Ну, З Новым, ці што...
Але з Новым якім?
Тусуюцца даты ў калодзе стагодзьдзяў,
Жадаем: у шчасьці... Жадаем: у згодзе,
Надзея гарыць языком трапяткім.
Гарыць і згарае... Язык як заўжды
Трапеча і трэплецца... Што тут праўдзівей?
Гэх, вось бы хоць выехаць неяк на дзіве...
А дзіва ня будзе. Гады у рады
Чакаем і марым,
Змагаем, ахвярым,
Набатам ударым –
Самотны набат...
Тут жар адгарэлага тхне перагарам,
Тут кáрмам як кáрам
Ня ў трап не-ў-папад.
Дык што застаецца? Упартасьць і вера?
Упартасьці досыць і веры ня брак,
Ад словаў-радкоў палымнее папера
Ня ў жар не ў пажар, і – зламаны вятрак
Ня дзьмухае болей,
Няўцямны да волі,
І звыклы да болю
Куды ўжо далей,
Калі ні жыцьця, ні сьвятла, ні патолі,
Ні руху наперад... У багне валей...
Валей ды калей, а калеласьць у цьвёрдасьць,
А тую ў жыцьцё і – зьвяр'ё на лаўца...
Часінай праб'ецца суладнасьць-акорднасьць,
І зноў цішыня і тунэль без канца...
Нічога ня праўдзіцца... Сумна й горка.
Адна толькі вера ў сябе на ўсе сто
І вера ў сяброў – не пустая гаворка,
Дык З Новым! А іншым: Дык З Новым, ці што...
Сяржук Сокалаў-Воюш – 30 сьнежня 2011 г.
Віншуем з Новым годам!
31.12.2011


 
  
 
