Беларускія «Адысеі розуму» занялі прызавое месца

01.06.2011

Міжнародны конкурс крэатыўнасці «Адысея розуму-2011»прайшоў у польскім Гданьску



Міжнародны конкурс крэатыўнасці «Адысея розуму» быў створаны больш як 30 гадоў таму ў ЗША. Аўтар праграмы — прафесар тэхнічнага ўніверсітэта ў Нью Джэрсі К. Самюэл Міклас. Нягледзячы на свой узрост, «Доктар Сэм» і зараз прымае самы актыўны ўдзел у распрацоўцы заданняў і правядзенні спаборніцтваў разам са сваім сынам, прэзідэнтам Сrеаtіvе Соmреtіtіоns, Іnс. (ССІ).

Асноўная мэта праграмы — развіццё ў дзяцей умення нестандартна мысліць, цаніць і паважаць пункт гледжання іншых, мець сваю думку і ўмець яе абгрунтаваць, а таксама развіццё навыкаў каманднага ўзаемадзеяння...

Кожны год удзельнікам спаборніцтваў прапануюцца шэсць доўгатэрміновых праблем, якія адносяцца да розных галін: адны маюць тэхнічны характар, іншыя — арыентаваны на культуру і гісторыю. Падчас вырашэння праблемы кожная каманда праходзіць розныя этапы: пошуку інфармацыі, вынаходніцтва нестандартнага рашэння, «перакладае» сваю творчасць на мову, зразумелую гледачам і суддзям, працуе над сцэнарыем і прэзентацыяй сваёй ідэі. Выступленне не павінна доўжыцца больш як 8 хвілін.

Таксама існуюць і іншыя жорсткія крытэрыі, якія павінны быць вытрыманы падчас дэманстрацыі доўгатэрміновай праблемы. Паколькі рабочай мовай спаборніцтваў з’яўляецца англійская мова, вялікае значэнне мае свабоднае валоданне дзецьмі замежнай мовай.

Зараз асацыяцыі «Адысеі розуму» створаны амаль ва ўсіх штатах Амерыкі, у Японіі, Кітаі, Ганконгу, Германіі, Венгрыі, Славакіі, Польшчы, Эстоніі, Казахстане, Узбекістане, Малдове, Украіне, Расіі.

У Беларусі «Адысея Розуму» дзейнічае ў рамках праграм развіцця адоранасці і творчага мыслення дзяцей і падлеткаў Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, грамадскага аб’яднання «Беларускае псіхааналітычнае аб’яднанне» і аўтарскай групы «РЭФЕРЭНТ». Наша краіна прымае ўдзел у Міжнароднай алімпіядзе крэатыўнасці «Адысея розуму» з 2002 года.

Для таго, каб прыняць удзел у гэтым Еўрапейскім фестывалі, неабходна перамагчы на рэгіянальным або рэспубліканскім узроўні. У гэтым годзе на конкурсе ў Гданьску Беларускую асацыяцыю прадстаўлялі пяць каманд (тры каманды з Мінска, адна з Брэста і каманда з горада Глыбокае Віцебскай вобласці). А ўсяго ў фестывалі прымалі ўдзел 70 каманд з 14 краін свету.

Пяць дзён, праведзеныя ў Гданьску, аказаліся вельмі насычанымі на падзеі. Пасля параднага шэсця па самай прыгожай частцы Гданьска і афіцыйнага адкрыцця фестывалю самім яго заснавальнікам прафесарам К. Самюэлам Мікласам каманды атрымалі магчымасць бліжэй пазнаёміцца са старажытным горадам і яго гісторыяй. Аднак гэта была не звычайная экскурсія, а інтэрактыўная гульня «Гарадское ралі". Яна не ўваходзіла ў праграму спаборніцтваў, аднак пакінула ў дзяцей незабыўныя ўражанні. Уявіце сабе групу з 20 чалавек, якія з фотаздымкам помніка альбо мемарыяльнай дошкі «носяцца» па горадзе і шукаюць згаданае гістарычнае месца. Задача заключалася ў тым, каб змешаным камандам з трох розных краін за максімальна кароткі час прайсці маршрут і выканаць заданні, якія прапаноўваліся на кожным яго этапе. Удзельнікі не толькі пабачылі цудоўныя будынкі, даведаліся пра тое, што Гданьск з’яўляецца радзімай фізіка Фарынгейта, астранома Гевелія, але і ўпэўніліся ў тым, што горад сапраўды мае права прэтэндаваць на званне культурнай сталіцы Еўропы ў 2016 годзе. Усе гараджане, да якіх звярталіся ўдзельнікі ралі, былі вельмі добразычлівымі і імкнуліся дапамагчы.

А затым былі непасрэдна спаборніцтвы. Спачатку — дамашняе заданне (доўгатэрміновая праблема), якое каманды рыхтавалі загадзя, потым — спантаннае. Спантаннае заданне на праяўленне творчых здольнасцяў, уменне імгненна вырашыць нестандартную задачу, якая не мае аднаго рашэння, затое дае магчымасць прадэманстраваць з’яднанасць каманды.

Самы галоўны этап — гэта работа ў інтэрнацыянальнай камандзе (звычайна яна складаецца з трох каманд з розных краін) па рашэнні і прэзентацыі праблемы. Тэма і склад каманд становяцца вядомымі толькі ў дзень прыезду. Каманды павінны знайсці агульную мову, прыйсці да аднаго рашэння і ў канцы фестывалю выступіць як адна каманда і прадставіць сваё творчае рашэнне прапанаванай праблемы. Каманды—пераможцы, якія занялі І, ІІ, ІІІ месца, маюць права ўдзельнічаць у Сусветным фінале, які праводзіцца ў ЗША.

Каманда «Dеер Dіggеrs» (сумесная каманда Глыбоцкай раённай гімназіі і СШ № 3 горада Глыбокае) пад кіраўніцтвам Святланы Міхайлаўны Ляшонак і Таццяны Леанідаўны Тарасевіч заваявала прызавое трэцяе месца і права ўдзельнічаць у Сусветным фінале.

Неабходна адзначыць, што гэтая каманда з горада Глыбокае, якая складаецца з вучняў 6 класа Блышко Лізаветы, Галяк Марыі, Зайкоўскай Дар’і, Іўко Паліны, Ляшонак Фамы, Мацкевіч Паліны, Тарасевіч Ганны, удзельнічае ў еўрапейскім фестывалі ўжо трэці раз і кожны раз трапляе ў кола пераможцаў.

У чым сакрэт такога поспеху? Яго аснова была закладзена яшчэ ў пачатковай школе, калі вучні з 1-га па 4-ты клас займаліся на курсе «Вучуся творча мысліць» пад кіраўніцтвам вопытнага педагога Валянціны Міхайлаўны Протас. Потым быў удалы дэбют у Славакіі, дзе вучні зразумелі, што англійская мова — гэта не проста школьны прадмет, а рэальны сродак стасункаў, і чым лепш ты яе ведаеш, тым прасцей будзе дамовіцца. Аднак аднаго толькі ведання замежнай мовы ўсё ж такі недастаткова. На «Адысеі розуму- 2010» у «Зубраняці" для таго, каб удала выступіць у фінале, дзецям спатрэбіліся не толькі творчыя здольнасці, але і ўменне ісці на кампраміс, паколькі пры вырашэнні мікс-праблемы яны хутка змаглі знайсці агульную мову з камандай з Германіі, а вось з рускамоўнай камандай паразумення не атрымалася...

І ў гэтым годзе ў Гданьску ва ўмовах катастрафічнага дэфіцыту часу, рассялення каманд на вялікай адлегласці ў розных месцах горада, нішто не перашкодзіла інтэрнацыянальнай камандзе з Беларусі, Казахстана і Расіі знайсці неардынарнае рашэнне прапанаванай праблемы...

Святлана Ляшонак, настаўніца англійскай мовы Глыбоцкай раённай гімназіі. Паводле Чырвонай змены