«Творчая плеяда» лунінецкіх педагогаў

27.09.2013

Вадзім Жылко

Аўтару гэтых радкоў не аднойчы даводзілася асвятляць тэму «Лунінеччына літаратурная і краязнаўчая» – у друку, на разнастайных творчых канферэнцыях і сустрэчах. З гадамі сабрана даволі шмат разнастайных звестак. І многія матэрыялы гэтага «архіву» прысвечаны творчым людзям Лунінецкага раёна – педагогам. Бо не адзін мясцовы настаўнік займаецца літаратурнай творчасцю, даследуе гісторыю роднага краю. Перагарнем жа некаторыя старонкі…

***

З доляй добрай усмешкі, але можна залічыць у шэрагі лунінецкіх настаўнікаў-літаратараў самога Якуба Коласа. А як жа: у 1911 – 1912 гадах будучы народны паэт працаваў у Лунінцы настаўнікам, адначасова пісаў вершы і апавяданні, сюжэты якіх часткова падказаныя рэаліямі тутэйшага жыцця, працаваў над раздзеламі паэмы «Сымон-музыка».

Педагагічную адукацыю атрымаў і нейкі час працаваў настаўнікам Уладзіслаў Нядзведскі (1929 – 1973), паэт і празаік, чыё імя носіць цяпер Мікашэвіцкая гімназія.

На 1949 – 1958 гады прыпадае праца дырэктарам спачатку Сінкевіцкай, а затым Мікашэвіцкай СШ вядомага беларускага фалькларыста, даследчыка народнай сатыры, аднаго з аўтараў падручнікаў і навучальных дапаможнікаў па фальклоры для ВНУ Анатоля Фядосіка.

У 1956 г. на працу ў Мікашэвічы быў накіраваны выпускнік Брэсцкага педінстытута Аляксей Гардзіцкі (1934 – 1999), будучы вядомы пісьменнік і крытык. Тры гады правёў ён на Лунінеччыне, у тым ліку нейкі час прававаў завучам Мікашэвіцкага дзіцячага дома.

Прайшлі праз Лунінеччыну і настаўніцкія шляхі яшчэ аднаго вядомага літаратурнага крытыка – Сцяпана Лаўшука, які працаваў у 1967 – 1970 гадах у Дзятлавіцкай, Лахвенскай і Бродніцкай школах.

Ураджэнец лунінецкай вёсачкі Цна Іван Калянковіч (1947 – 1996) пасля заканчэння філфака Брэсцкага педінстытута настаўнічаў у Ракітненскай школе Лунінецкага раёна. Пасля арміі на працягу пяці гадоў (1970 – 1975) быў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, намеснікам дырэктара Любанскай СШ. У 1975 годзе абраны старшым выкладчыкам кафедры беларускай літаратуры Брэсцкага педінстытута. У 1980 г. за даследаванне «Творчасць Платона Галавача: жанрава-стылёвыя асаблівасці» яму была прысуджана вучоная ступень кандыдата філалагічных навук. Суаўтар некалькіх падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў.

Філолаг па адукацыі – ураджэнка Лунінца паэтка Аксана Спрынчан, нейкі час яна паралельна з працай ў выдавецтве выкладала беларускую мову ў адной са сталічных ВНУ.

Ураджэнец Лунінца, выкладчык Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы Ігар Цітовіч абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Краязнаўчы рух на тэрыторыі Заходняй Беларусі (1921 – 39)».

***

На сённяшні дзень на Лунінеччыне жывуць некалькі сябраў Саюза беларускіх пісьменнікаў і Саюза пісьменнікаў Беларусі. Праўда, прафесійных настаўнікаў сярод іх зараз няма, хаця адпаведную адукацыю некаторыя ў свой час атрымалі. Ёсць аднак, некалькі педагогаў, якія фармальна ў творчыя саюзы не ўваходзяць, але па узроўні сваіх публікацый стаяць фактычна нароўні з прафесійнымі літаратарамі. Сведчаннем таму – не толькі іх кнігі або публікацыі на старонках мінскіх і абласных выданняў, але і той факт, што некаторым з настаўнікаў-літаратараў прысвечаны асобныя раздзелы ў грунтоўнай кнізе «Літаратурная карта Берасцейшчыны» (Брэст, 2008). Пагадзіцеся, што патрапіць фактычна ў абласную «літаратурную энцыклапедыю» выпадае ўсё ж не кожнаму.

Акрамя іншага, Лунінецкі раён вядомы сваімі шматлікімі «самвыдатаўскімі» бюлетэнямі і альманахамі. На працягу ўжо не аднаго дзясяцігоддзя свае выданні выпускае тут найперш творчы клуб «Муза» – у серыях «Лунінецкія сшыткі», «Лунінецкая муза», «Галасы Лунінеччыны» ды іншых убачылі свет многія дзясяткі зборнікаў твораў мясцовых аматараў літаратуры і гісторыі. Сярэдні наклад кожнага выпуску – 100 асобнікаў, што для рэгіянальнага ўзроўню даволі добры паказчык. Радзей, але выпускаюць свае выданні таксама раённая бібліятэка, раённая газета, некаторыя навучальныя ўстановы. Творы лунінецкіх аўтараў, вядома ж, выходзяць не толькі ў «самвыдаце», ёсць на іх рахунку і кнігі, выпушчаныя ў афіцыйных выдавецтвах. А калі дадаць, што на Лунінеччыне існуюць некалькі мясцовых газет – як дзяржаўных, так і не дзяржаўных, то друкавацца тутэйшым аўтарам ёсць дзе. А гэта стымулюе да далейшай творчай працы… Памятаю, як на адной з навуковых канферэнцый краязнавец і дырэктар школы з іншага раёна скардзіўся: «У шуфлядзе ляжаць рукапісы пяці кніг, але не магу знайсці фундатара». Так што Лунінеччыне ў гэтым сэнсе пашанцавала больш.

Што праўда, сярод маладых педагогаў надта вялікай цягі да літаратурнай або краязнаўчай дзейнасці не назіраецца. Асобныя творы часам з’яўляюцца, гурткі дзе-нідзе існуюць, школьныя газеты і бюлетэні – таксама. Ёсць і поспехі, дасягнутыя самастойна ці сумесна з вучнямі. Напрыклад, навучэнка прафесійнага ліцэя Кацярына Смалякова пад кіраўніцтвам педагога Алены Ціхаміравай стала фіналісткай конкурса Саюзнай дзяржавы ў Полацку, прысвяціўшы сваю работу былому выкладчыку Лунінецкага рэальнага вучылішча, літаратару Мікалаю Пятровічу Анцукевічу. Краязнаўчы гурток Цэнтра дзіцячай творчасці г.Лунінца на чале з той жа настаўніцай стаў лаўрэатам абласнога конкурсу за даследаванне пра творчасць Аксаны Спрынчан. Пазалетась выпускніца ліцэя г.Лунінца Святлана Жаўнерык і яе педагог Аксана Арашкевіч адзначаны дыпломам першай ступені Міністэрства адукацыі за працу аб «дзецях вайны» з лунінецкіх вёсак, а мікашэвіцкая гімназістка Кацярына Рабец (педагог Алена Нямчэня) была другой ў рэспубліканскім конкурсе з даследаваннем канфесійнага становішча ў горадзе Мікашэвічы. Выкладчыца ліцэя Ніна Трэгубава – суаўтар праграмы спецкурса «Лунінеччыназнаўства». Настаўніца Палескай СШ Людміла Пятніца была ў 2009 годзе ўзнагароджана на рэспубліканскім конкурсе творчых прац «Рака майго дзяцінства». І прыкладаў такіх хапае.

Найбольш грунтоўна займаюцца творчымі справамі настаўнікі з вялікім жыццёвым вопытам (некаторыя ўжо сышлі на адпачынак, але любімую справу не кідаюць).

***

«Старэйшына» сярод лунінецкіх педагогаў-літаратараў – Сцяпан Нефідовіч. Нарадзіўся Сцяпан Паўлавіч у 1941 годзе. Як піша прафесар Брэсцкага ўніверсітэта Вера Зарэцкая ў кнізе «Літаратурная карта Берасцейшчыны», «сялянскі сын з вёскі Лахаўка Сцяпан Нефідовіч прайшоў тыповы для выхадца з былой Заходняй Беларусі шлях інтэлігента ў першым калене. Яго дзяцінства прыпала на час Другой сусветнай вайны і пасляваенныя нягоды, звязаныя не толькі з тым, што яна пасля сябе пакінула, але з калгаснай бясхлебіцай. Вайна ўсё яшчэ не пакідае творцу з Лахаўкі, а «крычыць маленькім хлапчуком на раздарожжы». Ён рана пайшоў на свой хлеб. Прайшоў інстытут вясковага пастушка, працаваў паляводам і рахункаводам у калгасе «Новае Палессе», масавіком і бібліятэкарам у Любанскім клубе, адначасова вучыўся ў вячэрняй школе. У 1963 г. Сцяпан Нефідовіч падаецца ў Пінск і паступае ў педвучылішча. Пасля яго заканчэння вяртаецца на радзіму і да выхаду на пенсію працуе спачатку настаўнікам пачатковай школы, а пасля заканчэння завочнай формы навучання філфака БДУ – настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Любані...

Літаратурныя схільнасці ў Сцяпана Нефідовіча выявіліся рана. З маладосці цягнуўся да тых, хто займаўся творчасцю, і стаў сябрам літаратурнага аб’яднання ў Мікашэвічах, якім кіраваў Аляксей Гардзіцкі. Туды час ад часу наведваўся і Уладзіслаў Нядзведскі. Там абмяркоўваліся паэтычныя спробы Сцяпана Нефідовіча. У час вучобы ў Пінскім педвучылішчы ўваходзіў у суполку творцаў, якія гуртаваліся пры «Палескай праўдзе», была сярод іх і маладзенькая Жэня Янішчыц.

Сям’я, праца ў школе, гаспадарка, без якой вясковаму настаўніку цяжка пражыць, адсунулі на задні план літаратурную творчасць. Нельга сказаць, што настаўнік з Любані зусім не пісаў, але гэта былі толькі карэспандэнцыі ў раённы, а часам і рэспубліканскі друк. Актыўна да творчай дзейнасці вярнуўся ў шаноўным узросце».

Сцяпан Нефідовіч – аўтар шматлікіх публікацый па краязнаўстве і фальклоры Лунінеччыны ў перыядычным друку і ў альманаху «Лунінецкі сшытак», у тым ліку грунтоўных нарысаў аб рэках, азёрах і балотах Лунінеччыны («Ад Цны да Случы», «Блакітныя вочы нашага краю», «Балоты Лунінеччыны: ад народзінаў да скону»), прац па фалькларыстыцы («Смех і пацеха ў жартоўных песнях Лунінеччыны», «Мудрыя словы», «Чумацкія песні», «Краса і сіла чарадзейных слоў» і інш.). Аўтар зборнікаў паэзіі і прозы «Дзень добры!» (1999), «Парушынкі ў воку» (сумесна з В.Філатавым, 2002), «Святло бяроз» (2004), «Сувой жыцця» (2005), «Спеў берасцянкі» (2007), «Махаю крыламі гадоў» (2010), «Запознены салавей» (2011), кніг ўспамінаў «Сустрэчы і расставанні» (2009) і «Іх яднала дружба» (2010). Зноў дамо слова Веры Зарэцкай: «З вершаў Сцяпана Нефідовіча паўстае чалавек сталага веку, які яшчэ не наталіў прагу жыць, захапляцца хараством роднай зямлі, любавацца разнастайнасцю праяў прыроды ў розныя поры года, бачыць яе ў дэталях, якія ўсе разам ствараюць паэтычны вобраз, цэласную карціну. Для лірычнага «я» паэта характэрна трывога за лёс радзімы і народа, боль з прычыны бяспамяцтва некаторых яе сыноў, негатыўных адносінаў асобных яе прадстаўнікоў да мовы. Разам з тым паэт аптымістычна глядзіць у будучыню. Лірычнаму суб’екту вершаў Сцяпана Нефідовіча не чужым з’яўляецца пачуццё кахання. Разам з тым лірычнаму герою характэрна вяртанне ў маладосць, ён прыгадвае і палкасць закаханасці, і боль разлукі і здрады. Палессе, Цна, Прыпяць, родная зямля – вось тое вызначальнае, што акрэслівае яго душэўны стан, напаўняе жыццё глыбокім сэнсам».


***

Гэтай восенню адзначае сваё 60-годдзе вядомы на Лунінеччыне і за яе межамі краязнавец Васіль Мікалаевіч Туміловіч. Ён нарадзіўся ў 1953 годзе ў вёсцы Кажан-Гарадок. Пасля заканчэння Ленінградскай духоўнай семінарыі працаваў святаром у розных прыходах Берасцейшчыны. Але быў у яго біяграфіі і такі перыяд, калі Васіль Туміловіч настаўнічаў у адной са школ Лунінца, завочна скончыў гістарычны факультэт Магілёўскага ўніверсітэта. Настаўнік гісторыі актыўна выступаў у друку, удзельнічаў у навукова-практычных канферэнцыях розных рангаў, у тым ліку і міжнародных. У гэты час была завершана і надрукавана ў Лунінцы праца «Возрождение забытого имени. Жизнь и деятельность Софьи Прорвич (1860 – около 1937)» (Соф’я Прорвіч – праваслаўная пісьменніца 1920 – 30-х гадоў, у свой час была знаёмая з Якубам Коласам). У 2002 годзе Васіль Туміловіч пакідае працу ў школе і зноў вяртаецца да святарскай дзейнасці – на Камянеччыне. Цяпер жыве на Лунінеччыне. Як і раней, займаецца краязнаўчай дзейнасцю. Сабраў значную частку творчай спадчыны С.Прорвіч і выступіў укладальнікам зборніка яе твораў «Любили отцы наши Бога» (2004). В.Туміловіч таксама – аўтар кніг і брашур «Нарысы даціроўкі манет» (2001), «Тапаніміка Кажан-Гарадка і яго зямель» (2001), «З фальклорных крыніц Кажан-Гарадка» (2003), «Кажан-Гарадок пяцісотгадовы» (2005), «Фальклор Камянецкага раёна» (2009), «Исторический очерк Новицкович и деревень сельсовета» (2011), каля 60 краязнаўчых публікацый у перыядычным друку. Дасланыя Васілём Туміловічам у Беларускую акадэмію мастацтваў фальклорныя запісы атрымалі там высокую ацэнку. Кандыдат філалагічных навук Янка Крук у сваім водгуку на зборнік «З фальклорных крыніц Кажан-Гарадка» напісаў: «Выключнае месца ў зборніку займаюць калядныя (шчадроўскія) песні, асабліва хрысціянізаваныя, а таксама раздзел паданняў і легенд (гэты раздзел увогуле фантастычна цікавы). Унікальным з’яўляецца блок маргінальнай пагранічнай культуры – праклёны».

***

Яшчэ адзін даследчык гісторыі і прыроды Палесся – Іван Аляксеевіч Панасюк. Нарадзіўся ён у 1947 годзе ў в.Астрамечава Брэсцкага раёна. У 1965 годзе скончыў Астрамечаўскую СШ. Педагагічную дзейнасць пачынаў настаўнікам фізкультуры Вялуцкай СШ Лунінецкага раёна, пазней служыў на флоце. У 1984 годзе скончыў Мінскі інстытут замежных моваў. Працаваў настаўнікам у Вялуцкай СШ, Лунінецкай школе-інтэрнаце, СШ №2 г.Лунінца, пэўны час кіраваў Лунінецкім гарадскім аддзелам адукацыі. Жыве ў Лунінцы. Аўтар кніг і брашур «Прырода і ахоўваемыя тэрыторыі Лунінецкага раёна» (2001), «Kreis und Stadt Luninez» (2002), «Чырвоны сшытак Лунінецкага раёна. Прырода і ахоўваемыя тэрыторыі Лунінецкага раёна» (2002, сумесна з жонкай Ларысай Панасюк), «Велута» (2006, гісторыя аднайменнай вёскі), «Палессе маё Лунінецкае» (2007, сумесна з Л.Панасюк і Ул.Яраховічам), «Остромечево и «остромычивци» (2010), «От Остромечино до Остромечево» (2011), «Урочышчы і мясціны вакол Валуты» (2012), «Интернат ты наш, интернатушка...» (2012), шэрагу публікацый ў перыёдыцы і фотавыставаў краязнаўчага накірунку.

***

Ведаюць аматары паэтычнага слова Лунінеччыны і імёны паэтаў з ліку педагогаў Вольгі Грыдзюшка і Аляксандра Хаўдзеева.

Вольга Сцяпанаўна Грыдзюшка нарадзілася ў 1954 годзе ў в.Багданаўка. Пасля заканчэння Пінскага педвучылішча тры гады настаўнічала ажно ў Таджыкістане, потым вярнулася на радзіму. Закончыла Мінскі педінстытут. У Лунінцы працавала настаўніцай мовы і літаратуры. Аўтар паэтычных зборнікаў «Касіяпея» (1996), «Шчаслівы сон» (2002), «Время цветов» (2005), «Зімнія яблыкі» (2011).

Аляксандр Пятровіч Хаўдзееў нарадзіўся ў 1960 годзе ў г.п.Буда-Кашалёва Гомельскай вобласці. Дзяцінства яго прайшло ў Драгічынскім раёне. Закончыў Брэсцкі педінстытут, працуе настаўнікам геаграфіі і біялогіі ў Лунінцы. Аўтар зборніка вершаў «Родныя сцежкі» (2001).

Як бачым, творчых асобаў сярод педагогаў Лунінеччыны хапае. Поспехаў вам, калегі!