У перадачы на АГП-ТБ намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін задае пытанні пра мову экс-старшыні партыі БНФ, мовазнаўцу Вінцуку Вячорку.
– Некаторыя лічаць, што беларуская мова ўжо адыйшла ў нябыт і аднавіць яе ў якасці мовы, на якой размаўляе насельніцтва, немагчыма. Ці падзяляеце вы гэтую думку?
– Не, не падзяляю. Што датычыцца афіцыйнага статусу мовы, то зрабіць гэта элементарна, для гэтага проста трэба прызнаць несапраўднымі вынікі рэферэндуму 1995 году. А вось рэальны статус беларускай мовы патрабуе дакладнага, выверанага падыходу. Але нічога немагчымага няма, мы ведаем, што цягам двух пакаленняў было адноўлена фактычнае ўжыванне валійскай мовы ў гарадах Уэльса, які не мае, дарэчы, дзяржаўнай незалежнасці. І валійская мова змагалася не з расейскай, а з ангельскай, якая ёсць глабальнай, сусветнай мовай. Мы ведаем унікальны прыклад адраджэння мовы іўрыт праз пару тысяч гадоў, што фактычна зрабіў адзін чалавек, наш зямляк з Глыбоччыны, які проста пачаў, прыехаўшы ў Ізраіль, гаварыць на іўрыце, і прымушаў купцоў, чыноўнікаў адказваць на гэтай мове. І сёння гэта рэальная, жывая мова Дзяржавы Ізраіль.
Так што нічога немагчымага ў моўнай палітыцы няма, была б дзяржава сапраўды беларускай і дбала пра будучыню гэтай мовы. Паводле статыстычных звестак, за савецкім часам адбываўся спад колькасці людзей, якія лічылі роднай беларускую мову. Штодзесяць гадоў іх станавілася менш на 3–5–7%. Але як толькі Беларусь была абвешчана незалежнай, пачаўся вельмі жвавы пад’ём. І ў 1999 годзе 85,6% беларусаў і 74% усіх грамадзян нашай краіны назвалі беларускую мову роднай. Гэта азначае, што дастаткова стварыць спрыяльныя ўмовы, як мяняецца і стаўленне да яе.
А вось за наступныя 10 гадоў (1999–2009) адбыўся проста катастрафічны (скажу як чалавек, абазнаны ў сацыялінгвістыцы) спад. Колькасць людзей, якія палічылі беларускую мову роднай, у 2009 годзе на 26% меншае сярод этнічных беларусаў і на 21% – сярод усіх грамадзян краіны. Ведаеце, так не бывае, каб людзі за дзесяць гадоў самі сабой так радыкальна памянялі моўныя паводзіны.
– Ёсць меркаванне, што моўная палітыка пачатку 90-х адыграла адмоўную ролю ў папулярнасці карыстання беларускай мовай. Ці былі там нейкія хібы, як вы лічыце?
– Зноў жа вярнуся да лічбаў 1999 года, года піку, калі ўжо ва ўладзе быў Лукашэнка, калі ўжо не было палітыкі адраджэння беларускай мовы – людзі самі вызначаліся, называлі беларускую мову роднай (да іх прыходзіў перапісчык). І ніхто над імі з наганам не стаяў. Таму, калі я чую разважанні, асабліва ад цяперашняй улады, што нейкія нацыяналісты прымушалі ўсіх гаварыць па-беларуску – усё гэта паклёп і няпраўда. Насамрэч, у законе аб мовах 1989 году былі прадугледжаны вельмі паслядоўныя, асцярожныя храналагічныя рамкі. Скажам, да судовай сістэмы, якая сапраўды патрабуе сур’ёзнай тэрміналагічнай падрыхтоўкі, навучання кадраў, якая завязана на маўленне (тыя ж самыя адвакаты, пракуроры, яны ж гаварыць павінны і пісаць) – дзесяць гадоў было прадугледжана на пераход. За гэты час два пакаленні студэнтаў маглі выпусціцца. Тое самае датычыцца і навуковай тэрміналогіі, інжынернай сферы і гэтак далей.
Але найважнейшае – ніхто не прымушаў чалавека на вуліцы або ў сям’і гаварыць па-беларуску. Іншая рэч (вось з чым сутыкаюся я цяпер) – у мяне трое дзяцей, паміж іх узростам даволі вялікая адлегласць, і пры ўсіх рэжымах я быў вымушаны намагацца беларускага садочка, потым беларускай школы для сваіх дзяцей. І я скажу, што цяпер цяжэй, чым у апошнія гады Савецкага Саюзу, які развальваўся, дабіцца права на беларускамоўнае навучанне. Цяпер у нас у садках толькі 12% дзяцей выхоўваецца па-беларуску, у школах – 18%, у коледжах – 1%, у ВНУ – 0,9%. Значыць, беларускай мове створана сітуацыя бесперспектыўнасці.
– Я думаю, вы пагадзіцеся, што ў цяперашняй сітуацыі патрэбна вялікая асцярожнасць ў гэтай справе. Якія першыя крокі будуць неабходныя дзеля адраджэння беларускай мовы?
– Трэба зыходзіць з таго, каб гэта станоўча было ўспрынята людзьмі. Наколькі я ведаю з асабістага досьведу, вельмі многія нашыя суграмадзяне кажуць: «Ну, не валодаю я літаратурнай мовай, няхай дзеці ці ўнукі ёй авалодаюць». Гэта значыць, што людзі не пярэчаць, каб пачынаючы з садочка іхнія дзеткі засвойвалі свет па-беларуску. І, па праўдзе, не было ніякіх пратэстаў, калі такая лінія рэалізоўвалася на пачатку 90-х. Зноў-такі, ніхто гвалтам не заганяў. Так што пачынаць з садка і з пачатковай школы.
абавязкова ўся сістэма адукацыі мусіць арыентаваць спецыяліста на пэўны тэрміналагічны мінімум валодання беларускай мовай. Каб не было такога, каб я казаў «каса», прыйшоўшы да доктара, а ён не разумеў, што я маю на ўвазе. Дарэчы, дактары, у асноўным, ведаюць такія словы, бо патрапіць ім беларускамоўная бабуля – ім трэба неяк з ёй паразумецца. І тое самае датычыцца чыноўнікаў, якія кантактуюць з людзьмі і абавязаны па-беларуску ім пісьмова адказваць, гэтага нават цяперашняе заканадаўства патрабуе. Павінна быць пераарыентавана методыка выкладання беларускай мовы ў школе ад фармальнага, схаластычнага дыскурсу, які зараз ёсць (разбор сказа, дзейнікі-выказнікі), на практыку, на гаварэнне. Бо ствараць прастору гаварэння трэба цяпер кампенсаторна, у тым ліку за кошт школы. Гэта значыць, чалавек мусіць, як замежную мову вывучаючы, вусныя тэмы пэўныя спасцігаць па-беларуску.
– Трэба больш практыкі?
– Абсалютна. Сухая тэорыя, дарэчы, і знеахвочвае да беларускай мовы, замест таго каб абуджаць жывую, крэатыўную цікавасць да яе.
Ясна, што ў медыйнай сферы павінны быць пэўныя ўстанаўленні: недапушчальная сітуацыя, як цяпер, калі няхай і фармальна, але бальшыня людзей вызнае беларускую мову за родную, а беларускай мовы на дзяржаўных каналах фактычна няма. А калі ёсць, то яна там падчарка.
Абсурд, што нават у савецкай эры, на радыё і на адзіным тэлеканале беларускай мовы было ў разы болей, чым цяпер, у незалежнай Беларусі.
– А як вы ставіцеся да матэрыяльнага заахвочвання выкладальнікаў у ліцэях, у вышэйшых навучальных установах, каб, напрыклад, яны сваю матэматыку выкладалі на беларускай мове?
– Я стаўлюся да гэтага станоўча, і вось чаму: чалавек, які выкладае па-беларуску пэўную спецыяльнасць, асабліва ў вышэйшых навучальных установах (ну, квантавую фізіку або мікрабіялогію), сутыкаецца з праблемамі: тэрміналогіі, тэкстаў (як навучальна-метадычных, так і навуковых), навучальных дапаможнікаў, і што-нішто, а можа, і практычна ўсё, ён мусіць рабіць сам. І, менавіта зважаючы на гэта, – так, варта даплочваць.
– Напэўна, вельмі важная акалічнасць, каб дзяржаўныя, службовыя асобы размаўлялі на беларускай мове?
– У Еўропе ёсць некалькі краінаў, дзе з прычын зусім іншых, чым у нас, зафіксаваныя дзве дзяржаўныя мовы. Як правіла, таму, што там дзве этнічныя супольнасці. Гэта найперш Бельгія і ў пэўнай ступені Фінляндыя. Дык вось там кожны чыноўнік павінен валодаць у роўным аб’ёме абедзвюма мовамі. Ён проста ня можа стаць чыноўнікам, калі ён імі не валодае, таму што ён павінен вусна, пісьмова адказаць на той мове, на якой да яго звярнуўся кліент. Я ж штодня сутыкаюся тут, калі юрысты, тыя ж самыя натарыусы кажуць: «А у нас двуязычие». Я кажу, добра, але дзвюмоў’е – яно для мяне, я грамадзянін, я абіраю, а вы чыноўнік, вы служыце грамадзянам, і вы павінны мне на маёй мове адказаць, а не я да вас дапасоўвацца. І вось да іх, да юрыстаў, гэта не даходзіць.
– Ці лічыце вы, што любы прэтэндэнт на дзяржаўную пасаду павінен нейкія іспыты здаваць, каб можна было б упэўніцца, што ён на самой справе валодае гэтымі мовамі?
– Дарэчы, гэта датычыць і асобаў, якія прэтэндуюць на вышэйшыя дзяржаўныя пасады. Беларусь – адзіная з постсавецкіх краінаў, у якой дзве дзяржаўныя мовы. Нідзе больш, нават у Казахстане ці Кіргізіі, на якія калі-некалі паклікаюцца, такой сітуацыі няма. Там расейская мова мае статус афіцыйнай, функцыянальнай, якой заўгодна яшчэ, але дзяржаўная там адна – свая. І прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта Казахстана павінны іспыт здаваць у казахскай мове.
Падрыхтавала Ганна КРАСУЛIНА, «Снплюс»
Беларуская мова: Дастаткова стварыць спрыяльныя ўмовы
08.07.2013