2010 год вырашыцца ў 2009-м
з пошты Рэдакцыі «Наша Ніва»
Шчэ не пасьпела нарасьці скарынка на гэтым г…е, што называлася выбары, як «Наша Ніва» пачала развагі пра будучыя прэзыдэнцкія выбары.
Ды кіньце вы пустое! У Беларусі ніколі не было выбараў у агульнапрызнанай форме. То бок чэснага, законнага, празрыстага на ўсіх стадыях волевыяўленьня людзей па выбары сваіх прадстаўнікоў у органы ўлады. Таму, перш чым казаць пра нейкіх кандыдатаў у прэзыдэнты, трэба казаць пра стварэньне ў Беларусі інстытуту справядлівых і чэсных выбараў.
Дэмакратыя немагчыма бяз выбараў: безь перабору, шуканьня, адбору людзей, здатных, на меркаваньне бальшыні, мэтазгодна кіраваць грамадзкімі справамі. Выбар можа быць удалым, можа быць ня надта. Але дэмакратыя дазваляе пэрыядычную карэкцыю асоб, што прымаюць адказныя рашэньні. Таталітарны рэжым перацягвае сувэрэнітэт народу на сябе, ператвараючыся ў псэўдакрыніцу ўлады, што вынікае з таго сувэрэнітэту. Паколькі сувэрэнітэт крадзены, то і ўлада крадзеная. І гэты крадзеж адбываецца падчас г.зв. «выбараў». То бок выбары ў Беларусі — гэта частка крымінальнага дзеяньня.
Дыктатуры фактычна выбары непатрэбныя. Адбор неабходных кадраў яна робіць па адрозных ад дэмакратыі крытэрах. Але ўзьнікаючы на аўтарытарнай — як у Беларусі — глебе, дыктатура мусіць улічваць як атавістычныя дэмакратычныя памкненьні падданых — былых грамадзян, гэтак, як у нашым выпадку — дэмакратычнае атачэньне.
Дыктатура выбараў не прайграе. Як жа можна прайграць тое, чаго няма!? Апазыцыя выбараў не выйграе, бо да гульні не дапускаецца. І мы ўсе на гэта пазіралі і раз, і два, і богвед колькі разоў, але з упартасьцю, вартай лепшага ўжытку, і да прыемнасьці ўзурпатара, разважаем пра «выбары», пра іх «нячэснасьць» ды іншую пацяруху. Між тым напарстачнік лічыць, што ягоная гульня чэсная, а прайграюць недарэкі і дурні.
Без замены шахрайскага выбарчага заканадаўства без удзелу апазыцыянэраў у камісіях — у істотным працэнце — ніякія выбары ня маюць месца. (Чаму «працоўныя калектывы», — дарэчы, што гэта такое і хто іхні гаспадар, акрамя дзяржавы, якая — «гэта Я», — не зьяўляючыся суб’ектамі палітыкі, вылучаюць і кандыдатаў у дэпутаты, і сяброў камісіі, словам, усіх запар?) Улада, як не прадстаўленая партыяй, наагул ня мае права нікога пасылаць сябрамі камісій.
Ніякія назіральнікі не ратуюць чэснасьць выбараў. Чэсныя замежныя назіральнікі могуць бачыць толькі шчык айсбэргу. Яны нічога ня бачаць. Лічу, што назіраньне за фарсам — гэта наданьне явы прывіду. Ня трэба быць міжвольным саўдзельнікам супрацьзаконнага дзеяньня. Гэта падсудна. Беларускі таталітарызм грозны, але фанфаронскі, ён ня мае моцнай базы і рэзэрваў, акрамя, праўда, істотнага расейскага. Мне падаецца, што ў найважнейшым, самым нізавым пласьце, ён не мае каранёў. Калі пакінуць нішчымныя па выніках велічныя аб’ёмныя праекты і кампаніі, а закасаўшы рукавы ўзяцца за чорную краціную працу між простага люду, то знойдуцца і актывісты, і прыхільнікі.
Апазыцыянэра — назавём так прыхільніка пераменаў да дэмакратыі — чакаюць і пэнсіянэры на лавачцы ля пад’ездаў дамоў, і падлеткі, якім няма чаго рабіць у сьпёку ў горадзе, і жанчыны, што цяжка гаруюць на жывёльных комплексах. Трэба быць сваім чалавекам у аўтапарках, на будоўлях, у дзіцячых прытулках... Не абмінуць настаўніцкія зборы ў жніўні. Ніякія дэклярацыі не маюць моцы. Моц мае канкрэтная, хоць і маленькая справа. Але ж гэтым працэсам некаму трэба кіраваць, турбавацца, генэраваць ідэі, шукаць і прапагандаваць чужыя знаходкі — іх багата! — а з‑за лесу дрэў нябачна...
Праца чорная, а хочацца адразу велічнага, кантакту з Амапам...
Праз пару год прэзыдэнцкія выбары. Гэтыя два гады павінны пайсьці на разбурэньне іміджу дыктатара і дыктатуры, дасягненьне замены шахрайскага выбарчага закону на справядлівы, гарантыі прысутнасьці прадстаўнікоў (не аднаго!) партыі магчымага кандыдата ва ўсіх без выключэньня выбарчых камісіях. Тыя людзі, што былі ў складзе камісій на апошніх выбарах, і блізка не павінны ў іх быць. Не павінна быць там іхняга чаду й ценю! Іначай — lasciate ogni speranza — магчымым кандыдатам — акрамя Аднаго — ня варта турбаваць краўца заказам новага гарнітуру.
Мікалай Бусел,
Дуброва (Сьветлагорскі раён)
17 кастрычнiка 2008
Мікола Бусел думае пра Беларусь
17.10.2008