Як два настаўнікі стварылі адну песню, якая стала нацыянальным хітом

01.02.2021

Гэтую песню ніхто, як цяпер кажуць, «не раскручваў": яе не чутно на радыё, яе не бачна на тэлебачанні. Можа таму, што яна яшчэ не знайшла СВАЙГО выканаўцу. Але песня жыве: сёння, бадай, ніводнае вогнішча не абыходзіцца без яе, ніводная гітарная вечарына ці студэнцкая тусоўка. І дзеці, і дарослыя пасля першых акордаў заміраюць і слухаюць цудоўную мелодыю, пасля якой доўга хочацца маўчаць...

«Аксамітны летні вечар ахінуў зямлю....»

Так, – гэта сапраўдны хіт! Яму не трэба рэклама — ён вышэй.
Адзін раз пачуўшы песню «Беларусь мая», шматлікія недабеларусы становяцца Беларусамі, у іх уключаецца «генетычны код», ім хочацца жыць тут, упарадкаваць і прылашчыць сваю зямлю.

Мне краёў чужых не трэба,
Як не варажы,
Не хачу чужога неба,
Радасцяў чужых,
Бо чужына сэрца джаліць,
Цісне як змяя.
І гукае з дальніх даляў
Беларусь мая... 

Такую сілу слова маюць, бадай, толькі творы Уладзіміра Караткевіча ды апавяданне Уладзіміра Арлова «Незалежнасць — гэта...»

Мала хто ведае, што напісалі гэтую песню два полацкія настаўнікі Вадзім Навіцкі – настаўнік фізкультуры і Сяргей Сокалаў — настаўнік беларускай мовы і літаратуры. 
А цяпер яе выконвае знакаміная Маргарыта Ляўчук у акампаніменце настаўнка біялогіі Вадзіма Павука. 

Вось што распавёў пра гісторыю гэтай песні яе аўтар, які пазней стаў знаным бардам Сержуком Сокалавым-Воюшам:

 "У сярэдзіне 80-ых гадоў мінулага стагоддзя я працаваў настаўнікам Беларускай мовы і літаратуры ў СШ №5 у Наваполацку. Апрача выканання сваіх прафесійных абавязкаў, настаўнікі тых часоў мусілі валачы на сабе цяжар розных іншых нагрузак. Але не папярова-бюракратычных, як цяпер, а больш вясёлых. Педкалектывы школаў спаборнічалі ці канкурсавалі ў стральбе, валейболе... мастацкай самадзейнасці. Зразумела, што ў апошнім выпадку са сцэны гучала суцэльная рускамоўная саветчына.

Я прапанаваў дырэктару школы выйграць чарговы конкурс коштам арыгінальнасці, г.зн. зрабіць выступ педагогаў нашай школы па-Беларуску. Малады настаўнік фізкультуры Вадзім Навіцкі, апрача сваёй спартовай спецыялізацыі – каратэ, быў яшчэ і добрым, знаным у Наваполацку гітарыстым і спеваком. Вось жа ён і прапанаваў мне мелодыю, якую напісаў задоўга да гэтага, але словаў на яе не было. Сярод маіх сяброў у той час вяліся размовы пра тое, што ўсе нашыя нацыянальна арыентаваныя песні – гэта суцэльны енк пра страчанае, і няма ніводнай песні ў якой проста сцьвярджалася б, што мы (Беларусы) ёсць, што мы шчасныя з гэтай прчыны і г.д.

Размовы размовамі, а ідэю трэба было ўвасобіць і музыка Вадзіма давала на тое шанец. Вось жа, рыхтуючыся да таго конкурсу, я, седзячы на адной з чарговых педагагічных радаў школы, і не маючы чым заняцца, напісаў тэкст, які потым упершыню і прагучаў са сцэны.

Конкурс наша школа выйграла, а далей песню ў свет панеслі Кася і Алесь Камоцкія, якія праспявалі яе на нейкім студэнцкім злёце ў Малдове, што ўжо ёсць іншай, па-мойму, не менш цікавай гісторыяй." 

Сайт «Настаўнік.інфо» паказвае ўсім, што настаўнікі — самыя таленавітыя людзі ў нашай краіне. Але як зрабіць так, каб вы, дарагія калегі, самі ў гэта паверылі, пакуль невядома.  Таму няхай  гэтая песня гучыць з вуснаў вашых вучняў у паходах, летніках, на святах і вечарынах  і нагадвае, што настаўнікі павінны ЛЮДЗЬМІ ЗВАЦЦА.

Спампаваць песню і фанаграму (rar, 10 Mb)
Спампаваць песню ў выкананні Данчыка (mp3, 3,3 Mb)
 

 

PS Rar-файл узяты адсюль: http://depositfiles.com/files/f9uoxsr9y