Цяпер у сталіцы 3 тысячы настаўнікаў стаяць у чарзе на жытло. І толькі 80 кватэр на год максімальна давалі для сталічных педагогаў.
“Для маладых педагогаў наогул не прадугледжваецца кватэр у сталіцы, – кажа выпускніца Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэту Лізавета Заводнік. – Паводле закону размеркаваным маладым спецыялістам абавязаныя даць жытло, аднак калі ты размеркаваўся ў Мінск, то табе нават на міністэрскай камісіі скажуць: жытла няма, шукайце самі”.
Магчымасць пабудаваць кватэру самастойна таксама сумнеўная. Сярэдні заробак педагога ў Менску не перавышае 1 млн. руб. Стаяць жа на ільготнай чарзе даводзіцца больш за 15 гадоў.
Распавядае Маргарыта Ухванава, настаўніца : “На чаргу мы сталі яшчэ ў 1996 годзе. За гэты час яе тры разы перафармоўвалі. І найбліжэйшае, на што мы можам разлічваць, – 2015 год. Раней я думала, што мы будуем кватэру для дзяцей. Цяпер бачу, што мы будуем яе ўжо для ўнукаў”.
На калегіі Менгарвыканкаму ўвесь час звяртаюцца да кватэрнага пытання настаўнікаў. “Мы згодныя, што жытло – самае балючае пытанне для нашых настаўнікаў і што без гэтага складана павышаць прэстыж прафесіі, – кажа старшыя камітэту адукацыі Уладзімір Шчэрба. – Цяпер мы звяртаемся па дапамогу ў адміністрацыі раёнаў, спрыяем утварэнню будаўнічых кааператываў сярод педагогаў. Але не трэба перабольшваць праблему. Разам у Менску ў сістэме адукацыі працуе 30 тысячаў чалавек, таму тыя 3 тысячы, што цяпер стаяць у чарзе, гэта ўсяго 10 % ад агульнай колькасці настаўнікаў”.
Паводле агляду прэсы 05.04.2011