Нарадзіць першакласніка
Аляксандра Дынько, Радыё Свабода
У гэтым годзе школы Беларусі прынялі восемдзесят шэсць тысяч трыста першакласнікаў.
Для беларускамоўных сем'яў першае верасня традыцыйна азначае чарговы віток няспыннай барацьбы за тое, каб іхныя дзеці навучаліся на роднай мове. Міністэрства адукацыі сцвярджае, што ў Беларусі сорак чатыры працэнты школаў з рускай мовай навучання, а з беларускай — аж пяцьдзесят тры працэнты. Прыблізна тры працэнты школаў выкладаюць на дзвюх мовах. Але нават у Мінску, дзе ёсць пяць беларускіх гімназій і пяць школаў, толькі два працэнты вучняў навучаюцца па-беларуску.
Вялікая перамога ў нябачнай вайне бацькоў і чыноўнікаў — гэта клас, у які першага верасня прыходзіць адзін адзіны першакласнік. Сёлета такія класы створаныя ў Магілёве для Яліны Салаўёвай і ў Баранавічах для Ядвісі Малашчанка. А школьнае жыццё Светы Астроўскай з Гродна пачалося з таго, што 2 верасня яна разам з бацькамі выйшла на галоўную гарадскую плошчу, трымаючы ў руках плакат «Хочам вучыцца па-беларуску». У яе вайне на той момант перамагло міністэрства адукацыі. Але ўжо праз пару дзён пасля пікета для Святланы таксама быў створаны асобны клас, а вось яе бацькоў збіраюцца судзіць за несанкцыяванае мерапрыемства.
Сярод усіх нашых мінскіх школаў найбольшай папулярнасцю карыстаецца гімназія № 23. У яе прыходзяць дзеткі, якія не называюць сшытак «тетрадью», аловак — «карандашом», а настаўніка — «учителем». Год ад году колькасць такіх дзетак змяняецца: у адным класе іх можа быць пяць, а ў іншым — адно ці двое. Гімназія заставалася «анамальнай кропкай» на жорстка арганізаванай мапе сталічнай адукацыі, але сёлета ў яе першых класах сабралася максімальная колькасць дзяцей і бацькоў, якія маюць усе шансы не толькі паўплываць на цяперашнюю сістэму навучання, але і вызначыць будучыню краіны.
Звычайныя клопаты падрыхтоўкі да школы — куплянне адзення дзелавога стылю, школьных прыладаў і кветак для першай настаўніцы — бацькі гэтых першакласнікаў называюць «мілымі і прыемнымі забаўкамі". Рыхтавацца да першага верасня дзве тысячы дзясятага года яны пачалі нашмат раней. Вось што кажа Крысціна, мама Мірона Вітушкі:
«Да першага класа мы пачалі рыхтавацца цалкам сур'ёзна недзе за пару месяцаў да нараджэння дзіцяці, цалкам разумеючы, што школа – гэта адказна, і што школа гэта не адзін чалавек, а цэлы клас, і аднакласнікаў трэба збіраць. Каб іх назбіралася дваццаць кандыдатаў, трэба мець сто.Таму стварэнне сайта dzietki.org і ўсе святы і імпрэзы, якія ладзіліся для дзетак, па вялікім рахунку былі падрыхтоўкай таго самага асяродку, тых самых людзей, аднагодкаў дзіцяці, якія змогуць пайсці разам у школу.
Мы ведалі ўжо ў траўні, што з двух беларускіх садочкаў выпускаецца дастатковая колькасць дзетак, каб стварыць асобны клас, і нават трохі болей«.
Па словах Вольгі Мазуравай, мамы першакласніка Усяслава Сагановіча, менавіта ад бацькоў залежыць, якім будзе школьнае жыццё іх дзяцей.
Ужо першыя тры дні навучання зноў кінулі гэтым бацькам выклік, які яны звыкла гатовыя прыняць. Распавядае Крысціна Вітушка:
«Спроба прадставіць нам выхавацельку, якая будзе займацца з дзецьмі ў другой палове дня як чалавека, які «очень уважает белорусский язык и будет стараться его выучить», сустрэла катэгарычнае «не» з боку бацькоў. Гэты чалавек будзе шукаць сабе іншую працу. Нашыя дзеці па-беларуску размаўляюць ад нараджэння і не збіраюцца дарослых людзей чамусьці вучыць. Людзі павінныя быць падрыхтаваныя, калі яны займаюць нейкую пасаду, яны павінныя ёй адпавядаць. Сёння вышэйшая адукацыя прадугледжвае абавязковае вывучэнне беларускай мовы, тым больш, што яна з'яўляецца дзяржаўнай, абавязковай для дзяржаўных службоўцаў. Дзіўна такія элементарныя рэчы тлумачыць. Развагі пра тое, што «абы чалавек быў харошы», таксама тут недарэчныя, таму што «харошы» чалавек – гэта чалавек сумленны, які не пойдзе зарабляць ў беларускую гімназію, не ведаючы па-беларуску ані слова».
А вось як гадуецца звычайнае беларускае дзіця ў звычайнай беларускай сям'і, распавядае вучань першага «А» класа Піліп Аслюк і яго бацькі Вольга і Віктар.
Мовазнаўца Зміцер Саўка ў гэтым годзе прывёў у першы “А” клас сваё чацвёртае дзіця — сына Стэфана Люцыяна.
У першым “А” класе дваццаць трэцяй гімназіі горада Мінску дваццаць шэсць дзяцей, у першым “Б” — дваццаць адзін. Да гэтага моманту намаганні іх бацькоў заставаліся іх асабістай справай. Шэсць-сем гадоў таму яны зрабілі стаўку на ўласныя сілы, веру, адукацыю, салідарнасць. Цяпер у Беларусі ёсць чатыры тузіны дзяцей, якія ведаюць адзін аднаго з малога, гадуюцца разам, гавораць адной мовай, свет якіх цэльны і непадзельны. Гэта наш першы клас.
А пакаленне беларускай незалежнасці і свой першы школьны дзень ў сённяшняй праграме прадстаўляе Тацяна Шапуцька.
Нарадзіць першакласніка
13.09.2010