Тры лісты пра ідэалёгію
Праводле «Нашай Нівы»
Я бачыў у сеціве водгукі на працэс майго звальненьня. Хачу падзякаваць за салідарнасьць і паведаміць, што гэты працэс пасьпяхова завяршыўся — я ўжо на волі. Дарагія мае паплечнікі на фронце ідэалягічнае барацьбы, калі ласка, не абражайце Галіну Іванаўну. Я хацеў бы падыскутаваць зь ёю наконт ідэалягічных праблемаў, але яна ўхіляецца. Мо хтосьці з адэптаў дзяржаўнае ідэалёгіі яе падменіць?
Гэнік Лойка
Адкрыты ліст дырэктару СШ №185
Юрцэвіч Галіне Іванаўне
настаўнік скульптуры
Лойка Генадзь Станіслававіч
Шаноўная Галіна Іванаўна!
На мой погляд, намесьнік дырэктара па ідэалягічнай працы, Сьвятлана Віталеўна Розум, не спраўляецца са сваёй місіяй даносіць і тлумачыць нам, настаўнікам ды вучням, мудрасьць дзяржаўнае ідэалёгіі. Ідэалёгія — гэта, як я разумею, стройная сыстэма поглядаў, паводле якой можна растлумачыць любую жыцьцёвую зьяву. Аднойчы, 21 лютага, калі я вывесіў у фае нашай школы віншаваньне зь Міжнародным днём аховы роднае мовы, Сьвятлана Віталеўна зрывала гэны плякат. Зрываць дык яна зрывала, але даць уцямнае тлумачэньне сваім дзеяньням паводле ўсёмагутнай дзяржаўнай ідэалёгіі не змагла. Адказ кшталту «Нельзя! Разве вы не понимаете?» мяне — чалавека з вышэйшай адукацыяй за плячыма — абсалютова не задавальняе. Я прымаю толькі аргумэнтаваныя адказы. Таму я зьвяртаюся да Вас, больш высокапастаўленага дзяржаўнага чыноўніка, — будзьце ласкавыя, растлумачце мне некаторыя рэчы з вышыні дзяржаўнае ідэалёгіі.
Мы, беларусы, маем дзень 25 Сакавіка. Нягледзячы на тое, што Вы, Галіна Іванаўна, гадаваліся не ў Беларусі, як гісторык, Вы мусіце ведаць, што ў гэты дзень 1918 г. Беларуская дзяржава дакумэнтальна азначыла сабе шлях — НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ. Вы гэта ведаеце. Бо гэта — гістарычная праўда. Іншая справа, што, магчыма, гэта не выклікае ў Вашым сэрцы аніякага водгуку. Але паверце мне на слова, для нас, беларусаў, гэта — сьвятыня, гэта — вельмі, вельмі, вельмі важны дзень. А называць Днём незалежнасьці 3 ліпеня — гэта папросту гістарычная мана. Бо ў той дзень беларусы не прымалі курсу на незалежнасьць. Тады ў беларусаў быў толькі адзін курс — «На Бэрлін!»
Галіна Іванаўна, растлумачце мне, калі ласка, з пазыцыі дзяржаўнае ідэалёгіі, чаму Дзень абаронцаў айчыны адзначаецца менавіта 23 лютага? Вы, як настаўніца гісторыі, пэўна, дабіваецеся ад беларускіх вучняў, каб яны ведалі на памяць даты бліскучых перамог беларускае зброі: 15 ліпеня і 8 верасьня. Няўжо штосьці больш слаўнае зьдзейсьнілі нашыя мужчыны 23 лютага? Наколькі я ведаю, у гэны дзень у часы нямецка‑фашыстоўскае акупацыі ўтварыўся нейкі батальён Беларускай вайсковай самапомачы. Але ж, згадзіцеся, гэта не нагода нават для таго, каб проста выпіць, ня кажучы ўжо пра Сьвята Ўсяе Краіны. Ці, можа, у аснову Дня абаронцаў беларускай айчыны легла дата з гісторыі іншай, суседняй, дзаржавы? Тады гэта будзе ідэалёгія каляніяльнай, а не сувэрэннай дзяржавы.
Падвядзем вынікі. Сьвята, заснаванае на гістарычнай праўдзе, мае канструктыўны характар. А сьвята, заснаванае на гістарычнай мане — дэструктыўны. А як на гэта глядзіць дзяржаўная ідэалёгія? Спадзяюся, што дзяржаўны чыноўнік Вашага рангу здольны даць мне кампэтэнтны адказ. І яшчэ адно пытаньне: чаму маё імкненьне данесьці дзецям праўду Вы называеце «вовлечением детей в политику»?
З павагаю,
Генадзь Лойка,
19 сакавіка 2008 г.
Дырэктару СШ №185 Юрцэвіч Галіне Іванаўне
настаўнік скульптуры Лойка Генадзь Станіслававіч
ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЦЫДУЛКА
Шаноўная Галіна Іванаўна!
Я не выконваю некаторых Вашых вусных загадаў. Гэта праўда. Вы, як кіраўнік школы, часам робіце мне заўвагі пра зьнешні выгляд ці яшчэ пра што. Я прымаю іх да ведама і стараюся выправіцца. Так і павінна быць у калектыве людзей, якія рэгулююць свае працоўныя адносіны кантрактам. Але ёсьць рэчы, якіх я прынцыпова не магу зрачыся. Гэта — нацыянальныя сьвятыні. Найперш, мова, бел‑чырвона‑белы сьцяг, герб «Пагоня», Дзень незалежнасьці 25 Сакавіка. Я іх шанаваў, шаную і буду шанаваці. Тут Вы гатовыя падхапіць: «Ну і шануй сабе на здароўе. Толькі на адлегласьці 5 мэтраў ад нашай школы. Не, не 5, а 50 мэтраў. І нават не 50, а 150 мэтраў ад тэрыторыі школы — такі закон дзяржавы. Паважай законы дзяржавы, якая табе дае зарплату». Галіна Іванаўна, Вы цудоўна ведаеце, што за 150 мэтрамі нашай школы пачынаюцца 150 мэтраў суседняй, таксама дзяржаўнай школы. І Вы, як прадстаўнік дзяржавы, мусіце дбаць пра дзяржаўныя законы, а гэта значыць, забараніць мне і там. І далей. І яшчэ далей, і ў тым ліку на пляцы Кастуся Каліноўскага. Карцей кажучы, Вы мне дазваляеце шанаваць свае нацыянальныя сьвятыні толькі на ўласнай кухні. Сядзь там у куточак ды размаўляй сабе на сваёй беларускай мове колькі ўлезе. І пры гэтым: «Я не вінаватая. Бо ня я ж сама ўсё гэта прыдумала. Такія законы дзяржавы. Дзяржава заўжды была машынай — што? — прымусу». Чаму Ваша дзяржава такая нялюдзкая, у сэнсе, бястварая? Чаму ніхто ня можа ўзяць на сябе асабістую адказнасьць, нібы на Нюрнбэрскім працэсе? Чаму мы маем факт зьнішчэньня помніка беларускага дойлідзтва, але ня можам знайсьці будаўніча‑рамонтную арганізацыю, якая гэта ўчыніла? А вось маладафронтаўца, які напісаў балёнчыкам на плоце «Жыве Беларусь!», садзяць у турму на самы вялікі тэрмін, які дазваляюць Вашыя дзяржаўныя крымінальныя законы, за непапраўны ўрон гораду і дзяржаве. «Чаму ты засмуціўся? І чаму панік твар твой? Калі робіш добрае, то ці не падымаеш твару? А калі ня робіш добрага, то ля дзьвярэй грэх ляжыць; ён вабіць цябе да сябе, але ты пануй над ім», — так сказаў Бог Каіну, прабачце за мой уласны пераклад. Карацей, апроч Вашых дзяржаўных законаў ёсьць яшчэ і Божы суд (паважаеце Лермантава?) і закон сумленьня. Калі сумленьне мне падказвае паступіць іначай, чым запісана ў Вашых дзяржаўных законах, што ж — гэта хіба апошніх. Я буду размаўляць па‑беларуску, калі б нават застаўся адзіным на гэтай зямлі сярод тых, хто ўжо зьнішчыў беларускую мову. Але я не адзіны. Нам сёньня ўжо недастаткова размаўляць між сабой на сваёй мове. Мая місія такая — прыкласьці ўсе намаганьні, каб беларуская мова жыла на беларускай зямлі. Гэта значыць, каб ня толькі я, але ўсе на Беларусі размаўлялі па‑беларуску. Такі закон Божы. Бог даў нам гэтую зямлю і гэтую мову. І скажу Вам шчыра, падняўшы твар, — не стрымаюць мяне Вашыя «150 мэтраў». Нацыянальныя сьвятыні ня могуць належаць мне аднаму. Я іх буду несьці і прапагандаваць усёй нацыі і паўсюль на Беларусі, як дазваляе мне сумленьне.
Дарэчы, а Вашае сумленьне дазваляе Вам настолькі не паважаць нашую нацыю, каб, займаючы дзяржаўную пасаду, не валодаць першай дзяржаўнай мовай? Такім чынам, 17 сакавіка я зноў віншаваў тымі ж улёткамі беларусаў (дарослых беларусаў) са сьвятам Незалежнасьці. Гэта адбывалася пад адкрытым небам Беларусі. Я перапыніў свае віншаваньні, бо трэба было ісьці на ўрок на замену. Карыстаючыся выпадкам, віншую і Вас, Галіна Іванаўна, з такім вясновым Днём незалежнасьці! Зычу Вам волі, гэта значыць, свабоды і моцы духоўнай. Усё будзе добра. Вясна ідзе.
20 сакавіка 2008 г.
Дырэктару СШ 185 Юрцэвіч Галіне Іванаўне
настаўнік выяўленчага мастацтва Лойка Генадзь Станіслававіч
ЗАЯВА
Перш чым папрасіць Вас скасаваць мой кантракт, хачу крыху падзяліцца думкамі ад кніжкі, якую Вы мне парэкамэндавалі — «Основы идеологии белорусского государства. Пособие для учителей. 2005». Я зразумеў, чаму Вы далі мне самому чытаць, каб не інтэрпрэтаваць дзяржаўную ідэалёгію асабіста, пазіраючы мне ў вочы. У кніжцы так прыгожа напісана, што дзяржава павінна «забясьпечыць адкрытае, справядлівае правядзеньне выбараў». Але ж у рэальным жыцьці мы з Вамі самі ўдзельнічалі ў гэтым працэсе і цудоўна ведаем, што за выбары былі. «Кожнаму чалавеку гарантуецца свабода меркаваньняў, перакананьняў і іх свабоднае выражэньне», — добра прачытаць такое ў кніжцы. Але яшчэ лепш, каб такога не пабачыць у рэальнасьці ў сваёй дзяржаўнай установе. Бо дзяржава ў асобе больш высокапастаўленага органа — РАА — пільна адсочвае сваю «гарантыю»: «Чаму ў вашай школе ўсё яшчэ працуе чалавек, які на сходзе адзіны прагаласаваў «супраць»?!»
І Вы, Галіна Іванаўна, шчыра верыце, што галасаваць «супраць» можа толькі замбіраваны або куплены за даляры чалавек. А вось людзі, купленыя за дзяржаўную зарплату, якія спажываюць толькі інфармацыйную прадукцыю Беларускага тэлебачаньня, якія мысьляць аднолькава ў рэчышчы дзяржаўнае ідэалёгіі і галасуюць «за» — гэта норма. Не, шаноўная Галіна Іванаўна, настаўнікі (Вашыя падначаленыя) — людзі шырокага кругагляду, творчыя, разумныя. Я гэта ведаю знутры. А яшчэ я ведаю, што яны хлусяць, г.зн. галасуюць адзінагалосна, толькі пад ціскам бязьлітаснага дзяржаўнага апарату, пад страхам рэпрэсій. Іншая справа — навошта Вашай дзяржаве хлусьня? На такой хлусьні ў свой час трымалася КПСС. А вынік?
Адзін настаўнік Вашай школы не напісаў пляну ўроку, не забясьпечыў наяўнасьці вучня на ўроку, карацей, учыніў вытворчае злачынства. Але гэта ня выклікала ў дзяржавы такой рэакцыі, як заклік гэтага ж настаўніка да сваіх вучняў адсьвяткаваць нацыянальнае сьвята. Тут жа прыбыў чыноўнік з раёну, сабраліся ўсе завучы, як быццам быў учынены замах на дзяржаўную бясьпеку! І пры гэтым чытаем, што ў «Канстытуцыі замацаваны прынцып палітычнага і ідэалягічнага плюралізму», кажам, што ў нас няма палітычных рэпрэсій. Я таксама не патрапляю пад рэпрэсіі за свае ідэалягічныя погляды — я пішу гэтую заяву на звальненьне добраахвотна.
Вы, Галіна Іванаўна, шчыра зьдзіўляецеся: «Дзяржава яго вырасьціла, выгадавала, напаіла, дала адукацыю бясплатную (!), працу, добры заробак, кватэру новую!.. Што яшчэ трэба?»
— …Каб што? — хацеў бы працягнуць Вашу фразу пытаньнем. — Што яшчэ дзяржаве трэба зрабіць, каб я забыў сваю беларускую мову? Каб адрокся ад нацыянальных сымбаляў? Каб не заклікаў сваіх вучняў на сьвяткаваньне Дня незалежнасьці роднай нацыі?
Вы кажаце, што сутнасьць дзяржаўнай ідэалёгіі — гэта дабрабыт грамадзянаў. З гэтым цяжка не пагадзіцца. Чарка і скварка — і электарат куплены. Але гэта не арыгінальна. Наколькі я ведаю, дзейнасьць нарвэскай дзяржавы таксама скіраваная ў тое ж рэчышча. З адной толькі розьніцай: і скварка там тлусьцейшая, і чарка паўнейшая. І галоўнае, дзяржава дасягае гэтага не амонаўскімі дручкамі, заганяючы тытульную нацыю кудысьці на Бангалор, а зусім наадварот. Калі нарвэжац хоча адзначыць нацыянальнае сьвята, дык дзяржава дзеля яго ўпрыгожвае самыя цэнтральныя праспэкты і пляцы.
Я кажу пра нацыянальнае як пра традыцыйна этнічнае, а Вы, Галіна Іванаўна, напэўна, укладаеце ў гэтае слова зусім іншы сэнс. Прынамсі, у Вашай кніжцы беларускім нацыянальным лічыцца выключна прыналежнае дзяржаве. Савецкі патрыятызм узяты за эталён. Беларускага савецкага вельмі мала засталося ў гісторыі, амаль усё пахаванае ў Курапатах. Астатняе — этнічнае, а не савецкае. Ня дзіва, што Вашая ідэалёгія панічна баіцца Беларускага Адраджэньня. Я згодны з Вашай кніжкай, што «могуць быць поліэтнічныя нацыі. Такое разуменьне нацыі замацоўвае ААН». Гэтакія нацыі склаліся, у асноўным, на землях Амэрыкі ды Аўстраліі, дзе вынішчылі абарыгенаў. Савецкі Саюз 70 год ствараў такую поліэтнічную нацыю, ды ня здолеў. Так і не змаглі гэта назваць нацыяй, а ўсяго толькі — «новая супольнасьць савецкі народ». А Вы, значыць, працягваеце гэты гіблы праект. Хочаце збудаваць савецкую нацыю на асобна ўзятай зямлі. І назва неблагая — «Белоруссия». Але каб збудаваць тут свой савок, Вам проста неабходна зьнішчыць усё беларускае. Якраз гэта Вы і робіце: парвалі бел‑чырвона‑белы сьцяг, скінулі «Пагоню», падмянілі Дзень незалежнасьці, на чарзе — штрафы за напісаньне беларускаю моваю. І вучні Вашыя — дзеці беларусаў — павінныя забыць, што яны беларусы. Вы вучыце іх ня ведаць, не паважаць і ненавідзець родныя сьвятыні. Вы гадуеце янычараў. І ня можаце паступаць іначай.
Я ж не хачу ўдзельнічаць у гэтым працэсе. Таму прашу Вас скасаваць працоўны кантракт са мною паводле згоды бакоў. Хачу скіраваць свае сьціплыя здольнасьці на Адраджэньне нацыі, а не на яе зьнішчэньне.
1 красавіка 2008 г.
*Ад Рэдактара «Нашай Нівы».
Скіраваць здольнасьці на Адраджэньне нацыі» можна, калі ты працуеш зь дзецьмі, а не калі ты сядзіш удома. Таму мы мяркуем, што сп.Лойка няслушна дзейнічаў у гэтай сытуацыі. Пра якую «згоду бакоў» ён кажа, калі тут выкручваюць рукі? Заўвагі на ягоны адрас таталітарныя і антыбеларускія па сваім зьмесьце. Свабода перакананьняў ня проста гарантуецца беларускімі законамі, яна вынікае з саміх прыродных правоў чалавека. Людзі naissent et demeurent libres en droits, нараджаюцца і застаюцца свабоднымі ў сваіх правах, як сфармулявала ў Дэклярацыі правоў чалавека і грамадзяніна яшчэ Француская рэвалюцыя. Кожнае прымусовае звальненьне — гэта дакумэнт пра скажэньне закону і прыватызацыю ўлады адной групоўкай. Але кожны такі горды сыход у знак пратэсту — гэта проста горды сыход. * * *
Гэнік Лойка скульптар, аўтару пленэраў «Легенда зь пяску», данядаўна — настаўнік скульптуры менскай сярэдняй школы №185 з архітэктурна‑мастацкім ухілам. Яму пачалі пагражаць звальненьнем з працы пасьля таго, як ён паведаміў вучням гістарычныя факты, зьвязаныя з 25 Сакавіка. Кіраўніцтва СШ № 185 характарызуе гэта як «вовлечение детей в политику». 20:00, 18 красавiка 2008