...Гэта быў як бы першы прарыў пераадоленьня страху перад выхадам у свой жа народ. А другі такі важны момант, які быў нялёгкі, гэта паход зьбіраць подпісы за беларускую школу. У Сьляпянцы.
БЕЛАРУСКАЯ ШКОЛА
Вельмі настойліва прапаноўваў не абмяжоўвацца пісаньнем лістоў Віктар Івашкевіч, які часьцяком быў маторам такіх вонкава грамадзкіх, але папраўдзе палітычных захадаў.
Ня ўсе напачатку гэтую ідэю ўспрынялі. Некаторыя баяліся: ня тое каб страшна было, што павяжуць ці што, а боязна – як людзі ўспрымуць. І гэта было настолькі ачышчальным душам – пераканацца, што звычайныя простыя беларусы, рабочыя і інжынэры, хатнія гаспадыні ставяць подпісы за гэтую беларускую школу або беларускі садок. Там пад тысячу подпісаў было сабрана. І гэта быў 1982–83 год”.
На выезьдзе разам са школьнікамі. Вязынка, травень 1982 году.
Дубавец: Быў і вынік – упершыню пасьля доўгага перапынку ў Менску афіцыйна стварылася беларуская школа. Там, у Сьляпянцы. №108. Майстроўцы нават спрабавалі «шэфстваваць», як тады казалі, над ёй, нават насуперак волі дырэктаркі.
Вінцук: “Тады ж, дарэчы, я асабіста сутыкнуўся з пэўным расчараваньнем. Аказалася, што людзі, якія «прафэсійна» займаюцца беларушчынай, некаторыя пісьменьнікі сярэдняга ўзросту тагачасныя, адмаўляліся ставіць подпісы за беларускую школу. Відаць, яны разумелі, чым гэта для іх чаравата, ці чаму – ня ведаю. І вось так для мяне й выявілася, што ня ўсе беларускамоўныя ёсьць апрыёры нашыя паплечнікі”.
Дубавец: Сёньня чытаеш нараканьні – у Магілёве няма ніводнае беларускае школы. У цэлым Магілёве!.. Дзе колькасьць нацыянальна сьведамых жыхароў ідзе, мабыць, на сотні... У чым прычына?
Вінцук: “А я бачу, што сёньня адбыўся віраж гісторыі, і масавая псыхалёгія часткова вярнулася ў пункт выйсьця, які, відаць, трэба лякалізаваць недзе яшчэ да васьмідзясятых гадоў мінулага стагодзьдзя. Калі кожны думае, што масавыя настроі такія, што нічога ня будзе. Я цяпер кажу пра беларушчыну, не пра палітычныя зьмены, хоць іх гэта таксама тычыцца.
І для мяне таксама бязьмежна дзіўна, як пры такой шматлікасьці – бээнэф, тэбээм, маладзёвыя ўсякія структуры й ініцыятывы, у тым ліку непалітычныя... Ды калі паводле звычайнай статыстыкі ва ўсіх гэтых арганізацыях у сярэднім абласным цэнтры чалавек трыста-чатырыста-пяцьсот, то там мусіць быць як мінімум дзесяць-пятнаццаць бацькоў дзяцей аднаго ўзросту, напрыклад, трэцяй клясы. Але выяўляецца, што ў іх на гэта няма волі, жаданьня, імпульсу, ініцыятара.
Глыбока паважаю Алеся Астроўскага з Горадні, які спачатку роспачна пераконваў аднадумцаў, а потым сам выйшаў на вуліцу са сваімі трыма дзеткамі, і хоць яго там павязалі, але ён дамогся такі нейкага прарыву. Але ён ня мусіў бы выходзіць, калі б у Горадні знайшлося яшчэ дванаццаць такіх бацькоў дзетак-раўналеткаў сярод сьведамага народу. Для мяне загадка, чаму цяпер гэтыя людзі паводзяць сябе так па-канфармісцку.
Гісторыя аднаго цуду, Радыё Свабода
Вінцук Вячорка: Пра паход Майстроўні за беларускую школу...
21.12.2010