Ігар Сасімовіч, глыбоцкая СШ №3
Для вырабу РКЗН (рухомай карты зорнага неба) трэба спачатку выразаць патрэбныя элементы з папяровай загатоўкі. На загатоўцы Вам спатрэбяцца два элементы: сама карта зорнага неба і накладны круг для яе. Карта задыякальнай часткі неба павінна застацца непашкоджанай. У выніку яе трэба вярнуць настаўніку разам са зробленай РКЗН.
Карту трэба выразаць у форме прамавугольніка з памерамі старон 20х19 см (20 см у вышыню і 19 см у шырыню). Пры гэтым цэнтр карты павінен супадаць з цэнтрам выразанага прамавугольніка. Краі прамавугольніка зрабіце роўнымі.
Накладны круг выразаць крыху цяжэй. Па-першае, акуратна выражце круг па знешняму лімбу. Пры гэтым «лепей недарэзаць, чым перарэзаць»! Гэта значыць, што трэба пакідаць невялічкі запас, адступаючы ад краю лімба на 0,1..0,5 мм. Для выразання па дузе можна выкарыстоўваць нажніцы са скругленымі палотнамі (напрыклад, з касметычнага набору) або лязо бяспечнай брытвы ці скальпель. Пасля таго, як круг выразаны па знешняму лімбу, трэба выразаць адтуліну ў ім. Рабіць гэта неабходна па той з ліній, якая адпавядае шыраце месца назіранняў. Для Глыбокага больш падыходзіць шырата 55?. Зноў-такі, «лепей недарэзаць, чым перарэзаць». Паколькі далей унутраная частка круга не спатрэбіцца, рабіце запуск у 0,1..0,5 мм да цэнтра круга. У выніку ў Вас павінна атрымацца накладны круг у выглядзе колца без унутранай часткі.
Выразаныя дэталі трэба цяпер наклеіць на цвёрдую аснову. У якасці такой асновы добра падыходзіць кардонка ад вокладкі тэчкі (папкі) для папер, або кардонка ад каробкі з-пад торту ці цукерак. Галоўнае, каб аснова была сапраўды цвёрдай, роўнай і чыстай. Пажадана таксама, каб колер цвёрдай асновы быў светлы. Прыклейваць выразаныя дэталі да асновы трэба акуратна. Пры гэтым выкарыстоўвайце клей, які не пакідае слядоў. Добра, напрыклад, падыходзіць клей маркі ПВА.
Пасля таго, як карта і круг наклеены на аснову, трэба абрэзаць аснову па контурах карты і круга. Калі з картай асаблівых праблем не будзе, то з абрэзкай асновы круга не ўсё проста. Магчыма, зноў-такі давядзецца выкарыстоўваць «спецтэхніку» (нажніцы са скругленымі палотнамі, брытву, скальпель і т.п.). Пастарайцеся зрабіць гэту работу як мага акуратней, бо ад гэтага залежаць будучыя адзнкаі тых, хто будзе працаваць з Вашым вырабам (а, можа, і Вашы)!
А цяпер для замацавання Вашага аўтарства зрабіце на тыльных паверхнях і карты, і круга надпісы. Укажыце пры гэтым свае прозвішча і імя, клас і год вырабу РКЗН.
Нарэшце для канчатковага завяршэння вырабу РКЗН трэба зрабіць ламініраванне яе паверхні. Для гэтага можна выкарыстаць звычайны скотч (хаця дужа тонкі скотч плёну не дасць, а каляровы не падйдзе зусім). Дастаткова абклеіць скотчам хаця б ліцавыя паверхні карты і круга. Краі палосак скотча павінны заходзіць ажно на тыльныя паверхні дэталяў РКЗН. Канечне ж, пасля ламініравання паверхня карты і круга павінна мець эстэтычны выгляд. Плёнка павінна пакрываць усю паверхню карты і круга без пропускаў і дзірак. Месцы стыку палосак скотча пастарайцеся зрабіць роўнымі і як мага незаўважнымі.
Поспехаў Вам у вырабе і выкарыстанні РКЗН!
Спампаваць інструкцыю (doc 32,5 Kb)
Інструкцыя па вырабе рухомай карты зорнага неба
02.03.2012