Беларуская мова – не эксперымент!

29.08.2011

Аксана Івашова, дырэктар СШ № 34 Брэста 1 верасня ў адным з чатырох першых класаў 34-й пачатковай школы настаўніца павітаецца са сваімі вучнямі па-беларуску. І выкладанне ўсіх прадметаў чатыры гады будзе весці па-беларуску.

Безумоўна, для горада гэта падзея. Нагадаем, што ў Брэсцкай вобласці з 607 агульнаадукацыйных устаноў 334 вядуць выкладанне прадметаў на беларускай мове. У той жа час у самім абласным цэнтры навучанне на роднай мове арганізавана толькі ў гімназіі № 3 з музычна-харэаграфічным ухілам. Адкрыццё яшчэ аднаго беларускамоўнага класа стала магчымым дзякуючы настойлівасці бацькоў і падтрымцы з боку адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста.

Як паведамляла ўжо “Вячорка”, ініцыятыву праявілі адразу дзве сям'і. У адміністрацыю Маскоўскага раёна звярнуліся Уладзімір і Маргарыта Вялічкіны, якія хацелі, каб іх сын-першакласнік вучыўся на беларускай мове. Цікава, што яшчэ ў красавіку бягучага года з адміністрацыі ім прыйшоў станоўчы адказ. “На базе пачатковай агульнаадукацыйнай школы № 34 г. Брэста будзе адкрыты першы беларускамоўны клас з выкладаннем усіх прадметаў на роднай мове”, – гаварылася ў лісце за подпісам намесніка кіраўніка адміністрацыі А. Уласаўца. Пры гэтым у якасці ўмовы колькасць заяў ад бацькоў (адпаведна, і колькасць вучняў) не згадвалася.

Іншая сітуацыя склалася ў Ленінскім раёне Брэста. Сяргей і Ларыса Божык выказалі жаданне, каб іх шасцігадовая дачка вучылася ў школе № 27 – у мікрараёне Рэчыца, дзе яны жывуць. Прапанову аб адкрыцці тут беларускамоўнага класа як у самой школе, так і ў аддзеле адукацыі сустрэлі, мякка кажучы, стрымана. Магчыма, ва ўладных структурах з самага пачатку вырашылі, што не варта “распыляць сродкі” і аднаго класа на горад будзе дастаткова. Сітуацыя магла памяняцца, калі б ініцыятыву дружна падтрымалі іншыя бацькі першакласнікаў. Але гэтага не здарылася. І цяпер Божыкам прапануюць аддаць сваё дзіця ў мастацкую гімназію. Або (як варыянт) вазіць першакласніцу ў мікрараён “Усход” – у 34-ю школу.

ДУМКІ З НАГОДЫ

Юрый Прасмыцкі, начальнік аддзела адукацыі Маскоўскага раёна г. Брэста:

– Праблемы беларускамоўнага навучання не існуе. Ёсць свядомае жаданне бацькоў – яно будзе рэалізавана. Пашырэнне беларускай мовы не можа адбывацца дырэктыўнымі метадамі. Родную мову неабходна папулярызаваць усімі даступнымі сродкамі: з прыцягненнем адукацыі, культуры, СМІ, камп?ютарных тэхналогій. У Кіеве, напрыклад, я назіраў, як маладыя людзі карыстаюцца электроннымі планшэткамі на ўкраінскай мове. Вы бачылі што-небудзь падобнае ў нас?

Анатоль Піліповіч:

– Чаму мы аддаём свайго сына менавіта ў беларускамоўны клас? Усё проста: ён беларус, а значыць, павінен ведаць беларускую мову.

Аксана Івашова, дырэктар СШ № 34 Брэста:

– З гэтай сітуацыі вельмі недарэчы рабіць трагедыю або пафас. Трэба ўсведамляць, што беларускамоўнае навучанне – не эксперымент, а зусім звычайная з'ява.

У гэтай школе першапачаткова набралася пяць заяў ад бацькоў аб навучанні дзяцей на роднай мове. А ў рэшце рэшт засталося тры. Тым не менш, як мы пераканаліся, для траіх першакласнікаў створаны ўсе ўмовы для паспяховага навучання.

Па-першае, выбар школы зрабілі самі бацькі. Тут сапраўды па-дамашняму ўтульна. Магчыма, яшчэ і таму, што калісьці тут месціўся дзіцячы садок № 33, потым – школа-сад і з 2007 года – пачатковая школа. Мэбля захавалася ў добрым стане, што неабходна было – набылі дадаткова. У школе сучасны харчовы блок і такая прыгожая сталовая, што дома вучні хваліліся: “А ў якім рэстаране я быў!” Бацькі нават выказалі пажаданне, каб у сталовай у час абеду гучала спакойная музыка. Магчыма, так і будзе.

У памяшканні, адведзеным пад беларускамоўны клас, ужо размешчаны беларускі алфавіт, падабрана дзіцячая літаратура. Пакуль што тут стаіць 12 парт. “Мы не ведалі, колькі дзетак набярэцца, таму заказалі поўны набор падручнікаў на беларускай мове для класа-камплекта і ўжо атрымалі іх, – гаворыць дырэктар школы Аксана Івашова. – Парты цяпер часткова забяром, вызваліцца больш месца, і дзецям будзе вальней. А калі нехта з бацькоў яшчэ вырашыць прывесці сюды дзіця ў гэтым годзе ці ў наступным – зноў жа не праблема зрабіць перастаноўку”. Кіраўнік школы справядліва лічыць, што ў такіх умовах на 100 % можна будзе рэалізаваць прынцып індывідуальнага навучання. З усімі яго плюсамі і, магчыма, мінусамі. На думку некаторых педагогаў і чыноўнікаў, дзеці, асабліва тыя, хто выхоўваўся ў дзіцячым садку, маюць лепшыя магчымасці самарэалізацыі ў большым калектыве.

Бацькоў, прынамсі, гэта не палохае. Галоўнае, што іх жаданне, каб дзеці вучыліся на роднай мове, збудзецца. Аптымістычна глядзяць яны і на перспектыву. Хаця для пераважнай колькасці бацькоў менавіта адсутнасць пераемнасці ў беларускамоўным навучанні стала прычынай таго, што яны не падалі заявы ў беларускі клас. Так склалася, што большасць бацькоў “пачаткоўцаў” нацэлены на тое, што ў далейшым іх дзеці прадоўжаць адукацыю ў брэсцкай гімназіі № 2. І іх палохае, што вучням давядзецца настройвацца на іншы моўны лад. А потым – экзамены і навучанне ў ВНУ. Тут ёсць над чым падумаць чыноўнікам ад адукацыі. Хаця, магчыма, пакуль сённяшнія першакласнікі скончаць пачатковую, а тым больш сярэднюю школу, шмат што зменіцца на іх карысць.

У гэтым упэўнена і іх настаўніца Лідзія Уладзіміраўна Міранюк. Гэта вопытны педагог, адданы сваёй справе. Яна пяць гадоў працуе ў школе № 34 і толькі што выпусціла чацвёрты клас. А да гэтага працавала завучам у 13-й гарадской школе, дзе адначасова выкладала беларускую мову. “Шкада толькі, – кажа яна, – што ад бацькоў паступіла так мала заяў”.



Антаніна Хакімава, Вячэрні Брэст