Па «той бок» аздараўлення

08.08.2013

Вадзім Жылко

Лета лічыцца найлепшай парою года для ўмацавання здароўя дзяцей і іх адпачынку. «Індустрыя» аздараўлення ў нашай краіне дастаткова развітая, тым болей, што ў шэрагу выпадкаў частку фінансавых выдаткаў з бацькамі падзяляюць прадпрыемствы і арганізацыі, дзе тыя працуюць, прафкамы і гэтак далей. Дастаткова вялікая колькасць беларускіх школьнікаў можа дазволіць сабе адпачынак і ў замежжы – як з бацькамі, так і ў складзе дзіцячых груп па разнастайных «гуманітарных лініях».

Вядома, не варта ідэалізаваць нашы парадкі ў дадзенай галіне і адпаведныя кіраўнічыя пастановы, якія дастаткова дэталёва рэгламентуюць умовы выезду дзяцей на аздараўленне, асабліва на працягу навучальнага года і ў замежжа…

Але на гэты раз хацелася б закрануць не беларускія заканадаўчыя «навацыі», а паразважаць аб іншым аспекце аздараўленчай дзейнасці. Як вядома, у шэрагу рэгіёнаў Беларусі – гаворка ідзе пра раёны, пацярпелыя ад наступстваў катастрофы на ЧАЭС – дзяцей вывозяць на аздараўленне не толькі летам, але і ў час вучобы. Прынамсі, у нашым Лунінецкім раёне Брэсцкай вобласці гэта звычайная практыка. Часткова дзеці, у тым ліку і дашкольнікі, адпачываць у санаторыі-прафілакторыі «Світанак», што ў Мікашэвічах, – гэта значыць, не пакідаюць свой раён. Але шмат хто выязджае за межы Лунінеччыны ў здраўніцы Брэсцкай ды іншых абласцей. Бываюць такія месяцы, калі ў некаторых сельскіх, не вельмі вялікіх па колькасці вучняў школах амаль не застаецца навучэнцаў, бо практычна ўсе з’ехалі на аздараўленне. Выязджаюць і з гарадскіх школ – звычайна па некалькі класаў разам.

Каму аздараўленне – а каму праца. Ці падабаецца педагогам суправаджаць дзяцей у санаторыі і па некалькі тыдняў знаходзіцца ўдалечыні ад дома? Якія асаблівасці мае навучанне і ўвогуле жыццё ў «санаторных ўмовах»? Сваімі меркаваннямі папрасіў падзяліцца знаёмых педагогаў.

Першы мой суразмоўца, Сяргей Мікалаевіч, прызнаўся, што стаўленне да гэткіх выездаў у яго неадназначнае, хаця ў любым выпадку ездзіць даводзіцца – загад адміністрацыі, нічога не паробіш. Станоўчы бок настаўнік бачыць у тым, што можна адначасова і самому трохі паправіць здароўе за кошт разнастайных працэдур. Харчаванне таксама у прафілакторыях і санаторыях збольшага прыстойнае, нярэдка ў іх працуюць добрыя ўрачы. Сервіс апошнім часам таксама больш-менш палепшыўся. Да таго ж можна хоць трохі адпачыць ад школьнай мітусні і руціннай «паператворчасці». Ды і ад хатніх спраў – таксама. Асноўны ж мінус – фактычна кругласутачная занятасць, бо дзяцей без увагі не пакінеш. Вядома, узровень нагрузкі на педагога залежыць і ад асаблівасцяў канкрэтнай аздараўленчай ўстановы. Ёсць, напрыклад, такія прафілакторыі, дзе сталовая размешчана ў асобным ад жытла корпусе. Летам гэта не праблема, а зімой даводзіцца па некалькі разоў на дзень сачыць, ці добра апрануліся дзеці, асабліва малодшага ўзросту. І такіх «дробязей» безліч.

Іншая мая суразмоўца, настаўніца Ірына Сяргееўна, выказалася адносна «працы 24 гадзіны ў суткі» досыць вобразна: калі едзеш у санаторый з малымі дзецьмі, даводзіцца не зводзіць з іх вачэй на працягу дня, але хоць ноччу можна трохі адпачыць. А вось калі ў групе старшакласнікі, то якраз «пік нагрузак» для педагогаў прыпадае на цёмны час сутак: што тут хаваць – некаторых вялікаўзроставых дзетак ноччу цягне на якія-небудзь подзвігі, таму і даводзіцца кантраляваць іх паводзіны. А ўвогуле, насуперак меркаванню некаторых далёкіх ад гэтай праблемы людзей, педагог едзе ў санаторый не адпачываць, а працаваць, толькі ў трохі іншых ўмовах. Дарэчы, як прыкмеціла Ірына, найбольш ахвотна едуць на аздараўленне з дзецьмі тыя педагогі, у якіх па розных прычынах не вельмі складваецца праца «на асноўным месце», непасрэдна ў школе. І наадварот, тыя, хто ў добрых стасунках з калегамі і адміністрацыяй, не заўсёды ў захапленні, што давядзецца на нейкі час мяняць наладжаны рытм працы і жыцця…

Калі аздраўленне прыпадае не на канікулы, а на час заняткаў, то ўрокі праводзяцца і ў санаторыях. Але наколькі эфектыўнае навучанне ў гэткіх ўмовах? Шчыра кажучы, я ставіўся да яго некалькі скептычна, але мае суразмоўцы засведчылі, што звычайна якасць урокаў і засваення ведаў нават вышэйшая, чым ў звычайных школьных ўмовах. Паколькі вучні і іх педагогі знаходзяцца разам не некалькі гадзін на суткі, а пастаянна, то і пракантраляваць навучэнцаў бывае лягчэй, таму тыя вымушаны больш адказна ставіцца да ўрокаў.

Якія паводзіны ў нашых дзетак ўдалечыні ад бацькоўскага нагляду? Як сведчыць Сяргей Мікалаевіч, тут многае залежыць ад складу «педагагічнай групы». Калі сярод настаўнікаў ёсць хаця б адзін мужчына, а яшчэ лепш – некалькі, то належная дысцыпліна дасягаецца параўнаўча лёгка. Увогуле ж, на жаль, паводзіны далёкія ад ідэальных, што выклікае справядлівыя нараканні з боку персаналу аздараўленчых ўстаноў. Адзін з суразмоўцаў згадаў выпадак, калі ў іх санаторыі старшакласніка затрымалі п’яным. Выкліканыя бацькі адвезлі «хворага» дамоў, тэрмін на аздараўленні ён не адбыў. Наколькі прынцыповае такое вырашэнне канфлікту? Відаць, усе бакі былі зацікаўленыя, каб не выносіць інцыдэнт, так бы мовіць, на афіцыйны ўзровень, – і тут, улічваючы нашы рэаліі, можна зразумець і бацькоў, і настаўнікаў. Увогуле ж уседазволенасць ці хаця б памкненне да яе – на жаль, адна з асноўных хібаў у выхаванні цяперашніх школьнікаў… З іншага боку, бываюць зрывы і ў паводзінах педагогаў. Даводзілася ў свой час чуць і чытаць пра крымінальную справу да настаўніцы, якая ўдарыла вучня ў час аздараўлення.

А як ставяцца да працы педагогаў на аздараўленні бацькі вучняў? Меркаваў пачуць крытычныя заўвагі, але ці тое ўсе мае суразмоўцы – мамы і таты – аказаліся такімі разважлівымі, ці яшчэ што, але пачуў я збольшага добрыя словы ў адрас настаўнікаў. Як засведчыла маці двух дачок Таццяна Ільінічна, трэба пакланіцца ў ногі тым настаўнікам, якія дзень і ноч знаходзяцца разам з дзясяткамі вучняў, разбіраюць разнастайныя канфлікты паміж імі, і гэтак далей. «Тут ў сям’і двое дзяцей, і то часам не дасі ім рады, а там…» – адзначыла суразмоўца. Увогуле ж у нашых эканамічных ды іншых варунках выезды на аздараўленне з бясплатным харчаваннем і медыцынскімі працэдурамі істотна дапамагае шмат якім сем’ям у эканоміі сваіх «бюджэтных выдаткаў».

Аздараўленне для «чарнобыльскіх» раёнаў, перафразуючы класікаў, – не раскоша, а надзённая справа. Зразумела, і ў ім ёсць нямала хібаў, ды ўсё ж такі ў цэлым гэты працэс мае зямлякі ацэньваюць станоўча. На чым і спынім нашы разважанні.