Святлана Каўганка
Лета – пара адпачынкаў. Яго чакаюць, выбіраюць прывабныя мясціны. На пачатку кожнага ліпеня многіх настаўнікаў нашай краіны, нібы магніт, цягне да сябе Альхоўка, размешчаная ў Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці на беразе імклівай рэчкі Страча. Сёлета тут адбыўся чарговы – 21 – летнік фізікаў.
Школа
Наш летнік, у якім, дарэчы, аўтар гэтых радкоў была ўжо 6 разоў, – гэта школа. Тут збіраюцца цікавыя, таленавітыя, апантаныя сваёй працай настаўнікі. Тут набываюцца новыя веды і прафесійныя уменні, перадаюцца адно аднаму прафесійныя знаходкі.
Гэтым разам тэмай аўтарскіх курсаў Мікалая Іванавіча Запрудскага былі “Дыдактычныя асновы і практыка эфектыўнай кантрольна-ацэначнай дзейнасці суб’ектаў адукацыйнага працэсу”.
Сучасная педагогіка разглядае адукацыю як працэс, што скіраваны на самаразвіццё асобы вучня, на пашырэнне яго магчымасцяў для кампетэнтнага і адказнага выбару свайго жыццёвага шляху. У адпаведнасці з актуальнымі патрабаваннямі часу галоўнай задачай агульнаадукацыйнай установы з’яўляецца падрыхтоўка адукаванага і творчага грамадзяніна краіны, здольнага да пастаяннага развіцця і самаадукацыі. Вядома, гэта патрабуе і ад сучаснага настаўніка пошуку новых метадаў, прыёмаў і формаў навучання.
Галоўны прадмет вывучэння на курсах – актыўная ацэнка – уяўляе з сябе вельмі дзейсны метад паляпшэння вучнёўскіх адукацыйных вынікаў, асабліва для тых вучняў, хто мае праблемы з вучобай і нізкую матывацыю. Актыўная ацэнка эфектыўна рыхтуе маладых людзей вучыцца на працягу ўсяго жыцця, што з’яўляецца неабходным навыкам ў сучасным свеце.
Урэшце, што ж гэта – актыўная ацэнка? Можна сказаць, што гэта эфектыўная стратэгія навучання, гэта зместавае абагульненне наступных аспектаў:
• удзел вучняў у ацэнцы хода працы і яе вынікаў,
• ацэнка, якая дапамагае вучыцца,
• самаацэнка,
• сродак зваротнай сувязі для суб’ектаў адукацыйнага працэсу,
• найвышэйшая ступень ацэнкі ды г.д.
Актыўная ацэнка (АА) адрозніваецца ад звыклай адзнакі тым, што ў першую чаргу, служыць паляпшэнню самога адукацыйнага працэсу, а не толькі фармальнаму падвядзенню яго вынікаў. Галоўная мэта АА – выхаваць у вучня пачуццё адказнасці за ўласнае навучанне. Пры гэтым АА дапамагае настаўніку асэнсавана планаваць асобныя крокі ў працы з вучнямі.
Чытаючы матэрыялы, якія тычацца АА, знайшла вельмі ўдалае, на маю думку, параўнанне актыўнай ацэнкі і адзнакі: калі кухар спрабуе суп – гэта актыўная ацэнка, калі суп спрабуе кліент – гэта ўжо адзнака. Кухар яшчэ можа змяніцць смак супа, а кліент – ужо не.
Курсы ў летніку праходзілі паводле наступнай схемы:
• Уводзіны ў праблему
• Вопыт кантрольна-ацэначнай дзейнасці (КАДз)
• Дыдактычныя падставы і практыка КАДз
• Праектная практыка
• Абарона праектаў.
У якасці курсавых заданняў выкладчык прапановаў наступнае:
• Распрацаваць тэхналагічную карту ўрока альбо факультатыўнага занятку з актыўнай ацэнкай і моцнай зваротнай сувязю. Выканаць гэтае заданне пажадалі В. Бандарэнка, Г. Ліоха (урок ); С. Гарбацэвіч, В. Герцык, А. Сарока, Т. Скіруха (факультатыўны занятак).
• Напісаць метадычныя рэкамендацыі для настаўнікаў, якія жадаюць, каб бацькі ўдзельнічалі ў актыўнай ацэнцы: 1-я група – У. Кунцэвіч, Я. Лазарэнка, Л. Марціна, І. Флёрык; 2-я група – А. Валадзько, Г. Гадлеўская, Ю. Шчасны, У. Чачэнін; 3-я група – С. Дзюбенка, Г. Сухава, Э. Якубоўская).
• Скласці картатэку крытэрыяў самаацэнкі (ацэнкі) вынікаў працы вучняў: 1-я група – А. Купрацэвіч, Г. Унуковіч; 2-я група – А. Гаўруковіч, С. Гусеў, С. Каўганка, В. Кірэеў, А. Плятнёў, А. Саковіч, А. Сугакевіч, Н. Цішчанка).
• Апісаць выкарыстанне камп’ютара для арганізацыі КАДз настаўніка, вучняў і іх бацькоў: 1-я група – Ю. Клімовіч, І. Кульбеда, Г. Маісеенка, Л. Пашчук; 2-я група – І. Дзмітрыева, Я. Жвірко, К. Кавалевіч, К. Пятроў.
• Апісаць арганізацыю КАДз вучняў пры выкананні імі пазакласснай даследчай або праектнай дзейнасці вучняў ( Н. Лазарэнка).
Цікава, што работы груп, якія працавалі над аднолькавымі тэмамі, былі рознымі паводле формаў, зместу, метадаў прэзентацыі, але пры гэтым грунтаваліся на прынцыпах актыўнай ацэнкі і арганічна ўзаемададаваліся адна да адной.
У цэлым, пад час курсаў выкарыстоўвалася АА: выколадчык так арганізоўваў навучальны працэс, што ўдзельнікі былі суб’ектамі ацэнкі, самі ацэньвалі на кожным этапе свае адукацыйныя прырашчэнні.
Змястоўнай была і факультатыўная частка заняткаў.
С. Дзюбенка расказала пра работу з суб’ектным досведам вучняў.
А. Саковіч пазнаёміў з навінамі свайго сайта “Школьная фізіка для настаўнікаў і вучняў”, новымі праграмамі, пры дапамозе якіх можна знаходзіць інфармацыю ў інтэрнэце, бібліятэкамі па фізіцы. Інтэрактыўнымі электроннымі сродкамі навучання (дошкі і прыстаўкі) зараз ужо нікога не здзівіш, а вось даведацца аб тым, што ў нашай краіне наладжваецца выпуск абсталявання для кабінетаў фізікі, было вельмі прыемна.
Вялікую цікавасць выклікала прылада, прадстаўленая А. Глухавым (ЧПТУП “Учпромтехно”), пры дапамозе якой можна прадэманстраваць амаль усе доследы па механіцы паступальнага і вагальнага руху.
Склалася такая традыцыя, што ў Альхоўцы аўтары прэзентуюць свае новыя кнігі. Гэты год не стаў выключэннем, бо выйшлі “Сучасныя школьныя тэхналогіі – 2” (М. І. Запрудскі), “Каляндар юнага фізіка” і “Водны мір або Таямніцы планеты Акіян“ (А. Н. Валадзько, Т. Н. Грабарэнка, А. Э. Плянеў, А. Г. Сугакевіч), “Твой камп’ютар” і “Гном-эканом” (А. Н. Валадзько, А. Э. Плятнёў, А. Г. Сугакевіч), Клуб юных фізікаў (А. Э. Плятнёў, С. В. Гусеў). Аб конкурсе “Зубраня” і кнігах, якія атрымалі пераможцы (А. І. Слабадзянюк “Фізіка для выбраных: электрастатыка, пастаянны электрычны ток“) расказваў старшыня асацыяцыі “Конкурс” Г. Няхай.
Адбылася сустрэча ўдзельнікаў з прадстаўнікамі дырэкцыі будаўніцтва АЭС. Яе пляцоўка месціцца менавіта ў Астравецкім раёне.
Адпачынак
Праца ў Альхоўцы, як нідзе ў іншым месцы, удала пераплятаецца з адпачынкам. Акрамя лекцый і практычных заняткаў, была вельмі насычаная і рознабаковая культурная праграма, бо нельга ўявіць сабе летнік без ужо традыцыйных мерапрыемстваў.
Рамантычны “Баль пад соснамі”, які праводзілі А. Шуба і Я. Лазарэнка, сёлета хвацкі разбавілі полечка, ойра і кракавяк ды іншыя народныя танцы, якія мы танчылі пад сапраўдную беларускую дуду, скрыпку ды акардыён. Гэта закранула сэрца кожнага ўдзельніка.
Фізіка-філалагічная і фізкультурная паласа перашкодаў, падрыхтаваная М. Запрудскім і Г. Сухавай, нагадала аб адвечнай спрэчцы фізікаў і лірыкаў. Каб дабрацца да фініша, трэба было пераадолець сем перашкодаў: перакласці фізічныя тэрміны з рускай на беларускую мову, вызначыцца з аўтарамі вершаваных радкоў і празаічнага тэкста, знайсці фізічныя альбо астранамічныя супярэчнасці ў размове Шэрлака Холмса з суразмоўцам, згадаць, як называліся вядомыя сузор’і ў старажытных беларусаў, вырашыць лагічную галаваломку і вызначыць даўжыню маятніка з хібнасцю да 10 %. І, як заўжды, можна было выбіраць розныя шляхі: досвед, розум альбо хуткія ногі.
Каманда моцных мужчын (В. Кірэеў, А. Саковіч, В. Лазарэнка, пад нязменным кіраўніцтвам А. Якубоўскага) у чарговы раз пацешыла нас паходнай лазняй з запасам дубовых і бярозавых венікаў.
А крыху пазней усіх удзельнікаў чакала «камернае шоу» – святочны вечар “Летніка фізікаў – 20”. Так ужо склалася, што Альхоўка – дваццаць першая, а год ёй усяго дваццаць. 1 ліпеня 1990 года ўрачыста быў адкрыты першы летнік. Свята было напоўнена душэўнымі песнямі, выказваннямі і вершамі, і няўлоўным смуткам ад успамінаў. Атрымаліся шчырая сямейная вечарына. І гэта вельмі прыемна і важна, што ўдзельнікі летніка – адна вялікая сям’я, дзе помняць пра кожнага.
В. Званцова і В. Герцык урачыста правялі “Акадэмію”, на якой папоўнілася колькасць “член-карэспандэнтаў”, а сертыфікатам “10 разоў у Альхоўцы” была узнагароджана Н. Дашчонак.
Незабыўнымі атрымаліся тэатр, пастаноўку якога сёлета ладзіў А. Плятнёў, “ПлаБут”, зарганізаваны А. Аўсейчыкам, на якім удзельнікі адчулі сябе спартоўцамі-шматборцамі.
Лічылі рэкорды Альхоўкі А. Саковіч і А. Сарока. Самае адметнае, напэўна, тое, што чатыры ўдзельнікі нашага летніка ў мінулым годзе сталі сябрамі клуба “Крышталёвы журавель”.
У канцы летніка мы глядзелі яшчэ адзін дэбют – “Канцэрт першагодкаў”, у якім выказвалі свае ўражанні і паказалі артыстычны талент С. Крычко, Г. Маісеенка, А. Мацюк, Г. Ліоха, Л. Пашук, Т. Скіруха.
Таямніца
Здаецца, ведаеш наперад прыкладную праграму летніка (прапісана ў інфармацыйным лісце), рыхтуешся, а яна зноў і зноў здзіўляе чымсьці новым і непрадказальным.
Напрыклад, селета, дзякуючы А. Глухаву, на ваду Страчы быў урачыста спушчаны катамаран. Ён з’явіўся на паляне спачатку ў выглядзе асобных частак, нязграбных і нящцямных, мяняў свой выгляд з цягам часу, пакуль не затрапятаў на ветры белы ветразь.
А яшчэ нас чакаў незвычайны начны сеанс. Калі яскравыя зоркі заблыталіся ў хваёвых кронах, на лясной паляне мы глядзелі на экране фільм (у нас была свая электрастанцыя) пра саміх сябе леташних; здзіўляліся прыгажосці зімовай Альхоўкі; усміхаліся, успамінаючы былыя падзеі; радаваліся, калі на экране бачылі тых, хто сёлета не змог прыехаць, сумавалі... І разам з намі такую ж гаму эмоцый нанава перажываў галоўны аўтар слайд-фільма А. Аўсейчык.
Хочацца выказаць падзяку ўсім, хто дапамог у арганізацыі і правядзенні летніка: кіраўніцтву Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, загадчыцы адзелам адукацыі Астравецкага РАА Ліліі Уладзіміраўне Янкоўскай, дырэктару Альхоўскай школы Ігару Генадзевічу Уласіку, Яўгенію Уладзіміравічу Чабатарову, асацыяцыі “Конкурс” і яе кіраўніку Генадзю Уладзіміравічу Няхаю, Цэнтру Супольнасць, дырэктару выдавецтва “Сэр-Віт” Сяргею Мікалаевічу Будніку. Дзякуем усім удзельнікам, бо кожны зрабіў свой унесак у агульную справу – таму ўсе так добра атрымалася.
Гэты тыдзень быў незабыўным. Другім ён быць і не мог, бо тут няма выпадковых людзей, сюды прыяджаюць асэнсавана, праходзячы адбор пасля прысланай заяўкі. Гэта крэатыўныя настаўнікі, “моцна заматываваныя” на працу, творчасць, новыя знаходкі, яны настроены на хвалю ўспрымання не столькі асабістых жаданняў, колькі жаданняў іншых. На мой погляд, кожны вярнуўся дадому з поўнымі кішэнямі ведаў, якія мы напачатку сістэматызуем, раскладзем па паліцах і будзем выкарыстоўваць. Гэты наш юбілейны летнік радаваў нас не толькі незабыўнай прыродай, выдатным надвор’ем, але і неперадавальным настроем, пяшчотнасцю і цішінёй, задуменнасцю і цеплынёй людскіх сэрцаў. Дзякуй усім, хто стварыў такую цудоўную атмасферу ў летніку.
Знічка
Альхоўка заварожвае. Аб ёй марыш увесь год, нецярпліва чакаеш увесь чэрвень, а яна пралятае імгненна, пакінуўшы яскравы, незабыўным след у душы. Таму хочацца верыць, што шчырае жаданне, якое загадаеш на гэтай паляне, абавязкова збудзецца: “Да сустрэчы, Альхоўка- 2011”.
Альхоўка-2010
04.10.2010