Самім зрабіць сваім дзецям казку
Паводле http://ikuzminich.livejournal.com/9198.html?view=54254#t54254
Часта можна пачуць, што беларускіх казак мала, альбо, што тыя якія ёсць па нейкай прычыне не падыходзяць майму дзіцяці. Але разам з тым хочацца каб дзіцё бачыла і слухала свае, беларускія казкі. Больш за тое, хочацца каб дзіцё засвойвала тыя каштоўнасці якія важныя для бацькоў.
У гэтым выпадку варта самому паклапаціцца пра сваё дзіцё. Гэта не складана самому прыдумаць просты сюжэт і напоўніць яго сэнсам, які вы хацелі б перадаць свайму сыну ці дачцэ. Казка – гэта толькі форма данясення істотнай інфармацыі пра свет, пра жыццё, пра адносіны паміж людзьмі да дзіцяці ў форме якую вашае дзіцё можа ўспрыняць.
Гэта значыць, што казка не проста апавядае нейкую цікавую гісторыю, але дапамагае дзіцю даведацца пра навакольны свет і засвоіць нейкія канкрэтныя спосабы паводзін.
Пакуль у Беларусі слаба развітая індустрыя стварэння казак, мультфільмаў і кіно для дзяцей, тым больш гэта тычыцца беларускамоўных казак, мультфільмаў і кіно, можна самім бацькам уключыцца ў стварэнне казак для сваіх малюпахаў.
Сучасны стан развіцця тэхналогій дазваляе гэта зрабіць бацькам самастойна. Камп'ютарныя праграмы па агучванню, відэакамеры, фотаапараты і магчымасць мантажа матэрыялаў на кампутары, ствараюць практычна неабмежаваныя магчымасці ў творчасці. У выпадку, калі самастойна цяжка прыдумаць казку, заўсёды можна ўзяць вашую любімую казку і, напрыклад, агучыць яе самастойна, зрабіўшы аўдыё-версію Пазней можна дадаць да гуку некалькі здымкаў ці малюнкаў – і ў вас атрымаецца цікавы матэрыял, які з задавальненнем будуць глядзець вашыя дзеці ці іншыя дзеці праз інтэрнэт.
Памятаю сябе ў дзяцінстве, калі мы праз праектар бясконца круцілі дзве стужкі з казкамі пра «Чорную курыцу» і прыгоды яхты ...бяда. Спачатку мама нам чытала надпісы, а пазней мы іх ужо самі ведалі напамяць. Ня ведаю, што нам. дзецям было больш цікава, глядзець ў тысячны раз казку на сцяне, ці чуць голас мамы, якая чытала, даўно вядомыя ўсім словы...
Ніжэй падаю прыклад сваёй аўдыёказкі, якую я ілюстраваў пры дапамозе здымкаў узятых з інтэрнэта і праграмы Windows Movie Maker. Праграмка даволі простая і разабрацца ў ёй здольны практычна кожны. (вага Казкі 6,79 МВ)
У выпадку, калі казка не адчыняецца паглядзець яе можна тут.
Гэта прэзентацыя пакладзена на аўдыёверсію адной з 20-ці маіх казак, якія выйдуць хуткім часам пры дапамозе BelTonMedia на CD і будуць у свабодным продажы. Наступным, крокам можа стаць ілюстраванне аўдыёверсіі пры дапамозе флэш-мульта. І ў нас атрымаецца цэлы шэраг матэрыялаў: пісьмовая казка, аўдыёверсія казкі, кампутарная форма ілюстраванай казкі, флэш-мульт казкі, а можна зняць самастойна на відэакамеру, фотаапарат ці тэлефон нават некалькі сцэнаў якія праілюструюць аўдыё-версію агучанай Вамі казкі.
Паспрабуйце – вашыя дзеці гэтага вартыя.
Спампаваць казку
Пакінуць падзяку аўтару за ідэю і казку.