Дарагія сябры!
Хачу выказаць падзяку ўсім добрым людзям, хто пісаў мне лісты са словамі падтрымкі, тэлефанаваў, дасылаў грошы на мой адрас. У гэты цяжкі час я адчула цёплую, шчырую хвалю салідарнасці ад неабыякавых людзей з розных куткоў Беларусі – ад Мёраў да Касцюкоўкі, ад Коханава да Моталя. Зусім незнаёмыя людзі працягнулі мне руку дапамогі! Хто пасля гэтага скажа, што беларусы абыякавыя, несалідарныя людзі?
Дзякуючы вашай падтрымцы, я перамагла сваё гора, не паддалася адчаю і паняверцы. Дзякуючы вам, я магу працаваць: дапаўняю і рыхтую да хуткага перавыдання сваю кнігу “Талька і наваколлі”.
Заўсёды меркавала, што нават у самай безнадзейнай сітуацыі трэба стаяць за праўду. Вы сваёй падтрымкай пацвердзілі гэтую ісціну. Як можна адступіць, калі вакол так шмат годных, прыстойных людзей, якія падзяляюць твае каштоўнасці?
Сёння, калі ні ў чым не вінаватыя зняволеныя ў турмах, мужныя трымаюць галадоўку пратэсту, за іншадумства гоняць з працы і вучобы, а большасць маіх суайчыннікаў маўчыць, зацугляная кантрактнай сістэмай, падманутая афіцыйнай хлуснёй, што мы можам зрабіць? Падтрымаць гнаных. Вы зрабілі гэта, працягнуўшы сваю руку адной з такіх. Дзякуй вам, добрыя людзі.
Гэтая кампанія салідарнасці не адбылася бы без інфармацыйнай падтрымкі газет “Народная воля”, “Наша Ніва”, радыё “Свабода”, сайта Nastaunik.info. Журналістка Марыя Эйсмант пісала артыкулы пра маё гора – таленавітыя, добрыя. Гэта не толькі прафесіянал найвышэйшага класа, але і шчыры, спагадлівы чалавек, які не развучыўся за “грамадскімі праблемамі “ бачыць “маленькага чалавека”.
Выбачайце, што не магу тут назваць усіх імёнаў, бо іх вельмі шмат. Я захаваю вашы лісты, квітанцыі аб пераводах для гісторыі. Гэта сведчанні, што ў Беларусі складаецца грамадзянская супольнасць, гэта крыніца натхнення для знявераных, стомленых духам, экспанаты для музея найноўшай гісторыі Айчыны, доказ, што Беларусь жывая.
Няхай усіх нас беражэ Бог, трымаемся разам.
Наталля Ільініч, 11.04. 2011 г.
Наталля Ільініч: Беларусы салідарныя і неабыякавыя
13.04.2011