Чытанка

28.01.2009

 

vokladkaЗ друку выйшла ўнікальная кніжка для дзяцей дашкольнага ўзросту – “Чытанка для дзіцячага садка”. Адметнасць кнігі ў тым, што творы, якія ўвайшлі ў зборнік (а гэта і беларускія народныя казкі, і творы сучасных беларускіх пісьменнікаў, і эміграцыйных аўтараў, і пераклады), падзелены па ўзроставых катэгорыях. Укладальнікі “Чытанкі” – Вінцук Вячорка, Пётра Садоўскі.

“Чытанка” цалкам беларускамоўная. Яна не з’яўляецца метадычным дапаможнікам, але кніга зойме вартае месца на палічках як выхавальнікаў дзіцячых садкоў, так і ў хатніх бібліятэках бацькоў.
Выданне сталася магчымым дзякуючы падтрымцы Ірэны Каляды-Смірновай (ЗША). Дарэчы, са спадарыняй Ірэнай Згуртаванне “Бацькаўшчына” супрацоўнічае ўжо амаль 12 год, і дзякуючы менавіта яе падтрымцы шмат выдатных беларускіх кніжак пабачыла свет.

 

Вось як каментуюць выданне чытанкі бацькі, якія выхоўваюць сваіх дзетак у беларускай мове.

Наталля Цюленева, выхоўвае сына Франака (5,5 год): “Мне чытанка вельмі спадабалася, асабліва калі ўлічваць тое, што першую чытанку не знайсці зараз у продажы. У мяне яна ёсць, але толькі як ксеракопія. У кнізе шмат казак і вершаў аўтараў, якія майму сыну вельмі падабаецца слухаць – Таццяна Кляшторная, Сяржук Сокалаў-Воюш, Ларыса Геніюш, Артур Вольскі. У новай чытанцы адсутнічаюць ідэалагічныя вершы, прысвечаныя Першамаю і Кастрычніцкай рэвалюцыі, і вельмі добра, што з’явіліся вершы, прысвечаныя Беларусі, рэлігійнаму святу Божага Нараджэння. Мы чыталі старую чытанку сыну, будзем чытаць і новую. І я абавязкова збіраюся набыць яе ў падарунак дзіцячаму садку”.

Крысціна Вітушка, выхоўвае сына Мірона (5 год): “Безумоўны плюс – гэта змест. Пра існаванне многіх твораў я толькі чула ад бацькоў старэйшых дзетак, але ніколі не бачыла іх у друкаваным выглядзе. Бачна, што творы падбіраліся не ў нейкім кабінеце для галачкі, а для ўласных дзетак, з душой і разуменнем. Зручна, што змест падзелены ў адпаведнасці з узростамі, – бацькам-пачаткоўцам, педагогам гэта вельмі спадабаецца! Ёсць і вершы, і казкі, і апавяданні: і пра дзетак, і пра казачных герояў, і пра жывёлаў, і пра прыроду; і беларускія аўтары, і класікі дзіцячай літаратуры розных народаў, і народныя творы. Кніга мае трывалы пераплёт, таму можна спадзявацца, што перажыве не адно чытанне ў коле актыўных цікаўных слухачоў. Ведаю, што большасць бацькоў захоча выдрукаваць перакладзеныя творы сусветнай класікі, каб потым разрэзаць на палоскі патрэбнага фармату ды ўклеіць у рускамоўныя каляровыя кніжкі. Таму электронны варыянт такой чытанкі ой як прыдаўся б! 370 старонак, і на кожнай – скарб! З такой чытанкай мы маем што адказаць тым, хто лічыць беларускамоўных дзяцей штучна адарванымі ад дасягненняў сусветнай літаратуры”.

Ірэна Каляда-Смірнова, беларуска, меценат (ЗША): “Я ў захапленні ад кнігі, там размешчаны цудоўныя беларускія творы, шмат з якіх мы ведаем напамяць. Калі я чытала кніжку, у мяне было адчуванне, што я вярнулася ў дзяцінства, калі мне гэтыя казкі распавядала бабуля. Я вельмі рада, што падрыхтавана такая скарбонка для малых дзетак. Гэта цудоўная кніжка, і ўсе, каму я прэзентую яе ў беларускім асяродку Кліўленда, проста ў захапленні ад яе. Вядома, гэта даволі малы наклад для такой кніжкі, і трэба будзе шукаць магчымасці перадрукоўваць яе яшчэ”.