З першых вуснаў

01.08.2007

«Сёння ў нацыянальна свядомага настаўніка застаецца толькі адзін шлях – шлях грамадзянскай адукацыі.»
Лявон Карповіч з вёскі Лунна Мастоўскага раёну амаль 40 год адпрацаваў у школе. Свае меркаванні наконт цяперашняй сістэмы адукацыі ў Беларусі ён выказаў у лісце на “Свабоду”.
“Наша цяперашняя школа – гэта як савецкая сталоўка, у якой настаўнік-кухар з дрэнных прадуктаў гатуе шкодную для душы і здароўя ежу і прымушае яе есці. Дык будзеш есці і без прымусу, бо іншай – няма. А праз пэўны час усе робяцца хворымі – фізічна і духоўна. Было б несправядліва казаць, што ў нас усе школы такія. Ёсць яшчэ настаўнікі, на ўрокі якіх дзеці ідуць з ахвотай. Але такіх – мізэрная колькасць. Такі настаўнік-гароднік ахінае любоўю і ласкай кволыя парасткі насуперак рэчаіснасці, штодня рызыкуючы страціць працу. Але сёння ў нацыянальна свядомага настаўніка застаецца толькі адзін шлях – шлях грамадзянскай адукацыі. Трэба дапамагчы кожнаму выхаванцу сфармаваць асабістую думку, усвядоміць, што кожны мае права на асабісты выбар у жыцці. Адной з самых пачварных спраў камуністычнага ладу было стварэнне новай супольнасці людзей – людзей без сумлення. Жыццё без сумлення вызваляе ад пакут, як жыцьцё без розуму вызваляе ад неабходнасці думаць. Чалавек тады губляе душу і ператвараецца ў зброю д’ябла. На жаль, гэта актуальна і для сённяшняй Беларусі”.