Амерыканскія школьнікі гавораць па-беларуску
На днях у Мінску прайшла канферэнцыя, прысвечаная грамадзянскай адукацыі ў школе. Напрацягу двух дзён настаўнікі дзяліліся з калегамі сваім досведам, абмяркоўвалі перспектывы. Але сапраўдным цвіком канферэнцыі сталі запрошаныя эксперты. На гэты раз у якасці экспертаў выступалі звычайныя амерыканскія школьнікі: 13-гадовы Светавіт і 12-гадовы Славамір. Іх бацькі маюць беларускае паходжанне, таму Светавіт і Славамір без акцэнту гавораць па-беларуску. Яны расказалі пра патрыятычнае выхаванне і сістэму пазашкольнай працы ў Амерыцы і пасля яшчэ больш за гадзіну адказвалі на пытанні беларускіх настаўнікаў, якія тычаліся зместу адукацыі, методык, выхавання, сістэмы ацэнкі ведаў.
Аказваецца, пакараннем за дрэнную вучобу і паводзіны ў Амерыцы з’яўляецца забарона наведваць школу напрацягу некалькіх дзён, а адсутнасць партрэтаў Буша ў класах і інфармацыйных гадзінаў не перашкаджае амерыканцам расці патрыётамі. Хлопцы адказвалі шчыра і лаканічна. І пра вайну ў Іраку, і пра ежу ў макдональдсе, і пра магчымасці вяртання ў Беларусь. Заўсёды іх аргументы ці меркаванні падмацоўваліся фактамі і лічбамі. Відаць, у адрозненне ад беларускіх школьнікаў, ім не прыходзіцца хаваць сваю думку за прыгожымі словамі ці агульнымі фразамі.
Сумна было чуць толькі адно: за месяц знаходжання ў Беларусі хлопцам не ўдалося ўдасканаліць родную мову – яны не сустрэлі ніводнага раўнагодка, з якім яны б маглі пагаварыць па-беларуску.
Амерыканскія школьнікі гавораць па-беларуску
29.08.2006