Беларускае пяціборства-VII – прыемнае і сумнае…

10.01.2008

Беларускае пяціборства-VII – прыемнае і сумнае…

Міхась Булавацкі

На пачатку года ў Магілёве праведзена “Беларускае пяціборства-VII” – спаборніцтва для старшакласнікаў, схільных да матэматыкі, на веданне імі гісторыі сваёй краіны, яе мовы і літаратуры. Тым самым найбольш здольныя навучэнцы могуць вызначыць (найперш для сябе!) узровень іх агульнай адукацыі, адукацыі, якая не толькі дазволіць ім засвоіць тую ці іншую спецыяльнасць, але й дапаможа стаць гарманічна развітым чалавекам, свядомым грамадзянінам сваёй краіны. Апошняму школьная сістэма сучаснай Беларусі не надае дастатковай увагі, што сведчыць аб неразумнасці сённяшняга дзяржаўнага ўладкавання.

У сёмым пяціборстве бралі ўдзел 21 чалавек – вучні школ, ліцэяў, гімназій і ПТВ Магілёва і Магілёўскай вобласці. На гэты раз даволі шырока былі прадстаўлены рэгіёны – удзельнічалі вучні з Быхава, Горак, Дрыбіна, Чэрыкава, Бабруйскага, Мсціслаўскага, Чавускага раёнаў. Але большасць, як заўжды, былі навучэнцамі магілёўскіх ліцэяў. Сярод іх былі неаднаразовыя пераможцы гарадскіх і абласных алімпіяд па розных школьных дысцыплінах.

Перад пачаткам спаборніцтва была праведзена кніжная латарэя, у выніку якой кожны ўдзельнік атрымаў адну ці дзве кнігі з тых, якія сабралі актывісты Магілёўскіх суполак ТБМ. Затым удзельнікі прыступілі да галоўнай дзеі: патрабавалася на беларускай мове выкласці развязак адной матэматычнай задачы і адказаць на пытанні з беларускай літаратуры, геаграфіі Беларусі і яе гісторыі.
Упершыню перамогу атрымаў прадстаўнік не абласнога і нават не раённага цэнтра, а вучань з вёскі Гарбавічы Чавускага раёна Дарожкін Андрэй. Другое месца заняла дзесяцікласніца абласнога ліцэя № 3 Юля Чудакова. У мінулым годзе ў яе было таксама другое месца. Юля зрабіла яшчэ адзін дубль: другі раз атрымала адмысловы прыз за лепшы адказ на пытанне па беларускай літаратуры. Можна парадавацца за настаўнікаў, якія маюць такую цудоўную вучаніцу, і за Беларусь, на зямлі якой такія Юлі нараджаюцца. На трэцім месцы адзінаццацікласнік таго ж ліцэя Ігар Калашнікаў, які праявіў сябе найперш у матэматычнай задачы, чым і перакрыў нізкія паказнікі ў іншых намінацыях. Шкада, што Ігар у выпускным класе і праз год ужо не зможа браць удзел у пяціборстве; там ён паказаў бы іншыя вынікі ў сваім чалавечым развіцці. Кажу так з упэўненасцю, бо шмат прыкладаў падобнага роду маецца ў гісторыі пяціборства. Разумнаму чалавеку варта толькі паказаць ці даць самому ўсвядоміць хібы сваёй адукацыі і ён пачне рабіць захады дзеля выпраўлення гэтых хібаў. На тое й нацэлена ідэя правядзення пяціборства. Адмысловы прыз за лепшую мову атрымала Святлана Дзенісевіч з Дрыбіна, зараз навучэнка абласнога ліцэя № 1. Святлана – двойчы пераможца пяціборства (2006 і 2007 г.), на гэты раз дацягнулася толькі да чацвёртага месца. А прыз за лепшае валоданне роднай мовай яна атрымоўвае ўжо трэці раз.

З сумных (але й чаканых!) вынікаў пяціборства трэба адзначыць чарговае зніжэнне якасці валодання роднай мовай. Зараз сярэдні вынік у мове – адна памылка на 15–20 слоў – прыкметна саступае адпаведнаму выніку ранейшых пяціборстваў. Прычыны такой з’явы відавочныя: дзяржаўная палітыка нацэлена сёння не на падтрымку, не на адраджэнне, не на развіццё, не на пашырэнне ўжытку роднай мовы, а на яе паступовае вынішчэнне, на выцісканне яе з усіх сфераў жыццядзейнасці чалавека. І малады чалавек пачынае разумець, што гэтая мова стане не памочнікам у яго жыццёвым уладкаванні, а хутчэй перашкодай, і перастае надаваць увагу яе вывучэнню і ўдасканальванню. А настаўніца беларускай мовы, якая на перапынку ці па-за школай пачынае размаўляць з ім “великим и могучим русским языком”, толькі ўмацоўвае яго ў такім выбары.

Але мова выжыве, бо ёсць іншыя настаўніцы. І ёсць Юлі і Святланы, якія пранясуць яе, як сцяг, праз гады…