Шаноўны Мікалай Іванавіч!
Калісьці падчас семінара Вы задалі настаўнікам ключавое пытанне: «Кітайцы далі чалавецтву паперу, індыйцы – шахматы, арабы – лічбы... Што ж далі свету беларусы?»
Шмат настаўнікаў пачалі думаць, шукаць адказ. Нялёгкае пытанне.
Але адзін адказ дакладна знайшлі – беларусы далі свету сучасную педагогіку. Ідэі Выгоцкага і Запрудскага перавярнулі ўяўленні пра падыходы да навучання, прывялі ў сістэму і паставілі ўсё з галавы на ногі ў сучаснай педагагічнай навуцы і практыцы.
Леў Выгоцкі нарадзіўся ў Оршы, вучыўся ў Маскве ва ўнверсітэце Шаняўскага – (Шаняўскі – этнічны беларус, які заснаваў ліберальны ўніверсітэт, дзе маглі вучыцца людзі ўсіх вераў і нацыянальнасцяў, у тым ліку Янка Купала), Выгоцкі зрабіў усе свае даследаванні ў Гомелі, калі выкладаў для беднаты, у педвучэльні, школе для дашкольных педагогаў. Ездзіў па Беларусі з лекцыямі. У Маскву яго запрасілі ўжо хворага, толькі для таго, каб ён паспеў аформіць свае працы. Ідэі Выгоцкага зрабілі рэвалюцыю ад педагогікі ведаў – да педагогікі развіцця. Яны былі распрацаваныя для нашага псіхатыпу і ментальнасці. Таму яны так добра прыжываюцца ў Беларусі, ва ўсёй Еўропе і на кантынентах, заселеных еўрапейцамі.
Мікалаю Запрудскаму дасталася задача не лягчэйшая, чым яго папярэдніку Выгоцкаму, і можа нават больш важная. Трэба было вярнуць ў беларускую школу, скалечаную камуністычнай прапагандай і пабудаваную на прынцыпах армейскай падрыхтоўкі і індактрынацыі, ідэі педагогікі развіцця, гуманізма, любові да дзяцей і павагі да асобы.
Мы пакуль яшчэ не можам ацаніць ролю Мікалая Запрудскага ў еўрапейскай педагогіцы. Але Вашыя ідэі, дарагі Мікалай Іванавіч, ужо жывуць незалежна ад Вас у розных краінах. Яны сталі класікай, як законы Ньютана, ці пастулаты Бора. Па Вашыя кнігі стаяць чэргі ў школьных бібліятэках, выраз «мэты ўрока па-Запрудскаму» стаў ідыёмай. Гэта прызнак майстэрства і ўсеагульнага прызнання. Калісьці рэдакцыю Nastaunik.info разам з іншымі настаўнікамі запрасілі на сустрэчу з педагогамі Літвы. Літоўцы не дазволілі нам крытыкаваць нашу школу. Яны сказалі, што яны не ведаюць у Еўрасаюзе такой асобы, як у нас, каб вучыцца педагогіцы – яны ездзяць у Беларусь у АПА да Запрудскага.
Дарагі Мікалай Іванавіч! Вы малады, таму што чалавек пачынае старэць, калі не развіваецца.
Вы багаты – у Вас вельмі шмат добразычліўцаў і паслядоўнікаў.
Вы – нашае нацыянальнае багацце і каштоўнасць!
Мы Вам удзячны за магчымасць у Вас вучыцца.
Віншуем Вас і жадаем плёну ў працы!
Nastaunik.info



