ПРАПАНОВЫ НАЦЫЯНАЛЬНАГА БАЦЬКОЎСКАГА СХОДУ НАКОНТ УДАСКАНАЛЕННЯ І ПРАКТЫЧНАГА ЎЖЫВАННЯ арт. 90 КОДЭКСА АБ АДУКАЦЫІ
ЮРЫДЫЧНАЕ ЗАБЕСПЯЧЭННЕ ПРАВА ВУЧЫЦЦА ПА-БЕЛАРУСКУ: АКТУАЛЬНЫ СТАН
Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь гарантуецца «свабода выбару мовы выхавання i навучання» (арт. 50), якая практычна «забяспечваецца развіццём сеткі ўстаноў адукацыі (класаў, груп, патокаў) з беларускай і рускай мовамі навучання і выхавання, выданнем літаратуры, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў на беларускай і рускай мовах» (Кодэкс Рэспублікі Беларусь Аб адукацыі, арт. 90, п. 2).
Гэты пункт Кодэкса павінна дэталізаваць Палажэнне аб установе агульнай сярэдняй адукацыі (зацверджана Пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь 20.12.2011, № 283), пункт 53 якога прадпісвае: «Навучанне і выхаванне пры рэалізацыі адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі ажыццяўляюцца на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь. Выбар мовы навучання і выхавання і вывучэнне моў пры рэалізацыі адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з артыкулам 90 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі і іншымі актамі заканадаўства».
Цытаваны пункт Палажэння неканкрэтны, ён не дэталізуе пункт 90 Кодэкса, але адсылае да яго назад. Гэта стварае прастору для валюнтарысцкіх рашэнняў і парушэння правоў на беларускамоўнае навучанне.
Напр., у Мінску толькі ў 6 ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, паводле статутаў, асноўнай мовай навучання і выхавання ёсць беларуская. Статуты яшчэ 10 ўстановаў агульнай сярэдняй адукацыі сталіцы прадугледжваюць выхаванне і навучанне на 2-х мовах – беларускай і рускай (рускай і беларускай). Але ў большасці фармальна «дзвюхмоўных» УА беларускамоўных класаў ужо няма.
Пункт 53 згаданага Палажэння павінен адсылаць да праўных актаў ніжэйшага ўзроўню, якія канкрэтызуюць выкананне моўнага рэжыму ва ўстанове адукацыі з адпаведнай мовай навучання, выхавання і справаводства, накшталт інструктыўнага пiсьма «Адзiны моўны рэжым установы, якая забяспечвае атрыманне агульнай сярэдняй адукацыi» (зацверджана Загадам Міністэрства адукацыі 30.12.2003 № 519). Але цяпер аналагаў гэтаму дакументу няма.
Паводле арт. 90 Кодэкса аб адукацыі, «дзяржава гарантуе грамадзянам права выбару навучання і выхавання на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь і стварае ўмовы для рэалізацыі гэтага права. Мова навучання і выхавання вызначаецца заснавальнікам установы адукацыі», г. зн. для ўстановаў агульнай сярэдняй адукацыі — адпаведным выканаўчым камітэтам у асобе адпаведнага ўпраўлення адукацыі. Той жа артыкул Кодэкса сцвярджае: «Права грамадзян на выбар навучання і выхавання на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь забяспечваецца развіццём сеткі ўстаноў адукацыі (класаў, груп, патокаў) з беларускай і рускай мовамі навучання».
Аднак ва ўсіх відах навучальных і выхаваўчых установаў на ўсіх узроўнях адукацыі законным прадстаўнікам дзяцей або патэнцыйным навучэнцам, як правіла, не прапаноўваюць рэальнага выбару мовы навучання/выхавання, а ставяць іх перад фактам рускамоўнасці ўстановы адукацыі.
Сярэдняя адукацыя. Ажыццяўленне права на выбар беларускай мовы навучання і выхавання – не клопат грамадзян, не яны павінны змагацца за права вучыць сваіх дзяцей або вучыцца самім па-беларуску, шукаць неабходную колькасць іншых патэнцыйных вучняў і г. д. Гэта канстытуцыйны абавязак дзяржавы. Таму гэтае права павінна быць інстытуцыянальна забяспечанае.
Сёння не рэгламентавана, паводле якіх крытэрыяў, якіх заканадаўчых актаў і ведамасных інструкцыяў адбываецца вызначэнне мовы навучання і выхавання ў канкрэтнай школе/гімназіі, як дакументальна афармляецца такое рашэнне, як пры гэтым улічваецца патрабаванне арт. 90 Кодэкса аб адукацыі аб развіцці сеткі ўстаноў адукацыі з беларускай мовай навучання.
Вышэйшая і сярэдняя спецыяльная адукацыя. Фармальна адукацыйны працэс у многіх установах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ажыццяўляецца на дзвюх мовах. Але ў 2011/2012 н. г. агульную сярэднюю адукацыю па-беларуску атрымлівалі 18% навучэнцаў, сярэднюю спецыяльную 1%, вышэйшую 0,9%. Сістэма адукацыі ў Беларусі не забяспечвае яе цэласнасці і непарыўнасці для беларускамоўных навучэнцаў, дыскрымінуе іх, пазбаўляючы абсалютную большасць выпускнікоў беларускамоўных школаў перспектывы вучыцца па-беларуску далей.
Вышэйшую і прафесійную адукацыю па-руску па любой спецыяльнасці грамадзяне Беларусі могуць атрымаць не толькі у Беларусі, але і ў велізарнай Расійскай Федэрацыі, дзе яны адпаведна шматлікім саюзным пагадненням прыроўненыя да грамадзянаў РФ. Вышэйшую і прафесійную адукацыю па-беларуску можна атрымаць толькі ў Беларусі (з невялікімі выняткамі накшталт ЕГУ). Сказанае датычыць усёй спецыялізаванай профільнай адукацыі, а таксама курсаў удасканалення ды інш. пасляўніверсітэцкіх курсаў.
Адсутнасць вышэйшай і прафесійнай адукацыі на беларускай мове ў абсалютнай бальшыні спецыялізацыяў парушае прынцып пераемнасці ступеняў адукацыі, пазбаўляе краіну спецыялістаў, якія валодаюць беларускай мовай у сваёй галіне, пазбаўляе матывацыі ды перспектывы навучанне па-беларуску ў сярэдняй школе. Абавязак дзяржавы – ухіліць дыскрымінацыю.
ПРАПАНОВЫ
1. Кодэкс аб адукацыі
1.1. Дадаць да п. 90 наступнае палажэнне: «Усе грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць гарантаванае і інстытуцыянальна забяспечанае дзяржавай права вучыцца па-беларуску на ўсіх ступенях сістэмы адукацыі і на ўсіх спецыяльнасцях у дзяржаўных навучальных установах».
2. Палажэнне аб установе агульнай сярэдняй адукацыі
2.1. Перафармуляваць статус беларускамоўных навучальных установаў: «навучанне, выхаванне і справаводства на беларускай мове».
2.2. Перафармуляваць п. 53: «Асноўнай мовай навучання, выхавання і справаводства УА можа быць беларуская або руская».
2.3. Калі ў статуце УА фіксуюцца дзве мовы навучання і выхавання, у Палажэнні павінна быць яснае тлумачэнне гэтага, напрыклад: «Ва ўстановах адукацыі з дзвюма мовамі навучання і выхавання ёсць класы (групы, плыні) як з беларускай, так і з рускай мовамі навучання і выхавання». У інструкцыях МА павінна быць тлумачэнне: ва УА такога кшталту павінны быць класы (групы, плыні) з беларускай мовай навучання на ўсіх паралелях.
3. Моўны рэжым ва ўстанове адукацыі
3.1. Укласці Рэгламент моўнага рэжыму як абавязковы для выканання дакумент, зыходзячы з навукова пацверджаных патрабаванняў ствараць і падтрымліваць кампенсаторнае моўнае асяроддзе для засваення моваў, якія знаходзяцца ў абмежаванай функцыянальнай сітуацыі. Прадугледзець у беларускамоўных навучальных установах усіх узроўняў поўнае беларускамоўнае асяроддзе, г. зн. усе віды камунікацыі ў будынку УА на беларускай мове. У рускамоўных УА рэгламент павінен прадугледжваць частковае (кампенсаторнае) беларускамоўнае асяроддзе для вучняў, у тым ліку ў пазаўрочнай дзейнасці.
4. Дашкольнае выхаванне
4.1. У кожным горадзе без раённага падзелу, у сельскім раёне, у раёне горада надаць статус беларускамоўных частцы дзіцячых дашкольных установаў агульнай сярэдняй адукацыі, працэнтная доля месцаў у якіх не меншая за працэнт жыхароў адпаведнай адміністрацыйнай адзінкі, што ў апошнім перапісе насельніцтва назвалі беларускую мову роднай. Сетку беларускамоўных установаў размеркаваць так, каб забяспечыць пешую дасяжнасць для любога жыхара.
4.2. У рускамоўных ДУ прадугледзець абавязковае частковае (кампенсаторнае) беларускамоўнае асяроддзе для выхаванцаў.
4.3. Вярнуцца да распрацоўкі праграм этнавыхавання (у партнёрстве з грамадскімі арганізацыямі) і апрабацыі іх на пілотных пляцоўках у горадзе і сельскай мясцовасці.
5. Агульная сярэдняя адукацыя
5.1. У кожным горадзе без раённага падзелу, у сельскім раёне, у раёне горада надаць статус беларускамоўных частцы ўстановаў агульнай сярэдняй адукацыі, працэнтная доля месцаў у якіх не меншая за працэнт жыхароў адпаведнай адміністрацыйнай адзінкі, што ў апошнім перапісе насельніцтва назвалі беларускую мову роднай. Прыярытэт аддаваць гімназіям і ліцэям. Сетку беларускамоўных установаў размеркаваць так, каб забяспечыць пешую дасяжнасць для любога жыхара.
5.2. Унікальныя профільныя ўстановы сярэдняй адукацыі (Ліцэй БДУ, гімназія-каледж мастацтваў імя Ахрэмчыка і г.д.) абавязаць мець беларускамоўныя класы ва ўсіх паралелях. Абавязаць мець беларускамоўныя групы ўсіх профіляў (спецыяльнасцяў) для дадатковых навучальных паслугаў, калі УА аказвае апошнія.
5.3. Усе віды навучальных дапаможнікаў, якія выкарыстоўваюцца ва УА, павінны мець беларускамоўную версію, прычым з увагі на якасць мовы прыярытэт павінен аддавацца дапаможнікам, напісаным аўтарамі па-беларуску.
5.4. Скасаваць мінімум для адкрыцця аднаго класа. У пераходным перыядзе прадугледзець, што адной заявы бацькоў на беларускамоўнае навучанне дастаткова для змены статусу УА.
5.5. Пры закрыцці малакамплектных вясковых школаў, у выпадках закрыцця (з прычыны аптымізацыі, узбуйнення і г. д.) іншых школаў з беларускай мовай навучання юрыдычна гарантаваць іх навучэнцам моўную пераемнасць пры пераводзе ў іншыя школы.
5.6. Курс беларускай мовы у рускамоуных сярэдніх школах пашырыць за кошт выкарыстання методык практычнага засваення мовы, навучальных комплексаў з дапаможных матэрыялаў, слоўнікаў, у тым ліку электронных, і мультымедыйных сродкаў.
5.7. Вярнуцца да распрацоўкі праграм этнаадукацыі (у партнёрстве з грамадскімі арганізацыямі) і апрабацыі іх на пілотных пляцоўках у горадзе і сельскай мясцовасці.
6. Вышэйшая і сярэдняя спецыяльная адукацыя
6.1. Ва ўсіх без выключэння вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах краіны, на ўсіх факультэтах і спецыялізацыях стварыць беларускамоўныя плыні (групы). Пасля гэтага рэгламентаваць волевыяўленне абітурыентаў наконт асноўнай мовы навучання.
6.2. Студэнтам і навучэнцам рускамоўных плыняў (групаў) абавязкова вывучаць беларускую мову ў практычным плане (тэрміналогія, прафесійная лексіка, справаводства і дакументацыя, гутарковы практыкум).
7. Усе ступені адукацыі
7.1. Заканадаўча замацаваць абавязковасць працэдуры выбару мовы навучання/выхавання на ўсіх ступенях адукацыі прадстаўнікамі навучэнцаў ці паўналетнімі абітурыентамі, рэальна і загадзя забяспечыць гэты выбар наяўнасцю беларускамоўных адукацыйных установаў (класаў, групаў, плыняў) з адпаведнымі педагагічнымі кадрамі.
7.2. Беларусазнаўчыя і культуралагічныя дысцыпліны – беларускую літаратуру, гісторыю, геаграфію, музыку, культуру, мастацтва Беларусі і г. д. – выкладаць па-беларуску ва ўсіх навучальных установах усіх ступеняў. Пачаць з вяртання выкладання гісторыі і геаграфіі Беларусі па-беларуску ва ўстановах сярэдняй адукацыі. Калі гэта рабіць па меры сканчэння пяцігадовых тэрмінаў выкарыстання падручнікаў, то не спатрэбіцца дадатковых бюджэтных выдаткаў на друк.
7.3. Заканадаўча зафіксаваць прафесійнае валоданне беларускай мовай як адну з умоваў прафесійнай прыдатнасці педагогаў для працы ва ўстановах адукацыі ўсіх тыпаў і ўзроўняў і вызначыць адпаведныя кваліфікацыйныя крытэрыі.
7.4. З увагі на няроўныя ўмовы працы педагогаў усіх ступеняў адукацыі, якія выкладаюць па-беларуску, у параўнанні з рускамоўнымі (функцыянальна абмежаванае моўнае асяроддзе, неабходнасць замацоўваць моўныя навыкі паралельна з прадметнымі, абмежаваны выбар або адсутнасць метадычных дапаможнікаў, мультымедыйных матэрыялаў, корпусу тэрміналогіі), і дадатковую нагрузку, звязаную з стварэннем кампенсаторнага моўнага асяроддзя, з моўнай адаптацыяй, пошукам і стварэннем матэрыялаў па-беларуску, аднавіць выплату ім надбаўкі 10% (на падставе колькасных і якасных крытэрыяў дадатковай нагрузкі).
7.5. Усе дакументы Міністэрства адукацыі і ўсіх яго структураў павінны быць публічна даступныя ў беларускай моўнай версіі з моманту выдання. Гэта датычыць і дакументаў УА, і дакументаў, якія ўстановы адукацыі выдаюць грамадзянам (дадаткі да дыпломаў, даведкі і г.д.).
8. Арганізацыйныя прапановы
8.1. НБС ухваляе рашэнне ТБШ стварыць грамадскую метадычную раду, прапануе Міністэрству адукацыі запрасіць гэтую раду да супрацы і/або стварыць грамадскую метадычную раду пад сваёй эгідай з уключэннем туды прадстаўнікоў педагагічнай і бацькоўскай грамадскасці, профільных грамадскіх арганізацыяў (Таварыства беларускай школы, Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, Таварыства беларускай мовы, Гродзенскага абласнога грамадскага аб’яднання маладых навукоўцаў «ВІТ»), у тым ліку для супольнага разгляду выкладзеных тут прапановаў.
Прынята Нацыянальным бацькоўскім сходам пры Таварыстве беларускай школы.
11 мая 2013 г.
Гл. таксама:
- Камісія Палаты прадстаўнікоў вывучыць прапановы ТБШ па ўдасканаленні Кодэкса аб адукацыі
- Міністэрства адукацыі прызнала прапановы Нацыянальнага бацькоўскага сходу вартымі разгляду