Ад англійскай да мальтыйскай і японскай

03.08.2009

Выхаду “Кароткай граматыкі англійскай мовы” маладога спецыяліста, учарашняй выпускніцы Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта Марыі Васючэнка, асабліва чакалі ў выдавецтве “Радыёла-плюс”, дзе ўжо, як вядома, пабачылі свет аналагічныя граматыкі лацінскай, польскай, латышскай і шведскай моў. Яно і не дзіўна. Няма патрэбы тлумачыць, што значыць сёння англійская мова — мова міжнацыянальных зносін і мова камп’ютэра, мова геніяў сусветнай высокай літаратуры і мова касмапалітычнай маскультуры і г.д. і да т.п.

Марыя Васючэнка ў прадмове да граматыкі нагадвае, што англійская мова, “па-першае, з’яўляецца роднай мовай для 322 мільёнаў чалавек і другой мовай для 180 мільёнаў, а агульная колькасць асоб, што ёю валодаюць, можа дасягаць 1,8 мільярда, дзякуючы чаму яна набыла рэпутацыю “лінгва франка”. Па-другое, яна носіць статус дзяржаўнай мовы прыблізна ў 53-х краінах, сярод якіх такія дзяржавы і тэрыторыі, як Англія, Злучаныя Штаты Амерыкі, краіны Садружнасці Нацый (Канада, Аўстралія, Індыя) і інш. Яна таксама ўжываецца ў якасці рабочай мовы шэрага міжнародных арганізацый (Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, Еўрапейскі Саюз). (…) Уражвае таксама эстэтычная каштоўнасць англійскай мовы: сярод аўтараў, што пісалі на ёй, кожны, пэўна, згадае Уільяма Шэкспіра, Джона Мілтана, Джорджа Гордана Байрана, Джэка Лондана, О.Генры, Джэймса Джойса, Уільяма Фолкнера і іншых. Аматары паэзіі атрымаюць эстэтычную асалоду ад тонкіх нюансаў творцаў “азёрнае школы”, Эмілі Дыкінсан, Томаса Хардзі і Уолта Уітмана. Аматары “лёгкай” літаратуры не абмінуць увагай майстроў дэтэктыўнага жанру Эдгара По, Артура Конан Дойла, Агату Крысці, зубра фэнтэзі Джона Роналда Руэла Толкіна, фантаста і футуролага Рэя Брэдберы і аўтараў твораў, што спарадзілі папулярныя фільмы, Стывена Кінга і Джоан Кэтлінг Роўлінг...
Багацце і разнастайнасць лексікі з’яўляецца яшчэ адным стымулам для вывучэння англійскай мовы: для кантактавання на побытавым узроўні можа хапіць дзвюх тысяч слоў, а агульны запас іх, што пастаянна папаўняецца, дасягае 425 000 слоў (слоўнік Уэбстэра). Вялікі Шэкспір ужываў у сваіх творах прыблізна 30 000 тысяч. Аднак авалоданне лексікай аблегчана вялікай колькасцю запазычанняў (у тым ліку французска-лацінскага, германскага, старагрэчаскага паходжання), наяўнасцю інтэрнацыяналізмаў, што стварае агульны слоўнікавы пласт з беларускай мовай”.

Што ж тычыцца структуры “Кароткай граматыкі англійскай мовы”, то яна мала чым адрозніваецца ад структур папярэдніх выданняў з серыі “Беларускія ЕўраГраматыкі”. У лаканічнай і даступнай форме чытач можа пазнаёміцца з сучаснымі англійскімі фанетыкай і правапісам (“Алфавіт”, “Ад літары да гуку”, “Націск”), марфалогіяй (“Назоўнік”, “Артыкль”, “Прыметнік”, “Прыслоўе”, “Лічэбнік”, “Займеннік”, “Дзеяслоў”, “Прыназоўнік”, “Злучнік”, “Выклічнік”), сінтаксісам, некаторымі ўстолівымі выразамі і найбольш часта ўжывальнымі няправільнымі дзеясловамі. Таксама да ўвагі карыстальніка — пералік выкарыстаных аўтарам крыніц, у тым ліку і Інтэрнэт-рэсурсаў. Застаюцца ранейшымі і мэты граматыкі: даць магчымасць беларускаму чытачу, у першую чаргу маладому, актыўнаму і незакамплексаванаму чалавеку, вывучаць у дадзеным выпадку англійскую мову без рускай мовы-пасярэдніцы, спасцігаць замежную культуру, адштурхоўваючыся менавіта ад беларускіх рэалій і праз прызму беларускага менталітэту. Натуральна, у выпадку з англійскай мовай да гэтых першачарговых мэт дабаўляюцца яшчэ і вузкапрактычныя, прыкладныя мэты: дапамога ў арыентаванні ў пераважна англамоўнай Інтэрнэт-прасторы і Інтэрнэт-культуры (са спецыфічнымі скарачэннямі і ўмоўнымі знакамі), перадоленні псіхалагічных бар’ераў перад дзелавымі і турыстычнымі паездкамі, кантактаванні з замежнікамі і інш.

Дарэчы, на “Кароткай граматыцы англійскай мовы” ў выдавецтве “Радыёла-плюс” зусім не збіраюцца спыняць выхад серыі “Беларускія ЕўраГраматыкі”. Як паведаміў нашаму карэспандэнту куратар серыі, выдавец і пісьменнік Уладзімір Сіўчыкаў, у рэдакцыйным партфелі маюцца яшчэ чатыры напісаныя граматыкі, гатовыя да друку: украінскай, партугальскай, нямецкай і фінскай моў. Затым чарга граматык літоўскай, французскай і іспанскай моў. І, нарэшце, у крыху больш аддаленай перспектыве — славацкая, чэшская, балгарская, нідэрландская, нарвежская, венгерская, сербская і нават такія рэдкія еўрпейскія мовы, як валійская і мальтыйская. “Ёсць у нашым праекце не толькі практычны бок, — распавядае Уладзімір Сіўчыкаў, — але і культурніцкі, і нават геапалітычны.

Кожная выдадзеная намі кароткая граматыка той ці іншай еўрапейскай мовы — гэта, калі хочаце, своеасаблівы напамінак беларусам, што яны еўрапейцы. А ў Еўропе, як вядома, ужо даўно лічыцца натуральнай з’явай, што чалавек ведае дзве, а то і тры замежныя мовы…”

У гэтым сэнсе адметна, што са сваімі прапановамі наконт стварэння той ці іншай граматыкі ў выдавецтва звяртаецца шмат моладзі, пераважна з ліку выпускнікоў, аспірантаў і нават студэнтаў МДЛУ (Марыля Васючэнка — яскравы прыклад). Ёсць ужо і рэальныя водзывы аўтарытэтных асоб з вышэйшых навучальных устаноў, напрыклад, загадчыка кафедры агульнага і славянскага мовазнаўства Белдзяржуніверсітэта Барыса Нормана, які спадзяецца, што серыя “Беларускія ЕўраГраматыкі” дапаможа вырашыць праблему недахопу метадычнай і навуковай літаратуры, неабходнай для адкрыцця пэўных спецкурсаў па лінгвістыцы.

А тым часам у выдавецтве ўжо думаюць пра тое, каб выйсці на новыя абсягі і распачаць паралельна са стварэннем “еўраграматык” выданне серыі з умоўнай назвай “Граматыкі моў свету”. Прынамсі, ужо вядуцца перамовы з патэнцыяльнымі аўтарамі граматык іўрыту, кітайскай і японскай моў.




Міхал КАСЦЮЧЫК



“Настаўніцкая газета”, 23 чэрвеня 2009 г.