Тэзісы даклада «Роднамоўнае навучанне і выхаванне: нацыянальная бяспека і суверэнітэт краіны» старшыні РГА “Таварыства беларускай школы” Алеся Лозкі.
- Стан беларускамоўнага навучання ў адукацыйных установах даўно выклікае трывогу шырокай грамадскасці. Калі ў 1993–94 навучальным годзе бацькі без праблем прыводзілі сваіх дзяцей у першыя класы з беларускай мовай навучання (76% ад усіх першакласнікаў, а ў сталічнай вобласці 92,6%), то цяпер створаны такія ўмовы, што гэтая планка стала ніжэй 18% (нават гэтую статыстыку і сапраўдную сутнасць міністэрства хавае ад народа). На сайце Міністэрства адукацыі (www.minedu.unibel.by ) вы толькі знойдзеце статыстыку трохгадовай даўніны (за 2005/2006 нав. год). Усяго на беларускай мове сёлета навучалася 20,9% ад агульнай колькасці. Не цяжка падлічыць, што з такой хуткасцю (прыблізна 1% ў год) поўнае знішчэнне беларускай адукацыі адбудзецца праз дваццаць гадоў. Але магільшчыкі гэтага не дачакаюцца...
- Прааналізаваўшы працу адукацыйных ўстаноў апошняга дзесяцігоддзя, неабходна канстатаваць аб падзенні прафесіяналізму самога Міністэрства адукацыі і яго ўпраўленняў, арганізацый і ўстаноў па захаванні нацыянальнай бяспекі ў галіне адукацыі, аб’яднання педагагічных калектываў, навучэнcкай моладзі і вучняў дзеля адстойвання прынцыпаў незалежнасці дзяржавы... Без такіх дысцыплін, найперш, як “Беларусазнаўства”, “Гісторыя Беларусі”, “Беларуская мова”, “Беларуская літаратура”, “Айчынная і сусветная мастацкая культура”, якія церпяць ад непрадуманых рэформ, немагчыма існаванне незалежнай Беларусі (для іншых развітых краін прыярытэты могуць быць іншымі). За названыя дысцыпліны нам неабходна змагацца...
- Не знаходзячы рэалізацыі сваім нацыянальным памкненням у Беларусі, моладзь з’язджае вучыцца ці працаваць за мяжу (моладзевая эміграцыя набыла самых маштабных памераў; патрэбна не сілавыя і запалохваючыя меры, а стварэнне еўрапейскіх умоў на радзіме)...
- Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, якая не далучылася да Балонскага працэсу (вышэйшая адукацыя не адпавядае агульна прынятым нормам). З адменай ільготаў значна панізілася матэрыяльная забяспечанасць студэнцкай моладзі, асабліва не хапае інтэрнатаў...
- Падвяргаюцца прадузятаму, тэндэнцыйнаму рэвізаванню праграмы і падручнікі (творы класікаў, народных пісьменнікаў, агульнапрызнаных майстроў замяняюцца менш значнымі, а то і нізкапробнымі пісаннямі). Педагагічныя, студэнцкія і вучнёўскія калектывы адукацыйных ўстаноў ўсіх формаў, бацькоўская грамадскасць стаміліся ад частых зменаў навучальных планаў, праграм, падручнікаў і правілаў прыёму. Не скончыўшы як след адну рэформу, у якую ўклалі вялікія народныя рэсурсы, пачынаюць паспешна іншую, не скіраваную ні на еўрапейскі досвед, ні на падтрымку беларускай ідэнтычнасці, нібы даючы прастор у бліжэйшы час для чарговых затратных зменаў. Так, адукацыя не дасягнула, каб першы клас вывучаў грамату ў гульнявой форме, каб 11 і 12 класы сталі профільнымі, у якіх навучаюцца тыя, хто будзе паступаць у ВНУ на вызначаную спецыяльнасць.
- Непрадуманым крокам назад неабходна лічыць скасаванне ўжо названых важнейшых у станаўленні грамадзянскасці дысцыплін і скарачэнне на іх вывучэнне колькасці гадзін, што плануецца, адмена профільнага і паглыбленага навучання, прыніжэння ролі гімназій і ліцэяў. Чалавек ад нараджэння ўжо мае неаднолькавыя магчымасці, здольнасці, таму і прынцып аднаго грэбня не прыдатны. Гэта – педагагічная ісціна, і справы, звязаныя з навучаннем і выхаваннем, павінны вырашаць прафесіяналы. У складзеных варунках было б лепш пакінуць рэфармаванне на будучае...
- Неабходна пагадзіцца, што нацыянальная адукацыя правалена непрафесійным кіраўніцтвам краіны і не толькі ў той частцы, пра якую ўсе гавораць, а ў нацыянальна-культурным, пра які маўчаць, і еўрапейскім аспектах, да чаго праз некаторы час давядзецца яшчэ вяртацца...
- Мы падтрымліваем тых педагогаў, і ў тым ліку з Міністэрства адукацыі, Уладзіміра Здановіча, старшыню адпаведнай камісіі парламента, настаўнікаў-лаўрэатаў рэспубліканскіх конкурсаў розных гадоў, хто заступіўся за гонар педагога-прафесіянала, еўрапейскасць у адукацыі. Свой погляд і грамадзянскую пазіцыю выкладзем у пастанаўляючай заяве...”
Асамблея ТБШ: тэзісы даклада Алеся Лозкі
23.05.2008