чалавек перадавога грамадства не патрабуе.

Зразумела, ніхто бездухоўных людзей спецыяльна не рыхтуе. Яны самі ўзнікаюць як пустазелле на дрэнна апрацаванай глебе. Такія людзі ўзнікаюць там, дзе няма культурна-маральнага асяроддзя для пасеву і гадавання высокамаральнага чалавека, нават пры добрым уплыве сям’і, школы. Яны вучаць некалькі дзяцей, а тэлебачанне, Інтэрнэт і іншыя сродкі – мільёны.

Уладзімір Ляшкевіч (настаўнік-пенсіянер з Вілейкі), Рэгіянальная газета