Асоба ў адукацыі. Ігар Пракаповіч

02.09.2010

Асоба ў адукацыі. ІГАР ПРАКАПОВІЧ
Пастаўшчына – гэта чароўны азёрны край, але ж які краязнавец свой край не любіць, як кажуць “кожны кулік сваё балота хваліць”. Так пра родныя мясціны кажа настаўнік і краязнавец з горада Паставы, што на Віцебшчыне, Ігар Пракаповіч.

-- Настаўнік геаграфіі, краязнавец, сябра Саюзу пісьменнікаў Беларусі, Чалавек Года Віцебшчыны і яшчэ Беларускі Настаўнік Года, такім званнем вас уганаравала Таварыства Беларускай Школы. Вы аўтар шматлікіх кніг, пераважна прысвечаных Паставам і Пастаўшчыне, і звяртае ўвагу той факт, што значная частка гэтых кніг адрасаваная дзецям…

– Гэта сапраўды так, таму што я працую ў школе ўжо многа-многа гадоў, з 85-га года. Вывучаючы геаграфію, ладзячы вандроўкі з вучнямі, канешне, каб праводзіць заняткі, трэба нейкая інфармацыя. Вось дзеля гэтага ў асноўным і пішуцца кнігі. Кнігі пішуцца і разам з вучнямі. У мяне ёсць навукова-краязнаўчае таварыства школьнікаў “Ювента”. У гэтым таварыстве мы праводзім заняткі, і я імкнуся вучняў заахвочваць даследчымі пошукамі. Гэтыя пошукі і прыводзяць да таго, што ў нас ствараюцца нейкія прэзентацыі, выпускаюцца кніжкі. А якія тэмы абіраем? У нас ёсць мястэчкі, былыя мястэчкі, якія фактычна не маюць сваёй гісторыі. Я прапанаваў вучням гэтым заняцца, некаторыя згадзіліся. 

-- Дзяцей лёгка зацікавіць такой працай?

– Раней было больш ахвотных займацца краязнаўствам. На пачатку новага тысячагоддзя ў нас у школе яшчэ былі беларускамоўныя класы і я заахвочаў. Чамусьці часцей дзяўчаты знаходзяцца, а хлопцы неяк так не маюць канцэнтрацыі на гэта… Зараз мы рэалізуем такі праект – “Спадчына знікаючых вёсак”. 

-- “Чароўны край Пастаўшчына” – гэта адна з апошніх вашых кніг. Ці можна некалькі слоў пра яе?

– Гэта, можна сказаць, маленькая комплексная энцыклапедыя і адначасова нейкі дапаможнік або падручнік, таму што матэрыял разбіты на параграфы, параграфы прыстасаваны так, як і школьныя параграфы прыблізна. Вельмі многа фатаграфій, я імкнуўся адбіраць усё самае адметнае, што ёсць на тэрыторыі Пастаўскага раёна. Структурна кніга выглядае так: даецца геаграфічнае становішча, гістарычная частка, культурныя асаблівасці раёна, потым “уласнае Я” і апошні раздзел – адметныя нашыя мястэчкі: Лынтупы, Варапаева, Парыж наш Пастаўскі.

--: Хачу перайсці яшчэ да адной кнігі – “Хірургічная адысея дзядзькі Антона”. Гэта ўжо нешта зусім іншае?

– Справа ў тым, што ў літаратуру я прыйшоў як паэт. Можна сказаць, з 9-га класа пісаў вершы. Спачатку па-расійску, а потым адбыўся на курсе 2–3-м пераход на беларускую мову, і я лічу гэта самым вялікім сваім дасягненнем. Цяпер у мяне ўжо некалькі зборнікаў выдадзеных паэзіі. А “Хірургічная адысея…” – гэта такая жартоўная паэмка пра чалавека, які выпадкова патрапіў у шпіталь, а яму выразалі апендыцыт, бо трэба было нешта выразаць.

-- Можна папрасіць зачытаць урывак?

– У канцы паэмы ёсць “Бальнічныя законы ад дзядзькі Антона”. Законы, канешне, несур’ёзныя. Вось, напрыклад, такі: “Дактароў любі не словам, не вялікім “дзякуем”, а гасцінцам адмысловым, дзе бутэлька звякае”.
Гутарыла Яна Запольская, Радыё Рацыя.