Прайшоў фінал Х Нацыянальнага конкурсу школьных каманд «Што я ведаю пра Еўропу?»

09.07.2013

Алена Палейка

Што і дзе адбывалася? 8 ліпеня ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў Вільні адбыўся фінал Х Нацыянальнага конкурсу школьных каманд «Што я ведаю пра Еўропу?» Удзельнікі прайшлі складаны шлях да сённяшняй гульні: адборачны інтэрнэт-тур і хваляванні «жывых» паўфіналаў. У жорсткай канкурэнтнай барацьбе заваявалі месца ў фінале наступныя каманды: «Беларускае кола» з Наваградка, «Разам» з Маладзечна, «Еўра-М» з Магілёва і DVDend з Жодзіна.

Мэты конкурсу: У гэтым годзе адзначаецца 10-гадовы юбілей конкурсу і таму тэма была адпаведная: «Еўрапейскія і беларускія юбілеі і памятныя даты 2013: людзі, падзеі, арганізацыі». Усе дзесяць гадоў каманда арганізатараў конкурсу працавала на пашырэнне беларускага еўрапейскага кругагляду нашых школьнікаў. Усведамленне беларусаў еўрапейцамі з багатай гісторыяй і культурай, разуменне таго, што ёсць Еўропа сёння, паважлівае стаўленне да розных народаў і культурных традыцый – галоўныя мэты Нацыянальнага конкурсу школьных каманд «Што я ведаю пра Еўропу?».

Партнёры: Юбілейны конкурс немагчыма было б правесці ў такім цудоўным фармаце без падтрымкі нашых партнераў – Амбасады Літоўскай рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, Асацыяцыі па міжнародных пытаннях (Чэхія), Міжнароднага кансорцыюма «ЕўраБеларусь», а таксама без удзелу Офіса за дэмакратычную Беларусь (Бельгія), Асветніцкай ўстановы «Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый», Прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Рэспубліцы Беларусь, Беларускага Шуманаўскага Таварыства, Грамадскай кампаніі «Гавары Праўду!», Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта. Вялікі ім усім дзякуй за гэта!

Урачысты пачатак. У прасторнай аўдыторыі ЕГУ сябраў каманд, настаўнікаў-куратараў і гасцей конкурсу сустракалі арганізатары і вядучы – вядомы беларускі артыст Юрась Жыгамонт. Распачаў урачыстую частку мерапрыемства ідэйны натхняльнік і нязменны кіраўнік конкурсу на працягу ўсіх 10 гадоў Ігар Лялькоў – вядомы беларускі грамадскі і палітычны дзеяч.На пачатку гульні ўдзельнікаў павітаў амбасадар Літоўскай рэспублікі ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус, які дыпламатычна адзначыў вялікі плён школьнага конкурсу «Што я ведаю пра Еўропу?» і добрыя вынікі супрацоўніцтва. 

 

А суддзі хто? Атмасфера інтэлектуальнага свята панавала на працягу ўсей гульні. Наша журы папрацавала на славу: аб’ектыўна ацэньвала конкурсныя заданні, старанна лічыла балы, давала грунтоўныя і цікавыя каментары. А судзілі гульню вядомыя грамадскія і палітычныя дзеячы Улад Вялічка і Алесь Лагвінец, каардынатар праграм ЕГУ Ірына Луневіч і журналіст Вадзім Александровіч. Дарэчы, высветлілася цікавая дэталь – спадарыня Луневіч была ўдзельніцай першых дзвух конкурсаў «Што я ведаю пра Еўропу?», што вельмі ўсцешыла ўсіх удзельнікаў мерапрыемства.

Каманды цікава прадстаўляліся і віталі ўсіх прысутных. Сярод удзельнікаў заключнага этапу конкурсу аказаліся вельмі розныя каманды (адзначым адразу, сталіца ў фінал не прабілася). У Вільню прыехалі «старажылы» конкурсу тытулаваная каманда з Наваградку «Беларускае кола»(чэмпіён 2010) і настойлівыя магілёўцы з «Еўра-М», па-добраму амбіцыйная маладзечненская «Разам» і навічкі гульні «DVDend» з Жодзіна.

Кіраўнікі. Падрыхтавалі свае каманды да інтэлектуальнага спаборніцтва найлепшыя беларускія настаўнікі: Валянціна Быстрык з Наваградку, Валянціна Сюркова з Маладзечна, Апанасевіч з Жодзіна і Юрась Каласоўскі з Магілёва. Руплівая праца і творчы падыход, пастаянны педагагічны пошук і няўрымслівасць адзначаюць гэтых педагогаў. Дзякуем за высокі прафесіяналізм настаўніцкай дзейнасці! 

 

Гульня. Можна сказаць, што гэта была не гульня, а сапраўдная інтэлектуальная сеча... Ініцыятыўная група клуба еўрапейскіх настаўнікаў (арганізатары конкурсу) вельмі пастаралася, каб заданні былі разнастайныя па форме, рознаўзроўневыя па складанасці, грунтоўныя і адначасова цікавыя па зместу. Для школьнікаў былі падрыхтаваны заданні па юбілейнай геаграфіі: па зместу пытання трэба было зразумець, аб якім еўрапейскім горадзе ідзе размова і занатаваць назву горада і краіну на контурнай мапе Еўропы. Трэба адзначыць, добрыя веды наваградскіх школьнікаў, «зарабіўшых» на гэтым заданні – максімум 20 балаў і бонус за ўдакладненне. Заданне «Пазнай асобу» правярала веды аб еўрапейскіх і беларускіх юбілярах. Кожнай камандзе трэба было пазнаць па 4 асобы па падказках, размеркаваных па ўзроўнях складанасці. Магілёўцы з ходу, з самай складанай падказкі пазналі першую асобу, але лепшы вынік зноў паказалі наваградцы і, такім чынам, захапілі лідэрства. Пасля кава-паўзы гулялі трэцяе конкурснае заданне «Рэха паўстання 1863–1864 гг у Еўропе». Школьнікам трэба было запоўніць карта-схему імёнамі і прозвішчамі ўдзельнікаў паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Каманды амаль роўна паказалі вынікі каля паловы магчымага максімуму ад 8 і да 12 балаў з 20. Гэта яскрава сведчыць, што ў сённяшняй беларускай школьнай адукацыі, негледзячы на 150-гадовы юбілей паўстання і яго вялікі рэзананс для беларускай гісторыі, рэха паўстання не гучыць. Чацвёртае выпрабаванне для школьнікаў было... музычнае. З «Музычнага куфэрка» гучаў фрагмент, па якім трэба было пазнаць краіну. Музычны дыяпазон быў вельмі шырокі: ад народнай да класікі, ад року да тэхна. Найлепшымі меламанамі аказаліся маладзечненцы. Файна, што маладыя людзі маюць такі добры музычны густ і імкнуцца да разнастайнасці. Апошнім выпрабаваннем была традыцыйная Медыяазбука, дзе не страціўшыя прысутнасці духу жодзінцы згулялі на роўных з лідэрамі-навагрудцамі. Спадарства, журы і арганізатары ў шчырым захапленні! 

 

Вынік. Перамагла моцная і вопытная каманда «Беларускае кола» з Наваградку. Як адзначыла журы, перамога атрымалася вельмі сімвалічная: гулялі фінал ў Літве, якая ў гэтыя дні святкавала 760- годдзе каранацыі Міндоўга, першага і апошняга караля Літвы. Пры чым тут Наваградак? Першай сталіцай Вялікага княства Літоўскага быў Наваградак, дзе і каранавалі Мінгоўга. Вось яна, наша супольная еўрапейская гісторыя! 

 

Падарункі і прызы. Галоўны прыз, вядома ж, атрымалі пераможцы – гэта вандроўка каманды разам з кіраўніком у Брусель. Сярод іншых прызоў былі цікавыя кнігі, музычныя і інфармацыйныя дыскі, флэшкі. Каманды-фіналісты таксама атрымалі магчымасць павандраваць па Еўропе. Гульня прайшла ў Вільні, дзе была арганізавана цікавая культурная праграма з экскурсіяй.

Лыжка дзёгцю. Засмуціла, што сучасныя беларускія школьнікі мала чытаюць.Напрыклад, не ўсе пазналі знакамітага французскага пісьменніка Жуля Верна. Але гэта агульная, усясветная тэндэнцыя, з якой трэба штосьці рабіць. Большую трывогу выклікае, што ніхто з маладых людзей не ведае Наталлю Арсенневу, выбітную беларускую паэтку, аўтарку гімна-малітвы аб Беларусі «Магутны Божа». Гэта ілюструе хібы сучаснай беларускай школьнай адукацыі. Сапраўды, ёсць аб чым задумацца... «Шкада, што мы не ВКЛ. Няма ў нас мора» – так пажартаваў Улад Вялічка, каментуючы геаграфічныя хібы маладых сухапутных суайчыннікаў.

Бочка мёду. Калі б вы бачылі гэтыя заданні! (Іх можна паглядзець тут, вельмі рэкамендуем праверыць сябе, сябраў, настаўнікаў, бацькоў на беларускую еўрапейскасць). Нашыя дзеці адчуваюць сябе еўрапейцамі, ганарацца багатай еўрапейскай гісторыяй і культурнай спадчынай нашай краіны! «Таму трэба працягваць працаваць: ладзіць наступны конкурс, можна з інтэрнэт-этапам і абавязкова з «жывымі» фіналамі» – ужо не жартаваў старшыня кансорцыюма «ЕўраБеларусь». Відаць, гэта найлепшае падсумаванне вынікаў конкурсу.



На развітанне ўсе ўдзельнікі сфатаграфаваліся на памяць аб Х Нацыянальным конкурсе школьных каманд «Што я ведаю пра Еўропу?».