Моўная сітуацыя ў мінскай гімназіі №4 – у цэнтры ўвагі ТБШ

21.02.2013

19 студзеня 2013 г. адбылося чарговае паседжанне Канцылярыі Таварыства беларускай школы. На паседжанні былі папярэдне абмеркаваныя вынікі працы Таварыства ў 2012 годзе, планы стварэння новых суполак ТБШ. Але асноўным пунктам абмеркавання стала праўная і фактычная сітуацыя навучання па-беларуску ў гімназіі №4 г.Мінска.

На паседжанні выступіў прадстаўнік бацькоў беларускамоўных вучняў гімназіі, вядомы скульптар Гэнік Лойка. Ён паведаміў пра змены ў статуце навучальнай установы, паводле якіх колішняя Мінская беларуская нацыянальная гімназія №4 больш не лічыцца гімназіяй з беларускаю моваю навучання: «Асноўнымі мовамі навучання і выхавання ва ўстанове з'яўляюцца беларуская і руская» (пункт 3.2). Як паведаміў Г.Лойка, ён спрабаваў высветліць, калі і кім былі ўнесеныя змены ў статут гімназіі, якія дазваляюць паступова ператварыць яе ў рускамоўную, падчас сустрэчаў з дырэктарам гімназіі Ю.Бандарэнкам і намеснікам міністра адукацыі В.Якжыкам. Але спробы былі марныя: бацьку школьніка адсылалі да Кодэкса аб адукацыі, не адказаўшы на пытанне пра статут канкрэтнай школы.

Г. Лойка таксама ўзняў пытанне аб прафесійнай прыдатнасці педагогаў і супрацоўнікаў гімназіі №4. На ягоную думку, нямала з іх не валодае беларускаю моваю, а тыя, хто валодае, абмяжоўваюцца яе ўжываннем толькі ў часе ўрокаў. Гэта зніжае статус беларускай мовы ў сценах школы, пагаршае якасць адукацыі.

Г. Лойка звярнуўся да Таварыства беларускай школы з просьбай зрабіць захады дзеля абароны канстытуцыйнага права ягоных ды іншых дзяцей на якасную беларускамоўную адукацыю.

Сябры Канцылярыі абмеркавалі праблему. Яны нагадалі, што адпаведна арт.90 Кодэкса аб адукацыі грамадзянам Беларусі забяспечваецца права навучацца па-беларуску ва ўстановах адукацыі з беларускай мовай адукацыі і выхавання. З гледзішча лінгвадыдатыкі ў школах, якія лічацца беларускамоўнымі, неабходна ствараць паўнавартаснае моўнае асяроддзе як для ўрочнай, так і для пазаўрочнай працы, а таксама для ўсіх кантактаў з навучэнцамі ў будынку школы.

Канцылярыя ТБШ прыняла наступныя рашэнні:

1) накіраваць у Міністэрства адукацыі запытанне пра юрыдычную аснову працэдуры надання ўстановам адукацыі статусу беларускамоўных або рускамоўных і кантролю за адпаведнасцю гэтаму статусу;
2) накіраваць дырэктару гімназіі №4 Ю. Бандарэнку запыт пра тое, якая на гэты момант мова навучання ў гімназіі (паводле арт.90 Кодэксу аб адукацыі);
3) выпрацаваць свае прапановы аб уключэнні ў спіс кваліфікацыйных патрабаванняў да педагогаў ды іншых супрацоўнікаў беларускамоўных установаў адукацыі абавязковага практычнага валодання беларускаю моваю, а таксама выпрацаваць дэталізаваны праект крытэраў моўнай кампетэтнасці педагога і падаць яго ў Міністэрства адукацыі, Міністэрства працы ды іншыя зацікаўленыя ведамствы.