Год па-беларуску

31.05.2011


Аліса Філіпчык, Вераніка Міхальчук і Яся Малашчанка — злева-направа

28 мая для трох вучаніц адзінага ў Баранавічах беларускамоўнага класа ў гарадской АСШ №14 прагучаў апошні школьны званок.

Яся Малашчанка, Вераніка Міхальчук і Аліса Філіпчык – адзіныя на сёння ў нашым горадзе вучні, чые бацькі захацелі навучаць сваіх дзетак цалкам па-беларуску. Напрыканцы навучальнага года “IP” даведалася, чаму дзяўчынкі навучыліся ў першым класе і з якімі настроямі пайшлі на канікулы.

Разам, але такія розныя…

Хаця гэтыя тры дзяўчынкі амаль кожны дзень разам, кожнай з іх па сем гадоў, яны вельмі розныя. Яся – разумніца-весялуха, шчырая і адкрытая, яна заўсёды кажа ўсё, што думае. Вераніка – не менш кемлівая і здольная за сяброўку, але яшчэ большая гарэза, чым Яся. Аліса – сціплая і нешматслоўная, яна можа маўчаць нават тады, калі ўсё ведае. Усе яны, здаецца, дапаўняюць і ўраўнаважваюць адна адну.


Дзеткі з настаўніцай Ірынай Міхальчук

“Нягледзячы на тое, што гэтыя тры дзяўчынкі такія непадобныя адна да адной, усе яны паспяхова засвоілі школьную праграму, – кажа іх настаўніца Ірына Міхальчук. – Вядома, камусьці даецца лепш адно, камусьці – іншае. У Ясі прасочваецца большая схільнасць да мовы, у яе вельмі багатыя моўныя навыкі, хаця разам з тым яна добра ладзіць і з матэматыкай. А вось пісьмо і Ясі, і Алісе даецца больш складана. У Веранікі пісаць атрымліваецца значна лепш…”



Поспехі і свавольства

За першы год у школе Яся, Аліса і Вераніка навучыліся складаць і адымаць у межах дваццаці, параўноўваць лікі, рашаць задачы. Яны нават рашаюць некаторыя задачы, з якімі вучні рускамоўных класаў пазнаёмяцца толькі ў наступным годзе. Дзяўчынкі навучыліся таксама і добра чытаць, яны прамаўляюць ужо па 55 – 80 словаў за хвіліну, што для першага класа – выдатны вынік. А цяпер разам з настаўніцай яны працуюць над інтанацыяй і гучнасцю свайго вымаўлення.

“Калі мае вучні не паспявалі добра засвоіць нейкія навыкі, я надзяляла гэтаму больш увагі і часу, – кажа настаўніца. – У вялікіх класах, на жаль, такая магчымасць ёсць не заўсёды”.

З трыма вучнямі лягчэй наладзіць і дысцыпліну. Як кажа настаўніца, дзеці ёсць дзеці – усе аднолькава любяць сваволіць.

Галоўны вынік

Але, па словах настаўніцы, галоўны вынік першага года – тое, што дзяўчынкі пачалі болей размаўляць. І размаўляць па-беларуску.

“Яны часцей размаўляюць міжсобку па-беларуску і на перапынках, добразычліва папраўляюць адна адну. Відаць, што гэта ім самім цікава, яны імкнуцца даведацца больш словаў. Я па сваёй дачцы заўважыла, што яна часцей пачала размаўляць дома па-беларуску. Часам яшчэ і тату паправіць, калі ён у чымсьці памыліцца...”, – кажа маці Веранікі Ірына Міхальчук.

Надзеі і чаканні

Тры беларускамоўныя вучні на ўвесь амаль 170-тысячны горад – з’ява, безумоўна, унікальная. Але Ірына Міхальчук пазбягае гэтай характарыстыкі: “Беларускамоўны клас у Беларусі не павінен быць унікальнай з’явай. Трэба, каб беларускія дзеткі навучаліся па-беларуску. Шкада, што сёння гэта не норма, а хутчэй выключэнне з правілаў”.

Напярэдадні летніх канікул, і вучні, і іх настаўніца выказваюць адну невялічкую надзею: ім хочацца, каб у наступным годзе да іх далучыліся іншыя дзеткі.

“Праблемаў з камнунікацыямі ў нас няма: дзяўчынкі пасябравалі з дзецьмі з суседніх класаў, яны ходзяць адно да аднаго ў госці ды і заняткі па фізкультуры ў іх агульныя…, – кажа Ірына Міхальчук. – Але хаця б аднаго новага вучня ў наступным годзе мы хацелі б да сябе прыняць. Так нам было б прасцей працаваць у парах, ды і дзяўчынкам часам хочацца займацца па двое. Думаю, адзін хлопчык добра папоўніў бы іх кампанію…”

Ці падабаецца табе вучыцца і кім ты хочаш стаць?

Яся Малашчанка:

– Вучыцца ў школе мне спадабалася. Раней дома было, канечне, цікавей, я не стамлялася на ўроках... Хаця атрымліваць новыя веды – гэта цікава. Мне асабліва падабаюцца працоўнае навучанне і маляванне. І чытанне таксама.


Яся Малашчанка

Калі я вырасту, я буду працаваць у прытулку для жывёлаў. Раней я хацела быць ветэрынарам, але гэта мая мінулая мара. Цяпер я перадумала, мне захацелася даглядаць жывёлінаў. Я хачу, каб кожная жывёлінка мела свой дом. Ага!

Вераніка Міхальчук:

– Мне падабаюцца ўсе школьныя прадметы. Думаю яны дапамогуць мне стаць у будучыні тым, кім я захачу. Але кім я хачу быць, я пакуль не вырашыла. Толькі не хачу быць настаўніцай, як мая мама, бо ў яе вельмі мала свабоднага часу, і пакуль яна рыхтуецца да ўрокаў – мне сумна…


Вераніка Міхальчук

У школу трэба хадзіць, бо калі не хадзіць у школу – не будзеш разумным. Калі вырасцеш, трэба будзе што-небудзь напісаць ці прачытаць, а ты не не зможаш. Гэта кепска. Гэтаму трэба вучыцца.

Аліса Філіпчык:

– Кім я буду ў будучыні – я пакуль не ведаю, бо яшчэ не думала. Мне падабаецца вучыцца. Я найбольш люблю чытанне і матэматыку. Больш за ўсё мне падабаецца чытаць часопісы, у якіх пішуць пра звяроў… Пісьмо мяне не вельмі цікавіць, бо пісаць цяжэй. Але настаўніца дапамагае нам вучыцца пісаць. Калі мы падрасцем, гэта трэба будзе абавязкова ўмець.


Аліса Філіпчык



Алесь Гізун, intex-press