Іна Хоміч, Брестский курьер
Казахстан у Балонскі працэс прынялі, як гавораць эксперты, авансам. Казахі не парупіліся своечасова пра падвядзенне сістэмы вышэйшай адукацыі да агульнага назоўніка і абяцалі гэта зрабіць ужо ў «балоні». Але слова пакуль так і не стрымалі.
Студэнцкі дэсант з Беларусі
Берасцейка Насця Сяргеева закончыла другі курс Казахскай галаўной архітэктурна-будаўнічай акадэміі. Вучыцца яна на факультэце дызайну па спецыяльнасці «Прамысловы дызайн», якая адкрылася ў гэтай ВНУ два гады таму. «Увогуле я ехала паступаць на «Дызайн касцюма», але на гэтую спецыяльнасць не набралася група. Аказваецца, спецыялізацыю можна выбіраць тут толькі з другога курса, першы курс для ўсіх агульны», – распавядае Анастасія.
Дзяўчына з’яўляецца ўдзельніцай адмысловай дзяржаўнай праграмы па абмене студэнтаў паміж Рэспублікай Беларусь і Казахстанам. Паводле дамоўленасці, беларусы могуць паступаць у ВНУ Казахстана бясплатна і без экзаменаў, а грамадзяне Казахстану на такіх жа умовах вучацца ў вышэйшых навучальных установах нашай краіны. «Аб праграме я даведалася выпадкова ад калегі па працы і наважылася паспрабаваць. Успрыняла гэта як добры шанс нешта змяніць у жыцці – мне было ўжо 27 год, і не было чаго і думаць пра паступленне на дзённае аддзяленне якога-небудзь з нашых універсітэтаў. Акрамя маёй, у той год была пададзена толькі адна заяўка, таму не было нават ніякага конкурсу,» – расказвае студэнтка.
Рэспубліка Беларусь заключыла падобныя дамовы з трыма краінамі. Найперш – у 2006 годзе – з Кыргызстанам, пасля з Казахстанам і зусім нядаўна, год таму, з Туркменістанам. Але калі з Туркменістанам Беларусь дамовілася ажно пра 40 месцаў для бакалаўраў, магістраў, аспірантаў і дактароў, то абмен паміж з Казахстанам даволі сціплы. На той жа бакалаўрыят, дзе цяпер вучыцца берасцейка, ёсць толькі 3 эквівалентныя месцы ў год. Па адным месцы на сваіх курсах займаюць дзве берасцейкі – Насця і яе сяброўка Таццяна Карацеева, якая таксама вырашыла навучацца дызайну ў азіяцкай краіне.
Затое бясплатны інтэрнат
Міжурадавая праграма, аднак, мае свае дзівацтвы, якія не вельмі афішуюцца ў міністэрскіх заклікалках, адрасаваных абітурыентам. Так, яна прадугледжвае навучанне па абмене толькі напрацягу 4 год. То бок, закончанай адукацыі, калі не будзе ніякіх змен, Насця не атрымае і мусіць задумацца, дзе і як давучвацца, каб займець дыплом. Дзяўчына стараецца не думаць пра гэта цяпер і спадзяецца, што да таго часу, як трэба будзе пісаць дыплом, нешта зменіцца.
Але галоўны мінус у тым, што ўрады краін зусім не паклапаціліся пра фінансавае забеспячэнне ўдзельнікаў праграмы. Насці Сяргеевай, якая кінула ў Берасці сталую працу, было асабліва цяжка прывыкнуць да стану пастаяннай фінансавай нястачы, бо пражыць у чужой краіне на 100 даляраў стыпендыі немагчыма. «Стыпендыі хапае тыдні на два, калі вельмі сціпла харчавацца, – прызнаецца яна. – Добра хоць пражыванне ў інтэрнаце бясплатнае».
Выйсце можа быць толькі адно – знайсці дадатковую працу, што многія студэнты і робяць. Але такі варыянт, на жаль, не падыходзіць для беларусаў: «Па законе я не маю права ажыццяўляць працоўную дзейнасць на тэрыторыі Рэспублікі Казахстан. Хіба халтуру неафіцыйную нейкую шукаць. Але гэта небяспечна», – дзеліцца студэнтка.
Так што падобную бясплатную праграму можа дазволіць сабе не кожны.
Нацыянальная «балонь»
Характэрныя рысы балонскага ўніверсітэта ў Казахскай галаўной архітэктурна-будаўнічай акадэміі мы шукалі з Насцяй даволі педантычна, але знайсці атрымалася няшмат. Паколькі Балонскі працэс рэалізуецца ў Казахстане толькі з 2010 года, ВНУ гэтай краіны пакуль знаходзяцца ў стане пераходу ад старой сістэмы да новай. І пераходу далёка не выразнага.
Сярод «балонскіх» прыкмет мы найперш выявілі вялікую колькасць замежнікаў у акадэміі. Толькі цяжка сказаць, чым яны больш абавязаныя сваёй прысутнасцю там, — Балонскаму працэсу, міжурадавым праграмам ці проста шматнацыянальнаму абліччу Алматы. З іншаземцаў пераважаюць, па Насціных назіраннях, таджыкі, а Таджыкістан не з’яўляецца ўдзельнікам агульнаеўрапейскай адукацыйнай прасторы: «Таджыкі проста сотнямі едуць сюды вучыцца. Таксама па гранце. Думаю, ім гэта фінансава выгадна. А яшчэ яны пагаворваюць, што ў Таджыкістане адукацыя не вельмі».
Пра «балонскую» магчымасць пабыць некаторы час за мяжой Насця як студэнтка ведае, але ніколі не думала гэтым пакарыстацца з-за таго, што вучыцца яна ўсё-такі не на звычайных умовах. Акрамя таго, адукацыйная міграцыя пакуль усё ж не носіць тут масавага характару. Напрыклад, спецыялісты, якія назіраюць за ўвядзеннем Балонскай сістэмы ў Казахстане, ацэньваюць функцыянаванне праграм студэнцкай мабільнасці як недастатковае і тлумачаць гэта фінансавымі праблемамі ўніверсітэтаў.
Цікава, што пры акадэміі існуе Савет апекуноў – грамадскі орган, які быў створаны «з мэтай эфектыўнага выкарыстання інтэлектуальнага патэнцыялу акадэміі». Аднак уражанне, што Казахстан прыняў за норму грамадскі кантроль дзейнасці ўстановы, памылковае. Савет апекуноў скліканы хутчэй для аказання фінансавай падтрымкі акадэміі. Калі кантроль з яго боку і магчымы, то выключна праз уплывовасць членаў Савета, а не праз рэальна ўскладзеныя на яго абавязкі. У Савет апекуноў уваходзяць, напрыклад, кіраўнікі буйных профільных кампаній.
Калі ж казаць пра тое, якога важнага Балонскага стандарту ў Казахскай галаўной архітэктурна-будаўнічай акадэміі няма зусім, – дык гэта крэдытнай сістэмы адзнак. Дакладней, крэдыты тут атрымліваюць, але па амерыканскім узоры.
Дзеці адной маці
Хоць вышэйшая школа Казахстана пакуль далёкая ад балонскага эталону, затое яна дакладна не вельмі адрозніваецца ад беларускай вышэйшай школы. Родніць нашыя ВНУ, напрыклад, «страшная бюракратыя» і непрадуманасць вучэбнай праграмы. Насця Сяргеева прызнаецца, што вучыцца ёй не вельмі цікава: «Яшчэ на першым курсе адчувала нейкую нагрузку, а цяпер проста няма чаго тут рабіць. Спадзяюся, што на трэцім курсе стане весялей». Гаворыць дзяўчына і пра тое, што без самастойнага «капання» ў прадмеце з ВНУ асабліва нічога не вынесеш. Зрэшты, казахскім выпускнікам выкшталцоныя веды і не патрэбныя – працу ў Алматы знаходзяць не па кампетэнцыях, а хутчэй па сувязях. Тым больш што абавязковага размеркавання, на зайздрасць беларускім студэнтам, тут няма.
Інтэрнат, дзе жыве Насця, таксама не асабліва адрозніваецца ад беларускага – тая ж вахта і тая ж забарона пасля 23 00 заходзіць і выходзіць з будынка. А не так даўно ў калідорах інтэрната ўстанавілі камеры назірання.
З аднаго боку, такая роднасць нашых універсітэтаў цалкам лагічная, улічваючы, што ў недалёкай гістарычнай перспектыве яны знаходзіліся пад адным дахам. Але, з другога боку, нават невялікі часавы адрэзак з 2010 года мусіў быў змяніць казахскія ВНУ больш кардынальна. Як мяркуюць эксперты Беларускага Балонскага камітэта, у гэтым і ёсць мінус прыняцця ў Балонскі працэс авансам – несумленная краіна дэкларуе змены, якія насамрэч не ажыццяўляе, карыстаючыся тым, што на сёння не прадугледжана механізмаў выдалення з універсітэцкай супольнасці. Рэформы, якія ажыццяўляюцца, носяць чыста фармальны бок і не закранаюць глыбінных рэчаў. «Рэформа мусіць быць праведзена зыходзячы з разумення неабходнасці змянення прававых і арганізацыйных умоў дзейнасці ВНУ ў адпаведнасці з прынцыпамі аўтаноміі універсітэтаў і акадэмічных свабод,– гаворыць Алег Граблеўскі. – Але каб мець магчымасць вырашаць гэтыя праблемы, трэба найперш пазбавіцца ад сутнаснага канфлікту: ідэялагізаванасці, дыктату і рэпрэсіўнасці. І не толькі ў галіне адукацыі».
Гледзячы на Казахстан, напрошваецца выснова, што ўступленне ў Балонскі працэс было хутчэй іміджавым крокам кіраўніцтва краіны, і праз тое прынесла мала рэальнай карысці самой сістэме вышэйшай адукацыі. Менавіта таму эксперты Балонскага камітэта выступаюць супраць, каб падобным чынам – без сутнасных рэформ – у працэс была прынятая Беларусь. «Прыняцце авансам пры захаванні існуючай сістэмы на карысць толькі прапагандысцкай машыне рэжыму – не больш таго,» – упэўнены Граблеўскі.
Што да Насці Сяргеевай, то яна не шкадуе, што паехала вучыцца за трыдзевяць зямель. Кажа, што не ўпэўнена, ці атрымалася б паступіць на такіх умовах у беларускі ўніверсітэт. Акрамя таго, цікавы і сам досвед пражывання ў чужой краіне. Тым больш, такой арыгінальнай, як Казахстан.
P.S. Больш інфармацыі пра сістэму вышэйшай адукацыі ў Беларусі і пра Балонскі працэс можна знайсці на сайце Грамадскага Балонскага камітэта http://bolognaby.org .
Казахская «балонь»
15.08.2013