5 студзеня 2009 года ў Магілёўскім універсітэце імя Аркадзя Куляшова праведзена “Беларускае пяціборства-VIII” – спаборніцтва сярод вучнёўскай інтэлектуальнай эліты, якое з 2001 года ладзіць сумесна з універсітэтам настаўніцкая суполка Таварыства беларускай мовы. Удзел у спаборніцтве ўзялі 27 навучэнцаў 9–11 класаў школ, ліцэяў і гімназій Магілёва і Магілёўскай вобласці, сярод якіх былі і “свежыя” пераможцы абласных прадметных алміпіяд.
“Беларускае пяціборства-VIII” мае некаторыя адметнасці. Упершыню ўдзельнікаў з рэгіёнаў вобласці было болей, чым прадстаўнікоў абласнога цэнтра. Упершыню перамогу атрымаў вясковы хлопец, а не прадстаўнік абласнога ці раённага цэнтра.
Антон Лявіцкі, дзевяцікласнік з сям’і настаўнікаў Палянінавіцкай сярэдняй школы Быхаўскага раёна, перамог адразу ў трох намінацыях гуманітарнай часткі пяціборства (што таксама ўпершыню): паказаў даволі чыстую і прыгожую мову і выявіў добрае веданне беларускай літаратуры і гісторыі роднай краіны. З сумай 183 балы з трохсот магчымых ён далёка апярэдзіў пераможцу абласной матэматычнай алімпіяды Ганну Отчык, навучэнку 11 класа абласнога ліцэя № 3, якая на пяціборстве заняла другое месца. На трэцім месцы навучэнка 11 класа абласнога ліцэя № 2 Алена Кандаурава, якая ўдзельнічала ў пяціборстве другі раз і, набыўшы пэўны досвед, паднялася з восьмага месца мінулага пяціборства на трэцяе ў гэтым.
Акрамя трох галоўных прызоў журы пяціборства прызначыла прызы за перамогі ў асобных намінацыях. Як ужо сказана, тры з іх атрымае Антон Лявіцкі. Прыз за перамогу ў прыродазнаўстве атрымае аднакласнік Антона Краўцоў Зміцер. Прыз за перамогу ў матэматыцы на гэты раз (зноў жа ўпершыню) не атрымае ніхто, бо поўнага развязку матэматычнай задачы ні ў адной працы не знойдзена. Гэта трывожны паказнік, бо крыху раней Магілёўшчына славілася матэматычнымі талентамі, нават вярталіся з дыпломамі міжнародных алімпіяд. Прыз за лепшы адказ на пытанне па гісторыі Беларусі атрымае акрамя Антона яшчэ адзін удзельнік – Пацёмкін Алесь, навучэнец 11 класа Магілёўскай гімназіі № 1. У сваіх адказах гэтыя хлопцы выявілі вельмі грунтоўнае веданне гісторыі нашай краіны і, як адзначыў спецыяліст журы, кандыдат гістарычных навук Ігар Пушкін, “вельмі дакладна пазначылі акцэнты ў параўнанні з гісторыяй суседняй Расіі”, што выгодна выдзяляе гэтыя дзве працы на тле большасці даволі слабых адказаў на гістарычнае пытанне.
Перад пачаткам спаборніцтва была праведзена кніжная латарэя, у выніку якой кожны ўдзельнік атрымаў магчымасць адпаведна жэрабю выбраць адну кнігу з наяўных, сабраных актывістамі ТБМ. Сярод кніг былі сусветна вядомыя творы беларускай, рускай літаратуры і літаратуры іншых краін у перакладах на беларускую ці рускую мовы, слоўнікі, шахматныя дапаможнікі ды іншыя. Цікава адзначыць, што беларускамоўныя кнігі разышліся па руках даволі хутка, хутка зніклі слоўнікі рускай і беларускай мовы. А сярод нявыбраных удзельнікамі кніг былі нечаканасці. Напрыклад, ніхто не зацікавіўся “Рабінзонам Круза” Д.Дэфо ў рускамоўным перакладзе.
Аналітыка ўдзельнікаў “Беларускага пяціборства-VIII”:
Усіх удзельнікаў – 27 (з Магілёва – 12, з Асіповіч – 2, з Быхаўскага раёна – 3, з Дрыбінскага раёна – 1, з Кіраўска – 2, з Клічава – 1, з Клічаўскага раёна – 1, з Чавусаў – 1, з Чэрыкава – 2, з Чэрыкаўскага раёна – 1, з Хоцімска – 1).
Дзевяцікласнікаў – 17, дзесяцікласнікаў – 0, адзінаццацікласнікаў –10.
Дзяўчат – 14, хлопцаў – 13.
Трое ўдзельнічалі ў пяціборстве другі раз, двое з іх паказалі прыкметна лепшы вынік.
Сярэдні бал сёлетняга пяціборства прыкметна вышэйшы за сярэдні бал мінулага. Значна вышэйшы вынік у адказах на пытанне па прыродазнаўстве і крыху вышэйшы бал у адзнаках за мову. Балы ў астатніх намінацыях засталіся прыблізна на тым жа ўзроўні.
Заданні “Беларускага пяціборства-VIII”:
Заданне 1 (матэматыка). У трохвугольніку АВС вядомы стораны АВ = 15 см, ВС = 3 дм, АС = 15 см. З пункта М на адрэзку АВ пад вуглом 60о да яго выведзены прамень, які падзяляе адрэзак ВС пунктам Т у адносіне 1:2. Якая адлегласць паміж пунктамі В і М? (Задача пададзена крыху няпэўна, таму магчымыя розныя адказы. Паспрабуйце знайсці ўсе. Колькі іх? І колькі адказаў будзе ў задачы, калі адносіну 1:2 замяніць на 1:4?)
Заданне 2 (гісторыя). Цара Івана ІV у Расіі называюць Іванам Грозным, а ў Беларусі Іванам Жахлівым. Тое ж і з Пятром І. У расійцаў ён – Пётр Вялікі, а ў нас – Пётр Крывапіўца. Патлумачце такую розніцу ў ацэнках гэтых асоб рознымі народамі.
Заданне 3 (літаратура). Гэты верш славутага беларускага паэта Янкі Купалы, напісаны ў 1905–1907 гадах, Максім Горкі назваў гімнам беларускага народа. Пра які верш гаворка? Працытуйце яго – цалкам або частку. Паразважайце: якім чынам Максім Горкі мог даведацца пра гэты верш? Паразважайце: наколькі актуальны гэты твор сёння?
Заданне 4 (біялогія). а) Лес летам: пасмакуем ягадкі. Летам лес адорвае сваіх гасцей сакавітымі ягадамі – суніцамі, чарніцамі, касцяніцамі, буякамі, малінай, ажынай. Ягадкі яркіх колераў – іх лёгка прыкмеціць, ягадкі пахучыя – іх лёгка знайсці па водары, ягадкі смачныя – імі хочацца ласавацца. Але ж! – калі ягадкі яркія, пахучыя і смачныя, значыць яны хочуць быць з’едзенымі. Навошта ім гэта трэба?
б) Лес зімой: паспачуваем зайцам. Сёлетняя зіма доўгі час была бясснежнай, снег выпаў толькі ў трэцяй дэкадзе снежня. У бясснежныя зімы значна скарачаецца папуляцыя зайцоў у лесе. Чаму гэта адбываецца?
У Магілёве прайшло чарговае «Беларускае пяціборства»
14.01.2009