Алена Спасюк
У Дзень настаўніка «Беларускія навіны» вырашылі даць слова тым педагогам, якія ў розныя гады ганараваліся званнем «Настаўнік года». Высветлілася, праўда, што ў школе засталіся нямногія з іх.
Настаўнікі дамагаюцца поспеху і сыходзяць са школы
Конкурсы прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў праводзяцца ў нашай краіне з 1991 года. Адна з задач конкурсу – падвысіць прэстыж педагагічнай працы і публічна прызнаць унёсак педагагічных работнікаў у развіццё сістэмы адукацыі.
Многія настаўнікі, дамагаючыся пэўных поспехаў, сыходзяць са школы. Сярод самых вядомых з іх, напрыклад, – міністр працы і сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткіна. Яна працавала дырэктарам адной з мінскіх школ, затым была начальнікам аддзела адукацыі Фрунзенскага райвыканкаму Мінска.
Пераможца конкурсу «Настаўнік года-1997» Валянціна Гінчук цяпер узначальвае кіраванне маніторынгу якасці адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі. Вадзім Шпетны, які атрымаў галоўны прыз у 2001 годзе, займае пасаду намесніка старшыні Маларыцкага райвыканкама Брэсцкай вобласці.
«Тых, хто не гатовы працаваць у школе, трэба адсейваць яшчэ на этапе паступлення»
Старшыня Сталай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Здановіч ў конкурсе «Настаўнік года» перамог у 1995 годзе, як настаўнік фізікі СШ № 1 горада Драгічына. У Здановіча педагагічны стаж больш за 35 гадоў. Кажа, што ў школе яму выпала выкладаць ці не ўсе прадметы, акрамя спеваў. А ў школу, між тым, трапіў выпадкова.
«Пры тым, што я настаўнік у трэцім пакаленні нашай сям'і, паводле спецыяльнасці я інжынер-біяфізік. Педагагічную кар'еру пачаў у школе ў Драгічынскім раёне, куды ў групу падоўжанага дня трапіў у якасці выхавальніка. Затрымаўся там праз сямейныя абставіны, пакрысе пачаў замяняць самых розных настаўнікаў, так і застаўся. Потым быў дырэктарам школы. Цяпер я старшыня камісіі па адукацыі, таму лічу, што з настаўніцтвам не парваў«.
Наконт сучаснай сітуацыі з настаўніцкімі кадрамі Здановіч кажа, што школе не патрэбныя выпадковыя людзі: «Пры гэтым настаўніцтва трэба падтрымліваць, як і іншыя прафесіі, улічваючы пры гэтым: гэтая спецыяльнасць незвычайная і ў ідэале павінна быць паводле паклікання. У сувязі з тым мяне засмучае, што на педагагічныя спецыяльнасці цяпер такі маленькі конкурс. Тым не менш, лічу, што неабходна адсейваць тых, хто не гатовы працаваць у школе. На мой погляд, пры прыёме на педагагічныя спецыяльнасці неабходна ўвесці прафесійна-псіхалагічнае тэставанне».
«Настаўнікі ведаюць, як вучыць, стварыце ім ўмовы»
У 1992 г. пераможцам конкурсу стаў Юрый Маслаў, настаўнік англійскай мовы СШ № 7 горада Баранавічы. Як ён распавёў «Беларускім навінам», пасля атрымання звання пратрымаўся ў Баранавіцкай школе яшчэ пяць гадоў. Там жа напісаў кандыдацкую дысертацыю. І ўсё ж эканамічная неабходнасць прымусіла яго пайсці працаваць спачатку ў ССНУ, а затым і ў ВНУ.
«На вялікі рахунак, – кажа ён, – усё жыццё, вось ужо амаль 30 гадоў, толькі і займаюся тым, што вучу. Цяпер мае вучні ўжо самі ўзначальваюць школы. Так што настаўніцкае сумленне ў мяне чыстае».
На працягу некалькіх гадоў Маслаў узначальваў кафедру прафесійнай іншамоўнай падрыхтоўкі Баранавіцкага ўніверсітэта. Цяпер выкладае там і працуе ў сферы дадатковай адукацыі, дзе таксама выкладае англійскую.
«Цікава было паспрабаваць новае, не паўтараючы таго, што ўжо рабіў. Цікава было паспрабаваць, што можна зрабіць для людзей, якія не вучылі альбо кепска вучылі англійскую мову», – адзначыў ён.
У гаворцы аб навучанні замежным мовам у беларускай школе ён адзначыў, што змены дэкларуюцца, але часам мала што мяняюць па сутнасці.
«Настаўнікі разумеюць, як трэба вучыць. Аднак каб зарабіць, каб выжыць, трэба мець занадта шмат навучальных гадзін. У такой сітуацыі цяжка добра працаваць. У выніку церпіць альбо якасць, альбо пачынаецца неўроз. Хто мацней – застаюцца, хто слабей – сыходзяць і шукаюць спосабы загасіць неўроз. У выкладанні замежнай мовы наогул складаная прафесійна-псіхалагічная сітуацыя. Гэта звязана з асаблівасцямі прадмета. У настаўніка замежнай мовы шмат спакусаў і іншая сістэма каардынатаў, так бы мовіць», – адзначыў Маслаў.
Сітуацыя з замежнымі мовамі ў Беларусі засмучае, лічыць Маслаў. Настаўнікам складана знайсці баланс паміж падрыхтоўкай да тэстаў і радасцю навучання: «На мой погляд, прасцей нацягаць на тэст, а вось навучыць камунікаваць можа чалавек, які ўмее гэта рабіць. Ёсць праблема падрыхтоўкі настаўнікаў. Мой досвед у сістэме паслядыпломнай адукацыі паказвае, што настаўнікі часам самі не ўмеюць размаўляць на замежных мовах, а выкладаюць іх».
«Гэта няправільна, што ў беларускай школе так шмат жанчын»
Кар'ера настаўніка інфарматыкі Магілёўскага абласнога ліцэя Ігара Якіменкі пасля перамогі ў конкурсе «Настаўнік года-2004» пайшла ў гару. Ён стаў намеснікам дырэктара, а потым узначаліў гімназію № 3 Магілёва. Але і цяпер выкладае інфарматыку – вось ужо 19 гадоў.
Лічыць, што вучыць – гэта мужчынская праца, і няправільна, што ў беларускай школе так шмат жанчын.
«Мне здаецца, што лепш, калі настаўнік працы, гісторыі і фізікі – мужчына. На мой погляд, лагічна, калі дакладныя навукі выкладае мужчына. У школе будзе захаваны гендэрны баланс, калі настаўнікам будуць плаціць годную зарплату. Пакуль у школе працуюць толькі мужчыны-фанаты. І ўсё ж настаўнік – гэта прафесія, вартая мужчыны. Права навучаць заўсёды належала яму. Таму я і збіраю па драбінках сваіх добрых настаўнікаў-мужчын. Як вынік, 10% настаўнікаў у нашай гімназіі – мужчыны».
Ігар Якіменка распавядае, што ў сучаснай школе яму працаваць цікавей, чым у пачатку кар'еры: «Сучасныя дзеці прымушаюць развівацца, і кожны дзень я, як мне здаецца, прыходжу ў новы клас. Дзеці часам ведаюць больш за настаўнікаў і задаюць няпростыя пытанні. Не хочацца ляснуцца ў гразь, даводзіцца шукаць адказы на ўсе складаныя пытанні. Гэта мая праца».
«Калі бацькі аддаюць дзяцей вучыцца на рускай мове, можна казаць аб адсутнасці патрыятызму»
За апошнія пяць гадоў настаўнік біялогіі гімназіі № 4 Смаргоні Гродзенскай вобласці Ірына Клявец падрыхтавала больш за 34 пераможцаў і прызёраў раённых, 11 абласных, 4 рэспубліканскіх алімпіяд. Пяць яе вучняў сталі лаўрэатамі прэзідэнцкага спецфонду па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Конкурс яна выйграла ў 2006 годзе і стала другой пасля Валянціны Гінчук пераможцай-жанчынай. Гэта пры тым, што ў беларускай школы жаночае аблічча!
Адразу пасля конкурсу прапановы аб працы пасыпаліся на яе, як з рога дастатку. Аднак чыноўнікам у сістэме адукацыі да таго часу яна ўжо паспела пабыць і хацела працаваць так, каб мець задавальненне ад таго, што яна робіць: «У жыцці важна знайсці тое месца, якое для цябе камфортнае, і я яго знайшла. Я выразна ведаю, што не хачу быць адміністратарам, а хачу быць настаўнікам«.
У школе хацелася вучыць па-свойму, выкарыстоўваць уласныя методыкі. Перамога ў конкурсе, вынікі паступлення яе вучняў у ВНУ, бліскучы ўдзел у алімпіядах пацвярджаюць, што Ірына Клявец вучыць біялогіі так, як належыць. Конкурс да таго ж даў ёй, як яна кажа, метадычны тытул і магчымасць быць незалежнай. Яна змагла прапагандаваць інтэрактыўныя метады, гэта значыць навучанне праз зносіны, актыўны дыялог дзіцяці і настаўніка, што раней не дужа віталася.
Праўда, Клявец сваю дзейнасць рамкамі адной гімназіі не абмяжоўвае. Супрацоўнічае з Мінадукацыі, Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі, інстытутам развіцця адукацыі ў Гродна і нават удзельнічае ў сумесным праекце ЕС і ААН па падвышэнні экалагічнай пісьменнасці моладзі.
Ірына Клявец працуе на дзвюх мовах – на рускай і беларускай. У гімназіі ёсць і рускамоўныя, і беларускамоўныя класы.
«У нас не паўстае праблемаў з выкладаннем, як на рускай, так і на беларускай мовах. Маё стаўленне да беларускай мовы паказвае тое, што абедзве мае дочкі скончылі менавіта беларускамоўныя класы. У сувязі з гэтым мяне прыгнятае стаўленне многіх бацькоў да выбару мовы навучання дзіцяці. Яны могуць выбраць навучанне на беларускай мове ў нашай гімназіі, але вельмі многія людзі аддаюць перавагу рускай. У выніку ў дзяцей праблема з беларускай мовай. Заўважце – гаворка ідзе не пра прыезджых, а пра карэнных жыхароў Смаргоні. Мне здаецца, што тут можна казаць аб адсутнасці патрыятызму».
Ірына Клявец прывяла прыклад стаўлення да нацыянальнай мовы ў Казахстане. Там дзяржаўная мова – казахская, руская выкарыстоўваецца для міжнацыянальных зносін. Англійскую вывучаюць для таго, каб дзеці маглі мець зносіны на міжнародным узроўні. Кнігі для дзяцей сярэдняга і малодшага ўзросту выдаюцца на трох мовах. І моўная падрыхтоўка моладзі ў выніку вельмі высокая. «Нам было б няблага пераняць іх досвед», – падкрэсліла яна.
Пераможцы конкурсу «Настаўнік года» ў школе не затрымліваюцца
04.10.2010