naviny.by
Кожны навучальны год пачынаецца з déjà vu. Малодшае дзіця прыносіць са школы некароткі сьпіс дадатковых матэрыялаў, працоўных сшыткаў, дапаможнікаў, атлясаў, якіх вучням не выдае (за грошы!) школьная бібліятэка ды якія трэба самому купіць.
І пачынаецца штодзённае гайсаньне: “Адукацыя” на Хмяльніцкага — “Акадэмкніга” — Цэнтральная кнігарня — і г.д. Мінае другі тыдзень вучобы, а я знайшоў толькі адзін патрэбны працоўны сшытак: “Хімію” для 7 клясы. Іншых — для геаграфіі, фізыкі, ангельскае мовы — знайсьці не магу.
Бо я і мае дзеці нясем на сабе крыж беларускамоўнасьці.
Вэрсіі гэтых дапаможнікаў для расейскіх школаў — ёсьць, ляжаць стосікамі на паліцах. На пытаньне, ці ёсьць яны па-беларуску хаця дзе-небудзь, спадар афіцыйнага выгляду ў кнігарні Нацыянальнага інстытуту адукацыі на Хмяльніцкага (пэўна, ейны дырэктар) кажа, што геаграфічнага сшытку няма наагул, а магчыма, і ангельскага таксама. Маўляў, выдавецтва “А.” (якое ведаюць усе, зьвязаныя са школай) — прыватнае, камэрцыйнае, друкуе толькі тое, што прыносіць прыбытак.
Я спачатку нямею, а потым кажу: дык жа вы — частка сыстэмы міністэрства адукацыі, абавязанага даць майму дзіцяці магчымасьць паўнацэнна вучыцца па-беларуску, вытрымліваючы адзіны моўны рэжым!
Няма адказу.
І ўжо сам сабе разважаю: праз датацыі прыватнай фірме, празь дзяржаўныя выдавецтвы, як заўгодна. Бо гэта беларуская дзяржава ці куды? Або прызнайце сябе ня здольнымі забясьпечыць нашае права і зачыняйце дэкрэтам і так нешматлікія беларускія школы, як калісьці гвалтам зачынілі Гуманітарны ліцэй.
Я загартаваны барацьбой за беларускі садок і школу для двух старэйшых дзяцей і, натуральна, мы пройдзем праз гэтыя параўнальна невялікія перашкоды. Добра, што хаця школа ў цэнтры гораду ёсьць.
У першыя клясы якой сёлета быў аншлягавы набор — а значыць, кола людзей, гатовых адольваць выпрабаваньні дзеля гарманічнага разьвіцьця сваіх дзяцей, не зьмяншаецца. Але ж абсалютная бальшыня любога грамадзтва ўнікае выпрабаваньняў… Вось доказ.
Адсотак насельнікаў Беларусі, якія прызнаюць беларускую мову роднаю, паводле дадзеных дзевяці перапісаў
* У межах Менскай, Магілёўскай, Віцебскай, Віленскай, Горадзенскай губэрняў.
** У межах БССР да верасьня 1939.
Усе пачулі першыя вынікі перапісу насельніцтва 2009 году. Ягоны моўны аспэкт — на дыяграме.
Яшчэ калі перапіс плянаваўся, мы з калегамі пачалі біць у званы з прычыны зьмены традыцыйных дэфініцыяў. Так, “родная мова” ў перапісным блянку тлумачылася як “мова, засвоеная першаю ў раньнім дзяцінстве”. У нашай жа традыцыі родная мова — тая, якую чалавек успрымае як каштоўнасьць. Апытальнікаў не інструктавалі, як пазначаць варыянты беларускае мовы ў вуснах грамадзянаў: дыялектныя формы, гарадзкія кайнэ, беларуска-расейскія піджыны й крэольскія варыянты. Таму перапіс 2009 году ня можа адлюстроўваць роўню актыўнага й пасіўнага (на роўні разуменьня) валоданьня беларускаю моваю ва ўсіх яе варыянтах, у тым ліку зьмешаных. Відаць, паводле задумы арганізатараў, ён меў паказаць, у якой ступені людзі атаесамляюць сябе зь беларускаю моваю незалежна ад цяперашняга валоданьня яе літаратурнаю формаю.
І паказаў. Усяго за 10 гадоў працэнт насельніцтва, якое лічыць беларускую мову роднаю, упаў з 73,7% да 53%. Адсотак жа беларусаў, якія лічаць роднаю мову свайго народу, абваліўся з 85,6% да 60%.
Такая радыкальная й хуткая (паўтара-два працэнты ў год) зьмена моўных каштоўнасьцяў — беспрэцэдэнтная для моўных сытуацыяў у сьвеце. Пагатоў калі йдзецца пра маладую незалежную краіну, якая, здавалася б, мусіць умацоўваць уласную нацыянальна-культурную ідэнтычнасьць.
Беларусь — адзіная з постсавецкіх краінаў зь дзьвюма дзяржаўнымі мовамі (хаця даволі было паглядзець на сумны прыклад Ірляндыі). Адзіная, кіраўнік якой непаважліва выказваўся ў адрас мовы свайго народу. Адзіная, дзе колькасьць садкоў-школаў-групаў з выкладаньнем на мове народу не расла, а скарачалася. Адпаведна — адзіная, дзе колькасьць людзей, якія лічаць роднаю мову дзяржаваўтваральнага народу, ня вырасла, а зьменшылася.
Дыяграма атрымалася вусьцішная. Маем наглядныя вынікі жорсткай русыфікацыі — горшыя, чым за цара й за Сталіна. Савецкая русыфікацыя была павольная і, здавалася, няўхільная, але глыток свабоды й надзеі ў канцы 80-х — пачатку 90-х прывёў да цуду. Беларусы сталі вяртацца да мовы — і ў душы, і папраўдзе. Перапіс 1999 году паказаў, што па інэрцыі моўнае адраджэньне ў сьвядомасьці суграмадзянаў працягвалася нават пасьля прынцыповага для цяперашняга кіраўніка рэфэрэндуму 1995 году пра мову й сымболіку. Але ўрэшце пасьлядоўная лінія на маргіналізацыю беларускае мовы, яе выкіданьне з адукацыі, інфармацыйнага поля, дзяржаўнага кіраваньня дала свой чорны плён. Гару падрылі, яна пачала абвальвацца.
Таму я ня веру ў ператварэньне саўла ў паўла, у тое, што выпрашаныя ва ўлады моўна-культурныя падачкі нешта зьменяць. Спыніць спаўзаньне ў прорву толькі свабодны народ.
Вінцук Вячорка: МОВА. Далей – прорва
15.09.2010