Юрась Каласоўскі – пераможца фестывалю педагагічных ідэй (відэа)

04.03.2013

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры з магілёўскай гімназіі №1 стаў пераможцам гарадскога фестываля педагагічных ідэй «Настаўнік года – 2013». На суд журы ён прапанаваў методыку «Актыўная ацэнка».



Завяршыўся гарадскі фестываль педагагічных ідэй «Настаўнік года – 2013». Чым жа пераможца Юрый Каласоўскі ўразіў журы?

Карэспандэнтка: Вынаходзіць веласіпед не прыйшлося: дапамагло супрацоўніцтва з польскімі калегамі, якія ўжо даўно карыстаюцца методыкай «Актыўная ацэнка». Настаўнік першай гімназіі горада і сам праводзіць урокі па гэтай тэхналогіі, і калегам раіць.

Ю.Каласоўскі: «Актыўная ацэнка» заахвочвае самастойнасць вучняў, прадугледжвае тое, што кожны вучань мае выбар, і спрашчае кіраванне дзецьмі ўласным навучаннем.

Карэспандэнтка: Але цікавая з’ява: адказваць на ўроках Юрыя Каласоўскага ў вучняў рукі не падымаюцца. І гэта зусім не лянота ці няведанне – а асаблівасць методыкі: хто будзе адказваць, вызначае выпадак.

Ю.Каласоўскі: Бо калі дзеці падымаюць рукі, слабейшыя вучні часта спадзяюцца на мацнейшых: я адседжуся, а вось мой сусед – ён выдатнік – няхай ён падымае руку і адказвае. Дзеці не падымаюць рукі, у настаўніка ёсць спецыяльныя палачкі або лісточкі паперы, на якіх запісана прозвішча і імя навучэнца – і ён проста выцягвае гэту паперку, і такім чынам вызначае, хто будзе адказваць.

Карэспандэнтка: А вось выкарыстанне каляровых картак – не гульня ў святлафор, а метад ацэнкі і сваесаблівая зваротная сувязь паміж настаўнікам і кожным вучнем.

Ю.Каласоўскі: Дзецям падабаецца, дзеці працуюць вельмі актыўна. Дзеці не баяцца адказваць, не баяцца памыляцца. Актыўная ацэнка гаворыць нам, што памылка гэта нармальна, памылка гэта толькі шлях да ісціны.

Карэспандэнтка: Галоўнае на ўроках Юрыя Уладзіміравіча – супрацоўніцтва, адсутнасць бар’ераў. Ён не прымушае вучыць, а дапамагае зразумець тэму і вызначыць, што з’яўляецца для вучняў важным. І хоць працуе з цэлым класам – з дапамогай тэхналогіі «Актыўная ацэнка» да кожнага індывідуальны падыход.

Н.Шараева, В.Ласянкоў, Магілёўскі тэлеканал ТВ-2