На пазамінулым тыдні настаўнікі і вучні смаргонскай гімназіі мелі магчымасць папрацаваць з Сюзаннай Пратчэр, Настаўнікам года з Вены. Каардынатар па інфармацыйных тэхналогіях і адукацыйных інтэрнэт-праектах Уладзімір Калінін даслаў нам матэрыял з мясцовай газеты, прысвечаны гэтаму візіту.
Дазвольце прадставіць: магістр, кандыдат навук, выкладчык Венскай школы бізнесу, пераможца конкурсу прафесійнага майстэрства сярод педагогаў Аўстрыі Сюзанна Пратчэр. На пазамінулым тыдні гэта жанчына наведала Беларусь, а дакладней гімназію №4 нашага горада.
Можа ўзнікнуць пытанне, як аўстрыйская настаўніца даведалася пра смаргонскую гімназію? Па словах каардынатара па інфармацыйных тэхналогіях і адукацыйных інтэрнэт-праектах Уладзіміра Калініна, сем гадоў таму гімназісты ўдзельнічалі ў міжнародным інтэрнэт-праекце «Веснавы дзень у Еўропе». На конкурс дасылаліся работы аб гісторыі, быце, звычаях еўрапейскіх краін. На сайце праекта Сюзанна Пратчэр і даведалася пра гімназію, прачытаўшы даследаванні гімназістаў, выра шыла падтрымліваць з ею дзелавыя сувязі. Сёлета спадарыня Сюзанна прыехала ў Смаргонь, каб абмеркаваць магчымасці супрацоўніцтва гімназіі №4 і Венскай бізнес-школы, а таксама падзяліцца вопытам з настаўнікамі горада і раёна па планаванні ўдзелу ў міжнародных інтэрнэт-праектах.
Да прыезду аўстрыйскай госці быў прымеркаваны семінар "Інавацыйная дзейнасць як сродак развіцця дыялогу культур", на які запрасілі прадстаўнікоў школ раёна і метадыстаў раённага метадычнага кабінета.
На аснове матэрыялаў бізнес-школы ў смаргонскай гімназіі будзе распачаты курс «Асновы рыначнай эканомікі". Уладзімір Калінін у сваім выступленні патлумачыў, чаму менавіта пры садзейнічанні Венскай школы бізнесу распрацоўваецца гэты новы курс: таму што гэта старэйшая ў Еўропе навучальная ўстанова такога профілю (ёй больш за сто гадоў). Таксама тут ёсць магчымасці для дыстанцыйнага навучання.
Ірына Клявец, дэлегат першага з’езда настаўнікаў і работнікаў краін СНД, расказала аб выніках гэтага сёлетняга з’езда. Прызналася, што вельмі ўразіла сістэма адукацыі ў Казахстане. Перш за ўсё, такая з’ява, як трыадзінства моў. Нават для самых маленькіх друкуюцца кніжкі, у якіх казкі і апавяданні падаюцца на трох мовах: казахскай, рускай і англійскай. Такім чынам, дзіця з малых гадоў мае магчымасць авалодаць адразу трыма мовамі. Цікавасць выклікаў расказ Ірыны Рамуальдаўны пра сесіі і майстар-класы, у якіх яна мела магчымасць паўдзельнічаць, знаходзячыся ў Астане. Яна прапанавала настаўнікам хіміі і біялогіі пазнаёміцца з прывезенымі адтуль вучэбнымі дапаможнікаміі камп’ютарнымі дыскамі па хіміі і біялогіі. А спадарыня Пратчэр распавяла пра свой вопыт працы з інтэрнэт-праектамі. Пятнаццаць гадоў таму яна пачынала з малых, на ўзроўні нейкага аднаго вучэбнага класа. Па яе словах, такія праекты не патрабуюць многа часу і грошай, толькі асабістую крэатыўнасць і жаданне працаваць. Іх настаўнікі могуць выкарыстоўваць для пашырэння рамак па сваіх прадметах. Такія праекты прывучаюць дзяцей да сумеснай працы, дазваляюць ярка дэманстраваць свае веды.
Вялікія праекты патрабуюць больш энергіі і часу, а таксама вялікіх грашовых затрат. Але пры гэтым і тэмы больш маштабныя, дзеці маюць магчымасць для іх рэалізацыі нават выязджаць за граніцу.
На другі дзень Сюзанна Пратчэр правяла ўрок-размову з вучнямі 11 класа. Потым аўстрыйская госця наведала ўрок англійскай мовы ў 5 класе. Тэмай заняткаў былі вандроўкі. Дзеці расказвалі пра краіны, дзе яны адпачывалі. На перапынку Сюзанна правяла «круглы стол» з кафедрай англійскай мовы. У цёплай сяброўскай атмасферы настаўнікі абмеркавалі праблемы адукацыі. Цікава прайшоў адкрыты ўрок па біялогіі, які правяла Ірына Клявец. Спадарыня Пратчэр адзначыла высокі ўзровень валодання мовай гімназістамі, а таксама выдатную падрыхтоўку выкладчыкаў гімназіі. Яе трошкі здзівілі адрозненні ў сістэмах навучання ў Аўстрыі і Беларусі, напрыклад, працяглыя летнія канікулы ў нас (у Аўстрыі толькі 2 месяцы).
Напрыканцы свайго візіту Сюзанна Пратчэр наведала аграсядзібу ў Вайнідзенятах, вёскі Гервяты і Залессе, прайшлася па вуліцах Мінска.
Віялета Арцюкевіч, Ірына Янушкевіч, Газета Светлы шлях
Сюзанна Пратчэр – госця з Аўстрыі
12.10.2010