Спарон, дырха, кабылянец, змурачка...
Што азначаюць гэтыя словы? Можна даведацца з руска-беларускага тлумачальнага слоўніка медыцынскіх тэрмінаў — першага выдання такога тыпу ў беларускім мовазнаўстве. Кніга змяшчае больш за тры тысячы тэрмінаў і тлумачэнняў да іх, прычым каля дзвюх тысяч, уласнабеларускіх. Гутарка з аўтарам слоўніка, старшым выкладчыкам кафедры рускай і беларускай моў Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Віктарам Варанцом.
У 2005 годзе быў выдадзены руска-беларускі медыцынскі слоўнік. А цяпер — яшчэ і руска-беларускі тлумачальны слоўнік медыцынскіх тэрмінаў. Такім чынам, дзякуючы Віктару Варанцу менавіта ў медыцыне, у адрозненне ад многіх іншых галін грамадскага жыцця, беларускай лексікаграфіяй зроблены сапраўдны прарыў. І гэта, заўважце, у такой даволі спецыфічнай з моўнага пункту гледжання сферы, дзе большая частка тэрмінаў — грэчаскага і лацінскага паходжання.
— Дык ці варта аўчынка вырабу пры складанні падобных слоўнікаў? — цікаўлюся ў Віктара Іванавіча.
— Справа ў тым, што ў нас увогуле не была распрацавана медыцынская тэрміналогія. У 1920-я гады тэрміналагічная камісія выпрацавала некалькі такіх выданняў, але з таго часу практычна нічога і не было. А паколькі медыцына — адна з найбольш запатрабаваных сфер у грамадскасці (як бы там ні было, у нас, згодна з вынікамі па перапісе, прыкладна 30 % людзей лічаць сябе беларускамоўнымі), то, адпаведна, трэба мець забеспячэнне медыцынскай тэрміналогіяй. Больш за тое, у нас ёсць і дактары, якія вядуць прыёмы на беларускай мове. Усё гэта разам падштурхнула да таго, што трэба было зрабіць руска-беларускі медыцынскі слоўнік. Ён, дарэчы, быў вельмі запатрабаваны — некалькі разоў перавыдаваўся, 20 асобнікаў дадаткова папрасіла Нацыянальная бібліятэка.
Аднак толькі гэтага слоўніка аказалася нядосыць. Бо людзі хочуць ведаць, што абазначае той ці іншы медыцынскі тэрмін. Нават у рускай мове часам ставяць дыягназ — чалавек чытае і не разумее, што гэта такое. А ўлічваючы, што ў нас у асноўным лексіка запазычаная, то нарадзілася ідэя даць тлумачэнне да кожнай хваробы, кожнага медыцынскага паняцця. Прычым каб задаволіць усіх, у тым ліку і кансерватыўную частку медыцыны, якая заўсёды спасылаецца на тое, што аснова — гэта лацінская і грэчаская мовы і нічога іншага асабліва тут не трэба. У слоўніку спачатку даецца калька з лацінскай ці грэчаскай мовы. А далей ідзе ўласнабеларускі тэрмін, калі ён, зразумела, ёсць. З трох тысяч тэрмінаў у слоўніку прыкладна дзве тысячы — уласнабеларускія. Многія з іх ужо нават даўно забылі, хаця яны існавалі ў беларускай мове і паступова проста былі выціснены.
— Да прыкладу, якія словы дзякуючы гэтаму слоўніку быццам вяртаюцца з забыцця?
— Скажам, вельмі цікавая сітуацыя адбылася са словам «аборт». Ва ўсіх слоўніках гэтае слова так і ідзе. Але ў мінулыя стагоддзі на Беларусі існавала такое паняцце як спарон. І вось я ўжо ўвёў гэты тэрмін сабе ў слоўнік, як потым мне філолагі кажуць, што ён даўно выйшаў з ужывання і практычна стаў архаізмам. Аднак зайшоў я неяк па справах у Гродзенскі перынатальны цэнтр і пачуў, што дактары там, нават размаўляючы па-руску, ужываюць слова «спарон». Значыць, яно не выйшла з ужывання — яго проста забылі, але ў практычнай медыцыне сустракаецца.
І такіх прыкладаў шмат. Некаторыя словы камусьці, можа, пададуцца зусім незнаёмымі. Таму, каб было лепш зразумела, пра што ідзе гаворка, у канцы слоўніка даецца яшчэ кароткі беларуска-рускі слоўнік гэтых «новых» слоў. Напрыклад: «дырха — трахея», «кабылянец — аппендицит», «дыхніца — гортань», «адзінец — большой палец», «галачка — таблетка», "ірдзень — румянец", «ліпля — инфекция», «дуцік — ампула», «зубасад — дантист», «змурачка — морщина» ...
Па першых водгуках, як толькі гэты слоўнік з’явіўся, мы ўбачылі, што людзі вельмі цікавяцца рознымі медыцынскімі паняццямі. Дарэчы, сёння ў нас практычна немагчыма знайсці нават рускі тлумачальны слоўнік медыцынскіх тэрмінаў. І я заўважыў, што і рускамоўныя людзі бяруць гэты руска-беларускі слоўнік, шукаюць там патрэбнае.
— Якія крыніцы выкарыстоўваліся ў працы над слоўнікам?
— Гэта 24 выданні медыцынскага і агульнага характару, у тым ліку і ўжо, скажам, забытыя слоўнікі. Наватвораў у гэтым слоўніку зусім няма, ніводнага слова я сам не прыдумаў. Усе гэтыя словы былі, яны жылі, але проста іх з цягам часу забылі.
— Каму гэты слоўнік можа быць карысным?
— Па-першае, паколькі ў медыцынскіх універсітэтах чытаецца курс «Беларуская мова. Прафесійная лексіка», ён разлічаны на студэнтаў і выкладчыкаў. Па-другое, для спецыялістаў практычнай медыцыны. Скажам, прыходзіць да доктара беларускамоўны пацыент... Безумоўна, калі моцна баліць, то, мусіць, на любой мове зразумееш. Але, як кожны інтэлігентны чалавек, доктар павінен валодаць і беларускай мовай. І па-трэцяе, у нас зараз уведзены абавязковы экзамен для аспірантаў і суіскальнікаў па беларускай мове.
Спадзяюся, слоўнік будзе карысным не толькі студэнтам і выкладчыкам медыцынскіх навучальных устаноў, практыкуючым медыкам, але і ўсім неабыякавым да роднага слова, тым, хто цікавіцца нейкімі новымі працэсамі, што адбываюцца ў беларускай лексікаграфіі.
— А ці павінны быць нейкія моўныя стандарты, напрыклад, у назваў лекаў? У айчынных прэпаратаў, калі меркаваць па маёй дамашняй аптэчцы, беларуская мова зусім не ў пашане, чаго не скажаш, напрыклад, пра ўкраінскіх вытворцаў ...
— Лічу, што пакуль не будзе зацікаўленасці з боку міністэрства, пэўна, нічога і не адбудзецца. Але, думаю, тут пытанне яшчэ вось у чым. У кожнай медыцынскай ВНУ выкладаецца курс прафесійнай лексікі, але практычна зацверджанай лексікі няма. Вось выйшаў руска-беларускі медыцынскі слоўнік, але ім можна карыстацца, а можна і не карыстацца. Яго ніхто афіцыйна не забараніў, але... Быў такі выпадак. Адзін чалавек абараняў кандыдацкую дысертацыю, і рэзюмэ да яе трэба было пісаць па-беларуску, выкарыстоўваючы толькі ўласнабеларускія тэрміны. Падчас абароны сказалі: «Мы не разумеем гэтых слоў, напішыце на нармальнай мове». І зноў прыйшлося карыстацца выключна калькамі з лацінскай і рускай мовы. Вось гэта прынялі. Таму я ўжо неаднаразова казаў, што гэтай справай павінны зацікавіцца і міністэрства, і рэспубліканская тэрміналагічная камісія. Ёсць слоўнікі, але пакуль усё гэта не набудзе афіцыйныя рамкі, нічога не атрымаецца. Мы сёння нават не можам сказаць фармацэўтам: «Пішыце назвы па-беларуску». Бо яны запытаюцца, на якой беларускай мове трэба пісаць — на калькаванай ці на ўласнабеларускай. А паколькі няма ўнармаванай мовы, то можна пісаць, як хочаш.
— Ці не выдаяце вы жаданае за сапраўднае, гаворачы пра работнікаў аховы здароўя, якія вядуць прыём пацыентаў на беларускай мове?
— Безумоўна, іх, як гэта ні сумна, адзінкі. Напрыклад, у Гродне я ведаю толькі дваіх. Хаця... У нашым універсітэце каля трыццаці, а то і сарака выкладчыкаў свабодна валодаюць беларускай мовай. Прафесар Алесь Астроўскі па-беларуску чытае лекцыі на кафедры біялогіі. Дэкан факультэта замежных студэнтаў Андрэй Плоцкі, па адукацыі акушэр-гінеколаг, на многіх канферэнцыях таксама выступае з дакладамі па-беларуску. Дасканала валодае беларускай мовай і прызнаны аўтарытэт у галіне дзіцячых інфекцыйных хвароб, прафесар Уладзімір Васільеў ...
— А студэнты?
— Напрыклад, пазалетась да мяне прыйшлі 12 пяцікурснікаў (беларуская мова толькі на першым курсе вывучаецца) і папрасілі арганізаваць гурток па вывучэнні беларускай мовы менавіта на ўзроўні будучай прафесіі. Мы год з імі займаліся. Зараз зноў прыйшлі пяцікурснікі з такой жа прапановай. Прыкладна 10 адсоткаў студэнтаў — гэта людзі, якія шчыра зацікаўлены ў папулярызацыі беларускай мовы, якія яе вывучаюць і размаўляюць па-беларуску ў штодзённым жыцці.
Дарэчы, у нашым універсітэце зараз усе афіцыйныя паперы па справаводстве прадубліравалі на беларускую мову. Гэта значыць, калі прыходзіш пісаць заяву альбо бярэш камандзіроўку, то можна карыстацца рускамоўным варыянтам, а можна — беларускамоўным. Ужо нядрэнна.
Але, зноў жа, няма афіцыйнага распараджэння зрабіць ва ўніверсітэце беларускамоўную плынь, бо ёсць моладзь, якая прыходзіць з беларускіх школ. Хаця калісьці мы пісалі падручнікі — у нас ёсць, напрыклад, цудоўны падручнік на беларускай мове па судовай медыцыне, але ён таксама не запатрабаваны, бо ўсё ідзе на рускай мове.
— Ці не застанецца руска-беларускі тлумачальны слоўнік медыцынскіх тэрмінаў толькі ў сценах Гродзенскага дзяржаўнага медуніверсітэта, дзе ён аддрукаваны? Якія перспектывы?
— Мы выпусцілі пілотны тыраж у 50 асобнікаў, гэта кропля ў моры. Праўда, была размова з выдавецтвам «Вышэйшая школа». Там не супраць выдаць такую кніжку, але ім трэба гарантыя, што яна знойдзе свайго пакупніка. І было б вельмі цудоўна, каб слоўнік зацікавіў і іншыя медыцынскія ўніверсітэты, установы аховы здароўя. А будзе зацікаўленасць — можна выпусціць і больш. Слоўнік з’явіцца тады і ў продажы, прычым не абавязкова толькі для медыкаў. Хтосьці купіць для калекцыі, хтосьці, каб нешта паглядзець, лепш зразумець, што за хвароба, ад чаго лечаць. Будзе папулярызацыя і медыцынскіх ведаў, і беларускай мовы.
Барыс Пракопчык, Звязда
У Гродне выйшаў руска-беларускі тлумачальны слоўнік медыцынскіх тэрмінаў
15.11.2011