Пра школу і яе гора-рэфарматараў

12.01.2013

Лявон Баршчэўскі, «Народная воля» 

Штогод грамадскае аб’яднанне “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” арганізуе дадатковае вывучэнне беларускай мовы і гісторыі для тых школьнікаў, чые бацькі адчуваюць трывогу за сённяшні ўзровень валодання іх дзецьмі роднай мовай і элементарнымі гістарычнымі ведамі.

Першыя заняткі мы, выкладчыкі, звычайна прысвячаем тэсціраванню і апытанню нашых вучняў, прычым імкнёмся задаваць ім пытанні або праводзіць з імі тэсты і па літаратуры, і па геаграфіі, і па іншых абавязковых прадметах школьнай праграмы. Але я і мае калегі, вельмі вопытныя педагогі са шматгадовым стажам, апошнім часам — і асабліва пачынаючы з 2009 года — сталі заўважаць, што ўзровень базавых ведаў вучняў пачаў рэзка зніжацца.

Вось некалькі ўрыўкаў з дыялогаў выкладчыкаў і наведвальнікаў нашых заняткаў.

Дыялог першы.

Выкладчык. Скажыце, калі ласка, калі адбылася Грунвальдская бітва?

Вучань К. (васьмікласнік мінскай школы, мае адзнаку “сем” па гісторыі Беларусі): М-м-м... Недзе ў шаснаццатым стагоддзі.

Дыялог другі.

Выкладчык. Скажыце, калі ласка, што такое мерыдыян?

Вучань С. (сямікласнік мінскай школы, які мае адзнаку “восем” па геаграфіі): Ой, у нас геаграфію амаль што не выкладаюць; настаўніца часта хварэе, дык нас падчас заняткаў водзяць бясплатна глядзець хакей...

Дыялог трэці.

Выкладчык. Якія вы ведаеце формулы скарочанага множання?

Вучаніца А. (сямікласніца школы з Мінскага раёна, мае адзнаку “сем” па матэматыцы): Нешта не магу нічога ўспомніць...

Дыялог чацвёрты.

Выкладчык. Як называюцца тры асноўныя роды літаратуры?

Вучаніца Г. (васьмікласніца мінскай гімназіі, мае адзнаку “восем” па беларускай літаратуры): Ой, мы гэта, здаецца, не праходзілі! (Вывучэнню родаў і жанраў літаратуры, паводле школьнай праграмы, прысвечаны ўвесь сёмы клас. — Л.Б.).

Прайшло вось ужо чатыры з паловай гады ад пачатку апошняй, “рэвалюцыйнай”, рэформы школьнай адукацыі, што была запушчана беларускімі ўладамі летам 2008 года. Гэта той тэрмін, які дае магчымасці зрабіць досыць глыбокія, абгрунтаваныя высновы аб яе змесце і эфектыўнасці.

Яшчэ на пачатку таго самага 2008 года на нарадах і мерапрыемствах самага рознага ўзроўню актыўна абмяркоўваўся працэс завяршэння пераходу на 12-гадовае навучанне ў сярэдняй школе, усхваляліся дасягненні ў галіне стварэння профільнага навучання, рыхтаваліся да выдання паралельныя навучальныя дапаможнікі для 12-х класаў сярэдняй агульнаадукацыйнай школы, а таксама для ліцэяў і гімназій. І раптам, калі ўжо надышла вясна, была створана так званая “міжведамасная камісія” на чале з тагачасным намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Анатолем Рубінавым. У сваіх інтэрв’ю гэты чыноўнік у званні акадэміка пачаў падкрэсліваць, што, маўляў, у той час, калі ён сам вучыўся ў сярэдняй школе (а гэта была сярэдзіна 1950-х гадоў), існавала “вельмі добрая сістэма адукацыі”. У канцы мая 2008 г. было абвешчана, што міжведамасная камісія прыйшла да радыкальнай высновы: 12-гадовая агульная адукацыя Беларусі зусім не патрэбная і нават шкодная. А Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю Першаму нацыянальнаму тэлеканалу крыху рассунуў заслону над галоўным матывам новай рэформы: “Вяртанне да адзінаццацігодкі дазволіць дзяржаве сэканоміць”. Кіраўнік дзяржавы пры гэтым удакладніў, што, калі б у Беларусі і ў далейшым практыкавалася 12-гадовая форма навучання ў школах, гэта кожны год патрабавала б дадатковага фінансавання ў памеры каля 150 млрд рублёў (у цэнах 2008 года. — Л.Б.). Гэтымі сродкамі быццам бы вырашылі, паводле слоў Галоўнага Педагога, распарадзіцца па-іншаму: “Гэтыя грошы мы лепш аддадзім на стыпендыі і зарплаты настаўнікаў. На працягу гэтай пяцігодкі мы паставім сярэднюю школу на правільныя рэйкі, і яна будзе развівацца далей”.

Зразумела, што ніякага грамадскага абмеркавання працэсу “пераскоквання” ад адной рэформы (што пачыналася яшчэ ў 1997 годзе) да іншай і блізка не было. Прэзідэнцкі ўказ аб правядзенні новай рэформы быў падпісаны ўжо ў сярэдзіне лета, калі большасць педагогаў знаходзілася ў чарговых адпачынках. Затое сваіх летніх адпачынкаў не дачакаліся тады супрацоўнікі Інстытута адукацыі, якія атрымалі рэвалюцыйнае заданне на працягу прыкладна аднаго месяца стварыць новыя навучальныя праграмы для цяпер ужо 11-гадовай агульнаадукацыйнай школы. Вучні, што збіраліся прыйсці ў верасні 2008 года ў перадапошні, адзінаццаты клас школы, ліцэя або гімназіі, і іх бацькі раптам даведаліся, што яны ўжо будуць вучыцца ў выпускных класах і што іх чакае навучанне па скарочаных праграмах.

Натуральна, што для навучання па новых праграмах да верасня “года вялікага пералому” не існавала патрэбных падручнікаў, іншых дапаможнікаў. Быў у аўральным парадку аб’яўлены конкурс на напісанне такіх падручнікаў, і адзіным выразным патрабаваннем было тое, каб іх аб’ём не перавышаў 15 улікова-выдавецкіх лістоў. Ні пра якія паралельныя навучальныя дапаможнікі, у адрозненне ад папярэдняй рэформы, гаворка ўжо не ішла. Варта таксама нагадаць чытачам, што яшчэ ў 1995 годзе была ўведзена ідэалагічная цэнзура на навучальныя дапаможнікі па прадметах сацыяльна-гуманітарнага цыкла: указам прэзідэнта была створана спецыяльная камісія, закліканая даваць адпор пранікненню ў вучэбную літаратуру “нацыяналістычнага духу” і “чужых нам заходніх каштоўнасцяў”. Натуральна, спачатку гэтая камісія мела вельмі малы ўплыў на пазіцыю педагагічнай грамадскасці і ў шэрагу выпадкаў, наступаючы сабе на горла, прапускала ў друк не да канца скалечаныя рукапісы. Але ж з другой паловы 1990-х гадоў у асяроддзі прэзідэнта стала прапагандавацца ідэя аб стварэнні і навязванні беларускаму грамадству нейкай адзінай і абавязковай “дзяржаўнай ідэалогіі”, хоць у артыкуле 4 дзейнай Канстытуцыі Беларусі чорным па белым запісана: “Дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь рэалізуецца на аснове разнастайнасці палітычных інстытутаў, ідэалогій і поглядаў”.

Трэба сказаць, што за чатыры апошнія гады падручнікі для наноў рэфармаванай школы збольшага ўжо напісаныя. Што праўда, вучэбныя кнігі, напрыклад, па беларускай і рускай мовах і літаратуры або па грамадазнаўстве сведчаць толькі пра тое, што іх аўтары — разумныя людзі, якія шчыра вераць, што дзевяцікласнікі ці выпускнікі агульнаадукацыйнай школы здолеюць мала што не аўтаматычна загаварыць іхнім прафесійным жаргонам, а дэталёвае вывучэнне прэфіксаў, суфіксаў, постфіксаў, інфіксаў, пастаноўкі косак, двукосся, кропкі з коскай, працяжнікаў навучыць падлеткаў і маладых людзей хоць колькі-небудзь выразна фармуляваць свае думкі ў вусным або пісьмовым маўленні...

У сваю чаргу складальнікі вучэбнай праграмы па біялогіі для 10-га класа неяк падзабылі, на якім курсе біяфака яны ў свой час праходзілі гэты самы матэрыял; аўтары ж праграм па матэматыцы, напрыклад, вырашылі (відаць, назло ўсёй Еўропе і цывілізаванаму свету) выключыць з праграм і падручнікаў тэму “асновы камбінаторыкі і тэорыі імавернасці” — відавочна патрэбную ў будучым жыцці тым маладым людзям, чыя матэматычная адукацыя мае закончыцца ў сярэдняй школе.

Згодна з новым вучэбным планам, у 2008 годзе была рэзка скарочана агульная колькасць гадзін па шмат якіх школьных дысцыплінах (у тым ліку па роднай і замежных мовах), а некаторыя прадметы наогул з гэтых планаў зніклі. Да прыкладу, больш не вывучаецца ў школе такая дысцыпліна, як “Айчынная і сусветная мастацкая культура”. Падрыхтоўка спецыялістаў па гэтым прадмеце, дарэчы, вялася на працягу папярэдніх дзесяці гадоў у шэрагу ВНУ краіны, у тым ліку на платнай аснове. Можна сабе ўявіць, што адчулі дыпламаваныя спецыялісты, якія часам заплацілі немалыя сумы за адукацыю па абранай спецыяльнасці — калі ўсе яны раптам апынуліся зусім не патрэбнымі ў сістэме сярэдняй адукацыі, у сваіх галоўных патэнцыйных працадаўцаў! Ані прэзідэнт, ані намеснік кіраўніка ягонай адміністрацыі на такую “драбязу” ўвагі не звярнулі... Між іншым, і працытаваныя намі раней словы Найвышэйшага Кіраўніка аб тым, што беларускіх педагогаў чакае істотнае павышэнне заробкаў, так і засталіся адно што словамі. Сёння беларускі настаўнік сярэдняй школы, маючы 15-гадовы педагагічны стаж і поўную стаўку, зарабляе штомесяц не больш за два з паловай мільёны беларускіх рублёў. Дарэчы, некалькі дзён таму ў мяне была магчымасць задаць пытанне наконт памераў зарплаты настаўніка ў суседняй Літве непасрэдна намесніку міністра адукацыі гэтай краіны спадарыні Нерыі Пуцінайтэ. Паводле яе слоў, у аналагічных умовах літоўскі настаўнік цяпер зарабляе прыкладна 800 еўра штомесяц. Гэта пры тым, што ў параўнанні з Беларуссю цэны на многія-многія рэчы ў Літве значна ніжэйшыя.

У кастрычніку гэтага года на сумеснай прэс-канферэнцыі беларускага міністра адукацыі Сяргея Маскевіча і старшыні афіцыйнага прафсаюза работнікаў адукацыі Аляксандра Бойкі было прызнана, што “сярэдняя зарплата настаўнікаў у Беларусі за няпоўныя два гады знізілася на 95 долараў”.

Вернемся, аднак, да зместу беларускай рэформы школьнай адукацыі 2008 года. Рэформа ўзаконіла фактычную ліквідацыю профільнага навучання ў старэйшых класах сярэдняй школы, а створаныя ў Беларусі за апошнія 20 гадоў некалькі сотняў гімназій і ліцэяў, па сутнасці, ператварыліся ў фікцыю. Адзіныя праграмы, адзіныя і безальтэрнатыўныя (з адзінкавымі выключэннямі) падручнікі, фактычна адзіныя нормы фінансавання прыводзяць да таго, што ўся розніца паміж звычайнай школай постсавецкага тыпу, з аднаго боку, і ліцэем або гімназіяй, з другога, палягае ў крыху іншай напаўняльнасці класаў ды... у самой назве: пасля немілагучнай абрэвіятуры ДУА (дзяржаўная ўстанова адукацыі) стаіць слова “ліцэй”, “гімназія” або проста “агульнаадукацыйная сярэдняя школа”.

Рэформа 2008 года прывяла таксама да далейшага паглыблення дыскрымінацыі тых вучняў, што наведваюць агульнаадукацыйныя школы з беларускай, а не з рускай мовай навучання. Гэтыя навучэнцы наогул не маюць сёння цэлага шэрагу падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, у тым ліку мультымедыйных, на абранай іх бацькамі мове навучання. Напрыклад, да гэтага часу вучні беларускамоўных класаў і школ маюць толькі рускамоўныя працоўныя сшыткі па геаграфіі, інфарматыцы, сусветнай гісторыі, грамадазнаўстве; так і не выдадзена беларускамоўная версія падручніка па інфарматыцы для шостага класа... Бацькам немагчыма набыць у свабодным продажы ані атласаў, ані контурных картаў на беларускай мове нават па такім прадмеце, як геаграфія Беларусі!

Дзяржава ўпарта супраціўляецца ідэі стварэння дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе асноўнай мовай навучання была б беларуская, хоць у падтрымку гэтай ідэі актывістамі Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны яшчэ напрыканцы 1990-х гадоў быў сабраны не адзін дзясятак тысяч подпісаў беларускіх грамадзян. Натуральна, што ў такіх варунках на тое, каб вучыць сваё дзіця па-беларуску ў пачатковай, базавай і сярэдняй школе, адважваюцца толькі самыя смелыя і непахісныя ў сваёй беларускасці бацькі.

Самы ж галоўны вынік адукацыйнай “рэвалюцыі”, што пачалася ў 2008 годзе, — гэта поўнае ператварэнне дзяржаўных навучальных устаноў Беларусі ў частку сістэмы ідэалагічнай абслугі сённяшняй прыўладнай групоўкі. Нікога не хвалюе, як працуе ці колькі зарабляе настаўнік школы або выкладчык ВНУ — галоўнае, каб ён выконваў рытуалы лаяльнасці да “вертыкалі” на чале з Самім. Усё гэта ўжо прывяло да трыумфальнай перамогі вядомага яшчэ з савецкіх часоў прынцыпу: “Думаю адно, кажу другое, раблю трэцяе”. Жорсткая цэнтралізацыя адукацыйнай сістэмы, узурпацыя дзяржавай права гаварыць ад імя грамадства, аднак, ні да чога добрага ў найбліжэйшай перспектыве не прывядуць.

Прыняты адразу пасля пагрому апазіцыі 19 снежня 2010 года “Кодэкс аб адукацыі” — апафеоз чыноўніцкага мыслення: разбітыя на 295 артыкулаў 63 раздзелы гэтага дакумента засведчылі, што ў сучаснай Рэспубліцы Беларусь нават такія пытанні, як арганізацыя ўстаноў пазашкольнай адукацыі дарослых, павінны ў канчатковым выніку вырашацца асабіста прэзідэнтам краіны (!).

Я заўсёды лічыў і цяпер лічу, што занадта моцны сверб рэфармавання ў такой далікатнай галіне, як сярэдняя адукацыя, ні да чога добрага не прыводзіць. Але катастрафічныя вынікі “рубінаўскай” рэформы могуць быць пераадолены цяпер толькі напраўду радыкальнымі захадамі: перадачай вялікай колькасці правоў і функцый сённяшніх адукацыйных чыноўнікаў адроджанаму мясцоваму самакіраванню, стварэннем інстытута грамадскай экспертызы любых значных адукацыйных праектаў, далучэннем Беларусі да агульнаеўрапейскай адукацыйнай прасторы, поўным вызваленнем педагога ад выканання “непедагагічных” абавязкаў, дзяржаўным стымуляваннем развіцця сеткі беларускамоўных адукацыйных устаноў усіх узроўняў, вяртаннем заканадаўчай гарантыі ўзроўню дзяржаўнага фінансавання сістэмы адукацыі ў памеры не менш за 10% ад аб’ёму ўнутранага валавога прадукту краіны (гэтая норма заставалася, дарэчы, яшчэ ў версіі Закона аб адукацыі, прынятай “палатамі” ў 2002 годзе). Не зрабіўшы ўсяго гэтага, краіна непазбежна будзе загразаць у балоце тэхналагічнага і інтэлектуальнага адставання не толькі ад усіх сваіх суседзяў.

ДАСЬЕ «НАРОДНАЙ ВОЛІ»

Лявон Баршчэўскі нарадзіўся 4 сакавіка 1958 года ў Полацку. Скончыў там сярэднюю школу №10 і паступіў у Мінскі педагагічны інстытут замежных моў на спецыяльнасць “нямецкая і англійская мовы”. Скончыў ВНУ ў 1980-м. З 1981 года працаваў выкладчыкам кафедры замежных моў Наваполацкага політэхнічнага інстытута. У 1987 годе скончыў аспірантуру пры Мінскім педінстытуце замежных моў. Пасля абароны дысертацыі з’яўляецца кандыдатам філалагічных навук. У 1990 годзе быў абраны народным дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. З 1991 года працуе выкладчыкам і намеснікам дырэктара ліцэя.

З 1989 года з’яўляецца сябрам Саюза пісьменнікаў СССР. Лявон Баршчэўскі выступае ў друку з 1973 года. Працуе ў галіне мастацкага перакладу з нямецкай, польскай, чэшскай, нідэрландскай моў на беларускую. Пераклаў кнігу Б.Брэхта “На шалях праўды” (1988 г.), п’есу С.Мрожака “Танга” (пастаўлена ў 1989 г.), паасобныя творы Я.Врхліцкага, Ф.Кафкі, Г.Ахтэрберга, В.Тэўса, А.Шміт-Заса, А.Кухгофа і іншых. Выступае з артыкуламі па праблемах мастацкага перакладу.