Якімі кампетэнцыямі павінен валодаць трэнер нефармальных адукацыйных праграм у галіне правоў чалавека?
У сучасных сусветных адукацыйных практыках існуе некалькі падыходаў да разумення адукацыі па правах чалавека:
1. Адукацыя пра гісторыю і філасофію правоў чалавека (гэты падыход найбольш распаўсюджаны ў беларускіх школьных падручніках);
2. Адукацыя пра дакументы па правах чалавека і механізмы абароны правоў чалавека (гэты падыход таксама называецца праваабарончай адукацыяй);
3. Навучанне каштоўнасцям правоў чалавека як квінтэсенцыі найлепшых маральных, сацыяльных і інш. якасцяў асобы, назапашаных чалавецтвам, і якое мае на мэце змяніць навучэнца ў лепшы бок;
4. Навучанне правам чалавека як тэхналогіі сацыяльнай трансфармацыі грамадства праз падрыхтоўку сацыяльна-актыўнага грамадзяніна як лідара групы інтарэсаў.
Грамадскае аб’яднанне “ВІТ”, якое працуе ў накірунку грамадзянскай і прававой адукацыі, а таксама адукацыі па правах чалавека з 1997 года, у сваёй дзейнасці арыентуецца на сінтэзны падыход да адукацыі па правах чалавека, які спалучае і гістарычны, і каштоўнасны, і нарматывісцкі, і таксама трансфарматывісцкі падыходы. У гэтым сэнсе адукацыя па правах чалавека з’яўляецца сярэднім звяном, якое спалучае (а часам і накладваецца на) роднасныя адукацыйныя накірункі – грамадзянскую адукацыю, прававую адукацыю, каштоўнасную адукацыю, адукацыю ў галіне ўстойлівага развіцця і інш.
Мы лічым, што шырокае разуменне адукацыі ў галіне правоў чалавека робіць яе сваеасаблівай універсальнай рамкай, якая можа адаптавацца пад патрэбы адпаведнай адукацыйнай ці сацыяльнай мэты і мэтавай групы.
У сваёй адукацыйнай дзенасці Грамадскае аб’яднанне “ВІТ” звяртае асаблівую ўвагу на якасць сваіх праграм. Асноўным крытэрыям якасці мы лічым адэкватнасць падтрыхтоўкі навучэнцаў як пастаўленым намі адукацыйным мэтам, так і асабістым патрэбам навучэнца. Найбольш прыдатным механізмам ацэнкі адукацыйных праграм нам падаецца вызначэнне ступені дасягнення ўдзельнікамі нашых праграм адпаведных кампетэнцый. Менавіта папярэдняе вызначэнне і ўзгадненне гэтых кампетэнцый і з’яўляецца перадумовай паспяховай адукацыйнай праграмы.
Пад кампетэнцыяй мы разумеем камбінацыю і вынік дасягнення пэўнага ўзроўню ведаў, навыкаў і каштоўнасцяў, якімі павінен валодаць трэнер, і якія ен павінен выкарыстоўваць на практыцы. У гэтым сэнсе кампетэнцыя больш шырокае паняцце, чым здольнасць, кампетэнцыя – гэта звычайна сінтэз некалькіх ўзаемазвязаных здольнасцяў, спалучэнне якіх дапамагае дасягнуць сінергетычнага эфекту.
Спецыялістамі нашай арганізацыі быў падрыхтаваны пералік кампетэнцый, якія, на нашую думку, павінн мець трэнер у галіне правоў чалавека, і якія мы прапануем на абмеркаванне. Гэтыя кампетэнцыі мы ўмоўна аб’ядналі ў 4 групы:
Кампетэнцыі ў галіне правоў чалавека
* Ведаць і разумець гісторыю, філасофію і асноўныя падыходы да таго, што такое правы чалавека, быць здольным вольна ўжываць гэтыя паняцці, прыводзіць аргументы на карысць адпаведных падыходаў і дзейнічаць у адпаведнасці з падставовымі каштоўнасцямі правоў чалавека як на побытавым узроўні, так і ў прафесійнай сферы
* Ведаць і адэкватна ставіцца да асноўных дакументаў і механізмаў абароны правоў чалавека, разумець логіку іх станаўлення і перспектывы развіцця, а таксама наступствы іх выкарыстання; мець досвед, альбо быць гатовым да іх выкарыстання на карысць асобы і/ці супольнасці
* Ведаць, разбірацца і мець уласнае стаўленне да сучасных глабальных і мясцовых праблемаў, звязаных з парушэннямі асобных правоў чалавека, быць здольным іх абмярковаць, прадпрымаць дзеянні і пабуджаць іншых на дзеянні, накіраваныя на вырашэнне гэтых праблем і адстойванне рэлевантных інтарэсаў грамадскасці
Кампетэнцыі ў галіне адукацыі па правах чалавека:
* Здольнасць крытычна пераасэнсаваць і данесці іншым розныя погляды на пытанні і дылемы, што маюць дачыненне да правоў чалавека
* Разуменне і здольнасць патлумачыць адметнасці і падабенствы канцэптуальных падыходаў да адукацыі па правах чалавека ў параўнанні з іншымі падобнымі адукацыйнымі накірункамі (грамадзянская адукацыя, прававая адукацыя, каштоўнасная адукацыя, адуакацыя для ўстойлівага развіцця і інш.)
* Разуменне і здольнасць ужывання адукацыі па правах чалавека як сродка фармавання супольнасці, заснаванай на каштоўнасцях правоў чалавека
* Здольнасць тлумачыць і пераконваць іншых у каштоўнасці адукацыйных праграм па правах чалавека і важнасці іх выкарыстання ў фармальнай і нефармальнай адукацыі на нацыянальным і мясцовым узроўні
Кампетэнцыі ў галіне адукацыйных тэорый, скіраваных на сацыяльныя змены
* Разуменне падставовых канцэпцый, звязаных з трансфармацыйным навучаннем (у прыватнасці, навучанне праз уласны досвед, кааператўнае навучанне, педагогіка прыгнечаных і г.д.)
* Здольнасць кіраваць канфліктам і трансфармаваць яго
Агульныя трэнерскія кампетэнцыі
* Разуменне тэорыі стыляў навучання і здольнась яе выкарыстання у трэнерскай дзейнасці
* Разуменне сутнасці і здольнасць выкарыстання інтэрактыўных метадаў навучання
* Здольнасць планавання і арганізацыі адукацыйных праграм па правах чалавека з адначасовым кантролем належнага ўзроўню якасці
* Здольнасць ацэньваць і планаваць ацэньванне адукацыйных праграм
* Здольнасць працаваць у камандзе і навучацца ад калег
* Здольнасць ствараць навучальную атмасферу і адпаведны кантэкст для навучання правам чалавека
* Здольнасць прыстасоўваць адукацыйныя модулі да патрэбаў мэтавых груп
* Разуменне перавагаў групавой працы і здольнасць арганізаваць камунікацыю ў малой навучальнай групе
Дасягненне гэтых кампетэнцый – не справа аднаго трэнінга. Больш таго, не факт што кожны ўдзельнік доўгатэрміновай навучальнай праграмы зможа дасягнуць іх. Вялікая адказнасць за авалоданне пазначанымі кампетэнцыямі ляжыць на самім удзельніку і ягоным асяродку. Прапанаваныя кампетэнцыі – гэта нашае бачанне ‘ідэальнага трэнера’, пэўная пастаноўка планкі.
Цалкам магчыма, што мы ўлічылі далека не ўсе магчымыя кампетэнцыі – гэты спіс з’яўляецца адкрытым.
Сяргей Салей,
Грамадскае аб’яднанне “ВІТ”
Паводле wgcre.net
Кампетэнцыі трэнера па правах чалавека
26.03.2008