Мінск: Размоўная кавярня «Гісторыя вачыма сведкаў»

06.01.2011

Апошні тэрмін падачы запыту на ўдзел – 10 студзеня

Прадстаўніцтва зарэгістраванага таварыства “Deutscher Volkshochschul-Verband eV” (Федэратыўная Рэспубліка Германія) у Рэспубліцы Беларусь сумесна з Рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА» запрашаюць паўдзельнічаць у працы размоўнай кавярні «Гісторыя вачыма сведкаў», якая пройдзе 11 студзеня з 12.00 да 15.30 у Музеі гісторыі Мінска (Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 10).

Удзельнікі змогуць пачуць і абмеркаваць гісторыі простых беларускіх людзей, якія ў 1939–1945 гадах перажылі пераезд з Беларусі ў Карэлію, былі сведкамі ўваходу фінскіх войскаў у Савецкі Саюз, сталі вязнямі канцлагераў, бачылі Перамогу і завяршэнне Другой сусветнай вайны, вярнуліся ў Беларусь і працягвалі жыць ...

Для ўдзелу ў размоўнай кавярні запрошаныя больш за 10 сведкаў тых падзей з большасці рэгіёнаў Беларусі. Разам з імі да столікаў кавярні завітаюць маладыя людзі: навучэнцы і студэнты, спецыялісты працы з моладдзю, эксперты ў галіне адукацыі дарослых. Праца кавярні будзе задакументавана, каб пакінуць памяць аб вусных гісторыях сведкаў гістарычных падзеяў таго часу.

Арганізатары запрашаюць да ўдзелу ў размоўнай кавярні «Гісторыя вачыма сведкаў» усіх зацікаўленых. Для ўдзелу неабходна зарэгістравацца, даслаўшы не пазней за 10.01.2011 запыт у адвольнай форме на электронны адрас: info@dvv-international.by, або затэлефанаваўшы на нумар 207 98 35 ці (029) 171 93 97. У сувязі з тым, што колькасць удзельнікаў абмежавана, пры адборы перавага будзе нададзена першым заяўкам.

Праграма размоўнай кавярні: спампаваць (pdf 128 Kb)

Гістарычная даведка: Чырвоная Армія перайшла савецка-фінляндскую мяжу. 30 лістапада 1939 пачалася Зімовая вайна. Яна цягнулася 105 дзён, і ў выніку мірнай дамовы Савецкі Саюз атрымаў дзясятую частку тэрыторыі Суомі. Зрэшты, замірэнне цягнулася нядоўга. Праз два гады, у 41-м фінскія войскі ў гэты самы час акупавалі дзве траціны тэрыторыі Карэліі. Гэта адна з самых трагічных старонак гісторыі рэгіёна. Большая частка насельніцтва была эвакуявана, але ў пэўных раёнах заставалася яшчэ блізу 20 тысяч чалавек. Паўвостраў фактычна ператварыўся ў вялізны канцлагер. У карэльскай сталіцы – Петразаводску – дзейнічалі 7 канцлагераў. Смяротнасць вязняў праз голад, хваробы і жорсткае абыходжанне перавышала паказнікі нават фашысцкіх «фабрык сьмерці". Да гэтага часу гісторыкі не могуць дакладна падлічыць колькасць ахвяр сярод мірнага насельніцтва. Дакументаў не захавалася. Паводоле сярэдніх звестак, толькі ў Петразаводску з 25 тысяч зняволеных загінуў фактычна кожны трэці.