Ад сакавіка і дагэтуль на старонках газеты “Звязда” вядзецца дыскусія, распачатая артыкулам Надзеі Нікалаевай: Прыцягальнасць прафесii педагога ў грамадстве iмклiва знiжаецца – і водгукам на яго аднаго з настаўнікаў Віцебшчыны: Самаадданасць педагогаў нельга бясконца эксплуатаваць.
Рэдакцыя “Звязды” падкрэслівае: Цi стануць педагогi знакавай фiгурай у беларускiм грамадстве — залежыць у тым лiку i ад iх самiх, ад актыўнай пазiцыi беларускiх настаўнiкаў. Калi вам ёсць што сказаць на гэты конт, запрашаем далучыцца да дыскусii, вынiкi якой мы прааналiзуем разам з Мiнiстэрствам адукацыi.
Настаўнік-info прапануе вам, шаноўныя педагогі, пазнаёміцца з водгукамі вашых калегаў і заклікае далучыцца да адстойвання сваёй прафесійнай і людскай годнасці.
Аляксандр, дырэктар адной са школ Брэсцкай вобласці:
Працую ў школе з 1991 году. Займаемся ўсім, апрача навучання. Калі за 2009 год атрымаў 178 дакументаў уваходнай карэспандэнцыі, то за два з паловай месяцы 2010 ужо 97, і гэта не ўсе зарэгістраваныя.
Збор грошай на розныя мэты – рэальная карціна, аўтар упусціў альбо ў іх няма абавязковых латарэй, “добраахвотных” адлічэнняў у фонд міру, чырвоны крыж, “ОСВОД”, за выпрацаваныя суботнікі (рэспубліканскі, абласны, раённы), на падтрымку сяльгасвытворцаў, на сустрэчу правяраючых і правядзенне розных школьных і пазакласных мерапрыемстваў.
“Юный спасатель”, пэўна, самая чытаная газета, якая выпісваецца за кошт класных кіраўнікоў і дзяцей. Даходзіць да абсурду: у суседняй пачатковай школе 4 вучня, а трэба выпісаць 6 газет.
Алена:
Працавала настаўніцай у школе 2 месяцы (а маці 7 гадоў) – цяпер абедзве працуем у іншых установах. Бо за такія грошы несці такія маральныя, фізічныя і іншыя выдаткі – не мае ніякага сэнсу. Я лепш буду дворнікам працаваць (больш грошай і няма паперак), чым настаўнікам. На жаль, з адукацыяй у нас як у казцы – чым далей, тым жахлівей.
Канстанцін:
Я адпрацаваў у школе шмат гадоў, але такога беспарадку ў адукацыі яшчэ не было. Часам прыязджае чыноўнік, якому каля пяцідзесяці гадоў, а можа і больш, які апошні раз быў блізка да праблем адукацыі на сваім выпускным вечары і пачынае выказваць свае погляды на праблемы. Так і хочацца папрасіць яго – “Ці маглі б вы паказаць свой атэстат аб сярэдняй адукацыі?” Думаю, што ў большай часткі мясцовых кіроўцаў сярэдні бал складае “тры”, па старай сістэме ацэнкі ведаў.
Таццяна, малады спецыяліст-настаўнік і класны кіраўнік:
Як і ўсе мае калегі, сутыкнулася з вялікім мноствам праблем (нізкая аплата працы, факультатывы, платныя паслугі, забеспячэнне падручнікамі, 6 дзень, ды г.д). Усё гэта цалкам адбіла ў мяне ахвоту заставацца пасля адпрацоўкі працаваць у школе.
Генадзь Аляксеевіч:
Карціна, выяўленая настаўнікам, цалкам адпавядае таму, што адбываецца ў Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл. Настаўнікі падобныя да загнаных коняў. За свой кошт яны мусяць рыхтаваць дзяцей да алімпіядаў, частаваць экзаменацыйную камісію, праводзіць конкурсы, тыражаваць раздаткавыя матэрыялы.
Чаму Камітэт Дзяржкантролю не праверыць абласныя і раённыя аддзелы адукацыі на прадмет таго, наколькі яны адцягваюць увагу і замінаюць настаўнікам працаваць?
Марына:
За тое, што я адмовілася аддаваць на рахунак школьнага зарабляння грошы (каля 70 тыс. рублёў), дырэктар школы пазбавіў мяне прэміі. Чаму я мушу са свайго заробку вырашаць праблемы міністэрства адукацыі, купляць фарбу для рамонту школы, зарабляць на платных паслугах – калі само міністэрства пазбавіла мяне вяртання грошаў на праезд на працу?
Я жыву ў 30 км ад месца працы (працую ў вясковай школе) – на праезд штомесяц ідзе каля 120 з лішкам рублёў, мая зарплата сёння – 550 тыс. Як мне пражыць на тыя шчаслівыя 300 тыс. (а калі падпісацца на газеты – то і на 250), якія застаюцца ў мяне пасля аплаты дзіцячага садка і камунальных паслуг?
Віталь Сітнік:
Мінскія крамы запрашаюць на працу прыбіральшчыц і дворнікаў з зарплатай 650 тыс.руб. А нам, настаўнікам, выкладацца за 480 тыс.?
Анатоль, настаўнік адной са школ Гродзенскай вобласці, Дзятлаўскага раёна:
Маю педагагічны больш за 30 год, вышэйшая катэгорыя. Жонка з такім жа педагагічным стажам. Двое дзяцей, на бяду, таксама пайшлі гэтым шляхам. Агульны педагагічны стаж каля 80 год. Што мы маем? Сэрцавыя болі, сталыя прыніжэнні, а больш нічога.
Падлічыў сваю зарплату (на стаўку) са студзеня 2010 году. Стаўка вышэйшай катэгорыі – 288927. Даплата за катэгорыю 30% – 86628. Даплата за стаж звыш за 15 год 30% – 86628. Прэмія 20 % – 57785. За вясковую мясцовасць 20% – 57785. Падвышэнне на 5 % – 14446,35. За высокія дасягненні ў працы 10% – 46228. Матэрыяльная дапамога – 40201. Метад. літаратура – 7500. Усяго налічана 628343 (У выпадку выканання ўсіх інструкцый). Калі адняць усе падаткі, то на 600000 ніяк не выцягнуць.
А што казаць пра маладых спецыялістаў, якія не маюць ані стажу, ані катэгорыі і жывуць у гарадах і пасёлках? Большасць педагогаў намагаецца падзарабіць збоку. Улетку, за адпачынак, у калгасе на сушылцы можна зарабіць пад 2 млн. рублёў. Таму пра адпачынак і аздараўленне педагог і не марыць.
Прашу у Міністэрства адукацыі (мяркую, што мяне падтрымае большасць настаўнікаў), каб вярнулі “двойцы” яе ранейшую моц і перасталі душыць настаўніка за зніжэння працэнта па прадмеце.
Іна, настаўнік адной са школ Мінскай вобл.:
Прэстыж настаўніка ўжо настолькі ўпаў, што іншым разам не ведаеш, з кім сябе параўнаць. Нават, пэўна, словы “ламавы конь” – гэта мякка сказана. Каб паспяваць усё рабіць, што ад цябе патрабуюць – гэта не бачыць ані выходных, ані вольных вечароў для сям’і, ані ўласных дзяцей.
Толькі чаму мы маўчым? Я працую ў школе ўжо больш за 15 год, і я хачу вучыць дзяцей. Я мяркую, і ім гэта падабаецца. Але паверце, калі мая дарослая дачка на мяне ўжо які год глядзіць з такім шкадаваннем – мяне гэта забівае. А што будзе далей?
Настаўнікі Гомельшчыны:
Усе праблемы, узнятыя ў газеце, поўнасцю адпавядаюць рэчаіснасці! Хутка ў школе не застанецца сапраўдных настаўнікаў! Паважанае Міністэрства, звярніце ўвагу на нашы праблемы!
Марына – завуч:
Хто гадуе маіх дзяцей, калі я ў суботу пасу чужых? Самыя бедныя гэта яны – настаўніцкія дзеці!!!! Мама праз тэлефон пігулкі дае і парады, як суп варыць. З хатнім заданнем не падыходзь, бо ад школы млосна.
Святлана, Гомельская вобласць:
Працаваць з вучнямі настаўнікам няма калі таму, што трэба рыхтаваць адказы на розныя пытанні: чаму бацька не дае дзіцяці грошай у сталоўку, чаму выпускнік школы не паступіў у педагагічную ВНУ, чаму вучні не здаюць рэпетыцыйнае тэсціраванне. Чаму вынікі на тэстах не высокія, якія выданні вы выпісваеце і г.д. Паважаныя калегі, ці спрабавалі вы здаць у раённы аддзел адукацыі матэрыялы ў папцы не таго колеру, што падабаецца чыноўнікам? А ці возіце вы адзін раз у месяц, у строга вызначаны метадачным кабінетам дзень, матэрыялы аб сваёй рабоце з адоранымі вучнямі? Працаваць няма ніякага жадання. Але без дзіцячых вачэй вы ўжо не можаце жыць, другой працы не шукаеце.
Настаўнікі Наваполацкіх школ:
Гэта крык душы. Але як крыкнуць яшчэ гучней, каб нас пачулі?
Настаўніца, Віцебская вобласць:
Згодна з кожным словам! Дадайце да гэтага абавязковае дзяжурства на дыскатэцы, якая пачынаецца а 22-ой і доўжыцца да гадзіны ночы! Ідзеш дадому – страшна! Крыўдна.
Як я ў дзяцінстве ганарылася, што мая мама – настаўніца! Сама пайшла па гэтай сцяжынцы. А цяпер... Пакажыце мне нармальную маці, якая ДАБРАВОЛЬНА кіне сваіх непаўналетніх дзяцей і паначы пойдзе дзяжурыць на дыскатэку. І мужа, які адрэагуе на гэта спакойна. Тым больш, што такія дзяжурствы ніяк не аплачваюцца. Ты толькі нясеш адказнасць. За ўсіх і ўсюды. Бацькі на дыскатэку адпусцілі, а ты – пасі. А (не дай Бог!) здарыцца што, бацькі – пацярпелыя,а не дагледзела... школа. Абсурд!
Настаўнікі Віцебскай вобласці:
Дзякуй аўтару за паднятую тэму. Аднак у абласных выданнях усе гэтыя пытанні ўжо падымаліся і засталіся пустым гукам. На жаль, думаем, што і з гэтымі артыкуламі будзе тое ж самае. Хочацца ўспомніць яшчэ пастаянныя рэйды па сем'ях сацыяльна небяспечных падлеткаў (асабліва ў святочныя дні, быццам сваёй сям'і няма).
А шматлікія конкурсы? Згодны з каментарыямі калег – прыходзіцца пісаць за вучняў, таму што паспець выканаць усё проста немагчыма. Можна пісаць зноў пра падпіску, харчаванне ў сталоўцы, пастаянныя паборы ў фонды..., платныя паслугі, “метадычныя” выезды.
А выраз: “Не падабаецца – звальняйцеся!” – лозунг нашага часу. Дайце магчымасць настаўніку проста працаваць з вучнямі!!!
Вольга:
Чаму маўчым пра аздараўленчыя лагеры на канікулах? Грошы атрымоўваем толькі на харчаванне дзяцей, а ўсё астатняе нясем з дому.
Ужо не настаўнік:
Я проста здзіўлены, што ЗВЯЗДА адважылася падняць такую балючую тэму. Гонар вам і мае сімпатыі! Буду цяпер часцей звяртаць увагу на вашае выданне. Вось праз такія дыскусіі мы можам дазнацца пра рэчаісны стан справаў у нашым грамадстве. Дарэчы, я ведаю, што ў адной са школ адміністрацыя хавае нумар «Звязды» ад 17 сакавіка, каб настаўнікі не змаглі пабачыць разважанні настаўніка з Віцебшчыны на свае ўласныя вочы. Вось табе і галоснасць!
Але ўсе роўна ў педкалектыве ідзе гарачае абмеркаванне гэтай праблемы. Трэба аб'ядноўвацца, каб Мінасветы пачало неяк рэагаваць на выкарыстанне настаўнікаў у якасці затычак ва ўсе дзіркі.
Васіль, настаўнік, Віцебская вобласць:
За апошні дзесятак гадоў прайшла ўжо не адна рэформа школы, толькі станоўчых вынікаў гэта не мела (калі толькі на паперы). Колькі можна эксперыментаваць над дзецьмі? Многія з тых, хто сядзіць у міністэрстве, мне здаецца вельмі далёкія ад рэальнасці, і не ведаюць (або не жадаюць ведаць), што адбываецца на самой справе. Дайце магчымасць настаўніку займацца СВАЁЙ справай!!!
Асобна стаіць пытанне работы сацыяльных педагогаў. Ці ж педагог павінен хадзіць па сем’ях, калі бацькі п’яныя? А ў некаторых школах гэтай справай павінен займацца грамадскі інспектар – работа тая ж самая, толькі задарма.
А падпіска на ведамасныя выданні? Зрабіце так, каб у іх было што чытаць – тады настаўнікі самі будуць выпісваць і не трэба будзе іх “прымушаць”. А так настаўнік лепш выпіша “Звязду”, “Народную газету”, “Советскую Белоруссию” – ёсць, што пачытаць і танней.
Настаўніца з 30-м стажам:
Усё тое, аб чам пішуць настаўнікі, адбываюцца і ў школах Брэстчыны. Між іншым, у спісе абавязковых друкаваных выданняў, на якія трэба падпісацца настаўнікам, цябе, “Звязда”, няма, а толькі ты адважылася надрукаваць праўду.
Прадбачу адказы чыноўнікаў з Міністэрства адукацыі і галіновага прафсаюза – што усе гэта надумана, перабольшана і г.д. Хочацца паглядзець таму чыноўніку ў вочы, хто прыдумаў у школе абавязковыя платныя паслугі, асабліва вясковай. Усе ведаюць, што гэтыя грошы зарабіць немагчыма, таму для выканання даведзенага плана, мы, настаўнікі, “скідваемся” са сваей зарплаты.
Алесь:
Адну з мінскіх школ правяраючыя паўшчувалі за перарасход электраэнергіі. Дзеянні кіраўніцтва школы: настаўнікам далі ўстаноўку: на занятках не уключаць усе лямпы, з трох павінна гарэць толькі тая, што пасярэдзіне (не да клопату пра зрок вучняў, калі нельга паліць шмат энергіі)
Андрэй Вячаслававіч, Дзятлаўскі раён, Гродзенскай вобл.:
Яшчэ ўзнікае пытанне, чаму ж школа павінна адказваць за выхаванасць вучняў і за ўсе ўчынкі, якія дзеці зрабілі пасля навучальнага часу і ў час канікул? А што ж павінны рабіць бацькі? Чаму настаўнік павінен з 21.00 да 02.00 патруляваць па вуліцах і вылоўліваць школьнікаў па барах, дыскатэках?
Алена Аляксандраўна, Полацкі раён:
Я вельмі прашу, каб хтосьці з афіцыйных асоб растлумачыў мне, чаму мяне прымушаюць выконваць функцыі, якія не датычацца маёй спецыяльнасці, майго прадмета: 1) функцыі прачкі (калі кожныя паўгода трэба мыць шторы з майго кабінета гісторыі, за ўласны кошт набываючы пральны парашок); 2) функцыі фермераў і саўгасных працоўных (калі кожную восень трэба выязджаць на палеткі і ратаваць разам з вучнямі ураджай); 3) функцыі аператара ЭВМ (калі дырэктар з завучам патрабуюць для розных правяраючых камісій пускаць пыл у вочы і рыхтаваць шматлікія метадычныя матэрыялы на кампутары, якім я не валодаю, і выводзіць усё гэта на прынтар за асабістыя грошы); 4) функцыі праваахоўных органаў (калі трэба ісці дзяжурыць на школьных дыскатэках, а яны ладзяцца рэгулярна); 5) функцыі падаткавых інспектараў (калі трэба угаворваць, нават укленчваць бацькоў, каб спагнаць з іх грошы на рамонт школы ці платныя факультатывы). І нарэшце галоўнае: чаму ўсё гэта я павінна выконваць задарма???
Іван Цыбульскі, афіцэр, Полацк:
У мяне ёсць пляменніца, якая тры гады, як пайшла на працу ў школу. Яе бацькі не на жарт устрывожаны яе псіхалагічным станам. Дзяўчына жыве адна ў маленькім раённым горадзе, яна па некалькі раз тэлефануе бацькам і плача ў трубку...
Маладую настаўніцу пастаянна зневажаюць. Зневажаюць дзеці, зневажаюць бацькі, а больш за ўсё – іншыя настаўнікі і школьная адміністрацыя. Ад яе патрабуюць столькі, што гэта проста фізічна немагчыма зрабіць. Ёй размеркавалі найгоршыя класы і цяпер прымушаюць хадзіць па дамах. Ёй няма часу правяраць сшыткі і падлічваць балы, бо грузяць іншай папяровай працай. Са сваёй жабрацкай зарплаты яна аддае значную частку на мабільны тэлефон (званкі вучням і бацькам). Дзяўчына не можа нармальна харчавацца, таму што няма прыдатных умоў для гэтага і вельмі няўдала зроблены яе расклад.
Дзяўчына добра вучылася ва ўніверсітэце, старалася, нікому нічога дрэннага не рабіла. Скажыце, за што яна павінна так цярпець? Чаму ідзе такі здзек над настаўнікам? І кім прыдуманы гэтыя ... ўмовы працы?
Іван Сяргеевіч:
Калі ўстыне школьная руціна, то хочацца знайсці у інтэрнеце калег, каб абмяняцца ўсё ж чымсьці станоўчым, настраёвым – найперш, пагутарыць пра выкладанне нашай навукі, да якой колісь былі пакліканы. Можа яна адзіная і трымае нас у школе, не зважаючы на яе гаротны стан. Але вось дзіва! У беларускай частцы сеціва няма аніводнага (!) паўнавартаснага рэсурса, дзе можна было б знайсці аддушыну для сваіх мрояў і зацікаўленняў, для прафесійнага камунікавання.